ДЖО́ЎЛЯ—ТО́МСАНА ЭФЕ́КТ,

змена т-ры газу пры стацыянарным адыябатным працяканні яго праз сітаватую перагародку (гл. Драселяванне). Выяўлены і даследаваны Дж.П.Джоўлем і У.Томсанам у 1852—62. Паводле малекулярна-кінетычнай тэорыі будовы рэчыва Дж.—Т.э. сведчыць пра наяўнасць сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ў газе; вымярэнні дазваляюць устанавіць ураўненне стану рэальнага газу. Велічыня і знак Дж.—Т.э. вызначаюцца суадносінамі паміж работай газу і работай знешніх сіл, а таксама ўласцівасцямі самога газу, У прыватнасці памерамі малекул і іх узаемадзеяннем, напр., пры драселяванні ад 20 да 0,1 МПа і пач. т-ры 290 К паветра ахалоджваецца на 35 К. Дж. — Т.э. пакладзены ў аснову многіх тэхн. спосабаў звадкавання газаў.

т. 6, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ХВІЦКАЯ (Міра) (Марыя) Аляксандраўна (1.12.1869, С.-Пецярбург — 9.9.1905),

руская паэтэса. Сястра Н.А.Тэфі. Скончыла Аляксандраўскі ін-т (1888) у Маскве. Друкавалася з 1888. Першы зб. «Вершы» (1896; Пушкінская прэмія АН). Асн. тэма творчасці — каханне. Лірыцы Л. уласцівы культ прыгажосці, апяванне свабоднага пачуцця, экзатызм, цікавасць да фальклору, легенды, міфа. Аўтар драм. паэм «Два словы», «На шляху да Усходу», «Вандэлін», «In nomine Domini» («У імя Бога», усе 1900—04) і інш. на сярэдневяковыя і біблейскія тэмы. Многія яе вершы пакладзены на музыку Р.​Гліэрам, С.​Танеевым і інш.

Тв.:

Стихотворения. Т. 1—5. М.; СПб., 1896—1904;

у кн.: Царицы муз: Рус. поэтессы XIX — нач. XX вв. М., 1989.

т. 9, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛДАГАЛІ́ЕЎ (Туманбай) (н. 20.3.1935, в. Жарсу Алмацінскай вобл., Казахстан),

казахскі паэт. Скончыў Казахскі ун-т (Алма-Ата, 1956). Друкуецца з 1954. Першая кн. вершаў і паэм «Студэнцкі сшытак» (1957). У зб-ках паэзіі «Каміла» (1960), «Дачка Алатау» (1963), «Новы сшытак» (1967), «Птушкі прылятаюць» (1978), «Дваццаць пятая вясна» (1980), «Пісьмёны на сэрцы» (1981, Дзярж. прэмія Казахстана 1983), «Далёкія гады, незабыўныя людзі» (1989) і інш. гісторыя і сучаснасць, творчая праца і багацце духоўнага свету чалавека, каханне, прыгажосць і самабытнасць роднай зямлі. Многія яго вершы пакладзены на музыку. На бел. мову асобныя творы М. пераклала В.​Коўтун.

Тв.:

Рус. пер. — Проходят дни: Стихи. Алма-Ата, 1984.

Ж.​Сахіеў.

т. 10, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ (Мікалай Піліпавіч) (19.9.1803, Масква — 10.4.1864),

рускі пісьменнік. Муж К.К.Паўлавай. Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1821), Маскоўскі ун-т (1825). Заснавальнік і рэдактар газ. «Русские ведомости» (1863—64). Друкаваўся з 1822. У 1831 апубл. першыя ў Расіі пераклады з А.​Бальзака. Адзін з пачынальнікаў рус. сацыяльна-псіхал. аповесці: зб-кі «Тры аповесці» (1835; забаронены), «Новыя аповесці» (1839). Аўтар вершаў, апавяданняў, крытычных і публіцыстычных артыкулаў і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку М.​Глінкам, А.​Даргамыжскім і інш.

Тв.:

Соч.: Три повести. Новые повести. Стихотворения. Статьи. М., 1985;

Избр.: Повести, стихотворения. Статьи. М., 1988;

Избр. соч. М., 1989.

Літ.:

Вильчинский В.П. Н.​Ф.​Павлов. Л., 1970.

т. 12, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСА́РЫК (Алесь) (сапр. Пісарчык Аляксандр Уладзіміравіч; н. 9.4.1954, Мінск),

бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1977—80). У 1976—85 працаваў на МТЗ. Друкуецца з 1973. Піша на бел. і рус. мовах. У паэт. зб-ках «Белы май» (1983), «Дажджы яравыя» (1990), «Пакуль гарыць мая зара» (1995), «Ноч дзявочай касы» (1996), «Журба вяргіні» (1997), «Пара медазбору» (1999) і інш. услаўленне прыгажосці роднай прыроды, кахання, асэнсаванне мінулага і сучаснага, тэмы афганскай вайны, чарнобыльскай трагедыі. Многія яго вершы пакладзены на музыку.

Тв.:

Ліставір // Нашчадкі. Мн., 1979;

Откровение незабудки. Мн., 1998;

Глазами любви. Мн., 1998;

На востраве чароўнай Амазонкі. Мн., 2000.

Л.​С.​Савік.

т. 12, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

метры́чны

(гр. metrikos = мерны)

1) звязаны з сістэмай вымярэння;

м-ая сістэма мер — сістэма мер, у аснову якой пакладзены адзінка даўжыні — метр і адзінка масы — кілаграм;

2) які мае адносіны да вершаванага памеру;

м. верш — верш, адзінкай вымярэння ў якім з’яўляецца стапа.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГЛІ́БАЎ (Глебаў) Леанід Іванавіч

(5.3.1827, с. Вясёлы Падол Палтаўскай вобл., Украіна — 10.11.1893),

украінскі паэт. Майстар баечнага жанру. Скончыў Нежынскі ліцэй (1855). У 1861—63 выдавец і рэдактар штотыднёвіка «Черниговский листок». Пісаў на ўкр. і рус. мовах. Першы зб. «Вершы» (1847, на рус. мове). Аўтар паэмы «Перакаці-поле» (пач. 1850-х г.), камедыі «Да міравога» (1862), твораў для дзяцей і інш. У байках (больш за 100, зб-кі 1863, 1872 і 1882 і інш.) асуджаў прыгонніцтва, бюракратызм, хабарніцтва, падхалімства і інш. Асобныя лірычныя вершы Глібава пакладзены на музыку, сталі папулярнымі песнямі. На бел. мову паасобныя творы Глібава пераклалі Э.​Валасевіч, К.​Камейша.

Тв.:

Твори. Т. 1—2. Київ, 1974.

В.​А.​Чабаненка.

т. 5, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМЭ́, Лямэ (Lamé) Габрыэль (22.7. 1795, г. Тур, Францыя — 1.5.1870), французскі матэматык і інжынер. Чл. Парыжскай АН (1843). Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1829). У 1820—32 працаваў у Пецярбургу ў Ін-це інжынераў шляхоў зносін. У 1832—63 праф. Політэхн. школы і Парыжскага ун-та (1848—63). Навук. працы па тэорыі пругкасці і матэм. фізіцы. Распрацаваў агульную тэорыю крывалінейных каардынат і метады іх выкарыстання ў механіцы (1859), устанавіў сувязь паміж кампанентамі мех. напружання і дэфармацыі (пастаянныя Л.), увёў спец. клас функцый (функцыі Л.). Аўтар першага трактата па тэорыі пругкасці цвёрдых цел (1852). Даследаванні Л. былі пакладзены ў аснову тэнзарнага аналізу.

Літ.:

Воронина М.М. Габрыэль Ламе, 1795—1870. Л., 1987.

т. 9, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ДСАН (Сямён Якаўлевіч) (26.12.1862, С.-Пецярбург — 31.1.1887),

рускі паэт. Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча (1882). Быў на ваен. службе, з 1884 у адстаўцы. Друкаваўся з 1878. З 1882 супрацоўнічаў у час. «Отечественные записки». Першы зб. — «Вершы» (1885, Пушкінская прэмія АН 1886). Асн. тэмы творчасці — паэзія і яе роля ў жыцці грамадства, спачуванне народу, любоў да Радзімы; значнае месца займае любоўная і пейзажная лірыка. Аўтар паэм «Хрысціянка» (1878), «Вясновая казка» (1882), драмы ў вершах «Царэўна Соф’я» (незавершаная, апубл. 1902), зб. «Літаратурныя нарысы» (1887) і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку Р.​Гліэрам, С.​Рахманінавым, А.​Рубінштэйнам, Ц.​Кюі і інш. Паэзіяй Н. захапляўся Я.​Купала.

Тв.:

Полн. собр. стихотворений. М.; Л., 1962;

Избранное. М., 1994.

т. 11, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЙКА (Грыцько) (Рыгор Піліпавіч; 5.9.1923, г.п. Аленаўка Валнавахскага р-на Данецкай вобл., Украіна — 25.9.1978),

украінскі паэт. Скончыў Данецкі пед. ін-т (1949). Пісаў пераважна для дзяцей і юнацтва. Аўтар эб-каў вершаў «Мая Данеччына» (1950), «Бярозка» (1954), «Шахцёрачка» (1956), «Дзіва, дзіва, дзівосы» (1970), «Надзейная змена» (1975) і інш. Творы вызначаюцца тонкім гумарам, яснасцю і прастатой мовы, багаццем рытмікі, лірызмам. Многія вершы (больш як 400) пакладзены на музыку. На ўкр. мову перакладаў творы Я.​Купалы, А.​Александровіча, Э.​Агняцвет, А.​Бялевіча, М.​Танка. На бел. мову вершы Бойкі перакладалі Александровіч, М.​Арочка, М.​Аўрамчык, С.​Грахоўскі, Х.​Жычка, Танк, Р.​Хацкевіч.

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1983;

Бел. пер. — Два Міколы. Мн., 1963.

В.​А.​Чабаненка.

т. 3, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)