вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Лабжанка, на скрыжаванні аўтадарог на Клімавічы, Касцюковічы, Хоцімск. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы. За 17 км на ПдУ ад г. Клімавічы, 141 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Асмолавічы. 733 ж., 261 двор (2001). Сярэдняя школа. Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя. аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
У 1727 сяло ў Крычаўскім старостве ВКЛ, у 1747 дзярж. ўласнасць, 20 двароў. З 1772 у Рас. імперыі. У 1780 мястэчка ў Клімавіцкім пав. Магілёўскай губ., 289 ж., 76 двароў, драўляная царква. У пач. 19 ст. прыватнае ўладанне, вінакурны з-д. У 1880—455 ж., 78 двароў, вадзяны млын, нар. вучылішча, мураваная царква, малітоўная школа; у 1897—834 ж., 122 двары, крупадзёрка. З 1924 вёска, цэнтр сельсавета Клімавіцкага р-на Калінінскай, у 1926—30 — Магілёўскай акруг, з 1938 — Магілёўскай вобл. У 1926 у Р 471 ж., 88 двароў. У 1967 да Р далучана в Пачаеўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЙСК,
вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Даўгінава—Мал. Нястанавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 57 км на ПнЗ ад г.п. Лагойск, 97 км ад Мінска, 40 км ад чыг. ст. Вілейка. 412 ж., 132 двары (1998).
Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 1523, уласнасць дзяцей Ю.Зяновіча, з 1590 — Я.Насілоўскай, Я.Осціка, пазней Пташынскіх, Каменскіх, Тышкевічаў. У 1593 у К. 1 вуліца, сядзіба, млын, царква. З 27.9.1630 мястэчка. З пач. 18 ст. тут існаваў манастыр. Да 1793 К. у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. У 1866 цэнтр воласці, 180 ж., 33 двары, мураваная царква, сінагога, вадзяны млын. Да 1921 у складзе Вілейскага пав., потым вёска ў Барысаўскім пав., з 1924 цэнтр сельсавета Плешчаніцкага, з 1962 — Лагойскага р-наў. У Вял.Айч. вайну ў 1944 ням.-фаш. захопнікі часткова спалілі вёску, загубілі 112 ж. У 1972—250 ж., 83 двары.
Лясніцтва, смаляны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛЬСКІ СТАНІСЛА́ВАЎСКІ КАСЦЁЛ КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры позняга барока ў г. Мядзел Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1752—54 А.Кошчыцам разам з заснаваным ім кляштарам босых кармелітаў. Кляштар зачынены ў 1840, касцёл у 1866 перароблены пад царкву, пры гэтым забелены размалёўкі. У 1920 вернуты католікам, зачынены пасля Вял.Айч. вайны, з 1989 аддадзены вернікам. Мураваны храм мае цэнтрычную кампазіцыю. Ніжні кубічны аб’ём завершаны масіўным 8-гранным барабанам, накрытым пластычным гранёным купалам з 4 люкарнамі і ажурным ліхтаром у цэнтры. У аздобе фасадаў выкарыстаны прафіляваныя карнізы, раскрапоўкі, разарваныя франтоны, калоны, валюты, каваныя агароджы балкончыкаў. Аконныя праёмы з паўцыркульнымі і лучковымі арачнымі завяршэннямі. Дэкар. афармленне інтэр’ера мае элементы ракако. Па ўсім перыметры сцен здвоеныя пілястры з капітэлямі, аб’яднаныя прафіляваным карнізам. У інтэр’еры захаваліся фрагменты фрэсак. Касцёл — рэдкі для бел. барока помнік цэнтрычнай кампазіцыі, не мае аналагаў сярод кармеліцкіх храмаў. Кампазіцыйнае вырашэнне будынка несіметрычнае. Паверхня сцен мае строгую і лаканічную арх. апрацоўку. Побач з касцёлам мураваная 2-павярховая плябанія і званіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙЦАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры 19 ст. ў в. Райца Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1817 з цэглы на сродкі ўладальніка сядзібы Ф.Раецкага, прызначаўся для родавай пахавальні. Пасля 1863 касцёл ператвораны ў правасл. Спаса-Праабражэнскую царкву. Прамавугольны ў плане будынак. На гал. фасадзе ўзвышаецца магутная 4-гранная вежа з зубчастым крэмальерным парапетам і аркатурным фрызам. Над вежай гіпсавая скульптура Маці Божай, на франтальнай грані быў гадзіннік-куранты. Гал. ўваход у выглядзе стральчатай аркі і такой жа формы акно хораў над ім аб’яднаны агульным высокім стральчатым парталам. Вышэй размешчаны акно-ружа і арачны праём яруса-звона, аформлены гатычнай аркай. Сцены выкладзены з бутавага каменю і абпаленай цэглы. Бакавыя фасады расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі, выкладзенымі з бутавых валуноў. Вылучаюцца пабеленыя элементы арх. дэкору: стральчатыя нішы, аркатурныя паясы, парталы ўваходаў. Пад храмам крыпта, у якой знаходзіліся пахаванні фундатара і членаў яго сям’і. Каля касцёла стаяла стараж. медная гармата. Непадалёк ад яго мураваная 2-павярховая плябанія з брамай у выглядзе стральчатай аркі (адлюстравана на акварэлі Н.Орды 1864—67).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЎСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры барока з рысамі рэтраспектыўна-рус. стылю ў в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. Пабудавана ў 1730—93 з цэглы як храм уніяцкага манастыра (засн. ў 1702, скасаваны ў 1839) на сродкі прыхаджан, кн. Сангушкі і членаў Ракаўскага брацтва св. Ганны. У 1866 храм пераасвячоны ў правасл. царкву. 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак з выцягнутай паўкруглай апсідай, да якой з паўн. боку далучана рызніца, з паўд. — Мікалаеўская капліца з 3-граннай апсідай. Гал. фасад завершаны трохвугольным франтонам і быў фланкіраваны вежамі (захаваліся 1-я ярусы). Сцены рытмічна расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках, апяразаны па перыметры прафіляваным карнізам. У 1866 па цэнтры 2-схільнага даху надбудаваны магутны драўляны 8-гранны барабан, накрыты сферычным гранёным купалам з галоўкай, над апсідай — макаўка на 8-граннай шыі. Пад царквой крыпта, у якой хавалі мясц. памешчыкаў (у 1866 засыпана). Перад храмам — мураваная 2-ярусная пірамідальная брама-званіца ў рэтраспектыўна-рус. стылі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры 16—18 ст. Пабудаваны ў в.Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Будынак касцёла ўзведзены ў пач. 16 ст., перабудаваны ў сярэдзіне 16 ст. пад кальвінскі збор. У 1618 на сродкі П.Сапегі касцёл перабудаваны ў стылі барока, узведзены жылы корпус кляштара. У пач. 1770-х г. будынак касцёла часткова разабраны, яго фундамент і сцены выкарыстаны для пабудовы новага, які захаваўся да нашага часу. Будынак прамавугольны ў плане, яго гал. фасад і апсіда маюць рысы барока: фігурны франтон, распрацоўка пілястрамі, валюты. Эмацыянальны акцэнт інтэр’ера касцёла — жывапіс на сцяне 3-яруснага гал. алтара (выкананы ў 1790-я г.). У адной з капліц (3-ярусная кампазіцыя ў стылі рэнесансу) знаходзілася надмагілле Сапегі і яго жонак (цяпер захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі). Да касцёла з паўд.-зах. боку прымыкае П-падобны ў плане 2-павярховы жылы корпус (часткова разбураны ў 1832). У 1810-я г. перад касцёлам пастаўлена мураваная брама-званіца ў стылі класіцызму.
В.Р.Кукуня.
Гальшанскі касцёл і кляштар францысканцаў.Да арт.Гальшанскі касцёл і кляштар францысканцаў. Надмагілле Сапегаў. Фрагмент. 1-я пал. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ КЛЯШТА́Р БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у 1605—1830. Засн. луцкім біскупам М.Шышкоўскім у Валынскім прадмесці Брэста пры ўпадзенні р. Мухавец у Буг. Побач з драўлянымі будынкамі была і мураваная капліца св. Дароты. Пасля пажару 1617 кляштар адбудаваны на сродкі ваяводы мсціслаўскага і старосты берасцейскага Г.Хадкевіча. У 1623 Я.Галімскі пры фін. падтрымцы канцлера ВКЛ Л.Сапегі збудаваў мураваны касцёл Яна Хрысціцеля і св. Ганны — трохнефавая базіліка з закрытай галерэяй. Да касцёла прылягаў мураваны будынак кляштара, у 1647 у ім жыло 30 манахаў. У спецыяльна прыбудаванай да касцёла капліцы знаходзілася копія абраза «Маці Божая» з рымскага храма Санта-Марыя Маджорэ, атрыманая П.Пацеем ад папы рымскага Клімента VIII разам з візантыйскім абразом «Хрыстос». Кляштар значна пацярпеў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У якасці кампенсацыі кляштар атрымаў з дзярж. скарбу 80 тыс. злотых, датацыі караля Яна Казіміра і П.Сапегі, які завяшчаў пахаваць яго ў адбудаваным касцёле. У 18 ст. праведзена рэстаўрацыя (тут працаваў архітэктар і мастак Б.Мазуркевіч, алтары аднаўляў разьбяр Я.Бяляўскі). З пач. 19 ст. пры кляштары дзейнічала школа. У час будаўніцтва Брэсцкай крэпасці ў 1830 памяшканні кляштара і касцёла заняты пад Брэсцкі кадэцкі корпус. Разбураны ў час Вял.Айч. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАСЦЁЛ СЫМО́НА І АЛЕ́НЫ, Мінскі Чырвоны касцёл,
помнік архітэктуры неаготыкі з элементамі мадэрну ў Мінску на пл. Незалежнасці. Пабудаваны ў 1908—10 (арх. Т.Пайздэрскі, пры ўдзеле У.Марконі і Г.Гая) па фундацыі памешчыка са Случчыны Э.Вайніловіча і яго жонкі Алімпіі, якія ахвяравалі грошы на касцёл у гонар святых Сымона і Алены як помнік у памяць пра сваіх памерлых дзяцей. 3-нефавы 3-вежавы храм асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі з развітой паўцыліндрычнай апсідай. Цэнтр. неф і трансепт накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі 2-схільнымі дахамі. Ядро кампазіцыі — высокая прамавугольная 4-ярусная вежа. Абапал алтарнай ч.гал. вежу дапаўняюць 2 невял. шатровыя вежы. З паўд.-зах. боку да гал. фасада прыбудавана 1-павярховая галерэя. Уваходы аформлены тамбурамі. Высокія шчыты фасадаў будынка аздоблены дэкарыраванымі арх. паясамі, машыкулямі і інш. Плоскасці сцен прарэзаны паўцыркульнымі высокімі рознавял. аконнымі праёмамі. Над уваходамі вокны-ружы. У маст. аздабленні памяшканняў вітражы (маст. Ф.Бруздовіч), люстры з медзі (маст. Г.Вашчанка). Над гал. парталам касцёла герб Вайніловічаў. У комплексе плябанія — мураваны 2-павярховы будынак і мураваная агароджа з брамай. З 1946 у будынку размяшчаліся кінастудыя «Беларусьфільм», з 1975 Дом кіно. З 1990 дзеючы касцёл. З 1999 пры касцёле працуе малая тэатр. зала бел.паэт.т-ра «Зніч».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
установа ордэна езуітаў у Мсціславе: у 1690—1711 місія (першая спроба заснаваць місію была зроблена, паводле некат. звестак, у 1616 мсціслаўскім старостам П.Пацам па загадзе караля Жыгімонта III), у 1711—79 рэзідэнцыя, у 1779—1820 калегіум. У 1691 пры місіі адкрыта ніжэйшая школа. Пасля пераўтварэння школы ў калегіум яго праграма набыла характар сярэдняй навуч. установы, выкладаліся таксама франц., ням. і рус. мовы. У 1725 пры калегіуме адкрыта муз. бурса, у 1740 — аптэка, меліся канвікт (пансіён) і б-ка. Першыя драўляныя будынкі не захаваліся. У 1730—48 пабудаваны мураваны касцёл Міхаіла Архангела — 3-нефавая мураваная базіліка з трансептам і 2-вежавым гал. фасадам. Цэнтр. неф завершаны масіўнай паўкруглай алтарнай апсідай. 2-ярусныя крылы трансепта ўрэзаны ў высокія бакавыя нефы. Гал. фасад падзелены на 2 ярусы вузкім карнізам і завершаны развітым антаблементам са ступеньчатым атыкам у цэнтры і чацверыковымі вежамі па баках (верхнія ярусы не зберагліся); (у касцёле знаходзіўся абраз Маці Божай, які лічыўся цудатворным). У 1764—79 пабудаваны (у 1796 рэканструяваны) 2-павярховы прамавугольны ў плане навуч. корпус, які прылягаў да касцёла з Пд з боку апсіды. У 1820 калегіум закрыты. Будынкі захаваліся. Цяпер тут школа-інтэрнат для глухіх дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ МІХА́ЙЛАЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ помнік архітэктуры барока ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл.Засн. ў 1624 віленскім ваяводам К.Хадкевічам, які даў дамініканцам дом, пляц, пабудаваў драўляны касцёл св. Яцака (згарэў у 2-й пал. 17 ст.). Каля 1724 на яго месцы пабудаваны новы, мураваны касцёл (у аб’ём усх. нефа ўключана частка драўлянага касцёла, захаваны дэкор інтэр’ера). Пашкоджаны ў час пажараў 1751 і 1831. У 1829 побач з касцёлам узведзена 2-ярусная мураваная званіца (не захавалася). Існавалі таксама П-падобны ў плане будынак кляштара і гасп. пабудовы. Комплекс быў абнесены мураванай агароджай. У 1794—1834 пры кляштары дзейнічала дамініканская школа. У 1853 кляштар скасаваны. У 1850-я г. ў выніку перабудовы касцёл набыў элементы класіцызму.
Трохнефавая базіліка з плоскім гал. фасадам, вузкім нартэксам і паўцыркульнай апсідай, да якой з паўн. боку далучана сакрысція. Гал. фасад падзелены развітым карнізам на 2 ярусы і завершаны трохвугольным франтонам з вежачкай над ім. Тарцы дахаў бакавых нефаў закрыты ступеньчатымі атыкамі. Сцены аздоблены пілястрамі. Аконныя праёмы з лучковымі і арачнымі завяршэннямі. Надмагільныя пліты-эпітафіі 18 ст. са сцен пакладзены ў падлогу. У 1898 у касцёле нелегальна ўстаноўлена мемар. дошка ў гонар А.Міцкевіча. Будынкі кляштара і школы не захаваліся.
Т.В.Габрусь, С.П.Адамовіч, А.А.Ярашэвіч.
Навагрудскі Міхайлаўскі касцёл і кляштар дамініканцаў. Інтэр’ер касцёла.