АКТУА́ЛЬНАЕ ЧЛЯНЕ́ННЕ СКА́ЗА,

падзел сказа (у жывым маўленні — выказвання) на тэму (зыходны пункт выказвання) і рэму (тое новае, што паведамляецца чытачу ці слухачу аб тэме). Актуальнае чляненне сказа накладваецца на фармальна-сінтаксічную будову сказа, і ён набывае магчымасць перадаваць актуальную ў дадзеным кантэксце, важную ў момант паведамлення інфармацыю. Напр., у сказах «Мужчыны выйшлі на двор з хаты» і «На двор з хаты выйшлі мужчыны» суадносіны і камунікатыўная значымасць тэмы і рэмы розныя (з другога варыянта сказа вынікае, што ў хаце былі не толькі мужчыны). Тэма і рэма перадаюцца: лагічным націскам (прасадычныя сродкі), парадкам слоў (сінтаксічныя), часціцамі, займеннікамі, прыслоўямі або сінонімамі (марфалагічныя і лексічныя). У вусным маўленні тэма найчасцей падкрэсліваецца інтанацыяй, у пісьмовым — парадкам слоў. У экспрэсіўных выказваннях рэма можа папярэднічаць тэме, што патрабуе пры вымаўленні сказа асабліва ўзмоцненага націску і наз. эмфазай. Калі ў сказе адсутнічае проціпастаўленне тэмы і рэмы, ён наз. камунікатыўна нерасчлянёным.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАРО́ДНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,

члены сказа, якія адносяцца да аднаго і таго ж слова і выконваюць аднолькавую сінтаксічную функцыю. Паміж сабой звязваюцца спалучальнай сувяззю, сродкам выражэння якой служаць або інтанацыя пералічэння, або інтанацыя і спалучальныя злучнікі.

Аднароднымі могуць быць і галоўныя, і даданыя члены сказа: «Тут было і здзіўленне, і захапленне, і крыху зайздрасці» (М.​Лынькоў) — аднародныя дзейнікі; «За гарамі, за даламі, у балотах пустынных паўставала, вырастала новая краіна» (Я.​Купала) — аднародныя акалічнасці і выказнікі; «На бітву грозную ішоў народ за шчасце, за зямлю, за долю» (Р.​Няхай) — аднародныя дапаўненні; «На дварэ другі дзень сеяў дробны, але густы дождж» (І.​Шамякін) — аднародныя азначэнні. Аднароднымі могуць быць члены сказа, выражаныя рознымі часцінамі мовы: «Ліда вясёлая па натуры і любіць смяяцца» (А.​Кулакоўскі). Аднародныя члены сказа ўтвараюць адкрыты, незамкнёны рад, у які можа ўваходзіць абагульняльнае слова: «Будынак, парк і агарожа — было ўсё слаўна і прыгожа» (Я.​Колас).

А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎНЫ СКАЗ,

вядучы кампанент у структуры складанага сказа. Да галоўнага сказа далучаецца залежны кампанент — даданы сказ («Расказваў хлопец так шчыра і падрабязна, што самыя недаверлівыя людзі паверылі яму». І.​Шамякін). У якасці галоўнага сказа выступаюць усе структурныя тыпы простых сказаў. Сродкамі аб’яднання галоўнага сказа з даданымі сказамі служаць інтанацыя, падпарадкавальныя злучнікі («што», «калі», «каб»), злучальныя словы (займеннікі і прыслоўі «хто», «які», «дзе», «куды»), якія ў маўленні часта камбінуюцца з суадноснымі словамі («той», «там», «так», «дык»). Фармальна і па сэнсе даданы сказ можа залежаць ад галоўнага сказа ў цэлым («Ідзе Віктар наўмысля марудна... каб як даўжэй працягнуць дарогу». М.​Зарэцкі) або ад асобнага слова ў галоўным сказе: у апошнім выпадку даданы сказ можа стаяць і перад, і пасля, і ў сярэдзіне галоўнага («Пласкадонка, якая ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзі Быстранкі...». Я.​Брыль).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 4, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАДЫГМА́ТЫКА,

1) адзін з двух аспектаў сістэмнага даследавання мовы, які проціпастаўляецца сінтагматыцы, — вывучэнне элементаў мовы і класаў гэтых элементаў, што знаходзяцца ў адносінах проціпастаўлення, выбару аднаго з узаемавыключальных элементаў.

2) Вучэнне пра будову і структуру парадыгмаў розных тыпаў, іх класіфікацыю, а таксама аб’яднанне ў больш складаныя адзінствы.

Парадыгматычныя адносіны праяўляюцца ў парадыгматычным проціпастаўленні (тоеснасці і адрозненні, проціпастаўленасці і ўзаемазамяняльнасці) моўных адзінак. Яны будуюцца на розных відах падабенства (сувязі) паміж моўнымі адзінкамі: фармальнага («снег», «снега», «снегу», «снег», «снегам», «снезе» — марфал. парадыгма), фармальна-семантычнага («выкладчык», «дарадчык», «аб’ездчык», «разведчык» — словаўтваральная парадыгма на падставе агульнасці суфікса і яго значэння «вытворца дзеяння»), семантычнага («ісці», «крочыць», «шыбаваць», «дыбаць», «цягнуцца» — лексічная парадыгма на падставе агульнага значэння «ісці»), У некат. кірунках сучаснай лінгвістыкі П. разглядаецца як сістэма мовы, а сінтагматыка — як рэалізацыя гэтай сістэмы ў працэсе пабудовы выказвання (тэксту).

Літ.:

Степанов Ю.С. Методы и принципы современной лингвистики. М., 1975.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Адка́сывацца, адкаснуцца ’пазбаўляцца, адчапіцца, адвязацца, адстаць’ (Юрч.) да kasati sę (ст.-слав. касати сѧ, балг. косвам, рус. касаться, укр. касатися ’дакранацца’). Аднак для беларускага моўнага арэала дзеяслоў касацца не характэрны. Таксама не характэрна для гэтага дзеяслова (там, дзе ён сустракаецца) спалучэнне з прэфіксам ад‑. Магчыма, адкаснуцца да адкапснуцца (гл. адкапснуць) са спрашчэннем незаканамернага для славянскіх моў гукаспалучэння ‑пс‑ (‑пс‑ > с) (Міхневіч, вусн. паведамл.). Тады адкасывацца, адкаснуцца трэба разглядаць як балтызмы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗЕ́МСКАЯ СТАТЫ́СТЫКА,

статыстычныя работы земстваў па абследаванні сельскай гаспадаркі і сялянскіх промыслаў, уліку надзельнай зямлі для размеркавання земскіх павіннасцей. Падзялялася на асн. і бягучую. Асн. З.с. вывучала эканам. ўмовы і гасп. становішча сялянства (звесткі пра яго колькасць, занятасць, адукацыю, зямельныя даходы, колькасць жывёлы і інш.). Метад збору звестак — падворны перапіс, а таксама выбраныя, т.зв. бюджэтныя абследаванні некат. тыповых сял. гаспадарак. Бягучая З.с. рэгістравала становішча сял. гаспадарак за кожны справаздачны год. У Расіі ўзнікла ў 1870-я г. У Беларусі пачала развівацца пасля ўтварэння ў сак. 1911 губ. земскіх упраў (Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай) і стат. к-таў пры іх, якія правялі ў 1915 перапіс жывёлы ў Мінскай, падворны перапіс жывёлы ў Віцебскай губ., гар. перапіс у Магілёве (1917) і інш., удзельнічалі ва Усерасійскіх с.-г. і пазямельных перапісах 1916 і 1917.

Літ.:

Земские подворные переписи, 1880—1913: Поуездные итоги. М.,1926;

Караваев В.Ф. Библиографический обзор земской статистической и оценочной литературы (1864—1903). Вып. 1—2. СПб., 1906—13.

Л.​М.​Міхневіч.

т. 7, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАНТАЛО́ГІЯ ЛІНГВІСТЫ́ЧНАЯ,

1) гісторыка-філалагічная дысцыпліна, якая, абапіраючыся на моўныя факты, вывучае гісторыю носьбітаў мовы ў дапісьмовы перыяд іх існавання, а таксама гісторыю матэрыяльнай і духоўнай культуры пэўнага этнасу. Напр., дзеясловы (яго) «круціць», «ломіць» — (ён) «паправіўся» ўказваюць на значнасць у свядомасці далёкіх продкаў проціпастаўлення архетыпічных катэгорый «крывы» — «прамы».

2) Сукупнасць прыёмаў і методык, што служаць выяўленню і вытлумачэнню найб. стараж. элементаў мовы, па якіх можна аднавіць пэўныя фрагменты страчаных архаічных яе падсістэм. Узнікла як адгалінаванне параўнальна-гістарычнага мовазнаўства і распрацаванага ў яго межах параўнальна-гістарычнага метаду, садзейнічала ўзнікненню глотахраналогіі. Карыстаецца спецыфічным паняццем «моўны час», які вымяраецца тымі зменамі, што адбываюцца ў мове, пачынаючы з дапісьмовага стану. Вырашае некалькі тыпаў лінгвістычных задач: аналіз архаізмаў, рэканструкцыя моўных падсістэм, удакладненне генеалагічнай класіфікацыі моў, збор інфармацыі для вызначэння заканамернасці глотагенезу і інш.

Літ.:

Krahe H. Sprache und Vorzeit. Heidelberg, 1954;

Гамкрелидзе Т.В., Иванов В.В. Индоевропейский язык и индоевропейцы. [Т.] 1—2. Тбилиси, 1984.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 11, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯЛЕ́КТ [ад нацыя + (дыя)лект],

сукупнасць фармальных і семантычных уласцівасцей пэўнай нацыянальнай мовы, калі яна шырока выкарыстоўваецца іншым этнасам у якасці сваёй другой мовы або мовы міжнац. зносін. Напр., рус. мова (нацыялект) армян, літоўцаў, таджыкаў, украінцаў і г.д. У шырокім сэнсе Н. — рэалізацыя пэўнай мовы ў маўленчай практыцы іншага этнасу. Н. — адзін з відаў суцэльнага вар’іравання мовы (параўн.: дыялект — вар’іраванне тэрытарыяльнае, сацыялект — вар’іраванне сацыяльнае, ідыялект — вар’іраванне індывідуальнае, хроналект — вар’іраванне ў часе, Н. — вар’іраванне іншанацыянальнае, іншаэтнічнае). Н. ўласцівы пэўныя ўстойлівыя рысы, што ўзнікаюць у мове пад уплывам іншай ці роднай мовы. Напр., рус. Н. беларусаў уласцівы ўстойлівыя інтэрферэнцыйныя рысы: цвёрдае «р» (гаварыт — «гаворыць», румка — «келішак»), фрыкатыўнае «γ» (ноγи — «ноги», γолос — «голас»), сібілянты «с’» і «з’» (з’има, с’ерый), пропуск «й» (полны — «поўны», велики — «вялікі»), канструкцыі «мой собачка» (рус. «моя собачка»), «более-менее» (рус. «более или менее», бел. «больш-менш»), «жениться с кем» (рус. «жениться на ком», бел. «ажаніцца з кім»), адсутнасць моцнай колькаснай рэдукцыі галосных ([малако], рус. [мьлʌ-ко]) і інш.

Літ.:

Михневич А.Е. О языковом и лингвистическом статусе «нациолекта» // Вариативность как свойство языковой системы: Тез. докл. М., 1982. Ч. 1.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 11, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РМА МО́ЎНАЯ,

сукупнасць варыянтаў моўных адзінак, якія прызнаюцца грамадствам найлепшымі для здзяйснення маўленчай камунікацыі. Выяўляецца на ўсіх узроўнях і ва ўсіх аспектах функцыянавання моўнай сістэмы: у фанетыцы (вымаўленне, інтанацыя), марфалогіі (словаўтварэнне і словазмяненне), лексіцы і фразеалогіі (выбар і ўжыванне слоў і іх эквівалентаў), сінтаксісе (спалучэнне слоў, пабудова сказа, парадак слоў), стылістыцы, арфаграфіі (пісьмо). Н.м. — вядучая адметная рыса літаратурнай мовы як сістэмы уніфікаваных і стабільных моўных сродкаў і правіл іх ужывання. Адначасова яна з’яўляецца сістэмна-структурнай і сацыялінгвістычнай катэгорыяй. Яе захаванне або парушэнне добра ўсведамляецца большасцю адукаваных людзей і адлюстроўваецца ў метамоўных ацэнках накшталт «правільна — няправільна», «дарэчна — недарэчна», «прыгожа — непрыгожа» і г.д. Н.м. кадыфікуюцца ў граматыках і слоўніках. Мае гістарычна зменлівы характар. Выступае істотным паказчыкам культуры мовы асобы і культуры грамадства ў цэлым. Унармаванне нацыянальнай мовы — адна з гал. задач мовазнаўства, моўнай педагогікі, творчай дзейнасці пісьменнікаў, журналістаў, прамоўцаў і інш.

Літ.:

Семенюк Н.Н. Норма // Общее языкознание. М., 1970;

Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987;

Лепешаў І.Я. Асновы культуры мовы і стылістыкі. Мн.. 1989.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 11, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІНЕЗІ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,

адна з груп аўстранезійскіх моў. Пашыраны на астравах Палінезіі паміж Новай Зеландыяй, Гавайскімі астравамі і в-ам Вялікадня (Пасхі) на Ціхім акіяне. Падзяляюцца на падгрупы: танганскую (мовы тонга і ніўэ) і ўласна палінезійскую, якая складаецца з моў самаанскіх (самоа, тувалу, такелаў, усх. футуна, пука-пука, нукуора, такуў, лунгіўа, увеа, маэ і інш.) і ўсх.-палінезійскіх (маоры, гавайская, таіці, рапануі, раратонга і інш.). П.м. ўзыходзяць да агульнай прапалінезійскай мовы, якая мела сістэму з 5 галосных (i, e, a, o, u — доўгія і кароткія) і 13 зычных, што з пэўнымі зменамі адлюстравана ў фаналагічных сістэмах сучасных П.м. У граматычным ладзе пераважае аналітызм, у сінтаксісе — наяўнасць іменных і вербальных аналітычных комплексаў, што складаюцца са знамянальнага слова і шэрагу прэ- і постпазіцыйных службовых адзінак. Большасці П.м. уласцівы намінатыўны лад, для астатніх — эргатыўны. Гал. спосабы словаўтварэння — рэдуплікацыя і словаскладанне. Са старажытнасці захаваліся нерасшыфраваныя тэксты ронга-ронга (в-аў Вялікадня). Пісьменства ў некаторых П.м., што маюць літ. форму, з 19 ст. на аснове лацініцы.

Літ.:

Крупа В. Полинезийские языки. М., 1975.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)