базальтавае ліццё, шлакавае ліццё, атрыманне з расплаўленых горных парод (базальту, дыябазу і інш.) або металургічных шлакаў фасонных вырабаў (адлівак), якія маюць уласцівасці прыроднага каменю. Літыя вырабы маюць высокую трываласць, зноса- і кіслотаўстойлівасць. Выкарыстоўваюцца пры вырабе труб, кіслотаўстойлівай апаратуры, матэрыялу для бруку, эл. ізалятараў, абліцовачных плітак, арх.-маст. вырабаў і інш.
Плаўку сыравіны вядуць у ваграначных або ал. пячах пры т-ры 1380—1420 °C, формы для адлівак (керамічныя, метал. ці з фармовачнай зямлі) заліваюць пры 1280—1320 °C, працэс крышталізацыі адбываецца пры 980—1050 °C. У адрозненне ад чорнакаменнага ліцця (з базальту, дыябазу) белакаменнае атрымліваюць з кварцавага пяску і даламіту з дабаўкай плавіковага шпату (адліўкі маюць светлую афарбоўку, вял. трываласць, цвёрдасць і ўстойлівасць; выкарыстоўваюцца ў машына- і прыладабудаванні). Гл. таксама Петрургія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭ́НА (грэч. Kyrēnē),
старажытны горад у Паўн. Афрыцы (цяпер г. Шахат, Лівія). Засн. каля 630 да н.э.грэч. каланістамі з в-ва Фера. Да 460 да н.э. правіла царская дынастыя, потым усталявалася рабаўладальніцкая дэмакратыя. Каля 331 да н.э. заваявана Аляксандрам Македонскім, з 322 у складзе дзяржавы Пталамеяў, з 96 да н.э. пад уладай Рыма. Адзін з гандл. і культ. цэнтраў антычнасці. Пасля ліквідацыі паўстання іудзеяў (117 н.э.) заняпала. У 7 ст. зруйнавана арабамі. У выніку археал. раскопак (вядуцца з пач. 20 ст.) адкрыты рэшткі ант. помнікаў: комплексаў акропаля, Капітолія, Цэзарэума і Агары; храмаў Апалона (канец 7 ст. да н.э.), Артэміды (6 ст. да н.э.), вялікіх і малых тэрмаў (1—2 ст.), тэатра, а таксама каменная скульптура, керамічныя вырабы і інш. У К. нарадзіўся стараж.-грэч. філосаф Арыстып.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАКЕ́ТКА (франц. plaquette памяншальнае ад plaque пласцінка, дошчачка),
1) твор медальернага мастацтва, які адрозніваецца ад звычайнага медаля прамавугольнай або блізкай да яе формай. Паводле зместу шырэйшая за медаль, можа мець разгорнуты сюжэт, што набліжае яе да скульптуры. Бываюць керамічныя, метал., фарфоравыя, шкляныя і інш. Паводле правіл Міжнар. федэрацыі медальераў не павінны быць даўжэй за 180 мм па большаму боку. Пашырыліся ў 19—20 ст. На Беларусі П. рабілі і робяць Г.Асташонак, Э.Астаф’еў, Л.Багданаў, В.Буціна, С.Гарбунова, А.Дзятлава, У.Жохаў, А.Зіменка, С.Ларчанка, В.Леантовіч, Ю.Любімаў, У.Мелехаў, У.Мурахвер, В.Прыешкін, Л.Талбузін, В.Янушкевіч і інш. 2) Пласцінка (метал., керамічная і інш.) з рэльефнай выявай, прызначаная для ўпрыгожання мэблі, хатняга начыння і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСО́РБЕР (ад лац. absorbere паглынаць),
апарат для паглынання (абсорбцыі) газаў з іх сумесі вадкімі абсарбентамі. У хім. і нафтаперапр. прам-сці выкарыстоўваюць некалькі канструкцый. Паверхневы абсорбер — рэзервуар з абсарбентам, над паверхняй якога прапускаюць газ, і кампаненты газавай сумесі часткова паглынаюцца абсарбентам. Выкарыстоўваюць, калі газавая сумесь добра раствараецца ў абсарбенце. Насадачны абсорбер — верт.метал. або керамічная калона (труба) з некалькімі гарыз. рашоткамі, на якія насыпаюць слаі насадкі (кокс, каменне, метал. або керамічныя кольцы і інш.). Абсарбент падаецца зверху і праз насадку сцякае ўніз, а сумесь газаў — знізу. У талерчатым абсорберы (гл.рыс.) газавую сумесь з рэчывамі, якія неабходна выдаліць, прадзімаюць знізу ўверх праз абсарбент, што сцякае з талеркі на талерку па пераліўных трубках. Адбываецца барбатаж (перамешванне) вадкасці з газам, што спрыяе паглынанню рэчываў абсарбентам. Абсорбер выкарыстоўваюць і ў сістэмах жыццезабеспячэння касм. апаратаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЕ́ЗНА (Gniezno),
горад на З Польшчы, у Пазнанскім ваяводстве. Каля 100 тыс.ж. (1994). Прам-сць: гарбарна-абутковая, харч., маш.-буд., швейная. Тэатр. Музей Пачаткаў Польскай дзяржавы. Арх. помнікі: гатычныя касцёлы — Дзевы Марыі (каля 1342—1415; ад дараманскага касцёла 10 ст. і раманскага касцёла 11 ст. захаваліся керамічныя пліткі падлогі, «Гнезненскія дзверы», бронза, каля 1170), св. Яна (14 ст., фрэскі 1340—60), касцёл і кляштар францысканцаў (13 ст., перабудаваны ў 17—18 ст.).
Гнезна ўзнікла ў канцы 8 ст. У 10 ст. сталіца стараж. польскай дзяржавы Пястаў, значны рамесніцкі цэнтр, вёў гандаль з араб. Усходам, падтрымліваў гандл. сувязі з Кіевам. З 1000 сталіца архіепіскапства, месца каранацыі (да 14 ст.) польск. каралёў. Гар. правы атрымала да 1243. З 1793—1918 у складзе Прусіі (у 1807—15 уваходзіла ў Варшаўскае герцагства). Адзін з гал. цэнтраў велікапольскага паўстання 1918—19.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАНЕ́Г Пётр, бел. дойлід 12 ст. Прадстаўнік Гродзенскай школы дойлідства. Ім узведзены шэраг манум. будынкаў у Гродне (верагодна, Ніжняя, Барысаглебская і Прачысценская цэрквы, княжацкія палаты і мураваныя абарончыя сцены). У пач. 12 ст. быў асабістым дойлідам кіеўскага кн. Рурыка. Яго прозвішча зафіксавана ў Іпацьеўскім летапісе пад 1119 пры сведчанні пра ўзвядзенне ў Выдубіцкім манастыры пад Кіевам мураванай падпорнай сценкі з боку р. Дняпро (адначасова з’яўлялася агляднай пляцоўкай). На заказ князя М. пабудаваў цэрквы св. Васіля ў Оўручы, св. Апосталаў у Белгарадзе і Пятніцкую ў Чарнігаве. У гэтых помніках відавочны традыцыі гродзенскай архітэктуры, што дазваляе даследчыкам меркаваць пра аўтарства М.: у сцены ўмураваны каляровыя шліфаваныя камяні і паліваныя керамічныя пліткі, скошаныя вонкавыя вуглы, аналагічныя падпорныя і аглядныя сцены Выдубіцкага манастыра і на мысе Гродзенскага дзядзінца.
Літ.:
Рапапорт П. Пётр Міланег — гродзенскі дойлід XII ст. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1987. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭНА́Ж (франц. drainage ад англ. drain асушаць),
сістэма штучных вадатокаў — дрэнаў (труб, свідравін, поласцей і інш.), якія збіраюць і адводзяць залішнюю ваду з с.-г. зямель, ад збудаванняў, зніжаюць узровень падземных (грунтавых) вод. Выкарыстоўваецца пры меліярацыі, буд-ве, торфаздабычы, асваенні рудных радовішчаў і інш.
Д. с.-г. можа выкарыстоўвацца для асушэння, увільгатнення і рассольвання зямель. Адрозніваюць Д. гарыз. (трубчасты і поласцевы), верт. (сістэма свідравін) і камбінаваны (спалучэнне гарыз. дрэн са свідравінамі або калодзежамі). Робіцца з дапамогай дрэнажных машын, экскаватараў. У выкапаную траншэю або шчыліну укладваюць трубы з розных матэрыялаў. Керамічныя (ганчарныя) гарыз. дрэны кладуць упрытык, стыкі абкладаюць фільтравальнымі матэрыяламі, потым траншэю засыпаюць; пластмасавыя дрэны ўкладваюць і бестраншэйным спосабам (напр., з бухты) — у вузкую шчыліну ў грунце. У залежнасці ад размяшчэння дрэн на асушальнай плошчы адрозніваюць Д.: сістэматычны (паралельныя адна адной дрэны або свідравіны раўнамерна размеркаваны па тэр.); выбарачны, або тальвегавы (робіцца на асобных паніжэннях рэльефу); галаўны, або нагорналоўчы (для перахопу падземных вод з боку схілу); берагавы (для перахопу вады з боку ракі або вадасховішча пры падтапленні). У засушлівы перыяд Д. можа выкарыстоўвацца для ўвільгатнення зямель (падачай вады ў дрэнажныя сістэмы). У засушлівых зонах Д. выкарыстоўваюць для барацьбы з засаленнем арашальных зямель. Д. збудаванняў робяць (у выглядзе сістэмы труб, свідравін, латакоў, галерэй, штольняў і інш.) для асушэння і ўмацавання асноў будынкаў, плацін, дарог, аэрадромаў, для паніжэння фільтрацыйнага ціску вады на збудаванне і інш.
Літ.:
Мурашкшо А.И. Сельскохозяйственный дренаж в гумидной зоне. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
факту́ра1, ‑ы, ж.
Спец.
1. Своеасаблівая якасць апрацоўкі матэрыялу, яго паверхні. Фактура мармуру. Фактура сукна. □ Сучасная тэхналогія дае магчымасць вырабляць керамічныя дэталі самых розных памераў, рознага колеру, рознай фактуры.«Маладосць».
2. Своеасаблівасць мастацкай тэхнікі ў творах мастацтва. У вобразнай фактуры .. вершаў [А. Дудара] таксама шмат агульнага з ясенінскімі.«ЛіМ».Моўная фактура гэтага твора [«Сокі цаліны»] наглядна паказвае стан распрацаванасці стылю прозы ў той час.Навуменка.Нельга не адзначыць яшчэ адну асаблівасць фільма — яго амаль дакументальную фактуру.«ЛіМ».
[Лац. factura — апрацоўка, будова.]
факту́ра2, ‑ы, ж.
Спец. Рахунак з вопісам адпраўленага тавару. [Усевалад:] — Колькі траціцца разумнага чалавечага часу на гэтую бяздушную работу. Фактуры, накладныя, нарады, даведкі, ведамасці, ліміткі, акты...Скрыган.
[Лац. factura — апрацоўка, будова.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАКУУМАВА́ННЕбетону,
выдаленне (адсмоктванне) залішняй вады з укладзенай у апалубку бетоннай сумесі. Ажыццяўляецца з дапамогай шчытоў (маюць т.зв. вакуум-поласці), якімі ўкрываюць забетанаваную канструкцыю. У выніку разрэджвання, якое ствараецца ў вакуум-поласці вакуумнай помпай, шчыты прыціскаюцца да паверхні бетону і з яго адсмоктваецца вада. Павышае трываласць і марозаўстойлівасць бетону, зніжае патрэбу ў цэменце. Вакуумаванне сталі — апрацоўка сталі вакуумам перад разліўкай. Робіцца ў каўшах, спец. камерах, інш. прыстасаваннях у працэсе вакуумна-дугавога пераплаву, вакуумнай плаўкі і інш. Садзейнічае выдаленню са сталі шкодных газаў, лятучых прымесяў і неметал. уключэнняў, яе раскісленню, атрыманню высакаякасных сталяў. Вакуумаванне матэрыялаў (вадкіх і паўвадкіх) робіцца з мэтай выдалення газавых прымесяў, што паляпшае іх тэхнал. і эксплуатацыйныя ўласцівасці. Вакуумуюць керамічныя і ферытавыя шлікеры перад ліццём або прасаваннем з іх вырабаў, кампаўнды перад прапіткай, электраліты і інш. Вакуумаванне вядзецца ў герметычнай пасудзіне (баку), з перамешваннем матэрыялу, часам з падагрэвам. Вакуумаванне пашырана таксама ў тэхнал. працэсах хім., фармацэўтычнай і харч. прам-сці.
Устаноўка для вакуумавання вадкіх і паўвадкіх матэрыялаў: 1 — бак; 2 — вакуумавальная вадкасць; 3 — награвальныя элементы электрападагрэву; 4 — прыстасаванне для перамешвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ КАМБІНА́Т ПРЫКЛАДНО́ГА МАСТА́ЦТВА Беларускага саюза мастакоў. Створаны ў 1963 у г. Барысаў на базе керамічных майстэрняў, што існавалі з канца 19 ст. Да 1968 наз. Мастацка-вытворчыя майстэрні. Уключае таксама ўчасткі маст. ткацтва і вязання (з 1964), па выпуску габеленаў (з 1972). На камбінаце працуюць больш за 50 мастакоў (1996). Выпускае дэкар. утылітарную кераміку (сувеніры, вазы, кашпо), вырабы маст. вязання (сукенкі, касцюмы, світэры, кофты) і ткацтва (парцьерныя тканіны, ручнікі, сурвэткі, дарожкі); па заказах стварае маст.керамічныя пліткі, дэкар. вазы і скульптуры для інтэр’ераў грамадскіх будынкаў. Вырабы камбіната ўпрыгожваюць інтэр’еры будынкаў Мінска, Барысава, Талачына, Заслаўя і інш. На камбінаце зроблены габелены-заслоны для сцэн Дзярж. т-раў муз. камедыі, оперы і балета ў Мінску, т-ра імя Я.Коласа ў Віцебску, палацаў культуры ў Барысаве, Новалукомлі і інш., насценныя габелены для фае палацаў культуры і музеяў (Магілёў, Барысаў, Варонеж, Багучар), для залы пасяджэнняў у будынку былога ЦККПБ (Дзярж. прэмія Беларусі 1980), у будынку ААН (Нью-Йорк), «Габелен стагоддзя» і інш. Габелены, створаныя на камбінаце, засведчылі з’яўленне сучаснай школы бел.габелена.
Л.Д.Фінкельштэйн.
Вырабы Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва.