ГЯЧЭ́ВІЧ (Іпаліт Вікенцьевіч) (1800 — 46),
удзельнік паўстання 1830—31. Сын В.Гячэвіча. Валодаў маёнткамі Вязынь і Ізабелін у Вілейскім пав. Служыў у Мінскай казённай палаце. З 1826 маршалак шляхты Вілейскага пав. У крас. 1831 узначаліў павятовы паўстанцкі камітэт, які на кароткі тэрмін устанавіў кантроль над паветам. Пасля заняцця Вілейкі казакамі хаваўся ў сваякоў, потым арыштаваны і зняволены ў крэпасць. У вер. 1832 вызвалены пад нагляд паліцыі, але ў хуткім часе высланы ў Варонеж. Вярнуўся на радзіму ў 1837.
У.П.Крук.
т. 5, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУТУ́ЛІ ((Luthuli) Альберт Джон) (Мвумбі; 1898, каля г. Булавайо, Зімбабве — 21.7.1967),
дзеяч нац.-вызв. руху Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Скончыў настаўніцкую школу ў Івендэйле і настаўніцкі каледж Адамса. З 1945 чл. Афрыканскага нацыянальнага кангрэса, у 1952—60 яго прэзідэнт. Арганізаваў некалькі кампаній пратэсту супраць палітыкі апартэіду, якую ажыццяўляў урад ПАР. У 1956—57 зняволены, з 1959 пад хатнім арыштам. Прыхільнік мірных, ненасільных метадаў барацьбы. Загінуў у выніку няшчаснага выпадку. Аўтар аўтабіягр. кн. «Адпусці народ мой!» (1962). Нобелеўская прэмія міру 1960 (упершыню прысуджана афрыканцу).
т. 9, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦКЕ́ВІЧ Юльян Аляксандр
(ахрышчаны 23.8.1801, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 16.11.1871),
гісторык права. Брат А.Міцкевіча. Скончыў дамініканскую школу ў Навагрудку, Віленскі ун-т (1825 ці 1826). Чл. т-ва філарэтаў, з 1822 у т-ве філадэльфістаў. Арыштаваны па справе філарэтаў, у 1823—24 зняволены. З 1828 выкладаў права ў Крамянецкім ліцэі, з 1835 прафесар Кіеўскага, з 1840 — Харкаўскага ун-таў. У 1859 вярнуўся ў Беларусь, тут напісаў «Энцыклапедыю права» і «Курс рымскага права» (захаваліся ў рукапісах). У 1863 дапамагаў паўстанцкаму атраду Р.Траўгута.
т. 10, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЧЫСЛА́Ў ВАСІ́ЛЬКАВІЧ,
князь ізяслаўскі (заслаўскі) і віцебскі. Сын полацкага кн. Васількі Рагвалодавіча. У 1158 атрымаў у княжанне Ізяслаў ад полацкага кн. Рагвалода Барысавіча. У 1159 з братам Валодшам узяты ў палон менскімі князямі Глебавічамі і зняволены ў Менску, адкуль яго вызваліў Рагвалод Барысавіч. У 1162 з інш. полацкімі князямі ваяваў за Слуцк супраць дарагабужскага кн. Уладзіміра Мсціславіча. У 1180, калі быў князем віцебскім, разам з кіеўскім кн. Святаславам Усеваладавічам і чарнігаўскімі князямі ваяваў супраць смаленскіх князёў Расціславічаў. Упамінаецца ў «Слове аб палку Ігаравым».
Г.В.Штыхаў.
т. 3, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБНІ́ЦКІ (Отан Мікалаевіч) (12.3.1829, маёнтак Арэхаўна Лепельскага пав., зараз Ушацкі р-н — 19.1.1865),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Пасля вучобы ў прыватным пансіёне ў Вільні на вайск. службе ў Крыме, юнкер уланскага палка. У 1854 за сувязь з татарскім антыцарскім рухам на 2 гады зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, потым адпраўлены радавым у Сібірскі асобны корпус. У 1859 вярнуўся на радзіму. У час паўстання 1863—64 камандаваў атрадам паўстанцаў у Віцебскай губ. Засуджаны на 6 гадоў катаргі. Памёр па дарозе ў Сібір.
Г.В.Кісялёў.
т. 5, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭДА́Л І ІКА́Р,
персанажы старажытнагрэчаскай міфалогіі. Дэдал — выдатны вынаходнік, механік, будаўнік, скульптар. Ікар — яго сын. Паводле міфа, Дэдал па загадзе крыцкага цара Мінаса пабудаваў лабірынт для Мінатаўра і дапамог Арыядне вызваліць з лабірынта Тэсея, за што разам з Ікарам быў зняволены. Д. і І. зрабілі з пер’я і воску крылы, бацька даляцеў да Сіцыліі, а сын занадта наблізіўся да сонца, воск на крылах растапіўся, Ікар зваліўся ў мора і загінуў. Вобраз Ікара, чалавека, які ўзляцеў да сонца, часта выкарыстоўваецца ў л-ры, выяўл. мастацтве, музыцы.
т. 6, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́МБА (Мар’ян) (парт. псеўд. Я н ; каля 1885 — люты 1921),
рэвалюцыянер, удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З 1906 чл. РСДРП. За рэв. дзейнасць зняволены ў турму. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Маскве. У жн. 1919 пакінуты ЦК КП(б)ЛіБ для падп. работы ў Мінску, акупіраваным польск. войскамі. Адзін з кіраўнікоў Мінскага падп. к-та КП(б)ЛіБ, вёў работу па арганізацыі камуніст. ячэек і партыз. атрадаў у Мінскай губ. 3 крас. 1920 на падп. рабоце ў Вільні. У канцы 1920 арыштаваны. Памёр у лагеры для інтэрніраваных.
т. 6, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛА́К (Мікалай Іванавіч) (1822, Залатаношскі р-н Чаркаскай вобл., Украіна — 7.6.1899),
украінскі грамадскі дзеяч, вучоны, педагог. Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1843). Вывучаў стараж. акты ў архівах Украіны, гісторыю ўсх. і зах. славян. Адзін з заснавальнікаў Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства, аўтар яго праграмных дакументаў. З 1847 у Пецярбургу, выступаў за стварэнне федэратыўнай слав. рэспублікі, знішчэнне прыгоннага права і саслоўных прывілеяў. Па даносе арыштаваны і зняволены ў Шлісельбургскую крэпасць (1847—50), сасланы ў Перм (1850—55). З 1859 выкладаў у Адэсе, Крыме, на Каўказе. Аўтар прац па гісторыі, матэматыцы, філасофіі і інш.
т. 5, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГЕЛЬСТРО́М (Канстанцін Густававіч) (Яўстаф’евіч, 8.5.1799, г.п. Шумскае Цярнопальскай вобл., Украіна — 13.11.1851),
дзекабрыст. Служыў капітанам у Літоўскім піянерным сапёрным батальёне. Арганізатар і адзін з кіраўнікоў т-ва «Ваенныя сябры». Адыграў значную ролю ў падрыхтоўцы Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825; батальён, адной з рот якога камандаваў І., першы адмовіўся ад прысягі Мікалаю I (24.12.1825). 27.12.1825 арыштаваны, зняволены ў беластоцкую турму. У 1827 пазбаўлены дваранства і прыгавораны да 10 гадоў катаргі ў Сібіры. З крас. 1836 радавы ў асобным Каўказскім корпусе. 13.2.1843 звольнены ў адстаўку ў чыне паручніка.
В.В.Швед.
т. 7, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛІ́НСКІ ((Kiliński) Ян) (снеж. 1760, г. Тжамэшна, Польшча — 28.1.1819),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў паўстання 1794 у Варшаве. З 1788 майстар шавецкага цэха ў Варшаве, у 1792—94 саветнік магістрата. Уваходзіў у склад паўстанцкіх улад; першапачаткова падтрымліваў радыкальнае крыло паўстанцаў, пасля падзей 28 чэрв. (расправа варшаўскіх нізоў са здраднікамі) на пазіцыях правых. Прызначаны Т.Касцюшкам палкоўнікам, камандаваў пях. палком. У час аблогі Варшавы рас. войскамі двойчы паранены. Пасля задушэння паўстання зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці (1794—96). Пакінуў 2 версіі ўспамінаў (1795, 1814—18).
Тв.:
Pamiętniki. [Warszawa], 1958.
т. 8, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)