ДАЛЁКАЎСХО́ДНІ MAPCKÍ ЗАПАВЕ́ДНІК У зал. Пятра Вялікага, у Прыморскім краі Расійскай Федэрацыі. Засн. ў 1978 з мэтай захавання каштоўных відаў шэльфа Японскага м. (каля 250 відаў рыб, шматлікія беспазваночныя, каля 800 відаў водарасцей). Пл. больш за 64 тыс.га, у т. л. каля 63 тыс.га акваторыі. Уваходзіць 9 астравоў, 3 асн. ўчасткі. Архіпелаг Рымскага-Корсакава — зона поўнай запаведнасці, зал. Пасьета і в-аў Фуругельма — участак узнаўлення (аквакультура трэпанга, грабеньчыка, гіганцкай вустрыцы), в-аў Папова — музей прыроды мора і яе аховы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЦУ́НДА-МЮСЕ́РСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК У Абхазіі, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа. Засн. ў 1966 на базе Піцундскага (з 1926) і Мюсерскага (1964) участкаў з мэтай захавання рэліктавых гаёў, дуброў, водна-балотных комплексаў. Пл. 3761 га. Рэльеф слабахвалісты раўнінны, горны, расчлянёны далінамі рэк. Гай рэліктавай эндэмічнай хвоі піцундскай (адзіны ў свеце) і самшыту. Дубровы. Шыракалістыя лясы з граба каўказскага, бука ўсходняга, каштана звычайнага (ядомага), лапіны, вольхі, сунічнага дрэва. У падлеску падуб, мушмула, барбарыс, кізіл, рададэндран пантыйскі, плюшчы і інш. У фауне звычайныя казуля, дзік, барсук, куніца, вавёрка, фазан і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛАЎСКІ МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК «ВЯ́ЗЫНКА» Засн. 5.4.1972 на радзіме Я.Купалы з цэнтрам у в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Адкрыты 10.7.1972. Агульная пл. 21 га. На тэр. запаведніка хата, у якой нарадзіўся Я.Купала, гасп. пабудовы, у адной з якіх размяшчаецца выстаўка «Народныя святы», помнік паэту (перавезены з Мінска ў 1972, скульптар З.Азгур), 2 гарадзішчы 2—5 ст., сажалка, крыніца, валуны з выбітымі на іх радкамі з твораў Я.Купалы, дрэвы старога саду б. фальварка Вязынка, дубовы гай, пасаджаны бел. пісьменнікамі да 100-годдзя з дня нараджэння паэта, канцэртная эстрада, жывая альтанка з ліп, малыя арх. формы, зона масавых гулянняў. У хаце (рэстаўрыравана ў 1971—72) Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка». З 1972 у запаведніку праводзяцца святы паэзіі і працы, з 1976 злёты студэнтаў-філолагаў БДУ, школьныя ранішнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНСКІ БІЯСФЕ́РНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у паўночнай частцы Беларусі, на тэр. Докшыцкага і Лепельскага р-наў Віцебскай і Барысаўскага р-на Мінскай абласцей. Засн. ў 1925 для аховы і развядзення каштоўных, рэдкіх і тых, што знікаюць, птушак і звяроў, асабліва баброў (на час стварэння тут была адзіная на З Беларусі калонія). З 1979 запаведнік набыў статус біясфернага паводле Праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера». У 1993 уключаны Саветам Еўропы ў сетку біягенетычных запаведнікаў. Пл. 90,6 тыс.га, у т. л. абсалютна запаведнай зоны 81 тыс.га, ахоўная зона вакол запаведніка 33 тыс.га. Займае ч. Верхнебярэзінскай ніз. ўздоўж верхняга цячэння р. Бярэзіна (бас. Дняпра) з 30 прытокамі. Адм.-гасп. цэнтр у в. Домжарыцы Лепельскага р-на.
Рэльеф пераважна раўнінны, з невял. ўзвышшамі і ўзгоркамі ў паўн.-ўсх. і зах. частках і нізінамі на Пд. Клімат умерана цёплы, вільготны. У межах запаведніка больш за 50 невял. забалочаных рэк і ручаёў, перагароджаных бабровымі плацінамі. Р. Сергуч (Бузянка) — найб. левы прыток р. Бярэзіна — ч. пабудаванай з дапамогай ням. інжынераў у канцы 18 — пач. 19 ст.Бярэзінскай воднай сістэмы, якая дазволіла звязаць рэкі бас. Балтыйскага і Чорнага м. і аднавіць т.зв.гіст. шлях «з варагаў у грэкі». Яе рэчышча ў розных месцах расшырана, выраўнавана і канчаецца Сергуцкім каналам, працягласць якога 9 км. З канца 19 ст.гасп. значэння гэта сістэма не мае. Шмат азёр, найб. Палік, Вольшыца, Плаўна, Домжарыцкае, Манец. Рэкі і азёры займаюць 2,3% тэр. запаведніка, адкрытыя балоты — 10,3%. Есць вял. балотныя масівы (Домжарыцкае каля 10 тыс.га, Каралінскае 7 тыс.га, Жары 4,8 тыс.га і інш.). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя, ва ўпадзінах і катлавінах тарфянабалотныя. Забалочаных і балотных глеб каля 60% глебавага покрыва Частыя выхады на паверхню марэнных адкладаў з валунамі і пясчана-галечных утварэнняў. Расліннасць разнастайная, пераважна лясная, лугавая і балотная, спалучае рысы цемнахвойных паўд.-таежных і шыракалістых лясоў. Пад лесам 83,3% тэр., пераважаюць хваёвыя (45,4% лесаўкрытай пл.) і бярозавыя (24,4%) лясы, трапляюцца чорнаальховыя (16,4%), яловыя (10,8%), асінавыя (1,1%), дубовыя (0,5%). У паўд.ч. запаведніка зберагліся унікальныя ясянёвыя і чорнаальхова-ясянёвыя дрэвастоі (0,4%), некаторыя маюць узрост да 160—170 гадоў. Пад лугамі 1,4% тэр. У флоры 780 відаў сасудзістых раслін, больш за 200 відаў мохападобных, шмат відаў грыбоў, лішайнікаў і водарасцяў. У фауне каля 52 відаў млекакормячых, 217 птушак, 8 земнаводных, 5 паўзуноў, 34 віды рыб. Больш за 200 паселішчаў баброў. Каля 1 тыс. баброў вывезена з запаведніка для рассялення ў інш. рэгіёны. Водзяцца лось, воўк, высакародны алень, казуля, дзік, буры мядзведзь, рысь, ліс, барсук, выдра, лясная куніца, тхор, еўрап. і амер. норкі, гарнастай, ласка і інш., з Белавежскай пушчы завезены зубры. Гняздуюцца рэдкія драпежныя птушкі (арол-беркут, малы падворлік, скапа, барадатая няясыць, філін і інш.), а таксама чорны бусел і шэры журавель. Трапляюцца чорны каршун і белая курапатка. Шмат баравой дзічыны.
Бярэзінскі біясферны запаведнік — адзінае месца ў паўн. і цэнтр.ч. Беларусі, дзе прыродныя раслінныя комплексы захаваліся амаль у некранутым стане, каля 30 відаў раслін і 10 відаў жывёл занесены ў Чырв. кнігу. Дзейнічае ў сістэме глабальнага маніторынгу, мае станцыю па назіранні і кантролі за станам навакольнага асяроддзя. З’яўляецца н.-д. і прыродаахоўнай установай, базай для стажыроўкі спецыялістаў у галіне аховы прыроды і запаведнай справы. Працуе музей прыроды, школа экалагічнага выхавання, станцыя фонавага маніторынгу.
Літ.:
Заповедники Прибалтики и Белоруссии. М., 1989;
Биосферный заповедник на Березине. Мн., 1993.
Г.У.Вынаеў.
Да арт.Бярэзінскі біясферны запаведнік. 1. Цэнтральная сядзіба. 2. Адмірал. 3. Бусел чорны. 4. Кажан двухкаляровы. 5. Бабёр. 6. Алень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛАЎСКІ МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК «ЛЯЎКІ́» Засн. 11.10.1978 у Аршанскім р-не Віцебскай вобл. з цэнтрам ва ўрочышчы Ляўкі. Агульная пл 19 га, пл. пабудоў 493 м². Тут на дачы ў 1935—41 жыў і працаваў Я.Купала. На тэр. запаведніка будынак б. канторы Копыскага лясніцтва, у якім размешчаны Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Ляўкі», дача Я.Купалы (адноўлена ў 1981), паркавая скульптура «Восень паэта» (скульптар А.Анікейчык), домік шафёра, гараж з легкавым аўтамабілем Я.Купалы, гасп. пабудовы, зона масавых гулянняў. З 1980 тут праводзяцца святы паэзіі, злёты студэнтаў-філолагаў БДУ, школьныя ранішнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ ГІСТО́РЫКА-КУЛЬТУ́РНЫ ЗАПАВЕДНІК, Дзяржаўны гісторыка-культурны запаведнік «Заслаўе». Створаны ў 1986 у г. Заслаўе Мінскага р-на на базе гіст.-археал. запаведніка (засн. ў 1967). Уключае Заслаўскі замак, гарадзішча «Вал», «Замэчак» 10—11 ст., заслаўскія курганныя могільнікі, Заслаўскі фарны касцёл, рэшткі сядзібы 17—19 ст. На тэр. запаведніка музеі «Млын», «Хата завознікаў», «Кузня», «Свіран» (усе пач. 20 ст.), музейна-выставачны комплекс, у якім размешчаны выстаўкі муз. інструментаў (177 экз.), дываноў «Мара аб Заслаўі», габеленаў. Пл. запаведніка 1,13 км², пл. экспазіцыі 375 м², 9,4 тыс. экспанатаў (1997), у т. л. 256 твораў жывапісу, 196 — графікі, 1,81 тыс. прадметаў этнаграфіі, каля 3,9 тыс. археалогіі, 612 тамоў друк. выданняў. У 1978—90 на тэр. запаведніка дзейнічаў музей рамёстваў і нар. промыслаў (размяшчаўся ў будынку Заслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы 16 ст.). Удзельнік міжнар. руху «За новую музеялогію».
А.М.Каўбаска.
Млын 1910 на тэрыторыі Заслаўскага гісторыка-культурнага запаведніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКІ РАДЫЯЦЫ́ЙНА-ЭКАЛАГІ́ЧНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.
Адзіны ў свеце радыяцыйна-экалагічны запаведнік. На Пд Гомельскай вобл., ва ўсх.ч. Палескай нізіны ў межах Гомельскага Палесся. Засн. ў 1988 на найб. забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС з мэтай вядзення радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу, радыебіял. даследаванняў, пошуку магчымых шляхоў выкарыстання тэрыторыі, з якой адселена насельніцтва і спынена гасп. дзейнасць, а таксама для захавання генафонду і відавой разнастайнасці мясц. флоры і фауны. Пл. 215,5 тыс.га. Рэльеф раўнінны з забалочанымі паніжэннямі, рознымі формамі эолавых утварэнняў і павышанымі ўчасткамі водападзелаў. Тэрыторыя адносіцца да вадазбору р. Прыпяць. Ландшафт поймавы са шматлікімі рукавамі, старыцамі і азёрамі. Балотныя і лясныя масівы. Лясістасць 46% тэрыторыі. Хваёвыя (48,5%), драбналістыя (27,3%), дубовыя (5,6%) і інш. лясы. У флоры каля 1120 відаў сасудзістых раслін. Ў фауне больш за 40 відаў млекакормячых, 70 — птушак, 25 — рыб. Шмат відаў раслін і жывёл, у т. л. вадзяны арэх плаваючы, шпажнік чарапіцавы, чорны бусел, змеяед і інш., занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, некаторыя — у Міжнар.Чырв. кнігу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.
Створаны ў 1967 у Гродне на тэр. Замкавай Гары, якая займае трохвугольны пагорак на мысе, утвораным пры ўпадзенні р. Гараднічанка ў Нёман. У 12—17 ст. тут існаваў Гродзенскі Стары замак, на паўн. рагу яго размяшчаўся Гродзенскі княжацкі церам, у цэнтр. частцы — Гродзенская Ніжняя царква, на месцы якой пазней пабудавана Гродзенская Верхняя царква. У 1580 тут пабудаваны палац Стафана Баторыя, у будынку якога цяпер размяшчаецца Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКІ ЛАНДША́ФТНА-ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК Створаны ў 1969 у Жыткавіцкім, Лельчыцкім і Петрыкаўскім р-нах Гомельскай вобл. з мэтай захавання ў натуральным стане унікальных ландшафтаў Бел. Палесся і вывучэння змен у экасістэмах у сувязі з меліярацыяй зямель. Пл. 63,2 тыс.га (1995), у т. л.абс. запаведная зона 17,4 тыс.га. Займаў ч. Палескай ніз. ўздоўж правага берага р. Прыпяць у міжрэччы Сцвігі і Убарці. У 1996 тэр. запаведніка ўключана ў склад нац. парка Прыпяцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ГІСТО́РЫКА-КУЛЬТУ́РНЫ МУЗЕ́Й-ЗАПАВЕ́ДНІКЗасн. ў 1967 як гісторыка-археал.запаведнік ў г. Полацк Віцебскай вобл., які ўключаў тэр.Полацкага Ніжняга замка, Полацкага Верхняга замка, Полацкі Сафійскі сабор. У 1985 да запаведніка далучаны ўсе помнікі археалогіі, гісторыі і культуры, Полацкі краязнаўчы музей. У 1990 атрымаў статус рэспубліканскага, з 1997 сучасная назва, з ліп. 2000 Нацыянальны. Пл. каля 1,8 км², каля 75 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). У складзе запаведніка Запалоцце (паселішча 1-га тыс. да н.э.), селішча і гарадзішча 6—8 ст., Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, падмуркі храма-пахавальні 12 ст. і комплексу Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра, Ніжні і Верхні замкі, дом Пятра I, Полацкі Богаяўленскі манастыр, Брацкая школа (18 ст.), Ефрасіннеўская царква (19 ст.), Крыжаўзвіжанская царква (19—20 ст.), рэшткі Полацкага езуіцкага калегіума; працуюць Полацкі музей беларускага кнігадрукавання, музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора (з 1987), музей-бібліятэка Сімяона Полацкага (з 1994), Полацкі краязн. музей, Полацкі музей баявой славы, музей-кватэра Героя Сав. Саюза З.М.Тусналобавай-Марчанкі (з 1987), стацыянарная выстаўка «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай» (з 1998), музей традыц. ручнога ткацтва Паазер’я (з 1998).