НО́ВАЯ ШАТЛА́НДЫЯ (англ. Nova Scotia, франц. Notivelle Écosse),

правінцыя на ПдУ Канады. Займае п-аў Новая Шатландыя і в-аў Кейп-Брэтан. Пл. 54,6 тыс. км². Нас. каля 1 млн. чал. (1998), гал. чынам англа-канадцы. Адм. і прамысл. цэнтр, гал. порт — г. Галіфакс. Паверхня нізінная, узгорыстая, на в-ве Кейп-Брэтан месцамі нізкагорная (да 532 м). Сляды стараж. зледзянення. Клімат умераны, вільготны, ападкаў да 1200 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя, з парогамі і вадаспадамі; шмат азёр. Захаваліся хваёвыя лясы з дамешкамі клёна і бярозы. Радовішчы барыту, каменнага вугалю, кухоннай солі. Найб. развіты чорная металургія, нафтаперапрацоўка, коксахімія, трансп. машынабудаванне, харч. (пераважна рыбакансервавая), цэлюлозна-папяровая, дрэва-апрацоўчая прам-сць. ГЭС. З-ды па вытв-сці цяжкай вады. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу (агародніцтва, сеяныя травы, малочная жывёлагадоўля). Садоўніцтва (яблыкі экспартуюцца). Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.

т. 11, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ГВІНЕ́Я (New Guinea; інданез. Ірыян),

в-аў на З Ціхага ак. (2-і па велічыні на Зямлі пасля Грэнландыі). Пл. 829 тыс. км² (паводле інш. даных — 771,9 тыс. км²). Нас. больш за 5 млн. ж. За 150 км на Пн ад Аўстраліі, аддзелены ад яе пралівам Торэса. Абмываецца на Пд Арафурскім і Каралавым морамі. Зах. ч.тэр. Інданезіі (Ірыян-Джая), усх.тэр. дзярж. Папуа—Новая Гвінея. Праз увесь востраў (2400 км) цягнуцца Цэнтральныя горы сярэдняй выш. 3500 м. Найвышэйшы пункт — г. Джая (5029 м). Горы складзены з крышт. і метамарфічных парод, на З пераважаюць пясчанікі. Уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа цягнуцца Берагавыя горы, аддзеленыя ад Цэнтральных гор падоўжнымі алювіяльнымі раўнінамі. На Пд вялізная нізінная раўніна, якая перасякаецца шматлікімі рэкамі. Клімат паўн. ч. Н.Г. экватарыяльны, паўд. ч. — субэкватарыяльны з сухім зімовым перыядам. На нізінах сярэдняя т-ра 25—28 °C. У гарах з вышынёй клімат зменьваецца ад горнага трапічнага да нівальнага. На схілах гор выпадае больш за 4000 мм ападкаў, якія прыносяць зімой паўд.-ўсх. пасат, а летам паўн.-зах. мусон. На ПдЗ, дзе адчуваецца ўплыў зімовага аўстрал. мусону, гадавая колькасць ападкаў 1100 мм. Рэкі (Флай, Мамберама, Дыгул, Сепік, Раму) мнагаводныя, у перыяд дажджоў бурныя паводкі. На нізінах і схілах. гор развіты латэрытныя глебы, на ПнУ чырвоныя, на ўзбярэжжы балотныя. У раслінным покрыве пераважаюць вільготна-экватарыяльныя лясы (гілеі). На выш. 1500—3000 м пояс горных гілей з дрэвападобнымі папарацямі, вечназялёнымі лаўровымі дрэвамі, міртамі, хвойнымі з роду падакарпус, вышэй за 3800 м — высакатраўныя лугі з хмызнякамі рададэндранаў. На высокіх вяршынях гор — снежнікі і невял. ледавікі. У больш сухой паўд. ч. вострава развіты саванны з купінамі цвёрдых злакаў аланг-алангу, барадачу і аўстрал. відамі дрэў — банксіямі, эўкаліптамі і акацыямі. У вусцях рэк і ўздоўж нізінных берагоў мангравыя лясы. У жывёльным свеце пераважаюць сумчатыя млекакормячыя: газель, кенгуру, сумчаты барсук, дрэвавы кускус, апосум. Шматлікія птушкі (500 відаў), паўзуны, насякомыя. Вырошчваюць ямс, кукурузу, батат, плантацыі какосавых пальм, кавы, какавы, каўчуканосаў. Здабыча нафты. Рыбалоўства. Асн. гарады: Порт-Морсбі, Маданг (Папуа—Новая Гвінея), Саронг, Джаяпура (Інданезія).

М.В.Лаўрыновіч.

Да арт. Новая Гвінея. Вёска Бонгу, у якой больш як сто гадоў назад жыў М.М.Міклуха-Маклай.

т. 11, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Новая дзяржаўная галерэя (Мюнхен) 2/52

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ПАПІ́НА,

вёска ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр Папінскага с/с і калгаса. За 9 км на Пд ад горада і 16 км ад чыг. ст. Драгічын, 119 км ад Брэста. 953 ж., 309 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, лазнева-пральны камбінат, аддз. сувязі. Свята-Праабражэнская царква. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл (19 ст.).

т. 11, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НО́ВАЯ ДАРО́ГА»,

штотыднёвая газета, выдавалася ў 1942—44 у Беластоку на бел. мове з дазволу герм. улад. Выдавец — беластоцкае Бел. нац. згуртаванне. Гал. рэдактар Х.Ільяшэвіч. Публікавала ваен. зводкі, артыкулы на міжнар. тэмы, агляды сац.-эканам. сітуацыі на Беларусі, матэрыялы антырус., антыпольск. і антысеміцкага характару. Змяшчала артыкулы пра падзеі мінулага і гіст. асоб (Міндоўга, Л.Сапегу, П.Крачэўскага і інш.), пра стараж. каштоўнасці, успаміны пра Ф.Аляхновіча і А.Цвікевіча, звесткі па геаграфіі Беларусі, творы бел. пісьменнікаў, рэцэнзіі, хроніку культ. жыцця, дапаможны вучэбны матэрыял, с.-г. парады. Выйшла больш за 100 нумароў.

С.У.Жумар.

т. 11, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Новая венская школа (муз.) 1/589; 3/444

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«НО́ВАЯ ВА́РТА»

(«Novaja varta»),

грамадска-навуковы і літ. часопіс бел. студэнцкай моладзі Віленскага ун-та, аб’яднанай у арг-цыю «Скарынія». Выдаваўся ў 1931—32 і 1934 у Вільні на бел. мове лацінкай. Выходзіў неперыядычна. Рэдактары-выдаўцы К.Глінскі, Т.Грышкевіч (з 3-га нумара). Асвятляў грамадскую і культ.-асв. дзейнасць бел. студэнтаў, узнімаў пытанні нац.-вызв. руху, супрацоўніцтва з польск. студэнцкімі арг-цыямі (арт. «Абавязак хвіліны» Я.Зенюка, «Адно з пытанняў» А.Бартуля, «Чвэрць веку існавання беларускай прэсы»). Змяшчаў дыскусійныя матэрыялы па розных паліт. кірунках развіцця сусв. грамадства, даследаванні па бел. гісторыі і л-ры («Леў Сапега — вялікі канцлер літоўскі» пад крыптанімам «Ш.», «Крытычныя моманты з жыцця Купалы і Коласа — паводле іх твораў» Ант. Навіны), творы Х.Ільяшэвіча, В.Багдановіча (Віцябляніна), Бартуля, Дж.Свіфта, хроніку культ-грамадскага жыцця моладзі Зах, Беларусі. Выйшлі 3 нумары. Выданне спынена ў сувязі з самаліквідацыяй арг-цыі «Скарынія».

С.І.Ёрш, А.С.Ліс.

т. 11, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ БЕ́ЛІЦА, Нова-Беліца, Навабеліца,

былы павятовы цэнтр і прадмесце г. Гомеля, цяпер адм. раён г. Гомеля. Засн. паводле ўказаў Кацярыны II ад 28.3 і 7.10.1785 у сувязі з пераносам пав. цэнтра з Беліцы (цяпер в. Старая Беліца) бліжэй да Гомеля. 10.3.1791 Сенат даручыў магілёўскаму намесніку П.Пасеку перасяліць на пасад Н.Б. 302 сялян с. Прыбыткі і в. Дуянаўка. У 1786—1852 Н.Б. — цэнтр Беліцкага павета. У 1854 Н.Б. далучана да Гомеля як прадмесце. У 1880 у Н.Б. 1646 ж., 305 дамоў. Сувязь з Гомелем ажыццяўлялася па драўляным мосце цераз Сож. У 1897 у Н.Б. 2957 ж., 405 двароў, 2 чыг. станцыі на лініі Лібава-Роменскай і Палескай чыг., 2 царквы, 2 малітоўныя стараверскія дамы, прыходскае вучылішча (з жаночай зменай), 3 яўр. малітоўныя школы, крупадзёрка, вятрак, Навабеліцкая запалкавая фабрыка, канатны з-д, пенькатрапальня, пякарня, 26 крам, 6 корчмаў, Навабеліцкі спіртаачышчальны завод і інш. У пач. 20 ст. існавалі Навабеліцкая лесапільная фабрыка і Навабеліцкі лесапільна-бандарны завод. У 1940 утвораны Навабеліцкі р-н г. Гомеля (у 1948 скасаваны, у 1951 адноўлены).

т. 11, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Новая Рэйнская газета» 3/5, 290; 7/23, 529; 9/232

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ЗЯМЛЯ́,

архіпелаг у Паўн. Ледавітым ак., паміж Баранцавым і Карскім морамі, у Архангельскай вобл. (Расія). Пл. каля 83 тыс. км². Уключае 2 вял. астравы — Паўночны (48,9 тыс. км²) і Паўднёвы (33,3 тыс. км²), раздзеленыя пралівам Матаччын Шар, і дробныя астравы. Берагі фіёрдападобныя. Рэльеф горны, выш. да 1547 м (на Паўн. в-ве). Горы складзены з асадкавых (пясчанікі, сланцы, вапнякі) і вывергнутых парод. Клімат марскі арктычны, суровы. Сярэднія т-ры сак. (самы халодны месяц) ад -14 °C да -22 °C, жн. 2,5—6,5 °C. Ападкаў 300—600 мм за год. Каля 25% плошчы ўкрыта ледзяным покрывам, у т. л. на Паўн. в-ве самы вял. па плошчы ў Расіі покрыўны ледавік (20 тыс. км²). Усяго больш за 680 ледавікоў. Уваходзіць у зону арктычных пустынь, частка Паўд. в-ва — у зону арктычных тундраў. Растуць лішайнікі і імхі (каля 450 відаў), па далінах і паўд. схілах хмызнякі (карлікавыя вярба і бяроза). У складзе жывёльнага свету лемінг, пясец, трапляецца белы мядзведзь. Птушыныя «кірмашы» (кайры, чайкі, чысцікі). У прыбярэжнай зоне цюлені, маржы, з рыб — траска, сёмга, омуль. Промысел пясца і марскіх жывёл. Палярныя станцыі. На Н.З. шмат гадоў праводзіліся выпрабаванні ядзернай зброі.

т. 11, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)