папацяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і чаго.

Разм. Цягаць доўга, неаднаразова; пацягаць многа каго‑, чаго‑н. Міленькі мой татачка, колькі ж гэта ён бярвення папацягаў! Каліна. [Галя:] — Колькі я з імі нагаравалася, са сваімі хлопцамі, колькі папацягала ў вайну па лесе ды па балотах... Палтаран. [Жонка:] — Мала Адася папацягалі па астрогах? Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм. Тое, што і чыркануць. Гаспадар прайшоў да стала, зняў з лямпы шкло, падкруціў кнот. Дастаў з кішэні запалкі, чыркнуў. Лупсякоў. Жанчына ўздыхнула, чыркнула нешта сабе ў блакнот і зноў схілілася над папкай. Палтаран. Вось толькі тут былі [чыжы], чыркнулі крыламі па вадзе і ўжо далёка-далёка. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падварушы́ць, ‑рушу, ‑рушыш, ‑рушыць; зак., каго-што.

1. Паварушыць злёгку, нямнога; раскідаць, разгрэбці. Падварушыць сена. □ Дзед прысеў.. ля дзверцаў, падварушыў дровы, і праз дзірачкі дзверцаў выбліснулі залатыя прамяні. Сабаленка.

2. перан. Прымусіць рабіць што‑н. лепш, хутчэй; ажывіць справу. Валодзю Іванову трэба правесці ў калгасе камсамольскі сход, падварушыць трохі камсамольцаў, а то прыціхлі нешта. Палтаран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сеза́м 1, ‑у, м.

Тое, што і кунжут.

[Грэч.]

сеза́м 2, ‑а, м.

1. (з вялікай літары). У выразе: Сезам, адкрыйся! — ужываецца жартам пры намеры пранікнуць у якую‑н. тайну, перамагчы якую‑н. перашкоду (першапачаткова — заклінанне ў арабскай казцы, сілаю якога раскрывалася тайна скарбніцы).

2. Тайная скарбніца; таямніца. Сезам можна адчыніць толькі сваімі ключамі. Палтаран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́панне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. тупаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Кацярына Аляксееўна зачыняе за ім дзверы, каб не чутно было яе тупання, і зноў бярэцца за работу, якой, здаецца, не будзе канца. Палтаран. Тупанне дзесяткаў ног, дзікія вокрыкі чуліся па вуліцы, калі падпольшчыкі праскочылі пад мастом і пачалі прабірацца далей па раўку. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папрыціха́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

Прыціхнуць — пра ўсіх, многіх. Адчуваючы, што з дачкой робіцца нешта няладнае, папрыціхалі ў хаце бацькі. Карпюк. Дзяўчаты-даяркі спачатку паднялі хлопца на смех. А далей, убачыўшы, што ён не адстае ад іх, а каторых і пераганяе, яны папрыціхалі: тут ужо не да смеху, таго і глядзі, што гэты ціхі, рахманы хлопец прысароміць іх. Палтаран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́шачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да гульні ў шашкі, звязаны з ёй. Шашачны турнір. □ — А н-ну, хто са мною асмеліцца?.. От глядзіце, я пайшоў! — і.. [загадчык фермы] пасунуў сваю шашку далёка за лінію шашачнага поля. Палтаран. // Прызначаны для гульні ў шашкі. Шашачны столік. Шашачная дошка.

2. Размешчаны так, як размешчаны клеткі аднаго колеру на дошцы для гульні ў шашкі. У шашачным парадку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

«МАЛАДО́СЦЬ»,

штомесячны літ.-маст. і грамадска-паліт. ілюстраваны маладзёжны часопіс. Выдаецца з крас. 1953 у Мінску на бел. мове. Гал. рэдактары: А.​Кулакоўскі (1953—58), П.​Панчанка (1958—66), А.​Асіпенка (1966—72), Г.​Бураўкін (1972—78), В.​Зуёнак (1978—82), А.​Грачанікаў (1982—91), Г.​Далідовіч (з 1991). Друкуе творы бел. пісьменнікаў — раманы, аповесці, апавяданні, паэмы, вершы, п’есы, публіцыстычныя, крытычныя і літ.-знаўчыя артыкулы, рэцэнзіі, матэрыялы на навук., грамадска-паліт., гіст. тэмы, фотарэпартажы, нарысы пра работнікаў вытворчасці, дзеячаў навукі, культуры, л-ры і мастацтва, пераклады і інш. Змяшчае ілюстрацыі, рэпрадукцыі твораў выяўл. мастацтва. Асвятляе пераважна жыццё, прац. і вытв. дзейнасць бел. моладзі.

У часопісе друкаваліся А.​Адамовіч, С.​Александровіч, Асіпенка, В.​Бечык, П.​Броўка, Р.​Бярозкін, В.​Вітка, С.​Гаўрусёў, Л.​Геніюш, А.​Грачанікаў, У.​Дубоўка, У.​Калеснік, У.​Караткевіч, К.​Кірэенка, Я.​Колас, Кулакоўскі, А.​Куляшоў, М.​Лынькоў, П.​Макаль, Я.​Маўр, І.​Мележ, В.​Палтаран, Панчанка, Б.​Сачанка, М.​Стральцоў, М.​Танк, І.​Чыгрынаў, Я.​Янішчыц і інш.; супрацоўнічаюць В.​Адамчык, С.​Андраюк, М.​Арочка, М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, Я.​Брыль, Дз.​Бугаёў, Бураўкін, В.​Быкаў, А.​Васілевіч, Н.​Гілевіч, С.​Грахоўскі, У.​Гніламёдаў, У.​Дамашэвіч, А.​Жук, С.​Законнікаў, Зуёнак, М.​Ермаловіч, В.​Каваленка, К.​Камейша, А.​Кудравец, Я.​Лецка, А.​Лойка, І.​Навуменка, Г.​Пашкоў, Я.​Сіпакоў, І.​Шамякін, У.​Юрэвіч і інш.; бел. мастакі П.​Драчоў, А.​Кашкурэвіч, М.​Купава, А.​Марачкін, В.​Шаранговіч, Л.​Шчамялёў і інш. Аўтарамі ў часопісе выступаюць таксама дзеячы культуры і навукі, працаўнікі вытворчасці і г.д. З 1988 пры часопісе выходзіць штомесячны літ. дадатак «Бібліятэка часопіса «Маладосць».

Г.​В.​Далідовіч.

Вокладка часопіса «Маладосць». 1999.

т. 9, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вы́ветрыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

1. Змяніць, разбурыць што‑н. уздзеяннем ветру, кліматычнымі ўмовамі. На кольненскіх, боркаўскіх, млінкоўскіх палях стаяць велізарныя штабялі торфу з гноем, складзеныя дбала, па-гаспадарску: іх ні сонца не высушыць, ні вецер не выветрыць, ні паводка не змые. Палтаран. // Добра праветрыць, прымусіць знікнуць пад уздзеяннем ветру, свежага паветра.

2. перан. Прымусіць забыць. Сэрца — не сухое поле. З яго не выветрыш памяці па пясчынцы. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прычы́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да чаго‑н., прымае або прымаў удзел у чым‑н. — Усе гады рабіў. Колькі фермаў пастаўлена, колькі чаго [набудавана] ў калгасе, го і мае рукі да [гэтага] прычынныя. Палтаран.

2. У філасофіі — які ўказвае на адносіны паміж прычынай і вынікам, заснаваны на ўзаемадзеянні прычыны і выніку ў аб’ектыўным свеце. Прычынная сувязь з’яў.

3. У граматыцы — які ўказвае на прычыну, мае значэнне прычыны. Прычынны злучнік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)