ЛІ́СКІ,
вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля р. Ведрыч. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на ПдЗ ад г. Рэчыца, 80 км ад Гомеля, 1 км ад чыг. ст. Ліскі. 687 ж., 290 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі гарадзішча мілаградскай культуры, курганны могільнік дрыгавічоў, селішча бронзавага і жал. вякоў.
т. 9, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧЭ́ЛЬНІК,
курганны могільнік 10—13 ст. каля в. Пчэльнік Барысаўскага р-на Мінскай вобл. 146 курганоў выш. 0,5—2,5 м, дыям. 5—9,5 м (самы вял. выш. 3,5 м, дыям. 20 м). Каля буйных курганоў ёсць раўкі. У адным выяўлены жаночы касцяк, арыентаваны галавой на З, знойдзены шкляныя залачоныя пацеркі, бронзавыя скроневыя кольцы з заходзячымі канцамі, гаршчок. У інш. курганах пахавальны абрад — трупапалажэнне, рэчы не знойдзены.
Г.В.Штыхаў.
т. 13, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАНО́Е,
вёска ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., на р. Добасна, каля аўтадарогі Жлобін—Светлагорск; чыг. ст. на лініі Жлобін—Светлагорск. Цэнтр сельсавета і Жлобінскай птушкафабрыкі. За 8 км на Пд ад г. Жлобін, 101 км ад Гомеля. 1464 ж., 487 двароў (2001). Пач. школа-сад, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі курганны могільнік (11 ст.).
т. 14, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЙСКАЯ, Войская,
вёска ў Беларусі, у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калект. сялянскага аб’яднання «Колас». За 13 км на З ад г. Камянец, 59 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 938 ж., 295 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (1751—75). Каля вёскі курганны могільнік дрыгавічоў (10—12 ст.).
т. 3, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЬКАВІЧЫ,
вёска ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Цна, каля аўтадарогі Ганцавічы — Лунінец; чыг. станцыя на лініі Баранавічы — Лунінец. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПдУ ад г. Ганцавічы, 268 км ад Брэста. 1599 ж., 615 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, 2 дамы культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі курганны могільнік (10—13 ст.).
т. 10, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛУЖ 1-ы,
вёска ў Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Палуж, на аўтадарозе Краснаполле—Касцюковічы. Цэнтр Высакаборскага с/с і калгаса. За 10 км на У ад г.п. Краснаполле, 120 км ад Магілёва, 35 км ад чыг. ст. Камунары. 273 ж., 95 двароў (2000). Сярэдняя школа-сад, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. На паўн.-ўсх. ускраіне вёскі курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі.
т. 12, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГРЫ́НАВА,
вёска на Беларусі, у Воўкавіцкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобласці. За 13 км ад Талачына. 108 ж., 53 двары (1995). Узнікла на мяжы 15—16 ст. на тэр. Друцкага княства. У розны час належала Друцкім, Багрынаўскім, Адзінцэвічам, Сангушкам. У выніку адм. рэформы ВКЛ 1565—66 Багрынава ўвайшло ў Аршанскі пав. У пач. 20 ст. ў Багрынаве 192 ж., 25 двароў. Побач з вёскай група археал. помнікаў: гарадзішча, замчышча, курганны могільнік крывічоў (11 ст.).
т. 2, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́СТ 1-ы, вёска ў Салігорскім р-не Мінскай вобл., на ўсх. беразе Салігорскага вадасх., на скрыжаванні аўтадарог на Бабруйск, Чырвоную Слабаду, Салігорск, Слуцк. Цэнтр сельсавета. За 13 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Салігорск, 127 км ад Мінска. 296 ж., 146 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магілы ахвяр фашызму. Помнік сав. танкістам. На паўн. ускраіне вёскі курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі.
т. 11, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАСЦЬ,
курганны могільнік 8—10 ст. каля в. Радасць Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Пахавальны абрад — трупаспаленне. У насыпах і на гарызонце выяўлены рэшткі вогнішчаў (вугальныя праслойкі і попельныя плямы). Выяўлены фрагменты ляпных гаршкоў з арнаментам у выглядзе косых насечак і ганчарнага посуду з хвалістым і лінейным арнаментам. У адным з курганоў знойдзены спалены драўляны прамавугольнік (3 × 2,6 м), у паўд.-зах. вугле якога былі перапаленыя косці нябожчыка і жал. спражка. Адносіцца да «парных курганоў» валынян.
Т.М.Каробушкіна.
т. 13, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЎРЫ,
курганны могільнік 11—12 ст. каля в. Наўры Мядзельскага р-на Мінскай вобл.; мае крывіцка-дрыгавіцую этнічную прыналежнасць. Складаецца з 2 груп; 10 і 67 насыпаў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце галавой на 3, частка на попельнай падсыпцы. Пры даследаванні выяўлены жал. нажы, сякера, рэшткі драўлянага посуду, ганчарная кераміка, пацеркі (шкляныя, бурштынавыя, з горнага хрусталю), падвескі, бронзавыя пярсцёнкі, спражкі, вітая грыўня, сярэбраная бляшка з арнаментам, зорчатая фібула, бразготкі, крыжык, медныя залачоныя пласцінкі-драбніцы з выемчатай эмаллю чырв. колеру і інш.
т. 11, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)