АДМІРА́Л [гал. admiraal ад араб. амір аль (бахр) уладар на моры],
воінскае званне (чын) вышэйшага афіцэрскага саставу ў ваенна-марскіх флатах мн. дзяржаў. У Еўропе паявілася ў 12 ст. ў Венецыі і Генуі, а затым распаўсюдзілася на флаты інш. краін (у Польшчы ўведзена ў 17 ст., у Расіі — на пач. 18 ст. У СССР устаноўлена з 1940 і адпавядала званню генерал-палкоўніка ў арміі). Існуюць таксама званні контр-адмірал, віцэ-адмірал, адмірал флоту і інш.
т. 1, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНГ (ням. Rang ад франц. rang месца, рад),
ступень адрознення, чын, званне; разрад, катэгорыя, клас і інш. У большасці краін Р. ўстанаўліваюцца для служачых цывільных ведамстваў, напр., дыпламатычныя рангі. Ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў існуюць званні воінскія, якія адпавядаюць Р. (напр., у ВМФ Расіі капітан 1-га, 2-га і 3-га Р.). У ВМФ на Р. падзяляюцца караблі (гл. Карабель ваенны), у адпаведнасці з якімі вызначаецца старшынства іх камандзіраў, прававое становішча экіпажаў і нормы іх матэрыяльнага забеспячэння.
т. 13, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́К (Рыгор Іванавіч) (9.11.1890, хутар Дуднікава, цяпер Палтаўская вобл., Украіна — 24.8.1950),
савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1940). Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1932). У арміі з 1912, удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. 3 мая 1937 нач. артыл. ўпраўлення РСЧА. З 1939 нам. наркома абароны СССР і нач. Гал. артыл. ўпраўлення. Вызначыўся ў сав.-фінл. вайну 1939—40. У пач.
Вял. Айч. вайны прадстаўнік Стаўкі Гал. камандавання на Зах. фронце, у раёне г. Беласток трапіў у акружэнне. Са жн. 1941 камандуючы 54-й арміяй на Ленінградскім, потым на Варонежскім і Сцяпным франтах. У сак. 1942 за пралікі ў камандаванні войскамі паніжаны ў званні да ген.-маёра. Пасля 1944 нам. начальніка Гал. ўпраўлення фарміравання і камплектавання войск РСЧА, нам. камандуючага войскамі Прыволжскай ваен. акругі. З 1946 у адстаўцы. 11.1.1947 арыштаваны па лжывым абвінавачанні ў «антысав. варожай дзейнасці». Расстраляны паводле прыгавору ваен. калегіі Вярх. суда СССР. У крас. 1956 рэабілітаваны. У 1957 пасмяротна адноўлены ў званні Маршала Сав. Саюза.
Літ.:
Г.И.Кулик: [Публикация автобиогр. военачальника от 1939 г.] // Военно-ист. журн. 1990. № 3;
Шумейко Ю. Кулик // Коммунист Вооруженных Сил. 1990. № 10;
Печенкин А. И ордена, и тюрьма: Роковая карьера маршала Кулика // Родина. 1996. № 6.
т. 9, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫЯ РА́НГІ,
службовыя званні работнікаў дыпламатычнай службы. Кожная дзяржава мае сваю сістэму Д.р. Паводле Пастановы Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 24.4.1992 і Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6.4.1995 для дыпламат. работнікаў Беларусі ўстаноўлены наст. Д.р.: надзвычайны і паўнамоцны пасол, надзвычайны і паўнамоцны пасланнік 1-га і 2-га класа, саветнік 1-га і 2-га класа, першы сакратар 1-га і 2-га класа, другі сакратар 1-га і 2-га класа, трэці сакратар, аташэ. Парадак прысваення Д.р. рэгламентуецца заканадаўствам.
Ю.П.Броўка.
т. 6, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́Ў (Аляксей Рыгоравіч) (5.10.1737, с. Любліна Цвярской вобл. — 5.1.1808),
расійскі дзярж. і ваенны дзеяч. Ген.-аншэф (1769), граф (1762). Брат Р.Р.Арлова. Адзін з гал. удзельнікаў дварцовага перавароту 1762, у выніку якога прастол заняла Кацярына II. У званні сяржанта атрымаў чын ген.-маёра (1762), аказваў вял. ўплыў на дзярж. справы. З 1769 камандаваў рас. эскадрай у Міжземным моры. За перамогі над турэцкім флотам каля Наварына і ў Чэсменскім баі 1770 атрымаў тытул Чэсменскага. З 1775 у адстаўцы. У маёнтках Арлова выведзена арлоўская рысістая парода верхавых коней.
т. 1, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛЕ́ЦКІ Мікалай Станіслававіч [сапр. Язерскі Павел Сямёнавіч; 29.12.1896, С.-Пецярбург — 29.3.1919], бел. журналіст. Вучыўся ў Петраградскім ун-це (1913—16). Пасля заканчэння ваен.-інж. вучылішча (1916) у званні прапаршчыка накіраваны на Паўн.-Зах. фронт. Чл. РСДРП(б). У 1917 чл. палкавога к-та. У 1918 супрацоўнік Наркамата юстыцыі РСФСР, потым на Усх. фронце. З 1919 у Гомелі, арганізатар і рэдактар газ. «Известия революционного комитета г. Гомеля и уезда», чл. Гомельскага Савета і гар. к-та РКП(б), узначальваў саюз сав. журналістаў Гомеля. Закатаваны ў час стракапытаўскага мяцяжу 1919 у Гомелі.
т. 3, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВА́РДЫЯ (італьян. guardia),
адборная прывілеяваная частка войска. У Стараж. Рыме — невял. атрады (кагорты) для аховы манархаў і палкаводцаў. Першыя фарміраванні, якія наз. гвардыяй, з’явіліся ў 12 ст. ў Італіі. У Расіі гвардыя створана Пятром I у 1680-я г. (Сямёнаўскі і Праабражэнскі лейб-гвардыі палкі; у ВМФ — у 1810). Распушчана ў 1918 у сувязі з ліквідацыяй старой арміі. Ва Узбр. Сілах СССР устаноўлена ў 1941 як ганаровае званне воінскіх часцей, злучэнняў, баявых караблёў. У 1942 уведзены гвардзейскія званні, устаноўлены нагрудны знак; гвардзейскім часцям, злучэнням і аб’яднанням уручаліся гвардзейскія сцягі.
т. 5, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
марынава́ць
(фр. mariner)
1) кансерваваць, прыгатоўваць грыбы, агародніну, рыбу ў марынадзе;
2) перан. свядома затрымліваць вырашэнне якой-н. справы або каго-н. у якім-н. стане, званні.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
звано́к, ‑нка, м.
1. Невялікі звон (у 1 знач.). [Старшыня] узяў .. званок і яшчэ раз пазваніў. Бядуля. Ляціць тройка па дарозе, толькі пыл курыць ды званок пад дугою звініць. Якімовіч. // Усякае прыстасаванне для падачы гукавых сігналаў, падобных на гукі гэтага прадмета. Электрычны званок. □ За ракою бразгае спутаны конь бляшаным званком. Нікановіч.
2. Гукавы сігнал, створаны такім звонам, прыстасаваннем. Першы школьны званок. Тэлефонны званок. □ Недзе далёка чулася дыханне вялікага горада: шум машын, званні трамваяў. Шыцік.
3. Разм. Тэлефонная размова (звычайна кароткая і дзелавая). Званок з міністэрства. □ — Пературбацыя гэта — знаеш? Сядзіш толькі на званках і на паперах. Тое давай, тое не давай. Пташнікаў.
4. Разм. толькі мн. (званкі́, ‑оў). Тое, што і званочак (у 2 знач.). У мурагу ірдзеюць рамонкі і званні. Лось.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Прафе́сія ’род заняткаў, працоўнай дзейнасці, які патрабуе пэўнай падрыхтоўкі’ (ТСБМ). Ст.-бел. (XVII ст.) профессия, професия, проффесыя ’праца, занятак’ < польск. profesja < лац. professio (Булыка, Запазыч., 268). Сучаснае слова запазычана з заходнееўрапейскіх моў (параўн. франц. profession, ням. Profession) з лац. professio ’публічная заява, уласна афіцыйная заява аб сваім званні; род заняткаў’ праз польск. або рус. (профе́ссия) пасрэдніцтва, гл. Фасмер, 3, 384; Банькоўскі, 2, 780. Прыметнік прафесі́йны з польск. profesyjny (Гіст. лекс., 260).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)