МАРДВІ́НАЎ (Мікалай Сямёнавіч) (28.4.1754, с. Пакроўскае б. Наўгародскай губ., Расія — 11.4.1845),

расійскі дзярж. і ваен.-марскі дзеяч, эканаміст. Граф (з 1834). Адмірал (1799). Буйны памешчык, уладальнік шматлікіх маёнткаў, у т. л. на Беларусі. Служыў на флоце, у рус.-тур. вайну 1787—91 камандаваў флатыліяй на Чорным м. У 1799—1801 чл. і віцэ-прэзідэнт Адміралцействаў-калегіі, у 1802 першы марскі міністр Расіі. Чл. Дзярж. савета, адначасова старшыня яго к-таў Дзярж. эканоміі (1810—12, 1816—18), Грамадз. і духоўных спраў (1821—38). Ў 1826 адзіны з членаў Вярх. крымін. суда, які адмовіўся падпісаць смяротны прыгавор дзекабрыстам; адыграў гал. ролю ў апраўданні бязвінна засуджаных па Веліжскай справе. У 1823—40 прэзідэнт Вольнага эканамічнага таварыства; у 1826 садзейнічаў накіраванню т-вам у Магілёўскую губ. медыкаў для правядзення прышчэпак воспы. Як эканаміст лічыў неабходным правесці рыначную мадэрнізацыю рас. гаспадаркі пры захаванні самадзяржаўнага прыгонніцкага ладу. Аўтар прац па эканоміцы: «Некаторыя меркаванні па прадмеце мануфактур у Расіі і аб тарыфе» (1815), «Аб захадах па паляпшэнні дзяржаўных даходаў» (1825), у т. л. праекта паступовага вызвалення прыгонных сялян без зямлі і за вял. выкуп.

т. 10, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКІЯ МАНУФАКТУ́РЫ,

тры мануфактуры, якія дзейнічалі ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў мяст. Крычаў (цяпер г. Крычаў Магілёўскай вобл.). 1-я парусінавая мануфактура існавала ў 1783—1845. Уладальнік граф Р.А.Пацёмкін. За тыдзень вырабляла каля 100 кавалкаў (5 тыс. аршынаў) парусіны. У 1783 выраблена 820 кавалкаў паруснага палатна масай 1120 пудоў. У 1786 расходавана каля 1200 пудоў пражы. У 1797 было 112 станкоў, працавалі 224 прыгонныя, выраблена 900 кавалкаў парусіны. Яе прадукцыя ішла на Крычаўскую суднаверф, а таксама ў Херсон і Крамянчуг. 2-я парусінавая мануфактура існавала ў 1786—1831. Уладальнік памешчык Галынскі. Вырабляла белае і шэрае палатно (50 тыс. аршынаў у 1796), брызентавую тканіну (33 тыс. аршынаў у 1797), суравое палатно (77 тыс. аршынаў у 1823). У 1786 было 170 ткацкіх станкоў. У 1797—1814 мелася 120 рабочых, акрамя сялянак-прадзільшчыц, якія працавалі ў вёсках у залік паншчыны. Прадукцыя ішла ў Херсон, Крамянчуг, Рыгу, Пецярбург і інш. Канатная мануфактура існавала ў 1785—98. Размяшчалася ў 2 будынках, мела 24 колы, печ для варкі смалы з попелам. Працавала каля 300 прыгонных. У 1787 вырабляла па 1000 пудоў канатаў за тыдзень. У 1785 для Херсонскага адміралцейства выпушчана канатаў на 117,2 тыс. руб.

М.​Ф.​Болбас.

т. 8, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прыгнята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Прыціскаць чым‑н. цяжкім зверху. Прыгнятаць сыр каменем.

2. Не даваць свабодна жыць, эксплуатаваць. Вёску прыгняталі памешчык і земства, ураднік і мясцовы багацей. Навуменка.

3. перан. Непакоіць, ствараць цяжкі, падаўлены настрой. Памаўчаўшы,.. [маці] загаварыла, перасільваючы нейкі ўнутраны цяжар, які прыгнятаў яе. Якімовіч. Бянтэжыла і прыгнятала нас яшчэ і невядомасць. С. Александровіч. Мяне прыгнятала адзіноцтва, тая сіратлівая цішыня, якая часта панавала ў нашых зялёных кутках. Кулакоўскі. Нізкае скляпенне, пах цвілі, папіскванне пацукоў прыгнятала хлапца. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НЁМАНСКІЯ ШКЛОЗАВО́ДЫ.

Першы шклозавод засн. ў 1883 у маёнтку Заенчыцы Лідскага пав. Віленскай губ. (цяпер урочышча Устронь Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл., за 6 км ад г. Бярозаўка Лідскага р-на). Уладальнік памешчык З.​А.​Ленскі. Існаваў да 1898 (з 1891 як фірма «Краеўскі—Столле»). У 1897 меў лакамабіль, ручны прэс, шліфавальню; працавала 164 рабочыя. Вырабляў шкляны сталовы посуд, лямпавае і аптэкарскае шкло, прадметы раскошы. У 1895 В.​А.​Краеўскі і Ю.​А.​Столле пабудавалі «Новую гуту» за 4 км ад «Старой гуты» ва ўрочышчы Малодзіна Лідскага пав. (цяпер г. Бярозаўка). У 1897 «Новая гута» мела 3 шклоплавільныя печы, 2 паравыя машыны, 2 шліфавальні, 20 прэсаў, працавала 636 чалавек. У 1898 Краеўскі і Столле набылі гуту, пабудаваную ў 1894—95 каля пас. Бярозаўка Лідскага пав. (цяпер г. Бярозаўка), якая стала гал. прадпрыемствам кампаніі «Краеўскі і Столле» і наз. «Хрусталёвая ф-ка Нёман-А», «Новая гута» наз. «Хрусталёвая ф-ка Нёман-Б»; «Старая гута» ліквідавана. З 1905 уладальнік фірмы Столле. Паводле прэйскуранта, выдадзенага фірмай у 1911, ф-кі выраблялі 1828 узораў шклавырабаў, у т. л. сталовыя сервізы, шклянкі, чаркі, бакалы, фужэры, чашкі, сподачкі, талеркі, краманкі, вазы, падсвечнікі, туалетныя флаконы і інш. У 1914 наладжана вытв-сць ізалятараў для рас. арміі. У 1-ю сусв. вайну хрусталёвыя ф-кі спалены. Каштоўнае абсталяванне перавезена на шклозавод фірмы ў Ганцавічах. У 1921 адноўлены і працуюць як шклозавод «Нёман».

т. 11, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пан ’уладальнік маёнтка, памешчык (у дарэвалюцыйнай Расіі і ў капіталістычных краінах; асоба, якая належала да прывілеяваных (чыноўных, арыстракратычных) слаёў грамадства дарэвалюцыйнай Расіі’. Па́ни, пане́нка, па́ня, па́нскі, па́ні‑ма́тка, панава́ць, па́ніцца ’жыць па-панску, гультайнічаць’. З польск. pan ’тс’, як і рус. і ўкр. пан (Кюнэ, Poln., 84). Ст.-бел. панъ ’пан, памешчык, бог’ (1340 г.) < ст.-польск. pan; пани (пания, панья, паня ’пані’ (пач. XV ст.) < ст.-польск. pani (Булыка, Лекс. запазыч., 21). Слова зах.-слав. арэалу: польск., в.-, н.-луж. pan, чэш., славац. pán, ст.-чэш. hpán. Паводле Фасмера (3, 195), узыходзіць да *gъpan і звязана чаргаваннем са ст.-рус. жупанъ ’кіраўнік акругі’. У іншых і.-е. мовах параўноўваюць са ст.-інд. gōpā́s ’пастух, вартавы’, gōpyáti, gōpayati ’ахоўвае, засцерагае’, gōpanam ’ахова’, грэч. γυπή κοίλωμα γῆς, нов.-в.-ням. Koben ’свінарнік’ (Гуйер, LF, 31, 105 і наст.; Младэнаў, 410). Брукнер (393) разглядае ст.-чэш. hpán як скарачэнне з županъ; апошняе ён лічыць аварскім элементам; супраць Фасмер (там жа). Махэк₂ (431) і Голуб-Копечны (263) тлумачаць panъ як карэлят м. р. да panьji, якое з *potnī — утварэнне ж. роду ад і.-е. pot‑ ’пан’. Трубачоў (Этимология, 1965, 73 і наст.) крыніцу слав. слова бачыць у ст.-іран. gopān ’пастух, вартаўнік стада’, якое з’яўляецца кампазітам з go‑ ’бык, карова’ і — nomen agentis ад pā‑ ’вартаваць’. На такую марфалагічную структуру і.-е. паралеляў яшчэ раней указваў Пізані (Paideia, 10, № 4, 1955, 262). Вялікую семантычную дыстанцыю Трубачоў тлумачыць дастаткова высокім становішчам пастуха ў жывёлагадоўчым грамадстве. Гл. яшчэ агляд літаратуры ў Трубачова, История терм., 184.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыво́лле

1. Свабоднае, шырокае месца, прастор (БРС).

2. Прыдатнае месца, дзе блізка ёсць рэчка, лес, луг, поле (Слаўг.). Тое ж воля, раздолле, прыволіца, пры́валь (Слаўг.).

3. Стар. Месца, якое памешчык уступаў сялянам для выгану жывёлы.

4. Свабоднае месца на лузе (Нясв.).

в. Прыволле Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прыго́н перан. ’грамадскі лад, заснаваны на прыгонным праве; прыгонніцтва; дармавая прымусовая праца сялян на памешчыка ў часы прыгоннага права; паншчына; збор працаўнікоў, якіх прыгналі на паншчыну’ (Мік., Мядзв., Др.-Падб., Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Касп., ТСБМ, ЛА, 3), прыго́н, пріго́н ’прыгон, паншчына’ (клім., Бяльк.), прыго́н, прыгуо́н ’тс’ (Сл. ПЗБ), прыго́ншчына ’прыгонніцтва’ (Нік. Очерки), прыго́ннік ’прыгонны селянін; працаўнік, якога прыгналі на паншчыну; працаўнік, якога нанялі на пэўны тэрмін працаваць 2–3 дні ў тыдзень’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр., Касп.), прыго́нка, прыго́нніца ’прыгонная сялянка; працаўніца, якую прыгналі на паншчыну’ (Нас.); параўн. з процілеглымі значэннямі: прыго́ннікпамешчык, які карыстаўся прыгонным правам, меў прыгонных сялян; рэакцыянер’ (ТСБМ), прыго́ншчык ’той, хто прыганяе або назірае за працай на паншчыне, падганяе да працы’ (Нас., Байк. і Некр.). Ст.-бел. пригнати, пригоняти, пригнатися, пригонатаи ’наглядчык’ (Сл. Скарыны). Да прыганя́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падра́д 1, ‑у, М ‑дзе, м.

Абавязацельства выканаць якую‑н. работу за пэўную плату, а таксама работа, што выконваецца паводле такога абавязацельства. Прадпрыемец быў — гарадскі памешчык. У вайну ён узяў падрад на шынельнае сукно і нажыўся. Чорны. Салдаты ад нуды бадзяліся па вуліцах, зарланілі песні, пілі гарэлку, бралі падрады на работу. Хомчанка. Такіх падрадаў, як трапіў гэты, на станцыі, Антон яшчэ ніколі не меў. Ракітны.

падра́д 2, прысл.

Непасрэдна адзін за другім, без перапынку; запар. Дожджык імжыць вось ужо больш тыдня падрад. Галавач. Людміла падумала, што і Іван Іванавіч, мусіць, спіць. Падрад тры аперацыі. Арабей. // (звычайна з займ. «усё», «усе»). Без выключэння, без разбору. Прэміраваць усіх падрад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАМЕ́СНАЯ СІСТЭ́МА,

забеспячэнне зямельнымі ўладаннямі (памесцямі) феадалаў за нясенне ваен. і адм. службы ў Расіі ў канцы 15 ст. — 1714. Узнікла ў выглядзе раздачы вял. князем (з 1547 царом) зямель з сялянамі ў карыстанне дваранам пры ўмове нясення імі дзярж., пераважна ваен., службы. Першая масавая раздача зямель у выглядзе памесцяў адбылася пры Іване III у Наўгародскай і інш. далучаных да Маскоўскага вял. княства землях. Пазней аб’ектам раздачы сталі паўд. стэпавыя землі т.зв. Дзікага поля. Эканам. значэнне П.с. было ў гасп. асваенні новых зямель, асабліва на Пд краіны, яе сац.-паліт. роля заключалася ў матэрыяльным забеспячэнні дваранстваасн. сац. сілы дзяржавы ў барацьбе з феад. раздробленасцю. Юрыд. асновы П.с. замацаваны ў Судзебніку 1497. П.с. дасягнула росквіту ў сярэдзіне 16 ст., калі Улажэннем аб службе 1556 была рэгламентавана ваен. служба памешчыкаў і вотчыннікаў: кожны памешчык з кожных 100 чвэрцей (50 дзес.) сваёй зямлі выстаўляў у войска цара аднаго ўзбр. конніка. Пытаннямі службы дваран-памешчыкаў і іх зямельным забеспячэннем займаліся Разрадны прыказ і Памесны прыказ. П.с. расла за кошт раздачы дваранам канфіскаваных баярскіх і царк. зямель, а таксама дварцовых і чарнасошных зямель, з яе пашырэннем звязана развіццё паншчыны і прыгоннага права. Многія памесці, пераходзячы з пакалення ў пакаленне ў адной сям’і, фактычна ператвараліся ў спадчынную ўласнасць — вотчыну. Гэты працэс адлюстравала Саборнае ўлажэнне 1649, якое дазваляла абмен памесцяў на вотчыны. Урад надаваў асобным памесцям статус вотчын у якасці ўзнагароды іх уладальнікам або шляхам продажу. Адначасова была рэзка абмежавана раздача новых памесцяў. П.с. спыніла існаванне пасля выдання Пятром I Указа аб адзінаспадчыннасці (1714), які юрыдычна замацаваў зліццё памесцяў з вотчынамі. Дваране пачалі атрымліваць за службу грашовае жалаванне.

Літ.:

Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988;

Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985.

т. 12, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

1) тайная арг-цыя дваранскіх рэвалюцыянераў (пераважна афіцэраў) у 1821—26 на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны, створаная з мэтай адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772. Засн. ў маі 1821 каля Варшавы членамі арг-цыі «Нацыянальнае масонства» і велікапольскага Саюза касінераў. Дзейнасць т-ва (каля 150 чал. у 1822) вызначалася статутам. Кіруючы орган — ЦК з 7 чал. на чале з В.Лукасінскім. П.т. падзялялася на 6 тэр. правінцый (7-я прав. — армія), правінцыі — на акругі, акругі — на гміны. Правінцыя Літва (Віленская, Гродзенская, Мінская губ. і Беластоцкая вобл., кіраўнікі кн. К.​Радзівіл, І.​Вайніловіч, памешчык К.​Навамейскі, граф А.​Солтан) асн. ўвагу звяртала на прапаганду ў Літоўскім асобным корпусе і арсенал зброі ў Вільні. У маі 1822 арыштаваны кіраўнікі П.т. на чале з Лукасінскім, схільныя да правядзення ў будучым сац. рэформ; членамі ЦК сталі больш памяркоўныя (С.​Кжыжаноўскі, А.​Пліхта, В.​Гжымала). П.т. вяло перагаворы з Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў, якое пагаджалася на перадачу будучай польскай дзяржаве бел. зямель. У 1826 у сувязі са справай дзекабрыстаў т-ва выяўлена і разгромлена ўрадам. Арыштаваных ўраджэнцаў Каралеўства Польскага судзіў Польскі Сенат, які вынес ім у 1828 мяккі прыгавор, астатніх, у т. л. ураджэнцаў бел. губерняў (Ю.​Гружэўскі, І.​Завіша, Я.​Ходзька і інш.), рас. Сенат асудзіў на розныя тэрміны катаргі і ссылкі.

2) Легальная аргцыя («Патрыятычны клуб») у Варшаве ў снеж. 1830 — жн. 1831 у час паўстання 1830—31. Аб’ядноўвала радыкальную інтэлігенцыю, карысталася падтрымкай сярэдніх слаёў і гар. нізоў. Старшыня — І.Лялевель. Забаронена дыктатарам паўстання Я.​Крукоўскім за прапаганду радыкальных сац. рэформ і крытыку паўстанцкіх улад.

Літ.:

Ольшанский П.Н. Декабристы и польское национально-освободительное движение. М., 1959;

Dylągowa H. Towarzystwo patriotyczne i Sąd Sejmowy (1821—1829). Warszawa, 1970.

В.​В.​Швед.

т. 12, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)