ЛІТВІ́Н (Сцяпан Міхайлавіч) (н. 10.6. 1931, с. Кармалюкава Вінніцкай вобл., Украіна),
украінскі паэт, перакладчык. Скончыў Кіеўскі, ун-т (1954). Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў вершаў «Сэрца не маўчыць» (1958), «Пад небам Крыма» (1960), «Усхваляванасць» (1966), «Спадчыннасць» (1974), «Колеры трывогі і надзеі» (1984), «На зорных вятрах» (1988) і інш., якія адлюстроўваюць этапы гіст. лёсу Украіны, яе народа, героіку Вял.Айч. вайны і прасякнуты чалавечай дабрынёй, паэтызуюць родную прыроду. Перакладае з рус., бел., балг., груз. моў. Пераклаў на ўкр. мову асобныя вершы М.Багдановіча, Я.Купалы, М.Танка, А.Куляшова. На бел. мову асобныя вершы Л. пераклалі С.Панізнік, Я.Янішчыц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯДБА́ЙЛА (Анатоль Канстанцінавіч) (н. 28.1.1923, г. Ізюм Харкаўскай вобл., Украіна),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (крас., чэрв. 1945). Ген.-маёр авіяцыі (1970). Скончыў Варашылаўградскую ваенна-авіяц. школу пілотаў (1943), Ваенна-паветр. акадэмію (1951). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял.Айч. вайну з сак. 1943 на Паўд., 4-м Укр. і 3-м Бел. франтах пілот, камандзір звяна, эскадрыллі штурмавога авіяц. палка. Зрабіў 219 баявых вылетаў. Вызначыўся ў баях за вызваленне Крыма, Беларусі (у чэрв.—ліп. 1944 наносіў паветр. ўдары па праціўніку каля Оршы, Талачына, у мінскім«катле»), Прыбалтыкі, Усх. Прусіі. Пасля вайны на выкладчыцкай рабоце ў ваенна-навучальных установах ВПС. Аўтар кнігі «У гвардзейскай сям’і» (1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
экзаты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Уласцівы асобным, малавядомым, далёкім краінам; незвычайны для гэтай мясцовасці. Экзатычныя расліны. □ Стаяла моладзь каля гэтай сахі, нібы каля якой экзатычнай жывёліны ў заапарку, усё не давала веры — няўжо ёю можна было абрабляць зямлю?Місько.Крымскія санеты [А. Міцкевіча] ў перакладзе М. Танка раскрываюць іх ідэйную сутнасць, удала перадаюць велічную экзатычную прыроду Крыма.Лойка.
2.перан. Дзівосны, вычварны, які здзіўляе сваёй незвычайнасцю. Экзатычная музыка. □ Экзатычнае адзенне сароміла Кузьму, таму ён нібы прыклеіўся да зэдліка ў парозе.Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
А́КТЫ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ, «Акты Московского государства, изданные Императорскою Академиею наук»,
збор дакументаў па паліт. і ваеннай гісторыі Расіі. Выдадзены Рас.АН пад рэд. Н.А.Папова і Дз.Я.Самаквасава (т. 1—3. Спб., 1890—1901). Том 1-ы ахоплівае 1571—1634, 2-і — 1635—59, 3-і — 1660—64. Змешчаны дакументы са справаводства Маскоўскага стала Разраднага прыказа: пра станічную і вартавую службу на Пд Расіі ў 1570—90-я г., засечную пабудову 1638, барацьбу з набегамі крымскіх татараў у 17 ст. Шэраг дакументаў прысвечаны ваен. дзеянням 1614—18, войнам з Рэччу Паспалітай (1632—34, 1654—67) і Швецыяй (1656—58), эканам., паліт., ваен. гісторыі Рэчы Паспалітай і Крыма; ёсць звесткі пра становішча служылых людзей, Маскоўскае паўстанне 1662.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАДЗІДЫ́ЗМ (ад араб. джадзід — новы),
культурна-рэфарматарскі, асветны і грамадска-паліт. рух мусульман Паволжа, Крыма і Сярэдняй Азіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Джадзіды выступалі за пашырэнне сеткі мусульм.культ.-асв. устаноў, выданне кніг, часопісаў, газет на нац. мове, развіццё нац. мастацтва і л-ры, рэарганізацыю мусульм. духавенства. Быў распрацаваны праект школьнай рэформы, у пач. 1880-х г. адкрыта першая джадзіцкая школа ў Бахчысараі, потым школы дзейнічалі ў Турцыі, Персіі, Індыі, Кітаі. У рэвалюцыю 1905—07 джадзіды выступалі з патрабаваннямі рэформаў паліт. ладу краіны, арганізоўвалі паліт. стачкі, антыўрадавыя дэманстрацыі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 частка джадзідаў прызнала сав. ўладу, інш. сталі ініцыятарамі стварэння ў Туркестане аўтаномнага ўрада (гл.Какандская аўтаномія), удзельнічалі ў басмацтве, мелі сувязі з белай гвардыяй, пазней эмігрыравалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛЯ́К (Pteridium),
род папарацяўсям. гіпалепісавых. 8 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных абласцях, з іх арляк звычайны (P. aquilinum) расце амаль па ўсім свеце, арляк крымскі (P. tauricum) — у горным поясе Крыма і Каўказа. На Беларусі ўсюды ў хвойных і мяшаных лясах, на ўзлесках, высечках і гарах расце арляк звычайны.
Шматгадовая споравая расліна выш. да 2 м з доўгім паўзучым разгалінаваным карэнішчам. Лісце адзіночнае, двойчы-, тройчы непарнаперыстае, скурыстае, размешчана на доўгім моцным чаранку ў адной плоскасці. Сорусы ўкрыты індузіем, пад загорнутым краем ліста. Споры тэтраэдрычныя, шарападобныя. Маладое лісце ядомае. Багатыя крухмалам (да 45%) карэнішчы маюць у сабе арлякадубільную і сінільную к-ты, выкарыстоўваюцца на корм свінням (для буйн. раг. жывёлы і коней атрутныя); лек сродак ад глістоў, кашлю, залатухі, рахіту ў дзяцей і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФЦІО (Генрых Восіпавіч) (26.12.1869, г. Даўгаўпілс, Латвія — 30.4.1949),
расійскі вучоны і інжынер-энергетык. Акад.АНСССР (1932). Скончыў Новарасійскі (у Адэсе) ун-т (1892) і Пецярб.ін-т інжынераў шляхоў зносін (1896). Удзельнічаў у праектаванні і буд-ве чыгунак, трамвая ў Пецярбургу, склаў праекты электрыфікацыі чыгунак Крыма і Закаўказзя, ГЭС на р. Вуоксе, Волхаве і інш. З 1907 выкладаў у Пецярб. электратэхн. ін-це (з 1921 праф.). Удзельнічаў у складанні плана ГОЭЛРО. У 1921—27 гал. інжынер буд-ва Волхаўскай ГЭС, потым узначальваў буд-ва Ніжнясвірскай ГЭС (прысвоена імя Графціо). У 1938—45 гал. інспектар па буд-ве ГЭС. Навук. даследаванні ў галіне гідраэнергетыкі.
Літ.:
Шевцов В.Н., Смирнов И.С. Генрих Осипович Графтио. М.; Л., 1955;
Шевцов В.Н. Генрих Осипович Графтио, 1869—1949 // Люди русской науки. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ВІН (Мікалай Фёдаравіч) (8.12.1837, с. Карытава Пскоўскай вобл., Расія — 25.6.1904),
расійскі ваен. гісторык. Акад. Пецярбургскай АН (1890). Ген.-лейт. (1888). Скончыў Міхайлаўскую артыл. акадэмію (1862). З 1869 служыў пры Гал. штабе для ваен.-гіст. работ. Чл.Ваен.-вучонага к-та (з 1882) і Імператарскага рус.гіст.т-ва (з 1884), вучоны сакратар Пецярбургскай АН (з 1893), рэдактар час. «Русская старина» (з 1896). Складальнік і рэдактар зб-каў дакументаў «Айчынная вайна ў пісьмах сучаснікаў (1812—1815 гг.)» (1882), «Далучэнне Крыма да Расіі» (т. 1—4, 1885—89) і інш. Аўтар кн. «Гісторыя Крымскай вайны і абароны Севастопаля» (нап. 1874, выд.т. 1—3, 1900), «Гісторыя вайны і панавання рускіх на Каўказе» (т. 1—6, 1871—78), «Пугачоў і яго саўдзельнікі» (т. 1—3, 1884) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ЛТАК (Валяр’яна Канстанцінаўна) (н. 13.12.1919, г. Жлобін Гомельскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыла Віцебскае маст. вучылішча (1939). У 1939—51 мастак-дэкаратар Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Працуе ў жанрах бытавым — «Зіма прыйшла» (1954), «У школу» (1963), «Вясна. 1930-я гады» (1972), «Кірмаш» (1984), нацюрморта — «Сон-трава» (1957), «Званочкі лясныя» (1958), «Суровыя гады» (1975), «Інтэр’ер з народнай керамікай» (1980), «Сухія кветкі» (1985), «Аканіт» (1988—89), «Успаміны пра лета» (1994), пейзажа — «Разліў на Бярэзіне» (1958), «Вязынка» (1964), «Бярозавыя карункі» (1993), «Полацк. Спаса-Ефрасіннеўская царква» (1994), серыі пейзажаў Закарпацця (1967), Ноўгарада і Пскова (1969), Сібіры і Крыма (1970) і інш. На тэму Вял.Айч. вайны карціны «За дапамогай да партызан» (1957), «Вяртанне» (1958, 1967). Іл.гл. таксама да арт.Бытавы жанр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ЦКІ БАТАНІ́ЧНЫ САД.
На паўд. беразе Крыма, за 7 км ад г. Ялта, Украіна. Засн. ў 1812 Х.Х.Стэвенам. Пл. 996 га. Каля 3,5 тыс. відаў раслін. У садзе 3 аддзяленні — Цэнтральнае, Стэпавае і Прыморскае; ёсць інтрадукцыйна-каранцінны гадавальнік. Дэндрарый саду складаецца з 4 ландшафтных паркаў, у якіх вывучаюцца перспектыўныя для садова-паркавага буд-ва і лесагадоўлі віды і формы. У калекцыі саду больш за 1600 відаў дрэў і кустоў, з якіх найб. прадстаўлены расліны з роду хвоя, кіпарыс, ядловец, дуб, кізільнік, барбарыс, клён і інш. Разводзяць секвою гіганцкую, міжземнаморскія піхты, платан усходні, веерную пальму Фарчуна і інш. Уведзены ў культуру пладовых насаджэнняў і паркаў сарты персіка, чарэшні, алычы, інжыра, граната, хурмы, міндалю. У гербарыі сада больш за 130 тыс. лістоў. З 1890 выдаюцца «Труды Никитского ботанического сада».