МЛЕ́ЧНЫ ШЛЯХ,

1) дыфузная святлівая паласа няправільнай формы, што перасякае нябесную сферу ў плоскасці Галактыкі. Складаецца з вял. колькасці зорак, якія паасобку нельга бачыць простым вокам, але можна распазнаць з дапамогай тэлескопа.

М.Ш. — сукупнасць зорак нашай зорнай сістэмы — Галактыкі, якой яна выглядае знутры, з пункту, паблізу галактычнай плоскасці, на адлегласці ~​1/2 галактычнага радыуса ад ядра галактыкі. Сярэдняя лінія М.Ш. блізкая да вял. круга (галактычнага экватара), паўн. полюс якога знаходзіцца ў сузор’і Валасоў Веранікі; бачная шырыня ў межах ад 5° да 30°. У напрамку да цэнтра Галактыкі (сузор’і Стральца і Скарпіёна) М.Ш. шырокі і яркі, у процілеглым (сузор’і Персея і Возніка) — вузкі і менш яркі. У многіх месцах М.Ш. назіраюцца цёмныя плямы, што абумоўлена паглынаннем святла воблакамі касмічнага пылу. Паміж сузор’ямі Арла і Цэнтаўра паласа паглынальнага рэчыва дзеліць М.Ш. на 2 часткі.

2) Уласная назва Галактыкі.

Млечны Шлях.

т. 10, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ «ДОМ БАЯ́РЫНА».

Існаваў у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. ў 12 ст. на тэр. вакольнага горада. Рэшткі будынка выяўлены ў 1960-я г. пры археал. раскопках. Пабудаваны з дрэва і цэглы. Прамавугольны ў плане будынак (пл. каля 76 м²) унутры падзяляўся сцяной на 2 памяшканні, меў зашклёныя аконныя праёмы. У цэнтры стаяў слуп, які трымаў перакрыцце. У паўн.-ўсх. куце была глінабітная печ. Драўляныя сцены знутры абчасаны, атынкаваны і аздоблены фрэскамі. Выяўлены фрагменты фрэсак: на белым і бледна-зялёным фоне геам. і расл. арнамент чырвонага і чорнага колераў, выява мужчынскай галавы ў профіль у княжацкай шапцы, а таксама графіці са стараж. надпісамі.

Літ.:

Гуревич Ф.Д. Дом боярина XII в. в древнерусском Новогрудке // Краткие сообщения Ин-та археологии АН СССР. 1964. Вып. 99;

Яе ж. Древний Новогрудок. Л., 1981. С. 36—44, 121—122.

т. 11, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАС (Paz) Актавіо (31.3.1914, Мехіка — 19.4.1998),

мексіканскі паэт і эсэіст. Вывучаў юрыспрудэнцыю і філалогію. Быў дыпламатам (1943—68). Аўтар зб-каў паэзіі «Корань чалавека» і «Но пасаран!» (абодва 1937), «Свабода пад апекаю слова» (1949), «Саламандра» (1962), «Усходні бок» (1969), «Паварот» (1976), «Прарослае знутры» (1987) і інш., лірычных паэм «Сонечны камень» (1957), «Прабел» (1967), «Мінулае на далоні» (1974). Яго паэзія камерная, засн. на эстэтыцы сюррэалізму, на ліберальных каштоўнасцях, багатая на сімвалы; адна з яе гал. праблем — роля паэта і паэт. слова ў пераўтварэнні свету. Вядомасць набылі таксама эстэтыка-філас. эсэ: кн. «Лабірынт адзіноты» (1950), «Пераменны ток» (1967), «Пахмурна» (1987), «Абрысы Індыі» (1995) і інш. Нобелеўская прэмія 1990.

Тв.:

Рус. пер. — Поэзия. Критика. Эротика. М., 1996;

У кн.: Поэты Мексики. М., 1975;

У кн.: Поэты-лауреаты Нобелевской премии. М., 1997.

Л.​П.​Баршчэўскі.

А.Пас.

т. 12, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

вырабы ганчароў 12—19 ст. з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. У 12—13 ст. выраблялі гаршкі з канаўкай на ўнутр. паверхні, аздобленыя на плечуках хвалістым арнаментам, насечкамі і наколкамі (такі дэкор захоўваўся да 15 ст.). Посуд 12—15 ст. меў на донцах клеймы ў выглядзе крыжоў, кругоў, ромбаў, трохвугольнікаў і інш. Посуд канца 16—пач. 18 ст. (гаршкі, кубкі, куфлі, збаны, глякі, рынкі, талеркі, міскі) звонку і знутры пакрывалі зялёнай і карычневай палівай, аздаблялі шматрадковым лінейным або хвалістым узорам, радзей штампам, часам упрыгожвалі налепамі ў выглядзе кветак; выраблялі таксама чорназадымлены посуд. У 15—18 ст. рабілі і гартаваны посуд. З сярэдзіны 17—18 ст. выраблялі талеркі, паўміскі, збаны, куфлі, размаляваныя расл. арнаментам, паліваныя падсвечнікі, рукамыі, магчыма, люлькі, а таксама цэглу-пальчатку. Да канца 19 ст. асартымент вырабаў звузіўся і вытв-сць М.к. заняпала.

Н.​І.​Здановіч, А.​А.​Трусаў.

т. 10, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЕРАРО́БНАЯ МАШЫ́НА,

агрэгат для атрымання (адліўкі) паперы і некаторых відаў кардону з папяровай масы. Бываюць плоска- і 2-сетачныя, кругласетачныя, вакуумнага і сухога фармавання, камбінаваныя і інш.

Найб. пашыраныя плоскасетачныя П.м. складаюцца з сетачнай (1 або 2 бясконцыя рухомыя сеткі, на якія паступае папяровая маса), прэсавай (некалькі 2- ці 3-вальных прэсаў, паміж валамі якіх праходзіць папяровае палатно) і сушыльнай частак (з сушыльных вярчальных цыліндраў, якія знутры абаграюцца парай), а таксама каландра (паміж 2—20 валамі яго праходзіць палатно) і накату (змотвае паперу ў рулон). Пры абязводжванні масы на сетках (або паміж імі) адбываецца фармаванне папяровага палатна, якое далей абязводжваецца ў прэсавай і высушваецца ў сушыльнай частках. Рабочая скорасць П.м. да 1500 м/мін, прадукцыйнасць да 8 млн. м²/сут.

Папераробная машына (1799, Н.​Л.​Рабер, Францыя): 1 — валікі; 2 — адціскныя ролікі; 3 — вібратар; 4 — канцавы валік; 5 — самачарпалка; 6 — авальны чан.

т. 12, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСПУБЛІКА́НСКІ ПАЛА́Ц КУЛЬТУ́РЫ ПРАФСАЮ́ЗАЎ.

Пабудаваны ў 1954 (арх. У.​Яршоў) у Мінску на праспекце Ф.​Скарыны ў духу неакласіцызму. Да 1998 наз. Палац культуры Белсаўпрофа. Гал. фасад, вырашаны ў выглядзе 10-калоннага порціка, увянчанага франтонам са скульпт. групамі (скульпт. В.​Папоў, А.​Глебаў, С.​Селіханаў), арыентаваны на Кастрычніцкую плошчу. Прамавугольны ў плане будынак мае строга сім. аб’ём, па перыметры абрамлены калонамі і паўкалонамі карынфскага ордэра. Знутры порцік аздоблены кесонным скляпеннем. Аналагічна вырашаны тыльны фасад. Над складаным карнізам бакавых фасадаў па 3 франтоны, упрыгожаныя пінаклямі. Разнастайныя дэкар. элементы класічнай спадчыны выкарыстаны ў інтэр’ерах залаў — глядзельнай (на 670 месцаў), танц. і лекцыйнай, у фае, холах. У палацы працуюць выяўл. студыя, школы эстэт., інтэлектуальна-лагічнага выхавання, гурткі замежных моў і інш.; нар. калектывы (хар. капэла, ансамблі танца «Вясёлка», узорны — «Равеснік», сімф. арк. «Рычыкар», т-р гульні «Вечнае дзяцінства» і інш.).

А.​А.​Воінаў.

Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў.

т. 14, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІ́ПЕНКА (Archipenko) Аляксандр Парфір’евіч (30.5.1887, Кіеў — 25.2.1964),

скульптар. Вучыўся ў Кіеўскім маст. вучылішчы (1902—05). Жыў у Парыжы, Берліне, з 1923 — у ЗША. Выкладаў у студыях, ун-тах і ін-тах мастацтваў ЗША. Знаходзіўся пад уплывам кубізму («Медрана», 1914), канструктывізму, абстрактнага мастацтва. Першы выкарыстаў камбінацыі разнародных матэрыялаў (шкло, метал, дрэва, цэлулоід і інш.). У 1915—20 распрацаваў стыль, заснаваны на трохмернай скульптуры і рэльефе з рамай, фонам і інш. элементамі жывапісу («Эспаньёла», 1916, і інш.); стварыў шэраг «торсаў» з металу і каменю («Торс», 1914). У 1920—30 стварыў рэаліст. скульптуры («Дыяна», «Маладая жанчына», партрэты Т.​Шаўчэнкі, І.​Франко, Т.​Уайлдэра і інш.). У 1924—27 распрацаваў і запатэнтаваў механізм для стварэння ілюзіі руху намаляваных аб’ектаў, якія назваў «архіпентура»; у 1940-я г. пачаў серыю т.зв. «святломадулятараў» — плексігласавых паўпразрыстых скульптур, асветленых знутры; эксперыментаваў у галіне «гукавой скульптуры». У 1960-я г. стварыў бронзавыя скульптуры «Царыца Саўская», «Цар Саламон», серыю літаграфій «Жывыя формы».

Літ.:

Северюхин Д.Я., Лейкинд О.Л. Художники русской эмиграции (1917—1941): Биогр. словарь. Спб., 1994. С. 41—44.

А.Архіпенка. Торс. Мармур. 1914.
А.Архіпенка. Медрана. 1914.

т. 1, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

праступі́ць, ‑ступіць; зак.

Выступіць знутры на паверхню, прасачыцца наверх. Палкавы камісар ішоў пахістваючыся. Праз бінт на руках усё больш праступала крыві. Лупсякоў. // Выступіць, паказацца праз што‑н. Коратка падстрыжаныя валасы ў .. [Кіры] трохі раскудлаціліся, на смуглых шчоках праступіў румянец. Карпаў. // Стаць злёгку бачным. Потым у яго вачах у цемрадзі праступіла светлая пляма. Кандрат здагадаўся, што гэта сядзела Параска. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчы́льна, прысл.

1. Прысл. да шчыльны.

2. Вельмі цесна, ушчыльную (прыціснуўшы, далучыўшы адно да другога). Аб чым жа думаў хлопчык? Відаць, аб чымсьці важным і сур’ёзным, бо губы яго былі шчыльна самкнуты. Колас. Купальнік шчыльна абцягваў.. кволыя і пяшчотныя плечы [жанчыны]. Караткевіч. // Наглуха, так, каб не было ніякіх прамежкаў, адтулін. Оля шчыльна прыпыніла дзверы і замкнула іх знутры. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗАСЛА́ЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

кухонны, сталовы і тарны посуд 10—18 ст., знойдзены пры археал. раскопках г. Заслаўя і Заслаўскага курганнага могільніка (Мінскі р-н). У 10—14 ст. выраблялі пераважна гаршкі для хатняга ўжытку, якія аздаблялі лінейным рыфленнем, хвалістымі лініямі, зігзагамі, касымі або прамымі насечкамі і інш. У 10 ст. арнаментавалі ўсё тулава гаршка, пазней — частку ад шыйкі да сярэдзіны тулава або толькі плечукі пасудзіны. У некат. вырабах дэкарыравалі толькі венчык. У 16—18 ст. асартымент посуду значна пашырыўся. Выраблялі танкасценны сталовы посуд (макотры, міскі, талеркі, чаркі і інш.) з высакаякаснай глінянай масы. Унутр. паверхню большасці вырабаў палівалі, знешнюю аздаблялі ангобам; некат. з іх палівалі звонку і знутры. Дэкарыравалі пераважна верхнюю частку вырабаў лінейным ці хвалістым арнаментам, валікамі, зашчыпамі, кветкавым узорам. У канцы 17—18 ст. выраблялі эмаліраваны керамічны посуд. З 18 ст. пашыраны чорназадымлены глянцаваны посуд. Для З.к. 16—18 ст. характэрны стандартызацыя і уніфікацыя форм посуду, блізкасць да мінскай керамікі.

Літ.:

Заяц Ю.А. Керамическая посуда Заславля X—XVIII вв. // Сярэдневяковыя старажытнасці Беларусі. Мн., 1993;

Яго ж Заславль в эпоху феодализма. Мн., 1995.

Ю.​А.​Заяц.

Заслаўская кераміка 10—11 ст.
Заслаўская кераміка. Гаршчок 15 ст. (злева); посуд 17—18 ст.

т. 6, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)