КАРЫЯ́Т (у хрышчэнні Міхаіл; каля 1306 — паміж 1358 і 1366),

князь у ВКЛ. Сын вял. кн. ВКЛ Гедзіміна і княгіні Еўны, дачкі полацкага кн. Івана Усеваладавіча. Ад бацькі атрымаў г. Новагародак і Новагародскую зямлю. У прыпісцы 1329 у Лаўрышаўскім евангеллі названы вял. князем. У 1345 прысягнуў Альгерду як вял. князю ВКЛ. У 1349 пасланы ў Арду з мэтай арганізаваць кааліцыю супраць Маскоўскага княства. Пасольства было няўдалым, К. быў выдадзены вял. князю маскоўскаму, у 1350 адпушчаны на радзіму. Пры К. ў г. Новагародак актыўна вялося буд-ва, горад стаў цэнтрам правасл. Літоўскай мітраполіі.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАПЕ́Т Іван Паўлавіч (сапр. Пятроў Іван Мікалаевіч; 1845—25.12.1908),

рускі архітэктар; заснавальнік аднаго з кірункаў псеўдарускага стылю. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1893). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1861—71) у А.​М.​Гарнастаева. У пабудовах і праектах (у т. л. эскізах убрання інтэр’ераў і прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва) шырока выкарыстоўваў дэкар. матывы рус. архітэктуры 17 ст. і нар. мастацтва: «Церамок» у сядзібе Абрамцава (Маскоўская вобл.; 1873), рус. павільёны на выстаўках у Парыжы (1878) і Чыкага (1893), будынак рус. пасольства ў Токіо (1890-я г., з В.​Харламавым) і інш.

І.Рапет. «Церамок» у сядзібе Абрамцава пад Масквой. 1873.

т. 13, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́СЛАЦКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства ў складзе ВКЛ на р. Бярэзіна ў 14 ст. Цэнтр — в. Свіслач (цяпер Асіповіцкі р-н Магілёўскай вобл.). Адзіны вядомы князь Сямён Свіслацкі ўпамінаецца ў летапісах пад 1349, калі быў пасланы вял. кн. Альгердам разам з князямі Міхаілам, Карыятам і Айкшой у пасольства да татар. Некат. гісторыкі атаясамлівалі Сямёна Свіслацкага з Сямёнам, сынам вял. кн. Яўнута (гл. ў арт. Заслаўскія) або з Сямёнам Ямантовічам (гл. ў арт. Ямантовічы). У 1387 вял. кн. Ягайла перадаў Свіслацкую воласць разам з іншымі землямі ў пажыццёвае ўладанне Скіргайлу. Пасля Свіслач — дзярж. ўладанне.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 14, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВІ́Н Фёдар Аляксеевіч (1650—10.8.1706),

расійскі дзярж. і ваен. дзеяч, дыпламат. Адмірал (1699), ген.-фельдмаршал (1700). Граф (1701). Паплечнік Пятра I. З дваранскага роду Галавіных. Склаў і падпісаў з Кітаем Нерчынскі дагавор 1689. Удзельнічаў у Азоўскіх паходах Пятра I (1695—96), камандаваў эскадрай (1695). З 1697 узначальваў Зброевую, Залатую і Сярэбраную палаты. Быў 2-м паслом Вялікага пасольства (1697—98) у краіны Зах. Еўропы. У 1698—99 узначальваў Ваенна-Марскі прыказ і Манетны двор, з 1700 — Пасольскі прыказ. Стварыў сістэму пастаянных рас. прадстаўніцтваў за мяжой. З 1701 кіраваў маскоўскай Навігацкай школай. Аўтар твора «Глобус нябесны» (выдадзены ў Амстэрдаме ў 1715).

т. 4, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМБО́ЎСКІ (Dembowski) Ян (26.12.1889, С.-Пецярбург — 22.9.1963),

польскі заолаг, грамадскі і дзярж. дзеяч. Акад. Польскай АН (1951). Замежны чл. АН СССР (з 1958). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1912). З 1922 працаваў у Ін-це імя М.​Ненцкага ў Варшаве (з 1933 дырэктар), у 1934—39 у Віленскім ун-це. У 1944—47 аташэ пасольства ПНР у Маскве і адначасова супрацоўнік Ін-та эксперым. біялогіі АМН СССР. З 1947 праф. Лодзінскага ун-та, у 1951—56 прэзідэнт Польскай АН, у 1952—60 дырэктар Ін-та эксперым. біялогіі. Навук. працы па эталогіі і зоапсіхалогіі розных груп жывёл. Вывучаў рытм дзялення і трапізм у інфузорый.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНКЕ́ВІЧ Аляксандр Андрэевіч (у манастве Анатолій; 1821—6.5.1903),

праваслаўны царк. дзеяч Беларусі, гісторык, публіцыст. Канд. багаслоўя (1853). З сям’і святара Мінскай епархіі. Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю (1843), Пецярбургскую духоўную акадэмію (1853). У 1844 пасвячоны ў святара, у 1848 прыняў манаства. З 1853 інспектар Мінскай духоўнай семінарыі, у 1860—68 рэктар Полацкай духоўнай семінарыі. У 1879 настаяцель царквы рас. пасольства ў Грэцыі. З 1886 епіскап балцкі. Друкаваў свае гіст.-публіцыст. і багаслоўскія працы ў літоўскіх, мінскіх і гродзенскіх «Епархиальных ведомостях». У 1886 падараваў Пецярбургскай духоўнай акадэміі 2 пергаментныя эфіопскія рукапісы, якія былі апісаны ў час. «Христианское чтение» (1887, №5—6).

В.​М.​Чарапіца.

т. 15, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЖАН ЦЯНЬ (? — каля 103 да н.э.),

кітайскі дыпламат і падарожнік. У 138 да н.э. накіраваны імператарам У Дзі з місіяй на З (у Согд) для заключэння саюза з плямёнамі юэчжаў супраць цюркамоўных качэўнікаў хуну, якія пагражалі Кітаю. Па дарозе схоплены хуну; пасля 10 гадоў палону ўцёк, акрамя юэчжаў наведаў дзяржавы Давань (Фергана) і Канцзюй (Харэзм) і ў 126 да н.э. вярнуўся ў Кітай. У 115 да н.э. ўзначаліў пасольства ў Сямірэчча, каб схіліць правіцеля племя усунь да саюза з Кітаем. Падарожжы Ч.Ц. апрача паліт. вынікаў (стварэнне кааліцыі супраць хуну) пашырылі ўяўленні кітайцаў аб навакольным свеце, спрыялі наладжванню паліт., эканам. і культ. сувязей з народамі Сярэдняй Азіі.

т. 17, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУРЫ́ЛА Уладзімір Усеваладавіч (н. 16.12.1950, Масква),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працуе ў манум.-дэкар. мастацтве, маст. праектаванні, станковым жывапісе. Аўтар маст. афармлення станцый Мінскага метрапалітэна «Акадэмія навук» (1979—84), «Плошча Я.​Коласа» (1980—81), «Пушкінская» (1997); Палаца культуры з-да «Оптык» у г. Ліда Гродзенскай вобл. (1985), Нац. цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (1990—96), залаў прыёмаў Дома ўрада Беларусі (1993—98), рэзідэнцыі пасла Турцыі (1999), салона «Пасольства прыгажосці» (2001) у Мінску; жывапісных кампазіцый «Нацюрморт з хурмой», «Пеўні» (абедзве 2000), серыі «Палескія замалёўкі» (2002) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

У.Чурыла. Размалёўка «Чароўныя рытмы» ў Нацыянальным цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. 1996.

т. 17, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВО́ЙНА Станіслаў (?—1573),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Служыў пры кіеўскім ваяводзе А.​Неміровічу, удзельнічаў у войнах з татарамі і Маскоўскай дзяржавай. З 1528 каморнік каралевы Боны, з 1530 каралеўскі дваранін, з 1542 полацкі ваявода. Клапаціўся аб ваен. умацаванні горада, гасп. развіцці Полаччыны. У 1553 узначальваў пасольства ВКЛ у Маскву, якое падоўжыла на 2 гады перамір’е паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Калі ў час Лівонскай вайны 1558—83 у студз. 1563 60-тысячнае маскоўскае войска на чале з Іванам IV Грозным аблажыла Полацк, Давойна кіраваў двухтыднёвай абаронай горада, урэшце мусіў здаць яго. Да ліп. 1567 знаходзіўся ў палоне. Пасля вяртання ў ВКЛ удзельнічаў у рабоце Люблінскага сейма 1569.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСКО́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1650,

паўстанне гараджан, стральцоў і казакоў г. Пскоў супраць спекуляцыйнага продажу рас. урадам хлеба ў Швецыю, з прычыны чаго хлеб значна падаражэў. Адбывалася адначасова з Наўгародскім паўстаннем 1650. 10—11.3.1650 паўстанцы (кіраўнік Г.​Дзямідаў) разграмілі двары купцоў, гар. знаці і адміністрацыі, захапілі ўладу ў горадзе, стварылі органы кіравання: сход грамады, Земскую ізбу. У маі ў Маскву накіравана пасольства з памяркоўнымі патрабаваннямі, у чэрв. Пскоў блакіравала карнае войска кн. І.​М.​Хаванскага. Спец. Земскі сабор у Маскве пагадзіўся задаволіць некат. патрабаванні паўстанцаў і 4.9.1650 у Пскове адноўлена ўлада царскіх ваявод. Кіраўнікі П.п. былі арыштаваны і пасля катаванняў сасланы.

Літ.:

Тихомиров М.Н. Классовая борьба в России XVII в. М., 1969.

т. 13, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)