ільняны́ і льняны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да лёну. Ільняны палетак. Ільняное сцябло. Ільняное валакно. Ільняная сеялка. Ільняная сыравіна. // Атрыманы з ільнянога семя. Ільняны алей. Ільняная макуха. // Выраблены з валакна лёну. Ільняное палатно. Ільняная сарочка.

2. Які мае адносіны да апрацоўкі лёну. Ільняная прамысловасць. Ільняная фабрыка. Ільняны камбінат.

3. Які колерам і мяккасцю нагадвае валакно лёну. У Валькі ж валасы, як у мамы, ільняныя, і вочы такія ж сіне-зялёныя, толькі бровы бацькавы — густыя, чорныя. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Камя́к, камякі́, камяке́ ’сціснуты, змяты, злеплены кавалак мяккай масы’ (ТСБМ), ’камы, бульбяная каша’ (навагр., свісл., лун., Шатал.; стаўб., З нар. сл.; Федар. Рук.; слонім., Шн. 3; лях., барыс., дзярж., ганц., пух., ст.-дар., Сл. паўн.-зах.; Мал., Янк. БП, Гарэц., Сцяшк., Жд. 3); ’няўдала спечаны, глейкі хлеб’ (КЭС, лаг.; ашм., Сл. паўн.-зах.); шчуч. ’галушка’, ’засохлая гразь’, воран. ’макуха’ (Сл. паўн.-зах.). Прадуктыўнае ў бел. гаворках утварэнне з суфіксам ‑ʼак, да ком, камы 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СЛАНЕ́ЧНІК (Helianthus),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 70 (паводле інш. звестак да 110) відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. і Паўн. Амерыцы. Культывуюцца С. алейны, або аднагадовы (H. annuus), і тапінамбур. У пач. 16 ст. С. завезены ў Еўропу, дзе яго вырошчвалі як дэкар., а пазней агароднінную (насенне) культуру; у Расіі — з канца 17, як алейная — з сярэдзіны 19 ст. На Беларусі вырошчваюць С. алейны як харч., кармавую, меданосную расліну.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты (выш. ад 20 см да 4—6 м) з простымі ці разгалінаванымі ўверсе сцёбламі.

Лісце чаргаванае або супраціўнае, зубчастае, апушанае, чаранковае. Суквецці — адзіночныя кошыкі на верхавінках сцябла і яго бакавых галінак, дыяметрам 4—70 см, маюць да J тыс. кветак. Шэрагу відаў С. ўласцівы геліятрапізм (асобны выпадак фотатрапізму). Плод — сямянка. З насення С. алейнага атрымліваюць сланечнікавы алей, макуха і шрот — высокабялковы корм для жывёл, кошыкі суквеццяў перапрацоўваюцца на муку, разам з зялёнай масай ідуць на сілас. Харч., лек., тэхн., дэкар., кармавыя, меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Сланечнік: 1 — агульны выгляд: 2 — спелы кошык; 3 — кошык у разрэзе; 4 — плады сланечніку (а — алейнага; б — прамежкавага; в — грызавога).

т. 14, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

распа́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размякчыцца, размякнуць пад дзеяннем пары, вару і пад. Скура распарылася. □ За ноч макуха распарылася, і на раніцу Галя прынесла паўвядзерца пойла. Сабаленка.

2. Моцна прагрэцца, мыючыся ў лазні з парай. [Андрэй] распарыўся ўвесь, расчырванеўся, ад яго веяла гарачым здароўем, свежаю сілай. Зарэцкі. // Разм. Разагрэцца да поту; разгарачыцца. Сёння пякло і парыла ўвесь дзень. Юрка надта распарыўся на будоўлі, і ён будзе купацца даўжэй, чым у мінулыя вечары. Вышынскі. Хіліла зноў на сон, і ён падумаў, што, бегучы за санямі, быў распарыўся. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

kołacz

м.

1. калач;

2. с.-г. макуха;

bez pracy nie będzie ~y — без працы няма чаго хлеба шукаці; каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

АЛЕ́ЙНА-ТЛУ́ШЧАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, вытв-сць раслінных алеяў, маргарыну, маянэзу, кулінарнага тлушчу, пакосту, гліцэрыну, гасп. мыла, мыйных сродкаў на тлушчавай аснове, а таксама гідрагенізацыя і расшчапленне тлушчу.

У старажытнасці выраблялі аліўкавы і пальмавы алей, які лёгка выдзяляецца пры невял. ціску. У пач. 19 ст. пашырыўся прэсавы метад, у 1856 вынайдзены больш эфектыўны экстракцыйны метад з выкарыстаннем арган. растваральнікаў алею (бензіну, дыхлорэтану). Вырабляецца соевы, пальмавы (з пладоў алейнай і какосавай пальмаў), сланечнікавы, рапсавы, бавоўнікавы, ільняны, гарчычны, кукурузны, арахісавы, аліўкавы, тунгавы, рыцынавы, абляпіхавы і інш. алей (гл. Алейныя культуры). Сусветны выраб за год больш за 90 млн. т (1986), больш як палова яго — харчовы. Найбуйнейшыя вытворцы: ЗША, Бразілія, Мексіка (соевы алей); Кітай, Індыя, Германія, Канада (рапсавы); Аргенціна, Расія, Германія, Украіна (сланечнікавы); Іспанія, Італія, Партугалія (аліўкавы); Малайзія, Інданезія, Нігерыя, Калумбія (пальмавы).

Вытворчасць алею на Беларусі вядома з ранняга сярэднявечча. Выціскалі з насення лёну і канопляў. Галіна алейна-тлушчавай прамысловасці ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. спачатку на мясц. сыравіне, потым — на прывазной. У 1913 дзейнічала 6 цэнзавых алейных, 5 мылаварных і 2 стэарынавыя з-ды. У 1931 пабудаваны маслабойны завод у Віцебску, у 1932 — маргарынавы ў Гомелі (з 1935 — тлушчавы камбінат), у 1939 дзейнічалі Баранавіцкі і Глыбоцкі маслабойныя з-ды; у 1940 наладжаны выраб пакосту (Віцебск). Пасля Вял. Айч. вайны аднавілі работу Бабруйскі і Баранавіцкі маслабойныя з-ды, Гомельскі тлушчавы камбінат. У 1951 пабудаваны Мінскі маргарынавы завод. Рэканструяваны Бабруйскі маслабойны з-д. На Віцебскім маслабойным з-дзе пушчаны экстракцыйны цэх. У 1991 уведзены ў строй маслабойны цэх у калгасе «Новы быт» (Мінскі р-н). Працуюць (1995): Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод, Гомельскі тлушчавы камбінат, Мінскі маргарынавы завод, Бабруйскі алейны з-д, алейны цэх у калгасе «Новы быт». Выраб алею ў 1994 склаў 5,2 тыс. т (найб. аб’ём вытв-сці ў 1990 — 26,4 тыс. т), маргарынавай прадукцыі 19,2 тыс. т (найб. аб’ём у 1987—127,7 тыс. т). Адходы алейна-тлушчавай в. ідуць на корм жывёле (гл. Макуха, Шрот). Алей для спажывання і далейшай перапрацоўкі завозіцца на Беларусь з Украіны, Малдовы, Расіі, Германіі, Польшчы (129,2 тыс. т, 1990; 44,3 тыс. т, 1994); сыравіна для алейна-тлушчавай прамысловасці — з Польшчы і Германіі.

Т.​Н.​Жданоўская, Г.​П.​Астапенка.

т. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬНАВО́ДСТВА,

галіна сельскай гаспадаркі па вырошчванні лёну. З высакаякаснага валакна вырабляюць ільняную тканіну, ніткі, адзенне, з валакна ніжэйшых гатункаў — мяшочную і ўпаковачную тканіну, вяроўкі, шпагат. З семя атрымліваюць ільняны алей; ільняная макуха — корм жывёле. Адходы перапрацоўкі лёну ідуць на ўпакоўку, з кастрыцы вырабляюць тэрма- і гукаізаляцыйныя пліты, паперу. На Беларусі І. адна з найважнейшых галін земляробства. Перапрацоўкай лёну займаюцца ільняная прамысловасць і прам-сць пач. апрацоўкі лёну (гл. Ільноапрацоўка).

І. вельмі стараж. галіна. За некалькі тысячагоддзяў да н.э. лён для вырабу тканін вырошчвалі ў Індыі, Егіпце, Закаўказзі (Калхіда, Ленкарань). На Усх.-Еўрап раўніну І. прыйшло ў пач. 2-га тыс. да н.э. З 10—13 ст. лён-даўгунец стаў асн. прадзільнай культурай усх. славян. У сусв. земляробстве найб. пашыраны алейны лён, які займае 3-е месца сярод алейных культур (пасля бавоўніку і соі). І. сканцэнтравана пераважна ў еўрап. краінах (Расія, Украіна, Польшча, Чэхія, Славакія, Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Вялікабрытанія), а таксама ў Японіі, Турцыі і Аргенціне.

На Беларусі лён здаўна быў гал. сыравінай для вырабу адзення і таварам для экспарту. Да канца 19 ст. І. грунтавалася на ручной працы. Больш пал. пасеваў размяшчалася ў паўн. ч. краіны. Валавыя зборы льновалакна павялічваліся пераважна за кошт пашырэння пасяўных плошчаў. У 1931 на Бел. занальнай доследнай станцыі пачата селекцыя лёну. У даваен. часы Беларусь спецыялізавалася на вырошчванні лёну. У 1940 у параўнанні з 1913 плошча пад ім павялічылася ў 2,8 разы. Максімальнага ўзроўню дасягнула ў 1956—340 тыс. га. Далейшаму развіццю І. спрыялі механізацыя — выкарыстанне льноўборачных і льноапрацоўчых машын, мінер. угнаенняў, укараненне раянаваных высокапрадукцыйных сартоў. Размяшчэнне пасеваў лёну на Беларусі склалася гістарычна. Найб. іх канцэнтрацыя ў Віцебскай, на Пн Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абл., дзе халаднаватае і вільготнае лета са значнай колькасцю пахмурных дзён, спрыяльныя для культуры сугліністыя і супясчаныя глебы. Дынаміку развіцця льнаводства гл. ў табл.

Выкарыстоўваюцца найб. прадукцыйныя раянаваныя сарты лёну: айчынныя К-6, Аршанскі 2, Аршанскі 72, Светач, Магілёўскі 1; галандскі Белінка. Даследаваннямі тэхналогій перапрацоўкі лёну займаецца Рэсп. навук.-вытв. аб’яднанне «Лён Беларусі», па вырошчванні культуры і вывядзенні новых сартоў — Земляробства і кармоў Беларускі НДІ. З пач. 1990-х г. у І. назіраецца заняпад.

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Ільнаводства. Квітнеючы лён.
Да арт. Ільнаводства. На льняным полі.
Развіццё льнаводства ў Рэспубліцы Беларусь
Паказчыкі 1960 1970 1980 1990 1997
Пасяўная плошча, тыс. га 270,2 261,1 234,3 149,0 73,6
Ураджайнасць ільновалакна, ц/га 3,1 3,9 4,0 3,5 3,6
Валавы збор ільновалакна, тыс. т 84,4 102,1 60,5 52,0 26,1
Продаж ільновалакна, тыс. т 76,9 98,7 51,3 52,0 25,9

т. 7, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тру́ска 1 ‘трэска’ (Нас., Некр. і Байк., ТС), труска́ ‘акаліна’ (пух., Сл. ПЗБ), ст.-бел. труска ‘адзінка вымярэння колькасці хмелю’ (Ст.-бел. лексікон), ‘вязанка, пучок’ (ГСБМ), ‘друзачка, трэска’: лукъ в​s трꙋскы зломи​т (XVI ст., Карскі 2–3, 424); сюды ж тру́сачка ‘парушынка’ (Ласт.), трушчы́на ‘гушча, што застаецца на дне (напр., у квасе)’ (Нас., Растарг.), ‘што-небудзь кіслае, салёнае і горкае’ (Растарг.), трушчы́нка ‘жамерыны, макуха ад выціснутага соку, малака ці дробнага насення’ (Нас.), трушчы́ны ‘вашчыны’ (там жа). Параўн. рус. труска́ ‘мякіна, труха’, в.-луж. truska ‘металічнае пілавінне’, ‘кавалак шлаку’, чэш. trůska, struska ‘акаліна’, ст.-чэш. tróska ‘адходы пры апрацоўцы металу’, славац. troska ‘тс’, ‘шлак’, славен. trôl1ska ‘жамерыны’, ‘шлак’, ‘акаліна’, серб. тро̏ска, тру̏ска, харв. trȍska, trȕska ‘акаліна, га́раль на метале’, балг. тру́ска ‘асколкі пры каванні’. Прасл. trǫska ‘асколак, трэска’ (Сной₂, 787), якое ад дзеяслова *truskati < treskati (Махэк₂, 652–653) з далейшай семантыкай ‘разбурацца, распадацца’ (Куркіна, Этимология–1994–1996, 50), параўн. трусіць, трушчыць, гл. Сной₂ (там жа) дапускае асіміляцыю са звонкага варыянта *drǫska, роднаснага літ. drum̃stas ‘мутны’; магчыма, літ. druskà ‘соль’, параўн. смал. аргат. тру́ска ‘тс’, з больш раннім значэннем у лат. druska ‘крышка, крыха’ (Анікін, Опыт, 289), параўн. тру́сачка ‘драбок, шчопаць’: дай трусочки соли (Нас.).

Тру́ска 2 ‘ператрус, вобыск’ (Клім.; Горбач, Зах.-пол. гов.). Гл. трус 3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Камы́ 1 ’бульбяная каша’ (Мядзв., Янк., Малч., Гарэц.: шкл., Мат. АС; горац., КЭС; докш., Янк. Мат.; полац., Янк. 2; паўд.-усх., КЭС; ТСБМ, Мат. Гом.; Серб., Бяльк.); ’бульбяная каша з гарохам ці бобам’ (свісл., Шатал.; полац., Нар. сл.; ашм., швянч., глыб., віл., паст., Сл. паўн.-зах.), ’клёцкі з бульбы або з гароху’ (Др.-Падб.); ’каша з бобу ці гароху’ (швянч., Сл. паўн.-зах.; Нік. Очерки; Мат. Гом.): ’пюрэ канаплянае’ (Мат. Гом.), ’каша з льнянога семя’ (барыс., Сл. паўн.-зах.) ’талакно’ (даўг., Сл. паўн.-зах. ’клёцкі, начыненыя мясам’ (рас., в.-дзвін.), ’бульбяная каша, змешаная з тоўчаным макам’ (Грыг., Маш.); ’цвёрдае цеста з аўсянай або гарохавай мукі, скачанае ў шарыкі, зваранае ў вадзе’ (в.-дзвін., КЭС); ’гарохавы суп’ (Жд. 3), ’густое цеста ў камах’ (Нас.), ’клёцкі з цёртай бульбы’ (в.-дзвін., Нар. сл.). Балтызм. Параўн. лат. kami ’тоўчаны, вараны гарох, скачаны ў галкі’ (Блесэ, SB, 5, 22–23). Другое значэнне лат. kams ’ком, камяк’ таксама праглядваецца ў семантыцы бел. камы.

Камы́ 2 ’ажына’ (Сцяшк.; смарг., Шатал.; Сл. паўн.-зах.). Рус. уладз. комы́ ’тс’, казан. ’макуха’. Макед. комиње ’вінаградныя жамерыны’, комов ’які мае адносіны да вінаградных жамерын; серб.-харв. ко̏м ’жамерыны’ славен. kom ’нешта круглае’; польск. дыял. kom ’камяк’. Відавочна, ажыны названы так паводле іх цвёрдасці і акругленасці формы пладоў. Да прасл. komъ (Трубачоў, Эт. сл., 10, 179). Параўн. літ. kẽmuras ’гронка ягад’ (Буга, Rinkt, 2, 220).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)