НУКЛЕАФІ́ЛЬНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

гетэралітычныя рэакцыі арган. рэчываў з нуклеафільнымі рэагентамі (нуклеафіламі). Нуклеафілы (ад лац. nucleus — ядро і грэч. phileo — люблю) — аніёны (Cl​, OH​, CN​; NO2, OR​ і інш.), а таксама неарган. і арган. малекулы, што маюць свабодную пару электронаў (напр., вада, аміяк, аміны, спірты, фасфіты). У арган. сінтэзе пашыраны нуклеафільнага далучэння рэакцыі па карбанільнай групе, ці кратнай сувязі вуглярод — вуглярод і замяшчэння рэакцыі, характэрныя пераважна для аліфатычных злучэнняў.

Пры рэакцыі нуклеафільнага замяшчэння ў насычанага атама вугляроду нуклеафіл (X:) аддае субстрату сваю пару электронаў на ўтварэнне сувязі C—X і пры гэтым выцясняе групу Z:, ці нуклеафуг (ад лац. nucleus + fugio збягаю), з парай электронаў, што звязвалі яе з атамам вугляроду. Скорасць і механізм рэакцыі вызначаюцца рэакцыйнай здольнасцю нуклеафілу (нуклеафільнасцю) і нуклеафугу (нуклеафугнасцю), будовай малекулы субстрату і ўмовамі рэакцыі (растваральнік, т-ра, ціск і інш.). Адрозніваюць мона- і бімалекулярны механізмы. Пры монамалекулярным (SN​1) механізме спачатку (пад уздзеяннем растваральніку) утвараецца трохкаардынацыйны карбкатыён і нуклеафуг (стадыя, якая звычайна вызначае скорасць усяго працэсу), а затым нуклеафіл хутка далучаецца да карбкатыёна; атака нуклеафілу роўнамагчымая з абодвух бакоў рэакцыйнага цэнтра і ў выпадку яго асіметрыі прыводзіць да рацэмізацыі. Пры бімалекулярным (сінхронным) замяшчэнні (SN​2) атака нуклеафілу ідзе з боку процілеглага адносна групы, што адыходзіць, і прыводзіць да змены абс. канфігурацыі асіметрычнага цэнтра малекулы (т.зв. вальдэнава абарачэнне). Гл. таксама Рэакцыі хімічныя.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 11, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НДРУ ((Kendrew) Джон Коўдэры) (н. 24.3.1917, г. Оксфард, Вялікабрытанія),

англійскі біяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1960). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1939), з 1946 працуе ў ім. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе бялковых малекул. Устанавіў прасторавую будову малекулы міяглабіну. Нобелеўская прэмія 1962 (разам з М.Ф.Перуцам).

В.​І.​Вараб’ёў.

Д.Кендру.

т. 8, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гексаза́ны

(ад гексозы)

поліцукрыды, малекулы якіх пабудаваны з вялікай колькасці гексозных дадаткаў (крухмал, глікаген і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КАТЭНА́НЫ (ад лац. catena ланцуг),

хімічныя злучэнні, малекулы якіх маюць цыклы (2 і больш), злучаныя як звёны ланцуга. Катэнанавыя структуры выяўлены сярод прыродных нуклеінавых кіслот. Сінтэзаваныя К. маюць 26 і болей атамаў у цыклах. Паміж сабой цыклы злучаны т. зв. тапалагічнай (мех.) сувяззю, якую нельга парушыць без разрыву хім. сувязей.

т. 8, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАМАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

элементарныя хім. рэакцыі, у якіх адбываецца хім. ператварэнне (змена саставу ці будовы) адной малекулы, радыкала, іона. Да М.р. адносяцца рэакцыі распаду малекул, якія часта з’яўляюцца пачатковай стадыяй складаных працэсаў (напр., крэкінгу, дэструкцыі палімераў), і рэакцыі ізамерызацыі. Гл. таксама Кінетыка хімічная.

Літ.:

Кузнецов Н.М. Кинетика мономолекулярных реакций. М., 1982.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫКАДО́Н (ад анты... + кадон),

участак малекулы транспартнай рыбануклеінавай кіслаты (тРНК). Складаецца з трох нуклеатыдаў, якія маюць незамешчаныя вадародныя сувязі. Антыкадон камплементарны адпаведнаму кадону матрычнай рыбануклеінавай кіслаты (мРНК) і таму спецыфічна звязваецца з ім. Узаемадзеянне кадон — антыкадон, што адбываецца на рыбасомах у працэсе трансляцыі, забяспечвае правільнае размяшчэнне кожнай амінакіслаты ў поліпептыдным ланцугу пры біясінтэзе бялку.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫГО́ІДНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

група кубавых фарбавальнікаў, блізкіх па будове да індыга. У асобны падклас — тыяіндыгоідныя фарбавальнікі — вылучаны І.ф., малекулы якіх маюць атамы серы. Вызначаюцца шырокай гамай колеру — ад аранжавага да чорнага, добрай трываласцю, аднак па трываласці да святла саступаюць поліцыклічным кубавым фарбавальнікам. Атрымліваюць сінт. метадамі. Выкарыстоўваюць у асн. для стварэння адбіткаў на тканінах з цэлюлозных валокнаў.

т. 7, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНДЭРАМАТО́РНАЕ ДЗЕ́ЯННЕ СВЯТЛА́ (ад лац. ponus вага, цяжар + motor які рухае),

механічнае ўздзеянне аптычнага выпрамянення (святла) на целы, часцінкі, асобныя атамы і малекулы. Выяўляецца ў тым, што святло надае целу імпульс пры апрамяненні (светлавы ціск) або пры выпрамяненні (светлавая аддача), а таксама момант імпульсу пры апрамяненні эліптычна палярызаваным святлом (гл. Садоўскага эфект).

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

крышталегідра́ты

(ад крышталь + гідраты)

крышталічныя рэчывы, якія маюць у сваім складзе малекулы вады, напр. гідрат хлорыстага кальцыю.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ліга́нды

(ад лац. ligare = звязваць)

малекулы або іоны ў хімічных комплексных злучэннях, звязаныя непасрэдна з цэнтральным атамам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)