ПАВО́ЛЬНЫЯ НЕЙТРО́НЫ,

нейтроны з кінетычнай энергіяй, умоўна меншай за 100 кэВ. П.н. з кінетычнай энергіяй, большай за 10 кэВ, атрымліваюць з дапамогай паскаральнікаў зараджаных часціц; іх энергія рэгулюецца зменамі напружання паскарэння пратонаў. Нейтроны з меншай энергіяй выдзяляюць з нейтронных пучкоў з дапамогай спец. фільтраў. Нейтроны з энергіяй, большай за 100 кэВ, наз. хуткімі нейтронамі; для іх запавольвання выкарыстоўваюцца запавольнікі (вада, графіт і інш.; гл. Запавольванне нейтронаў). Дэтэктыраванне П.н. праводзіцца на аснове рэгістрацыі прадуктаў выкліканых імі ядз. рэакцый (гл. Дэтэктары ядзернага выпрамянення). П.н. выкарыстоўваюцца для атрымання ланцуговай ядзернай рэакцыі, структурных даследаванняў крышталяў (гл. Нейтронаграфія), вывучэння ўласцівасцей ўзбуджэння ядз. узроўняў на аснове нейтронных рэзанансаў (гл. Мёсбаўэра эфект) і інш.

т. 11, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дэйтэ́рый

(н.-лац. deuterium, ад гр. deuteros = другі)

цяжкі ізатоп вадароду, які мае атамную масу2, выкарыстоўваецца як запавольнік нейтронаў у ядзерных рэактарах і як ядзернае паліва.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ізато́пы

(ад іза- + гр. topos = месца)

разнавіднасці атамаў аднаго і таго ж хімічнага элемента, якія маюць аднолькавую колькасць пратонаў, але розны лік нейтронаў і адрозніваюцца масай.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

нуклі́ды

(ад лац. nucleus = ядро)

фіз. агульная назва атамаў, якія адрозніваюцца колькасцю нуклонаў у ядры або, пры аднолькавай колькасці нуклонаў, змяшчаюць розную колькасць пратонаў ці нейтронаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БРЭ́ГА—ВУ́ЛЬФА ЎМО́ВА,

вызначае напрамак узнікнення максімумаў інтэнсіўнасці пры дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў на крышталях; аснова рэнтгенаўскага структурнага аналізу. Устаноўлена ў 1913 незалежна У.Л.Брэгам і Г.В.Вульфам. Паводле Брэга—Вульфа ўмовы 2dsinΘ = mλ, дзе d — адлегласць паміж адбівальнымі (крышталеграфічнымі) плоскасцямі, Θ — вугал паміж праменем, што падае, і адбівальнай плоскасцю (брэгаўскі вугал), λ — даўжыня хвалі выпрамянення, m — цэлы дадатны лік (парадак адбіцця). Брэга—Вульфа ўмова дае магчымасць вызначыць велічыню d (λ звычайна вядома, вугал Θ вымяраецца эксперыментальна). Брэга—Вульфа ўмова выконваецца таксама пры дыфракцыі γ-выпрамянення, электронаў, нейтронаў на крышталях, эл.-магн. выпрамянення радыё- і аптычнага дыяпазонаў на перыядычных структурах, пры дыфракцыі светлавых хваляў на ультрагуку.

Да арт. Брэга-Вульфа ўмова.

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАН ((Hahn) Ота) (8.3.1879, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 28.7.1968),

нямецкі фізік і радыяхімік. Чл. Берлінскай АН (1924). Скончыў Марбургскі ун-т (1901). У 1906—34 у Берлінскім ун-це (з 1910 праф.), адначасова (1912—45) у Ін-це хіміі кайзера Вільгельма (з 1928 дырэктар). У красавіку 1945 вывезены ў Англію, з 1946 у Гётынгенскім ун-це. Навук. працы па даследаванні радыеактыўнасці і радыеактыўных рэчываў. Адкрыў радыяторый (1905), пратактыній (1917, разам з Л.​Майтнер), ядзерную ізамерыю ў прыродных радыеактыўных элементаў (1921), дзяленне ядраў урану пад уздзеяннем нейтронаў (1938, разам з Ф.​Штрасманам). Нобелеўская прэмія 1944.

Літ.:

Гернек Ф. Пионеры атомного века: Великие исследователи от Максвелла до Гейзенберга. М., 1974.

О.Ган.

т. 5, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ МУТАГЕНЕ́З,

узнікненне мутацый, якія выклікаюцца іанізавальным выпрамяненнем (ультрафіялетавае, рэнтгенаўскае і гама-выпрамяненне, патокі альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш.). Мутагенез адбываецца пры парушэнні структуры генаў (разрывы малекулы ДНК, змена нуклеатыднага саставу), храмасом (паяўленне інверсій, дуплікацый, транслакацый), пры разрыве ніткі ахрамацінавага верацяна дзялення (геномныя мутацыі) і інш. Пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення ў тканках узнікаюць таксама свабодныя радыкалы, якія пашкоджваюць ДНК, АТФ, ферменты і інш., парушаюць клетачныя структуры, у т. л. генет. апарат клетак, ферментатыўныя рэакцыі, фізіял. працэсы, што прыводзіць да саматычных мутацый. Павышэнне ўзроўню іанізавальнага выпрамянення ў навакольным асяроддзі выклікае пачашчэнне мутацый у раслін, жывёл і чалавека. Р.м. выкарыстоўваецца ў селекцыі мікраарганізмаў і раслін.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

еўро́пій

(н.-лац. europium, ад лац. Europa = Еўропа)

хімічны элемент з сям. лантаноідаў, рэдказямельны метал серабрыста-белага колеру; выкарыстоўваецца як паглынальнік нейтронаў у ядзернай тэхніцы, актыватар люмінафораў у каляровым тэлебачанні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДЭТЭ́КТАРЫ Я́ДЗЕРНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,

прылады для рэгістрацыі элементарных часціц, рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення і інш. Бываюць электронныя і трэкавыя. Выкарыстоўваюцца ў апаратуры для дэфектаскапіі, мед. дыягностыкі, структурных даследаванняў, спектральнага аналізу, мікраскапіі і інш. Канструктыўнае выкананне Д.я.в. і іх параметры вызначаюцца прызначэннем і асаблівасцямі гэтай апаратуры.

Прынцып дзеяння Д.я.в. заснаваны на іанізацыі або ўзбуджэнні зараджанымі часціцамі атамаў рабочага рэчыва дэтэктара; у выпадку рэгістрацыі нейтральных часціц (напр., гамаквантаў, нейтронаў) іанізацыя і ўзбуджэнне адбываюцца за кошт другасных зараджаных часціц. Электронныя Д.я.в. выпрацоўваюць эл. імпульс, калі ў іх аб’ём трапляе часціца ці квант выпрамянення; эл. сігналы звычайна невялікія і патрабуюць узмацнення (гл. Ядзерная электроніка). Да іх адносяць Гейгераўскі лічыльнік, іанізацыйную камеру, крышталічны лічыльнік, сцынтыляцыйны лічыльнік, паўправадніковы дэтэктар і інш. Трэкавыя Д.я.в. дазваляюць узнавіць траекторыю руху часціцы; да іх адносяць Вільсана камеру, іскравую камеру, тэлескоп лічыльнікаў, ядзерныя фатаграфічныя эмульсіі і інш.

А.​В.​Берастаў.

т. 6, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯЛЕ́ННЕ Я́ДРАЎ,

працэс, пры якім ядро атамнае дзеліцца на 2 і больш частак (асколкаў) з блізкімі масамі; суправаджаецца вылучэннем γ-квантаў і нейтронаў. Можа адбывацца самаадвольна (спантанна) або пры ўзаемадзеянні ядра з часціцамі і γ-квантамі. Пры Дз.я. урану, плутонію і інш. ствараюцца ўмовы для развіцця ланцуговай ядзернай рэакцыі, якая выкарыстоўваецца ў ядз. энергетыцы.

Пачатковая стадыя Дз.я. — павольная змена формы ядра, пры якой утвараецца шыйка, што злучае 2 яшчэ не сфарміраваныя асколкі (час праходжання гэтай стадыі залежыць ад энергіі ўзбуджэння ядра); паступова шыйка патанчаецца і ў некаторы момант часу адбываецца яе разрыў і асколкі разлятаюцца ў процілеглыя бакі. У 1938 ням. вучоныя О.​Ган і Ф.​Штрасман устанавілі, што пры бамбардзіроўцы урану нейтронамі ўтвараюцца ядры шчолачназямельных элементаў (напр., барыю). Спантаннае Дз.я. адкрыта эксперыментальна Г.​М.​Флёравым і К.​А.​Петржакам (1940).

А.​В.​Берастаў.

Паслядоўныя стадыі дзялення ядра.

т. 6, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)