Сце́жар, стэ́жар ’укапаны высокі шост, вакол якога кладуць стог’ (Сцяшк., Янк. Мат., Сл. Брэс., Сл. ПЗБ), ’падсціл пад стог’ (Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ, ДАБМ, Сл. Брэс.), сцежаро́к ’тс’ (ТС), ст.-бел. стежеры, стожары ’насціл пад стог’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. сте́жар ’тс’, сте́жір ’месца, дзе стаяць стагі’, рус. сте́жер ’жардзіна ў стозе’ (у СРНГ адсутнічае), стараж.-рус. стежеръ ’слуп’, ’мэта’ (?), в.-луж. sćežorмачта’, н.-луж. sćažor ’жардзіна ў стозе’, славен. stežer ’крук’, харв. дыял. stežȃr ’кол, да якога прывязваюць коней на таку пры малацьбе’, балг. сте́жер ’тс’, макед. стежер ’тс’, ст.-слав. стежеръ ’слуп, апора’. Прасл. *stežerъ звязана са *stogъ, гл. стажар (Шустар-Шэўц, 1275; Бязлай, 3, 317; Фасмер, 3, 752).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

staff

[stæf]

n., pl. staves (for 1, 2), or staffs (for 3)

1) кій -я m.; жэ́рдка f.; кол кала́, m.

2) ма́чта f.

3) працаўнікі́ pl., пэрсана́л -у m.

office staff — канцыля́рскі пэрсана́л

editorial staff — рэдакцы́йны пэрсана́л, рэдакцы́йная кале́гія

4) Milit. штаб -у m.

- musical staff

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Стажа́р ‘уваткнуты ў зямлю шост, вакол якога кідаецца стог’, стажа́рʼе ‘аснова стога; падсцілка, на якую ставяць стог сена, каб зберагчы яго ад сырасці’ (ТСБМ), таксама ‘месца, дзе стаяў стог’ (Янк.), стажа́рка ‘стрэшка на чатырох слупах, пастаўленая над стогам’ (Сл. ПЗБ, мёрск., ЖНС), стажа́рня ‘стажарка’, ‘падсцілка пад стог’ (Сл. ПЗБ; полац., Нар. лекс.), стажа́рыньне ‘падсцілка пад стог’ (пін., Шатал.), стажа́рышча ‘тс’ (Сцяшк.). Укр. дыял. сто́жар ‘месца, дзе стаяць стагі сена’, стожа́рище ‘месца, дзе стаяў стажок’, рус. стожа́, стожара́, стожера́ ‘кожны з калоў, якімі ўмацоўваецца стог сена’, стожа́р, стожа́рь ‘шост у стагу’, ст.-рус. стъжаръ ‘шост, уваткнуты ў зямлю для ўмацавання стога’, в.-луж. sćežor ‘шост’, н.-луж. sćažor ‘жардзіна’, чэш. stožárмачта’, славац. stožiar ‘тс’, славен. stožẹ́r ‘шост у стозе’, серб.-харв. сто̏же̑р ‘паля, уваткнутая на таку’, балг. сто́жар, сто́жер ‘тс’, макед. стожер ‘тс’. Прасл. *stožerъ ‘стоўб, шост, жэрдзь’; утворана ад прасл. *stogъ ‘стог’ (гл.) з суф. ‑erъ, гл. Слаўскі, SP, 2, 23. Параўн. літ. stãgaras ‘сухое доўгае сцябло расліны’, лат. stagars ‘тс’, ст.-в.-ням. stecho ‘паля, слуп’; гл. Фасмер, 3, 764; Махэк₂, 580; Сной₁, 611; Шустар-Шэўц, 1274–1275; ЕСУМ, 5, 424. Гл. сцежар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мост, му͡ост, міст, мыст ’збудаванне для пераходу або пераезду цераз раку, канал, чыгунку’, ’падлога’, ’памост, насціл (у лодцы, на паду пад стог і інш.)’, палес. мосток ’ганак, сходцы перад уваходам у хату’, паўн.-усх. масткі ’падлога ў сенцах’ (ТСБМ, Нас., Бес., Яруш., Юрч., Др.-Падб., Грыг., Сцяшк., Касп., Бяльк., Ян., ТС, Сл. ПЗБ, Растарг., Мат. Гом., Мат. Маг.; КЭС, лаг.; ДАБМ, к. 336), нараўл. мост ’дно ў калодзежы’ (Нар. сл.), маставі́на ’дошка ці бервяно ў памосце’ (Др.-Падб., Ян.). Укр. міст, рус. мост, ст.-рус. мостъ, польск. most, н.-, в.-луж. móst, чэш., славац. most, славен. mȏst, серб.-харв. мо̑ст, макед., балг. мост, ст.-слав. мостъ. Прасл. mostъ. Не зусім яснае слова. Напэўна выходзіць са ст.-в.-ням. mast ’шост, мачта’, англасакс. moest ’тс’, ст.-ірл. maide ’палка’ (< *mazdi̯os) (Мерынгер, 21, 303; Фасмер, ZfSlPh, 2, 55 і інш.). Фасмер (2, 662) сумняваецца таксама ва ўзвядзенні прасл. mostъ да *mot‑tos ’тое, што пастаўлена, накідана, збудавана’ і ў збліжэнні яго з дзеясловам metati ’кідаць’, хаця Махэк₂ (374), выводзячы mostъ з mesti ’тс’, прыводзіць у пацвярджэнне літ. прыклад, дзе pamestas азначае ’перакінуты (праз раку)’ і аналагічна франц. jeter le pont ’збудаваць (г. зн. ’перакінуць, накідаць’) мост’. Сюды ж маставік ’мостабудаўнік’ (ТСБМ), якое з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 110), як, відаць, і маставая ’брукаваная або асфальтаваная вуліца’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ці́кавы 1, ‑ая, ‑ае.

Спец. Зроблены, пашыты з ціку ​2. Цікавая навалачка. Цікавы чахол.

ці́кавы 2, ‑ая, ‑ае.

1. Спец. Які мае адносіны да ціка ​3, з’яўляецца цікам ​3. Цікавае дрэва.

2. Зроблены з драўніны ціку. Цікавая мачта.

ціка́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае цікавасць, захапляе. Цікавая кніга. Цікавы даклад. □ Дзед умее расказваць такія цікавыя казкі, што заслухаешся. Рылько. // Які вызначаецца сваёй работай, багатымі ведамі і іншымі прыкметнымі рысамі. Паездкі на Бярозаўскую ДРЭС запомніліся і ўсхвалявалі мяне перш за ўсё сустрэчамі з вельмі цікавымі людзьмі. Дадзіёмаў. — Цікавы чалавек наш палітрук. Ён бясконца ходзіць ад адной гарматы да другой, на прыбор, да сувязістаў і разведчыкаў і праводзіць гутаркі. Шамякін.

2. Забаўны; незвычайны. Я сягоння вам хачу Расказаць пра сад дзіцячы, Што там добрага пачуў, Што цікавага пабачыў. А. Александровіч. Акрамя «зайцавага хлеба» ў бацькавай скрынцы бывае шмат якіх цікавых рэчаў. Лынькоў.

3. Знамянальны, характэрны; прыкметны якімі‑н. якасцямі, уласцівасцямі. Ёсць пушчы, якія не менш цікавыя, [чым] далёкія трапічныя лясы. Маўр.

4. Разм. Прыгожы. [Пані Вашамірская] аглядае сябе, — яна яшчэ цяпер, маючы пяцьдзесят гадоў, досыць цікавая, стройная, вёрткая, нібы ёй дваццаць гадоў. Бядуля.

5. Тое, што і цікаўны (у 1 знач.). [Сцяпан:] Вельмі васпанна цікавая! Скора састарышся, каханенькая, родненькая, як усё будзеш ведаць. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАБРУ́ЙСК,

горад абл. падпарадкавання Беларусі, цэнтр Бабруйскага р-на. За 110 км ад абл. цэнтра — г. Магілёў. Вузел чыгунак на Асіповічы, Жлобін, Акцябрскі і аўтадарог на Мінск, Гомель, Магілёў, Калінкавічы, Слуцк, Рагачоў. Порт на р. Бярэзіна. 227,1 тыс. ж. (1995).

Паселішча чалавека на месцы горада існавала ўжо ў канцы 3-га — 2-м тыс. да нашай эры; на рубяжы нашай эры дзейнічаў водны шлях па Бярэзіне. У 6—7 ст. тут існавала слав. паселішча, з 11 ст.дрыгавічоў. Першае пісьмовае ўпамінанне Бабруйска (летапісны Бобровск, Бобруеск, Бобрусек) адносіцца да 1387. Цэнтр воласці ў ВКЛ, меў магдэбургскае права. У 14 ст. пабудаваны Бабруйскі замак. У 1503—05 спустошаны крымскімі татарамі, у 1506 вытрымліваў аблогі кн. М.Глінскага. З 1565 у Рэчыцкім пав.; уладанне вял. князя, потым Радзівілаў, Гаштольдаў, Трызнаў. Хутка рос у 16—17 ст. У 1620 меў 15 вуліц, 409 двароў, 75 крам, млын, царкву, касцёл, з 1630 тут дзейнічала Бабруйская езуіцкая гімназія. У антыфеад. вайну 1648—51 значна пацярпеў у час аблогі і штурму войскамі гетмана Я.Радзівіла (гл. Бабруйска абарона 1649). Разбурэнні ў час войнаў сярэдзіны 17 — пач. 18 ст. прывялі горад у заняпад. З 1793 у складзе Рас. імперыі, з 1795 цэнтр Бабруйскага павета. У 1796 Бабруйску нададзены герб: у сярэбраным полі карабельная мачта і 2 перакрыжаваныя бервяны. У вайну 1812 значныя сілы франц. войскаў адцягнула Бабруйскай крэпасці абарона 1812. З Бабруйскам звязаны падзеі дзекабрысцкага руху (гл. Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823). Развіццю горада спрыяла пракладка шашы Масква—Варшава (1848) і Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1897 у горадзе 34,3 тыс. ж, 19 фабрык і з-даў. Тут адбылося Бабруйскае выступленне салдатаў 1905. У 1916—19 працавала Бабруйская жаночая настаўніцкая семінарыя. У студз. 1918 заняты войскамі Ю.Доўбар-Мусніцкага, у маі—ліст. германскімі, у жн. 1919 — ліп. 1920 польск. войскамі. У 1924 створаны Бабруйскі краязнаўчы музей. З 1924 цэнтр Бабруйскай акругі, з 1927 — Бабруйскага раёна. З 1938 горад абл. падпарадкавання. У перадваенныя гады адзін з буйных прамысл. і культ. цэнтраў БССР. З 28.6.1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі тут Бабруйскі лагер смерці, загубілі ў Бабруйску і наваколлі каля 100 тыс. грамадзян. Дзейнічала Бабруйскае патрыятычнае падполле. Вызвалены ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. У 1944 — 28 тыс. ж. У 1944—54 цэнтр Бабруйскай вобласці. У 1959 каля 97,5 тыс. ж.

Хім. прам-сць: вытв. аб’яднанні: «Бабруйскгідролізпрам», Беларускі шынны камбінат, завод «Беларусьгуматэхніка»; маш.-буд. і металаапр. прам-сць; Бабруйскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, Бабруйскі доследна-механічны завод, з-ды вагавымяральных прылад, аўтатрактарных дэталяў і інш. Лёгкая прам-сць: Бабруйская футравая фабрыка, Бабруйская фабрыка мастацкіх вырабаў, Бабруйскі гарбарны камбінат і камбінат нятканых матэрыялаў; ф-кі швейная, валюшна-лямцавая, трыкатажная, абутковая, люстраная. Харч. прам-сць: мясакамбінат, камбінат хлебапрадуктаў; Бабруйская кандытарская фабрыка «Чырвоны харчавік», з-ды малочны, маслабойны, кансервавы і інш. Самае вялікае на Беларусі вытв. дрэваапр. аб’яднанне; вытв-сць буд. матэрыялаў: Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, Бабруйскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, з-ды буйнапанэльнага домабудавання, зборнага жалезабетону. ЦЭЦ. Тэхнікумы: аўтатрансп., лесатэхн., механіка-тэхнал., сельскагаспадарчы (пра кожны гл. асобны артыкул); мед. вучылішча і Бабруйскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Бальнеагразевы курорт Бабруйск.

Паводле інвентара 1638, Бабруйск меў плошчу 6,75 га на правабярэжжы Бярэзіны. На ўзвышшы размяшчаўся замак, каля ракі — касцёл Пятра і Паўла і царква Мікалая, на вул. Падольнай — Бабруйскі «каралеўскі двор», на вул. Свіслацкай — дом езуітаў, каралеўскі сад, паміж вул. Прудовай і Кісялёўскай — царква Прачыстай Багародзіцы, на вул. Ільінскай — царква Ільі Прарока, на вул. Капыльнічавай — замкавы гасціны дом. Першы праектны план Бабруйска складзены ў 1800, паводле яго горад забудоўваўся да 1810. Развіццё арх.-планіровачнай структуры звязана з буд-вам у Бабруйску (1807—36) на месцы гіст. цэнтра адной з самых моцных у Расіі Бабруйскай крэпасці. У канцы 19 — пач. 20 ст. цэнтр горада забудаваны мураванымі будынкамі (жаночая гімназія, банкі, асабнякі, жылыя дамы), у якіх выявіліся рысы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарускага, неабарока, неакласіцызму, мадэрн. У 1920—30-я г. Бабруйск развіваўся па традыцыйнай радыяльна-паўкальцавой схеме на тэр. б. фарштатаў вакол крэпасці і ўздоўж асн. магістраляў — вуліц Мінскай, Рагачоўскай. Пабудаваны дом-камуна, «Дом калектыву», адм. будынкі, у якіх выявіліся рысы канструктывізму, выкарыстаны элементы класічнай спадчыны. У 1960—70-я г. забудоўваўся паводле генплана 1966. Кампазіцыйным ядром застаецца крэпасць, на перакрыжаванні вуліц Савецкай і Горкага — адм. цэнтр горада з Домам Саветаў. Паводле генплана 1978 кампазіцыйная вось горада — р. Бярэзіна, галоўная — вул. Горкага з новым грамадскім цэнтрам. Вызначаны планіровачныя раёны Цэнтр., Паўн., Паўд. і новы Усходні (в. Цітаўка на левым беразе р. Бярэзіна); прадугледжана інтэнсіўнае жыллёвае буд-ва ў Паўн. раёне, стварэнне паркаў і сквераў уздоўж р. Бярэзіна.

Першыя звесткі пра тэатр. жыццё ў Бабруйску адносяцца да 18 ст. і звязаны з дзейнасцю Бабруйскага школьнага тэатра. У 1852 мінскія аматары паказвалі ў Бабруйску п’есу «Сялянка» В.Дуніна-Марцінкевіча, пазней гастраліравалі польск., яўр., рус. тэатр. трупы. У Бабруйску пачыналі творчую дзейнасць рус. акцёры М.Савіна і В.Далматаў. У 1918 арганізаваны Рус. нар. т-р пад кіраўніцтвам А.Пакрасава. У 1920 сфарміраваны Другі паказальны тэатр. У 1932 тут створаны Дзярж. рус. драм. т-р БССР (гл. Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі), у 1935 — Т-р рабочай моладзі, у 1938 — калгасна-саўгасны т-р, у 1944 — Бабруйскі абласны драматычны тэатр, у 1956 — Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр. З 1970 у Бабруйску дзейнічае Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча. У 1892 у Бабруйску засн. муз.-драм. гурток, з 1921 працавала нар. кансерваторыя, у 1927 створана муз. школа, пачатак дзейнасці якой звязаны з імем Я.Цікоцкага (цяпер носіць яго імя). У 1944—49 працаваў т-р муз. камедыі, з 1962 Бабруйскі музычна-драматычны тэатр, рэарганізаваны ў Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі. На 1995 г. ў Бабруйску 2 муз. школы, шматлікія самадз. калектывы. У горадзе Музей народнай творчасці Беларусі, краязнаўчы музей, выставачная зала. Здаўна вядомы традыцыйныя ганчарныя вырабы майстроў з Бабруйску (гл. Бабруйская кераміка). Помнікі: С.М.Халтурыну, В.З.Харужай, воінам 1-га Бел. фронту — вызваліцелям Бабруйска ад ням. фашыстаў. Брацкія магілы падпольшчыкаў і воінаў грамадз. вайны, ваен. інтэрвенцый, сав. воінаў і партызанаў, магілы ахвяраў фашызму Вял. Айч. Вайны.

т. 2, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)