ГАЗААБМЕ́Н у фізіялогіі,
працэс пастаяннага абмену газаў паміж арганізмам і навакольным асяроддзем пры дыханні, фотасінтэзе і інш. Заключаецца ў паглынанні арганізмам кіслароду (O2) і выдзяленні вуглякіслага газу (CO2) — канчатковага прадукту акісляльнага метабалізму. Біял. роля газаабмену вызначаецца яго непасрэдным удзелам у абмене рэчываў, пераўтварэнні хім. энергіі засваяльных пажыўных прадуктаў у энергію, неабходную для жыццядзейнасці арганізма. Газаабмен адлюстроўвае інтэнсіўнасць працэсаў акіслення біялагічнага ва ўсіх органах і тканках. У раслін газаабмен адбываецца праз вусцейкі ліста; у чалавека і высокаарганізаваных жывёл — праз сістэмы органаў дыхання і кровазвароту і скуру, у прасцейшых — шляхам дыфузіі газаў праз паверхню цела. Патрэба ў газаабмене тым большая, чым вышэй арганізаваны жывы арганізм.
Газаабмен у чалавека і жывёл вызначаюць спец. прыладамі, з дапамогай якіх разлічваюць энергазатраты арганізма (непрамая каларыметрыя). Узровень газаабмену залежыць ад стану арганізма, умоў знешняга асяроддзя, інтэнсіўнасці мышачнай дзейнасці і інш. Рэгуляцыя газаабмену ідзе на ўсіх этапах транспарту газаў за кошт біяхім., біяфіз., нервовых і гумаральных уплываў. Газаабмен вывучаюць для ацэнкі дынамікі захворванняў і эфектыўнасці іх лячэння, у с.-г. жывёл — для распрацоўкі навукова абгрунтаваных нарматываў кармлення і ўтрымання.
Літ.:
Уэст Дж. Физиология дыхания: Основы: Пер. с англ. М., 1988;
Физиология дыхания. Л., 1991 (Руководство по физиологии).
Н.М.Петрашэўская.
т. 4, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУ́КЦЫЯ ў фізіялогіі,
дынамічнае ўзаемадзеянне нервовых працэсаў узбуджэння і тармажэння. Выражаецца ў тым, што тармажэнне ў групе нерв. клетак выклікае ўзбуджэнне (станоўчая І.) і, наадварот, калі першаснае ўзбуджэнне індуцыруе тармажэнне (адмоўная І.). Мае 2 формы: адначасовую, калі ўзбуджэнне ў адным участку мозга выклікае тармажэнне ў суседніх і наадварот; паслядоўную, калі змена адносін праходзіць з цягам часу. Характэрна для ўсіх аддзелаў нерв. сістэмы. Абмяжоўвае распаўсюджванне нерв. працэсаў і спрыяе іх канцэнтрацыі. Прыклад адмоўнай І.: моцнае раздражненне слыхавога цэнтра (напр., рэзкі званок) выклікае тармажэнне ў харчовым, бо спыняецца слінавыдзяленне. У эмбрыялогіі І. — уздзеянне адных частак (індуктараў) зародка, які развіваецца, на другія яго часткі (сістэмы, якія рэагуюць). Адкрыта ням. эмбрыёлагам Г.Шпеманам (1901). Адбываецца пры кантакце і вызначае напрамак развіцця сістэмы, якая рэагуе, гоматыпічны, калі дыферэнцыроўка падобна індуктару, і гетэратыпічны, калі адрозніваецца ад яго. Пашырана сярод хордавых і многіх беспазваночных жывёл. Ажыццяўляецца пры ўмове, што клеткі сістэмы, якая рэагуе, здольны ўспрымаць індуцыраваны стымул і адказваць на яго стварэннем адпаведных структур. Тэрмінам «І.» вызначаюць таксама больш шырокі круг з’яў у індывід. развіцці жывёл і раслін: дыферэнцыроўка другасных палавых прыкмет, лінька лічынак насякомых, дыферэнцыроўка і рост раслін фітагармонамі, святлом, т-рай і інш.
А.С.Леанцюк.
т. 7, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гіперпалярыза́цыя
(ад гіпер- + палярызацыя)
павелічэнне розніцы патэнцыялаў на паверхневых мембранах нервовых і мышачных клетак пры памяншэнні іх пранікальнасці для іонаў натрыю і калію.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гліказуры́я
(ад гр. glykys = салодкі + -урыя)
выдзяленне цукру з мачой, назіраецца пры цукровым дыябеце, нервовых хваробах, цяжарнасці, а таксама пры празмерным ужыванні цукру.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
цэрэбразі́ды
(ад лац. cerebrosus = мазгавы + гр. eidos = выгляд)
група складаных ліпідаў, якія змяшчаюцца ў мембранах нервовых клетак, асабліва багата імі бялковае рэчыва мозгу.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
псіхаана́ліз
(ням. Psychoanalyse, ад гр. psyche = душа + analysis = аналіз)
метад даследавання і лячэння нервовых і псіхічных захворванняў, які заключаецца ў выяўленні падсвядомых слядоў афектыўных перажыванняў; прапанаваны ў канцы XIX ст. аўстрыйскім псіхіятрам З. Фрэйдам.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
катале́псія
(гр. katalepsis = схватванне, авалоданне)
стан поўнай нерухомасці, які ўзнікае ў чалавека пры моцным хваляванні, пад уздзеяннем гіпнозу, пры некаторых нервовых і псіхічных хваробах.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
рэцэ́птары
(лац. receptor = той, хто прымае)
канцавыя ўтварэнні аферэнтных нервовых валокнаў, які ўспрымаюць раздражненні са знешняга (экстэрарэцэптары) або ўнутранага (інтэрарэцэптары) асяроддзя арганізма і пераўтвараюць фізічную або хімічную энергію раздражняльнікаў у нервовыя імпульсы 2, што перадаюцца па чуллівых нервовых валокнах у цэнтральную нервовую сістэму; у залежнасці ад таго, на якія раздражняльнікі рэагуюць, падзяляюцца на барарэцэптары, механарэцэптары, тэрмарэцэптары, фотарэцэптары, хемарэцэптары.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
га́нглій
(гр. ganglion = пухліна)
1) вузел нервовых клетак і валокнаў, акружаны злучальнатканкавай абалонкай;
2) невялікая пухліна са студзяністым змесцівам (кіста), якая развілася з сустаўнай сумкі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
стэрэата́ксій
(ад стэрэа- + гр. taksis = упарадкаванае размяшчэнне)
метад увядзення электродаў у тканкі мозгу для рэгістрацыі электрычных патэнцыялаў нервовых клетак, а таксама раздражнення або разбурэння іх.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)