не́як,

1. прысл. Нейкім чынам, спосабам. Апошні зубр, які адбіўся ад статка.. і якому пашанцавала неяк застацца на волі, быў у 1919 годзе забіты ў пушчы браканьерамі. В. Вольскі. [Віктар:] — Ці не пусцілі б вы ў.. [хату] хлопца аднаго на які месяц ці два. Дроў мы неяк прыдбаем. Зарэцкі. // Чамусьці. Неяк нязвыкла глядзець на апушаныя снегам кусты чаромхі, якія паспелі апрануцца ў зеляніну. Ігнаценка.

2. прысл. Аднойчы. Неяк у вольны дзень пайшлі [Міколка з дзедам] рыбу лавіць на раку. Лынькоў. Выйшаў неяк Апанас з кузні, прысеў на бервяно, што ляжала ля жалезнага ламачча. Даніленка.

3. безас. у знач. вык., з інф. Разм. Нельга, няма як. [Віця:] — Ну, гайда са мной?.. [Аўгінька:] — Хату неяк кінуць адну, а то б.. пайшла... Ды і малых нешта няма. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наве́рх,

1. прысл. На верхнюю частку чаго‑н., у напрамку да верху чаго‑н. Усеўся зубр бліскучы Наверх на радыятар. Аўрамчык. Мільёны вялікіх і дробненькіх рыб Наверх усплываюць, ныраюць углыб. Глебка. // На верхні паверх. І тут раптам абставіны змяніліся: мяне перавялі працаваць наверх, на кухню. Даніленка.

2. прысл. На знешні бок; з сярэдзіны на паверхню. Смала выступіла наверх. □ Мядзведзя граў хлапчук.., апрануты ў вывернуты шэрсцю наверх кажух. Бядуля. // перан. На паверхню. Праўда выйдзе наверх.

3. прыназ. з Р. Выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, на верхнюю частку якіх ці паверх якіх накіравана дзеянне. [Букрэй] сядзеў на бярвеннях каля агню, накінуўшы наверх салдацкага шыняля яшчэ болей шырокае, чым ён сам, шляхецкае футра з шырачэзным каўняром. Колас.

•••

Выйсці (усплыць) наверх гл. выйсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗАПАВЕ́ДНІКІ,

1) тэрыторыя сушы або акваторыя, у межах якой увесь прыродны комплекс поўнасцю выключаны з гасп. дзейнасці і ахоўваецца дзяржавай; від запаведных тэрыторый. Участкі зямлі, яе нетраў і воднай прасторы ў межах З. аддаюцца ў карыстанне грамадскім ці дзярж. органам. Асн. задачы З.: зберажэнне эталонных або найб. тыповых для вызначанай геагр. зоны прыродных ландшафтаў, рэдкіх і каштоўных відаў жывёл і раслін; вывучэнне прыродных працэсаў у натуральным стане; распрацоўка пытанняў рэканструкцыі флоры, фауны і комплексу інш. прыродаахоўных праблем; культ.-асв. работа, папулярызацыя прыродаахоўных поглядаў і аховы прыроды (гл. Маніторынг, Біясферны запаведнік). Вылучаюць З. накіраванага рэжыму, прыродныя, эталонныя, біясферныя, мемарыяльныя і інш. Для аховы прыродных комплексаў З. ствараюцца ахоўныя зоны. Ахоўвае З. спец. служба (дзяржінспектары, егеры). Навук. работа ў З. мае комплексны характар, вядуцца даследаванні па праграме «Летапіс прыроды».

Першыя дзярж. З. ўзніклі ў стараж. Вавілоне, Грэцыі, Індыі і ствараліся з рытуальнымі і паляўнічымі мэтамі. Найстаражытнейшы З. на слав. землях — Белавежская пушча. Першымі дзярж. З. Расіі былі Баргузінскі запаведнік, Кедравая Падзь, Лагадэхскі запаведнік, Саянскі (1915). Самы вял. З. у свеце — Вялікі Габійскі (Манголія, пл. 5 млн. га), у Расіі — Таймырскі запаведнік. Найб. вядомыя З. — Асканія-Нова, Байкальскі запаведнік, Жувінтас, Каўказскі запаведнік, Кызылагаджскі запаведнік, Рэпетэкскі запаведнік і інш.

На Беларусі два З.: Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік (адзіны ў свеце). Стварэнне, статут, структура і рэжым З. вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1994) і адпаведнай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13.3.1995. Вял. роля З. Беларусі ў зберажэнні і аднаўленні каштоўных і рэдкіх відаў жывёл (алень высакародны, бабёр, зубр, лось і інш.) і раслін, даследаванні па геабатаніцы, фларыстыцы, лесазнаўстве, фауністыцы, паляўніцтвазнаўстве, глебазнаўстве, экалогіі і інш. З. ўдзельнічаюць у міжнар. праграмах па ахове прыроды ў рамках МАБ, ЮНЕП, ЮНЕСКА.

2) Навукова-даследчыя ўстановы, за якімі замацаваны тэрыторыі, дзе вядуцца адпаведныя арганізацыйныя работы і даследаванні.

Літ.:

Заповедники и национальные парки мира. М., 1969;

Заповедники Белоруссии: Исслед. Вып. 1—6. Мн., 1977—82;

Заповедники СССР: [Справ.]. М., 1980;

Биосферный заповедник на Березине. Мн., 1993;

Березинский биосферный заповедник. Мн., 1996.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 6, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ПЯЦКІ,

нацыянальны парк у Жыткавіцкім, Петрыкаўскім і Лельчыцкім р-нах Гомельскай вобл. Створаны ў 1996 з мэтай захавання і ўзнаўлення унікальных прыродных комплексаў Палесся, развіцця вытв.-гасп. базы рэгіёна, арганізацыі турызму і адпачынку насельніцтва. Пл. 82,4 тыс. га, у т. л. запаведная 29,2 тыс. га.

У склад парку ўвайшлі тэр. Прыпяцкага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка і ўчастак р. Прыпяць з пойменнымі і прыпоймавымі землямі левабярэжжа. Займае ч. Палескай нізіны. Рэльеф раўнінны са шматлікімі паніжэннямі і эолавымі ўтварэннямі. Поймавыя і лесабалотныя комплексы складаюць 95% тэр. парку. Поймавыя (пераважна дробназлакавыя) лугі. Нізінныя, пераходныя і вярховыя балоты (у правабярэжнай ч. парку буйнейшы ў Еўропе масіў балот пераходнага і вярховага тыпаў). Расліннасць Палеска-Прыдняпроўскай геабат. акругі, падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. Лясы займаюць 70% тэр., уключаюць 25 відаў дрэвавых і 33 кустовых парод. Хвойныя, шыракалістыя, драбналістыя вытворныя, лісцевыя карэнныя балотныя і поймавыя лясы з хвоі, бярозы пушыстай і павіслай, дуба, вольхі чорнай, ясеня, асіны, граба, елкі (астраўныя мікрапапуляцыі і прымесь у мяшаных насаджэннях). Сярэдні ўзрост лясоў 70 гадоў. У падлеску ляшчына, рабіна, крушына ломкая, свідзіна, чаромха, вярба, парэчкі. Унікальныя поймавыя дубровы (сярэдні ўзрост перавышае 200 гадоў) і зараснікі вярбы (узрост асобных дрэў больш за 100 гадоў). У флоры 827 відаў вышэйшых раслін, 196 імхоў, 184 лішайнікаў, 321 водарасцей, каля 1000 відаў грыбоў. Зубніца клубняносная, купальнік горны, лілея кучаравая, касач сібірскі, сліва калючая, гарлачык белы, сальвінія плывучая і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 50 відаў млекакормячых, 246 птушак, 7 рэптылій, 11 амфібій, 36 рыб, больш за 2 тыс. насякомых. Звычайныя дзік, лось, казуля, бабёр, воўк, ліс, заяц-русак, куніцы звычайная і каменная, выдра, вавёрка, глушэц, цецярук, перапёлка, курапатка шэрая, вадаплаўныя птушкі і інш. Зубр, рысь, барсук, некалькі відаў лятучых мышэй, беркут, скапа, арлан-белахвост, пугач, сыч дамавы, бусел чорны, журавель шэры, гальштучнік, кулік-сарока, бугаі малы і вялікі, марадунка, чайка і крачка малыя, чарапаха балотная і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У П. створаны 2 вольнажывучыя статкі зуброў (завезены ў 1987 і 2000 з Белавежскай пушчы), у якім налічваецца больш за 40 жывёл. Адм. цэнтр П. ў г.п. Тураў.

А.​А.​Галдзянкоў.

т. 13, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сі́мвал, ‑а, м.

Умоўнае абазначэнне, знак якога‑н. прадмета, з’явы, ідэі. Белы голуб — сімвал міру. □ І няслі мы сцяг чырвоны, — Сімвал вольнасці і працы, — Ў бойках кулямі прабіты. Броўка. І тут здарылася якраз тое, што непазбежна павінна было здарыцца. Дзядзька Пятрусь стаў для Даніка сімвалам надзей і спадзяванняў. Майхровіч. Зубр — сімвал імклівай сілы — стаў эмблемай магутнага і нястрымнага руху наперад маладой беларускай сацыялістычнай індустрыі, сімвалам «машыннай сілы краіны». В. Вольскі. // У літаратуры — мастацкі вобраз, які ўмоўна перадае якую‑н. думку, ідэю, перажыванне. Не традыцыйная высокая муза, а народная жалейка стала сімвалам, увасабленнем паэзіі. Івашын. // Спец. Умоўнае абазначэнне якой‑н. велічыні, паняцця, прынятае той ці іншай навукай. Сімвалы хімічных элементаў.

•••

Сімвал веры — а) кароткі выклад асноўныя дагматаў хрысціянскай рэлігіі; б) перан. асноўныя перакананні.

Сімвал часу (кніжн.) — тое, што з’яўляецца найбольш тыповым для таго ці іншага часу.

[Ад грэч. symbolon — умоўны знак, прыкмета.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

углы́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.

1. Пранікнуць, прасунуцца ўглыб, унутр чаго‑н.; удацца. Хлопцы выйшлі на другі канец Зазыбаў і ўглыбіліся ў бярэзнік. Навуменка. Раптам зубр .. сышоў з дарогі і падаўся да статка, які ўжо даволі далёка углыбіўся ў лес. Краўчанка. // Капаючы, рыючы, пранікнуць глыбей у зямлю. Будаўнікі метро ўглыбіліся на дзесяць метраў ў зямлю. // Стаць, зрабіцца больш глыбокім (пра вочы). Пан Вашамірскі пабляднеў. Вочы ўглыбіліся, сківіцы ходырам захадзілі. Бядуля.

2. перан. Засяродзіцца, цалкам аддацца якой‑н. справе. Васіль так углыбіўся ў свае думкі, што забыўся, дзе ён, куды ідзе. Колас. Прыйшоўшы ў калгас, я так углыбіўся ў севазвароты, што нават і забыўся аб усім. Кулакоўскі. Кавалёў з нецярпеннем узяў .. ліст, зірнуў на адрас, пазнаў родны почырк. Пісала жонка. Сеў ля стала, падсунуў лямпу і углыбіўся ў чытанне. Чарнышэвіч. // Унікнуць у тонкасці чаго‑н. Углыбіцца ў аналіз твора.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

галіна народнай гаспадаркі, якая вырабляе дэкар. маст. вырабы індустр. метадамі для жылых і грамадскіх інтэр’ераў (асвятляльная апаратура і інш.), для быт. патрэб (адзенне, цацкі, сувеніры, маст. метал, шкло, кераміка, фарфор, фаянс і інш.). Вытв-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Шырокае выкарыстанне машын адрознівае М.в.в. ад прадпрыемстваў нар. маст. промыслаў, дзе пераважае ручная праца.

М.в.в. узнікла ў 16—17 ст. з развіццём мануфактурнай вытв-сці. У Еўропе асаблівую ўвагу надавалі вырабу маст. тканін, шкла (венецыянскае шкло) і керамікі. У 18 — пач. 19 ст, з’явіліся: кераміка Дж.Уэджвуда, майсенскі фарфор, сеўрскі фарфор, фарфор імператарскага фарфоравага з-да ў Пецярбургу, Дулёўскі фарфоравы завод, гжэльская кераміка, каменярэзныя вырабы (Пецяргофская гранільная ф-ка, Дзямідаўскія каменярэзныя з-ды на Урале), мастацкае ліццё (г. Каслі) і інш.

На Беларусі вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва вядомы з 9—13 ст. У 15—16 ст. склаліся цэнтры маст. апрацоўкі металу, ганчарства, вытв-сці кафлі, шкла мастацкага і інш. У 16—17 ст. майстры маст. рамёстваў з гарадоў Віцебск, Гродна, Магілёў, Орша, Полацк, Нясвіж, Слуцк і інш. працавалі ў Маскве і інш. гарадах Маскоўскай дзяржавы. З 17 ст. пашырылася ткацтва мастацкае. Мануфактурная маст. вытв-сць пачала развівацца ў 18 ст. Найб. вядомыя мануфактуры: Радзівілаў у Слуцку (выраб слуцкіх паясоў) і Карэлічах (выраб карэліцкіх шпалераў), Агінскіх у Слоніме (шпалеры), Гродзенскія каралеўскія мануфактуры А.​Тызенгаўза. На мануфактурах Урэчча і Налібакаў выраблялі маст. шкло, у Копысі — кафлю, у Целяханах — маёліку і фаянс (гл. Копыская кафля, Свержанская фаянсавая мануфактура, Урэцка-налібоцкае шкло, Целяханская фаянсавая мануфактура). У 1919 у Віцебску і Магілёве арганізаваны керамічныя майстэрні, у Слуцку — ткацка-вышывальныя, у Гомелі — дрэваапрацоўчыя. У 1938 нар. ўмельцы аб’яднаны ў Бел. мастацкі прамысл. саюз. У 1965 маст. промыслы ператвораны ў ф-кі Упраўлення маст. прам-сці Мін-ва мясц. прам-сці рэспублікі. У 1988 упраўленне рэарганізавана ў Бел. вытв.-гандл. аб’яднанне «Белмастацпромыслы» (асацыяцыя нар. маст. промыслаў), з 1991 Асацыяцыя «Бел. народныя маст. промыслы», з 1993 Бел. дзярж. канцэрн нар. маст. промыслаў. Ў 1994 канцэрн у падпарадкаванні Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У склад канцэрна ўвайшлі 19 прадпрыемстваў маст. вырабаў: Брэсцкая фабрыка сувеніраў (выйшла ў 1998), Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава», Жлобінская фабрыка інкрустацыі, Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Сафія», Слуцкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы», Аршанская ф-ка маст. вырабаў «Рамонак», Светлагорская ф-ка маст. інкрустацыі, ф-кі маст. вырабаў у гарадах Баранавічы, Бешанковічы, Барысаў, Бабруйск, Гомель, Магілёў, Мазыр, Пінск, Слонім, Хойнікі; Цэнтр. лабараторыя нар. рамёстваў «Скарбніца», Дзярж. доследна-эксперым. прадпрыемства «Траецкае»; 16 даччыных гандл. прадпрыемстваў. Дзейнічаюць самастойныя ф-кі або ў сістэме інш. галін прам-сці: адкрытыя акц. т-вы «Мастра» ў Мінску, «Белмастацкераміка» ў г.п. Радашковічы і Івянецкі з-д маст. керамікі (у складзе канцэрна «Белмясцпрам»), Маладзечанская ф-ка маст. вырабаў (у складзе Бел. фонду культуры) і інш., а таксама шырокая сетка малых прадпрыемстваў.

Л.​А.​Паўловіч.

Да арт. Мастацкіх вырабаў вытворчасць. 1. Ф.​Шостак. Дэкаратыўная пасудзіна «Зубр». Івянецкі завод мастацкай керамікі. 2. «Ільнаводка». Лён. Маладзечанская фабрыка мастацкіх вырабаў. З. І.​Буйвіч. Пляцёнкі для садавіны. Лаза. Баранавіцкая фабрыка мастацкіх вырабаў. 4. А.​Шпакаў. Кухонны набор. Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў.

т. 10, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯЎНІ́ЧАЯ ЗБРО́Я,

халодная і агнястрэльная зброя для палявання на дзікіх звяроў і птушак, а таксама для спартыўных мэт. З глыбокай старажытнасці як П.з. выкарыстоўваліся апрацаваныя камяні, каменная сякера, кап’ё, дроцік, прашча, суліца, пазней — рагаціна, кінжал, нажы. Найважнейшымі якасцямі розных відаў П.з. была магчымасць дзеяння іх на аддаленні ад аб’екта палявання і паўторнае выкарыстанне.

Вял. значэнне мела вынаходства лука, які на працягу многіх тысячагоддзяў (аж да з’яўлення агнястрэльнай зброі) быў асн. відам П.з. ў большасці народаў (некаторыя народнасці-абарыгены карыстаюцца ім і цяпер, а стральба з лука стала самаст. відам спорту). З 1-га тыс. да н.э. на Крайняй Поўначы для палявання на марскіх звяроў выкарыстоўваўся гарпун — кідальнае дрэўка з зубчастым касцяным або метал. наканечнікам, які пасля пападання заставаўся ў целе жывёлы і цягнуў на рэмені бачнае на вадзе дрэўка. Сучасны гарпун — метал. страла на канаце, якая мае галоўку з раскрыўнымі лапамі і навінчанай гранатай, што разрываецца ў целе жывёлы; выстрэльваецца гарпуннай пушкай. У Інданезіі і Паўд. Амерыцы выкарыстоўвалася духавое ружжо — трубка (даўж. да 3 м), укладзеная ў другую трубку. Пад ціскам паветра, што ўдзімалася стралком, атручаныя стрэлы ляцелі да 40 м, паражаючы жывёл (пераважна птушак). У Стараж. Егіпце і Аўстраліі для палявання шырока выкарыстоўваўся бумеранг, які пры промаху вяртаўся да паляўнічага. У 10 ст. ў Кіеўскай Русі з’явіўся лук-самастрэл — арбалет (у Зах. Еўропе пашырыўся ў 12 ст.). Новы этап у развіцці П.з. пачаўся з паяўленнем агнястрэльнай зброі (у 12 ст. ў арабаў — модфа, у 14 ст. ў Зах. Еўропе і на Русі). У 14—15 ст. з’явіліся гладкаствольныя ружжы — аркебуза, куляўрына, пішчаль, у 16 ст. — вінтоўкі (у т. л. штуцэры), пасля вынаходства кнотавага замка створаны мушкет. З 17 ст. для палявання акрамя ваенных пачалі выкарыстоўвацца спец. паляўнічыя стрэльбы — аднаствольныя, а з 1738 двухствольныя. З 16 ст. знайшлі выкарыстанне пісталеты, з 19 ст. — рэвальверы, паляванне з якімі набывае значную папулярнасць (асабліва ў ЗША).

На тэр. Беларусі з часоў сярэдняга палеаліту выкарыстоўвалі розныя рубілы, адшчэпы, востраканечнікі, коп’і, пазней — дроцікі, кап’якідальнікі, рагаціны, гарпуны. Наканечнікі коп’яў і гарпуноў найчасцей рабілі з рагоў паўн. аленя. У раннім сярэдневякоўі быў удасканалены лук, з 12 ст. пашыралася куша (арбалет) з кольбай, ложам і мех. напінаннем цецівы. Агнястрэльная зброя пашырылася з 15 ст., да канца 19 ст. карысталіся шомпальнымі стрэльбамі: «звярынымі» і «птушынымі» ручніцамі, крамянёвымі, аднаствольнымі, пазней двухствольнымі дубальтоўкамі, у канцы 19 — пач. 20 ст. бярданкамі. Гл. таксама Зброя, Ружжо, Стрэльба.

Літ.:

Терехин С.Ф. Охота в Белоруссии. Мн., 1986;

Блюм М.М., Шишкин И.Б. Охотничье оружие: [Справ.]. 3 изд. М., 1994;

Маркевич В.Е. Ручное огнестрельное оружие: История развития со времен возникновения до середины XX в. СПб.;

М., 1996;

Трофимов В.Н. Охотничье оружие: Устройство, неисправности, уход: Справ. М.;

Мн.;

1997.

В.​І.​Вараб’ёу.

Паляўнічая зброя: а — гарпун (1 — граната, 2 — галоўка, 3 — лапы, 4 — шток); б — падводнае ружжо (1 — лінь, 2 — гарпуны).
Паляўнічая зброя: 1 — двухствольнае ружжо; 2 — штуцэр «Зубр»; 3 — самазараднае ружжо Браўнінга са зменнымі стваламі; 4 — малакаліберны магазінны карабін; 5 — пісталет Рэмінгтона; 6, 7 — паляўнічыя нож і кінжал у мастацкім выкананні.

т. 12, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ускі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. што. Рэзка ўзняць, падняць што‑н. уверх. Ускінуць сцяг над калонай дэманстрантаў. □ Сяржант ускінуў угару карабін, у момант прыцэліўся і стрэліў. Чорны. Музыкі раптам ускінулі ўгару трубы і.. грымнулі вальс. Дайліда. // і чым. Зрабіць рэзкі рух уверх якой‑н. часткай цела. Ускінуць галаву. □ — Вон! — пачуўся раптам стогн. Зубр сярдзіта ўскінуў рогі. Вітка. — Што ж я буду гаварыць? — ускінула тонкія бровы дзяўчына і зачырванелася. — Бачыце, я ж занятая... Кухараў. У адзін момант ускінуў.. [Сяргей Карага] плячыма і перавярнуўся тварам да свайго смяртэльнага ворага, стараючыся вызваліць рукі. Колас.

2. каго-што. Кідаючы, ускласці, навесіць, начапіць на што‑н. Ускінуць граблі на воз. Ускінуць рукзак на плячо. Ускінуць плашч на руку. □ Цяля хуценька ўскінулі на воз, прыкрылі саломай — і на ферму. Дуброўскі.

3. што. Накінуць паверх чаго‑н., укрываючы, закрываючы каго‑, што‑н. [Ратушняк] ляжаў пад пасцілкамі, наверх яму яшчэ ўскінулі суконную старую вялікую бурку. Пташнікаў.

4. што. Разм. Надзець, накінуць на сябе што‑н. (звычайна на скорую руку). Стары Ермаліцкі насунуў шапку задам наперад, ускінуў на плечы кажушок і пабег у стайню. Грахоўскі. Лена надзела новую сукенку, на галаву ўскінула блакітную, з вялікімі жоўтымі ружамі касынку, завязаўшы ражкі каля шыі. Ваданосаў.

•••

Ускінуць вочы (позірк) — хутка глянуць уверх або на каго‑н. Уолтэр здзіўлена ўскінуў вочы на генерала. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Туры́ца 1 ‘дзікая карова’; ‘рослая, дужая дамашняя карова’, перан. ‘мажная, здаровая жанчына’ (Нас.), ту́рыца ‘карова’: пайду́ ту́рыцу заганяць (Рэг. сл. Віц.), туры́ця фалькл. ‘самка тура’ (драг., Сл. ПЗБ). Насовіч (644) лічыў назву вытворнай ад тур ‘дзікі вол’ (гл. тур 1), параўн. укр. тури́ца ‘самка тура’, рус. фалькл. тури́ца ‘эпітэт свахі’, польск. turzyca ‘шэрсць на некаторых жывёлах’, ‘вясенняя ўрачыстасць’, харв. дубр. ту̀рица ‘карнавальная маска на Грамніцы’, адносна апошняга Вук Караджыч дапускае сувязь з назвай бога вайны Тура (Сабр. дела, 17, 166); славац. Turice ‘Сёмуха’ Вайтыла-Свяжоўска (Зб. Слаўскаму, 481) лічыць плюралізаванай формай з суф. ‑ica ад прыметніка *turьjь ‘тураў, які датычыць тура’; паводле Краліка (634), назва паганскага свята прыходу вясны або лета, прысвечанага зверу, які сімвалізуе сілы прыроды.

Туры́ца 2 ‘шабельнік балотны, Comarum palustre L.’ (бяроз., Нар. лекс.), туры́ця ‘тс’ (драг., Бел. дыял. 1), туры́ца ‘шляз, Aithaea officinalis L.’ (лун., Арх. Вяр.), туры́ца (травы) (Сержп. Грам.): ад крываўкі добрэ піць настой у гарэлцы карэння турыцы (Сержп. Прымхі), туры́ца, туры́ця ‘вадаперыца, вадзяны кураслеп, Hottonia palustris L.’ (ганц., драг., Сл. ПЗБ). Няясна; назва аб’ядноўвае розныя расліны, пераважна балотныя, фармальна звязаныя з тур 1, турыца 1, аднак матывацыя застаецца да канца не высветленай, параўн. укр. тури́ця ‘асака, Carex L.’, польск. turzyca ‘тс’, серб., харв. ту́рица ‘павіліца, Galium L.; панікніца, Geum L.’. Аўтары ЕСУМ (5, 680–681), спасылаючыся на польск. turza trawa, turzowa trawa ‘асака’, лічаць, што з-за сваёй жорсткасці яна магла быць кормам толькі для такіх буйных жывёл, як тур або зубр, параўн. польск. turówka ‘зуброўка’; перанос назвы на іншыя расліны мае іншую матывацыю (магчыма, колер травы, падобны да поўсці звяроў, як паказчык эфектыўнасці ўздзеяння пры лячэнні і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)