МАГІЛЁЎСКАЯ БРА́ЦКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Дзейнічала ў 1616—1773 (з перапынкамі) у Магілёве. У 1616 выдадзены «Служэбнік» (2-е выд. 1617), у 1619 — «Евангелле вучыцельнае» Кірылы Транквіліёна Стаўравецкага. Пасля гэтага на нейкі час друкарня спыніла дзейнасць. 19.3.1633 кароль Уладзіслаў IV даў Магілёўскаму правасл. брацтву прывілей на права адкрыцця друкарні і выданне вучэбных і інш. кніг на «рускай» (старабел. і царк.-слав.), грэчаскай, лац. і польск. мовах. У 1636—38 гэта права брацтва, верагодна, перадала Спірыдону Собалю, які ў 1636 выдаў «Буквар языка славенска». У 1676 брацтва атрымала ад караля Яна III Сабескага прывілей на адкрыццё друкарні пры Богаяўленскім манастыры і выданне кніг на «рускай» і польск. мовах. У 1680 друкарню ўзначаліў Максім Вашчанка, які ў 1698 атрымаў на яе прывілей без дазволу брацтва і стаў выдаваць кнігі ад свайго імя. У 1701 брацтва дамаглося пацвярджэння свайго ранейшага прывілея на друкарню. У розны час у друкарні працавалі друкары і гравёры: Васіль Вашчанка (сын Максіма), Фёдар Ангілейка, Афанасій П. (Пігарэвіч ?), М.Антушкевіч. У канцы 17—18 ст. ў друкарні выдаваліся царк., навуч., палемічныя кнігі: «Псалтыр» (1693), «Акафісты і каноны» (1693), «Малітваслоў» (1695), «Дыоптра» (1698), «Перла мнагацэннае» (1699), «Неба новае» (1699), «Трыфалагіён» (1754), «Часаслоў» (1762) і інш. У апошнія гады дзейнасці друкарня перавыдавала раней надрукаваныя кнігі.

Літ.:

Жудро Ф. История Могилевского Богоявленского братства. Могилев. 1890;

Пічэта У.І. Друк на Беларусі ў XVI і XVII стст. // Чатырохсотлецце беларускага друку. Мн., 1926.

І.А.Пушкін.

т. 9, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Магілёўская абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя 4/160; 6/498, 513; 7/362; 12/514

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 2-га Бел. фронту (ген.-палк. Г.Ф.Захараў) 23—28 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 33-я, 49-я, 50-я, а таксама 4-я паветр. арміі, якім процістаялі 8 пяхотных і 2 матарызаваныя дывізіі 4-й арміі ням. групы армій «Цэнтр», што займалі эшаланіраваную (на глыбіню 60 км) абарону. Згодна з планам Бел. аперацыі перад войскамі 2-га Бел. фронту стаяла задача: ва ўзаемадзеянні з войскамі левага крыла 3-га і правага крыла 1-га Бел. франтоў разграміць магілёўскую групу праціўніка, вызваліць Магілёў і выйсці на р. Бярэзіна. Партызанам даручылі разбураць камунікацыі ворага і садзейнічаць сав. войскам у фарсіраванні водных перашкод. На гал. напрамку наступлення 49-й арміі была сканцэнтравана большая частка сіл і сродкаў, якія пераўзыходзілі праціўніка па пяхоце больш як у 2 разы, па артылерыі — у 4 разы, танках — у 1,5 раза. Напярэдадні аперацыі часці авіяцыі далёкага дзеяння і бамбардзіроўшчыкі фронту нанеслі ўдар па аэрадромах, вузлах абароны і артыл. пазіцыях праціўніка. У ходзе аперацыі вызвалены 25 чэрв. Чавусы, 26 чэрв. Горкі, 27 чэрв. Копысь і Шклоў, 28 чэрв. Магілёў і Быхаў. Пасля фарсіравання Дняпра і авалодання Магілёвам войскі фронту выйшлі ў міжрэчча Друці і Дняпра, паглыбіліся ў абарону праціўніка да 90 км. Яны скавалі на сваім напрамку значныя сілы ворага, пазбавілі яго магчымасці ажыццявіць манеўр рэзервамі ў палосах наступлення 1-га і 3-га Бел. франтоў (гл. Бабруйская аперацыя 1944 і Віцебска-Аршанская аперацыя 1944), арганізаванага адыходу за Бярэзіну, што пазней садзейнічала акружэнню і знішчэнню групоўкі праціўніка ў раёне на У ад Мінска. 21 вайск. злучэнне і часць атрымалі ганаровыя найменні «Магілёўскіх», 32 — «Верхнедняпроўскіх».

У.І.Лемяшонак.

т. 9, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКА-МАГІЛЁЎСКАЯ РАЎНІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Усходне-Беларускай правінцыі. Займае тэрыторыю на ПнЗ Магілёўскай і невял. ч. на Пд Віцебскай абл. Мяжуе з Цэнтральна-бярэзінскай раўнінай на З, Аршанскім узв. на Пн, Горацка-Мсціслаўскай раўнінай на ПнУ і Чачэрскай раўнінай на Пд. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ больш як на 200 км, з З на У ад 50 да 120 км. Вышыні 150—200 м, найвыш. пункт 224 м над узр. м. каля в. Палыкавічы Шклоўскага р-на, найніжэйшы — 131 м у даліне р. Сож у Чэрыкаўскім р-не (абодва ў Магілёўскай вобл.). Адносныя перавышэнні над суседнімі раўнінамі на З і Пд 40—50 м. Пл. каля 11,5 тыс. км².

У тэктанічных адносінах раўніна прымеркавана да Аршанскай упадзіны. Магутнасць антрапагенавых адкладаў у сярэднім 50—80 м, у лагчынах ледавіковага выворвання і размыву да 200 м. У будове антрапагенавага покрыва ўдзельнічаюць пераважна адклады бярэзінскага, дняпроўскага з сожскім зледзяненняў, александрыйскага і муравінскага міжледавікоўяў, галацэну. Адметная роля ў фарміраванні сучаснай паверхні належыць лёсападобным адкладам магутнасцю да 10—12 м, якія намножыліся ў час адступання апошняга, паазерскага зледзянення. Яны перакрываюць больш старажытныя марэнныя і флювіягляцыяльныя адклады. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, сілікатныя буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, цэментныя мел і мергель, фасфарыты, торф, падземныя воды.

Асн. рысы сучаснага рэльефу сфарміраваліся ў перыяд адступання сожскага ледавіка. Пераважае флювіягляцыяльная раўніна з хвалістай і спадзіста-хвалістай паверхняй, а таксама спадзіста-хвалістая і дробнаўвалістая марэнная раўніна. Водападзельныя ўчасткі ў познім плейстацэне і ў галацэне набылі платопадобны выгляд, прыдалінныя схілы былі парэзаны эрозіяй, якой садзейнічалі лёсападобныя пароды. Часта трапляюцца суфазійныя западзіны, калдобіны, прамывіны. Найдаўжэйшыя і найглыбейшыя маладыя яры і старыя спадзістыя яры і лагчыны прымеркаваны да схілаў рачных далін і дасягаюць даўж. 2—3 км, глыб. 20—30 м. Рачная сетка належыць да бас. Дняпра. Найб. рэкі Дняпро (ад Оршы да Магілёва), Проня з Басяй і Растой, Сож з Волчасам, Лабжанкай і Сянной. На Пд цякуць правыя прытокі Беседзі — Жадунька з Крупняй, Дзяражня. Т-ры студз. ад -7,5 да -8,2 °C, ліп. 17,8—18,5 °C. Ападкаў 600—645 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя (найб. урадлівыя дзярнова-палева-падзолістыя). Глебаўтваральныя пароды — лёсападобныя супынкі і супескі, радзей трапляюцца марэнныя суглінкі, супескі і пяскі. Пад лесам 20—30% тэр., пераважаюць хвоя і бяроза, значная доля елкі і дуба (раўніна ў падзоне дубова-цемнахвойных лясоў). Пад с.-г. ўгоддзямі 50—70% тэр. (пад ворнымі землямі 35—45%). У межах Аршанска-Магілёўскай раўніны Чэрыкаўскі паляўнічы заказнік.

Н.К.Кліцунова, І.Э.Паўлоўская.

т. 1, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ ШКО́ЛА ПАВІТУ́Х,

спецыяльная мед. навуч. ўстанова для падрыхтоўкі павітух у 1865—1917 у Магілёве. Падпарадкоўвалася Мін-ву ўнутр. спраў. У 1875 набыла статус цэнтральнай для Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай губ. Тэрмін навучання 3—4 гады. Існавалі 2 падрыхтоўчыя і 2 спец. класы. Выкладаліся: Закон Божы, рус. і лац. мовы, арыфметыка, фізіка, анатомія і фізіялогія, малая хірургія, агульная паталогія, фармакалогія і рэцэптура, акушэрства, гінекалогія, гігіена. Прымаліся асобы жаночага полу ад 18 да 25 гадоў, пераважна сял. паходжання, якія падзяляліся на пансіянерак і вольных слухачак. Выпускніцы-пансіянеркі павінны былі адпрацаваць па 1,5 года за кожны год навучання ў якасці сельскіх павітух у губерні, якая іх утрымлівала.

Н.Я.Новік.

т. 9, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна 11/595, 596

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Магілёўская савецка-партыйная школа пры ЦК КПБ 8/286; 9/298

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Могилёвская о́бласть Магілёўская во́бласць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

магілё́ўскі

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. магілё́ўскі магілё́ўская магілё́ўскае магілё́ўскія
Р. магілё́ўскага магілё́ўскай
магілё́ўскае
магілё́ўскага магілё́ўскіх
Д. магілё́ўскаму магілё́ўскай магілё́ўскаму магілё́ўскім
В. магілё́ўскі (неадуш.)
магілё́ўскага (адуш.)
магілё́ўскую магілё́ўскае магілё́ўскія (неадуш.)
магілё́ўскіх (адуш.)
Т. магілё́ўскім магілё́ўскай
магілё́ўскаю
магілё́ўскім магілё́ўскімі
М. магілё́ўскім магілё́ўскай магілё́ўскім магілё́ўскіх

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012, sbm2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

арша́на-магілёўскі

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. арша́на-магілёўскі арша́на-магілёўская арша́на-магілёўскае арша́на-магілёўскія
Р. арша́на-магілёўскага арша́на-магілёўскай
арша́на-магілёўскае
арша́на-магілёўскага арша́на-магілёўскіх
Д. арша́на-магілёўскаму арша́на-магілёўскай арша́на-магілёўскаму арша́на-магілёўскім
В. арша́на-магілёўскі (неадуш.)
арша́на-магілёўскага (адуш.)
арша́на-магілёўскую арша́на-магілёўскае арша́на-магілёўскія (неадуш.)
арша́на-магілёўскіх (адуш.)
Т. арша́на-магілёўскім арша́на-магілёўскай
арша́на-магілёўскаю
арша́на-магілёўскім арша́на-магілёўскімі
М. арша́на-магілёўскім арша́на-магілёўскай арша́на-магілёўскім арша́на-магілёўскіх

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)