Калі́ка1 ’старац, пераважна сляпы, які жабруе, спяваючы духоўныя вершы’ (БРС, ТСБМ). Выглядае як кніжнае слова, відаць, з рус. калика ’тс’. У рус. мове слова пэўнай этымалогіі не мае, хоць неаднаразова разглядалася. Многія аўтары лічаць этымалагічна роднасным калека (гл.), паводле іншых — слова суадносіцца з калига ’назва абутку’ (так, яшчэ ў Даля, 2, 190). Назва абутку узводзіцца да с.-грэч. καλίκια (аб этымалогіі гл. Фасмер, 2, 167). Фасмер (там жа) мяркуе аб магчымасці аднясення слова да ўсходняй лексікі і параўноўвае з адзначаным у шэрагу цюрк. моў kalyk ’народ, людзі’ (слова арабскага паходжання). Адносна гэтай версіі Севарцян (Лексикографический сборник. V, M., 1962, 28) адзначаў такую этымалогію як спрэчную, паколькі цяжка вытлумачыць і з боку семантыкі і па іншых прычынах рус. калика з цюркізаванай кыпчакскай формы арабск. xalq ’народ’. Вахрас (Наим. об., 98–99) звяртае ўвагу на тое, што ў ст.-рус. мове была вядома форма калиги ў значэнні ’багамольцы’ (звычайна калига, калиги ’від абутку’). Там жа ён прымае думку Фасмера аб запазычанні слова калика з цюрк. моў. Пры гэтым Вахрасам прыводзіцца матэрыял, які даказвае, што багамольцы звычайна вандравалі дружынамі, і па гэтай прычыне цюрк. слова са значэннем ’народ’, асабліва з пейаратыўным сэнсам ’зброд, шайка’ цалкам магло быць ужыта для наймення гэтай дружыны. З шэрагу цюрк. прыкладаў, прыведзеных Вахрасам (там жа, 100), звяртае на сябе ўвагу тат. (В) форма kali̊k ’народ’, кірг., казах. і інш. qalyq ’тс’. Наколькі такая версія дастаткова надзейна абгрунтавана лінгвагеаграфічна, вырашыць цяжка. Слаўскі (2, 27) сумняваецца ў мэтазгоднасці раздзялення форм калека і калика, аднак паводле значэння і фармальна гэтыя лексемы яўна розныя. Аб магчымых працэсах (пазнейшага) іх збліжэння пісаў Даль; гістарычна, аднак, яны разыходзяцца. Спроба этымалагізаваць слова на славянскай глебе не ўяўляецца перспектыўнай. Праўда, звяртае на сябе ўвагу рус. саран., пенз. калитьжабраваць’, валаг. ’моўчкі прасіць міласціну’, аднак слова гэта няяснае, адзначана ў мове «калунов» — прафесійных жабракоў (у Пензенскай губ.) і, магчыма, з’яўляецца аргатычнай пераробкай больш шырока вядомага ў рус. гаворках каличить ’прасіць міласціну’ і да т. п. (< калика). Ёсць і пенз. калила ’жабрак’, цвяр. каліман ’манюка’.

Калі́ка2 ’бручка, расліна Brassica napus’ (Жд. 2; рас. Шатал.). Паводле матэрыялаў Смулковай, Лекс. балтызмы, 41, слова вядома на паўночным усходзе ад Полацка і літоўска-латвійскім паграніччы. Сл. паўн.-зах. гэтай лексемы не адзначае. У формах калега, калига, каля, каляга, колега ў розных рус. гаворках, а ў форме калика. паводле Бурнапюва: «В Санкт–Петербургской и… в ближайших к остзейским губерниям местах» (СРНГ, 12, 354–355), а таксама ленінгр., наўг., пск., калін., смал. і да т. п., як каликка пецярб. Геаграфія слова як быццам пацвярджае даўняе меркаванне, што яно з’яўляецца запазычаннем. Смулкова (там жа) указвае на крыніцу запазычання з некаторых гаворак паўн.-усх. Літвы kalis ■’бручка’, якое з літ. koli̯js, kolis, kolinys ’тс’. Відавочна, што ні па фармальнаму крытэрыю, ці паводле лінгвагеаграфіі меркаванне Смулковай не з’яўляецца бездакорным. Розныя фанетычныя варыянты сведчаць на карысць запазычання ўскладненай структуры (і па гэтай прычыне нельга бачыць у бел. лексеме дэрыват ад літ. слова), а рус. форма каликка сведчыць аб уплыве фін. моў. Разам з тым названы ў Фасмера ў якасці магчымых крыніц запазычання эст. kaalik ’бручка’ фін. kaali ’капуста’ могуць быць прыняты галоўным чынам як сведчанне таго, што слова сапраўды было запазычана з фін. моў, што, між іншым, даказваецца і наяўнасцю яго ў лат. арэале. Шэраг сінонімаў (бел. немка, рус. репа∼саксонка) указвае на зыходную ням. крыніцу (Kohl ’капуста’), якую меркавалі і для фін. лексем (гл. Фасмер, 2, 167), аднак паводле фармальнага крытэрыю мэтазгодным уяўляецца бачыць у рус. і бел. прыкладах культурнае запазычанне, якое рознымі шляхамі трапіла ў балт., фін. і слав. мовы. У такім выпадку правільным здаецца аддзяленне балт. лексем ад слав., а бел. разглядаць як экспансію запазычання ў рус. мову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ісці́, іду́, ідзе́ш, ідзе́; ідзём, ідзяце́, іду́ць; ішо́ў, ішла́, ішло́; ідзі́; незак.

1. Перамяшчацца, робячы крокі.

І. да суседа.

2. Ехаць, плысці, ляцець (часцей пра сродкі перамяшчэння).

Поезд ідзе хутка.

Рыба ідзе касяком.

3. у што, на што або з інф. Адпраўляцца, накіроўвацца куды-н.

І. на вячоркі.

І. ў паход.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Перамяшчацца, будучы адасланым куды-н. з якой-н. мэтай, дастаўляцца, прыбываць адкуль-н. куды-н.

Пісьмы ішлі з фронту.

Ідзе драўніна з Сібіры.

5. перан. Рухацца, развівацца ў якім-н. напрамку (для дасягнення якой-н. мэты).

І. заўсёды наперад.

6. на каго-што, супраць каго-чаго. Дзейнічаць якім-н. чынам, быць гатовым да якіх-н. дзеянняў.

І. супраць волі бацькоў.

І. на ўступкі.

7. Уступаць куды-н., прыступаць да якой-н. дзейнасці, станавіцца кім-н.

І. ў армію.

І. ў аспірантуру.

8. за кім-чым. Далучацца да чыіх-н. думак, поглядаў.

І. за сваім настаўнікам.

9. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Набліжацца, з’яўляцца, надыходзіць.

Нашы ідуць!

Вясна ідзе (перан.).

10. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пра механізмы: дзейнічаць, працаваць.

Гадзіннік ідзе.

11. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пра ападкі: ка́паць, цячы, ляцець.

Дождж ідзе.

12. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Мінаць, працякаць, праходзіць у часе, адбывацца.

Жыццё ідзе хутка.

Экзамены ідуць.

Справа ідзе да развязкі.

13. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Праходзіць дзе-н., пралягаць, мець пэўны напрамак.

Дарога ідзе полем.

14. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), з чаго і без дап. Выдзяляцца, выходзіць адкуль-н.

З комінаў ідзе дым.

Ідзе кроў з раны.

15. чым, з чаго. Рабіць ход у гульні.

І. канём.

І. з туза.

16. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), у што, на што, пад што. Прызначацца, выкарыстоўвацца, ужывацца для чаго-н.

На касцюм ідзе тры метры тканіны.

Дом ідзе пад знос.

17. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Рэалізуецца, прадаецца (разм.).

Тавар ідзе па зніжаных цэнах.

18. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рэгулярна налічацца, адпускацца (пра якія-н. сродкі).

Ідзе пенсія.

За звышурочную працу ідзе надбаўка.

19. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), каму-чаму. Падыходзіць, адпавядаць; быць да твару.

Сукенка ідзе да твару.

20. (1 і 2 ас. не ўжыв.), у што. Надзявацца без цяжкасцей, свабодна ўваходзіць, улазіць.

Чаравік не ідзе на нагу.

Цвік лёгка ідзе ў сцяну.

21. (1 і 2 ас. не ўжыв.), у што. Развівацца, расці пэўным чынам (пра расліны).

Бульба ідзе ў націну.

І. ў рост (хутка расці).

22. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выконвацца, паказвацца, ставіцца (пра п’есу, спектакль, фільм і пад.).

Ідзе новы фільм.

23. за каго. Уступаць у шлюб, выходзіць замуж.

Дзяўчына ідзе замуж.

24. 3 прыназоўнікамі «на», «у» і наступнымі назоўнікамі азначае наступленне працэсу, дзеяння, якое выражана назоўнікам.

І. на пасадку.

І. на спад.

25. (1 і 2 ас. не ўжыв.), аб кім-чым, пра каго-што. Весціся (пра гаворку, гутарку і пад.).

Ішла гутарка пра выхаванне моладзі.

Ісці ўгару (разм.) — паспяхова развівацца; атрымліваць павышэнне па службе, аўтарытэт і пад.

Ісці на карысць — быць карысным.

Не ідзе ў галаву каму (разм.) — не засвойваецца, не запамінаецца.

Ісці на папраўку — выздараўліваць пасля хваробы.

З торбай ісці (разм.) — пачаць жабраваць.

Ісці на свой хлеб (разм.) — пачаць зарабляць сабе на жыццё.

Ісці на той свет (разм.) — паміраць.

Ісці супраць цячэння (неадабр.) — дзейнічаць наперакор усяму.

Ісці ў прочкі (разм.) — сыходзіць з дому, не ўжыўшыся з мужам (жонкай).

Ісці на дно (разм.) — цярпець няўдачу; маральна апускацца, занепадаць.

Ісці на лад (разм.) — разгортвацца паспяхова.

Ісці прамой дарогай — жыць сумленна.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ходи́ть несов.

1. в разн. знач. хадзі́ць;

ходи́ть по ко́мнате хадзі́ць па пако́і;

ходи́ть в разве́дку хадзі́ць у разве́дку;

ходи́ть в теа́тр хадзі́ць у тэа́тр;

ходи́ть в сапога́х хадзі́ць у бо́тах;

часы́ хо́дят хорошо́ гадзі́ннік хо́дзіць до́бра;

ходи́ть по грибы́ хадзі́ць у грыбы́;

ходи́ть с короля́ (в игре) хадзі́ць каралём;

2. (ездить) хадзі́ць, е́здзіць;

тут ча́сто хо́дят маши́ны тут ча́ста хо́дзяць (е́здзяць) машы́ны;

3. (плавать) хадзі́ць, пла́ваць;

ходи́ть на вёслах хадзі́ць (пла́ваць) на вёслах;

4. (ухаживать) дагляда́ць (каго, што);

ходи́ть за больны́м дагляда́ць хво́рага;

5. (шататься, колебаться) хадзі́ць, хіста́цца;

пол хо́дит под нога́ми падло́га хо́дзіць (хіста́ецца) пад нага́мі;

6. (работать) разг. хадзі́ць, працава́ць, быць; (плавать) пла́ваць;

ходи́ть в пло́тниках працава́ць (быць) цесляро́м;

ходи́ть на парохо́де шту́рманом хадзі́ць (пла́ваць, працава́ць) на парахо́дзе шту́рманам;

хо́дят слу́хи хо́дзяць чу́ткі;

ходи́ть вокру́г да о́коло хадзі́ць круго́м ды наўко́ла;

ходи́ть на голове́ хадзі́ць на галаве́;

ходи́ть по́ миру хадзі́ць з то́рбамі, жабрава́ць;

ходи́ть ходуно́м хадзі́ць хо́дырам;

ходи́ть по стру́нке па адно́й до́шчачцы скака́ць;

ходи́ть на за́дних ла́пках на ды́бачках (на па́льчыках) хадзі́ць; па адно́й масні́чыне хадзі́ць;

ходи́ть с протя́нутой руко́й на хлеб спява́ць; з рук глядзе́ць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Калду́н1 ’вядзьмар, чараўнік’ (пух., КЭС; Мат. Гом., Сержп., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Сіг.; ганц., Сл. паўн.-зах.), калдунка ’вядзьмарка’ (барыс., Шатал.), калдуньнік ’вядзьмар’ (малар., Сіг.), калдуха ’чараўніца’ (рэч., Мат. Гом.; браг., Шатал.), сюды ж калдаваць (Сержп.), калдуваты, калдунство (Сіг.). Калдун ’гульня’ (гом., Мат. Гом.; гродз., Нар. словатв.), вет., маг. і рэч. калдун ’вядзьмар’. Зах.-палес. лексемы паводле фанетычнага крытэрыю лічыць спрадвечнымі нельга; Сержпутоўскі фіксуе гэта слова ў казках, аднак часцей ужываюцца лексемы ведзьмак і знахор, хоць, паводле іншых яго прац, на Случчыне і блізкай да яе тэрыторыі слова ўжываецца. Статус апошняга, як і наогул статус бел. слова, падазроны, аднак выключыць магчымасць захавання архаізма на поўдзень ад Мінска і на ўсх.-палес. тэрыторыі нельга. Паводле даных ЛАБМ (пытанне 3016), лексемы калдун, калдаваць і да т. п. адзначаюцца ў розных рэгіёнах Беларусі. Статус гэтых фіксацый (а іх нямала) не вельмі ясны, паколькі ў тых жа пунктах запісваюцца звычайна і больш пашыраныя знахар або чараўнік. Больш-менш кампактныя арэалы ўтвараюць гэтыя лексемы на поўначы і ўсходзе беларускай тэрыторыі. Шанскі (2, K, 196) прыводзіць як роднасныя серб.-харв. колдовати, славен. koldovátiжабраваць’, што неверагодна, паколькі гэтыя словы разам з колдуш ’жабрак’ адносяцца да венг. koldus ’тс’. Параўн. тэрыторыю — славен., харв. (кайк., паўн.-чак.) і значэнне, якое супадае з венг. Меркаванне, быццам значэнне ’жабраваць’ утвараецца з ’жаліцца, плакаць’ < ’гаварыць’, нельга прыняць, паколькі венг. слова не запазычана з слав. моў, параўн. MESz, 2, 524. Адносна славен. і серб.-харв. слоў гл. яшчэ Скок, 2, 124; Безлай, 2, 55 (разглядаюцца як запазычаныя з венг. мовы). Такім чынам, слова як спрадвечнае надзейна можна кваліфікаваць толькі для рус. мовы, а бел. слова як магчымую бел.-рус. інавацыю. Пра запазычанне рус. лексемы з венг. мовы пісалі Міклашыч, 123; Бернекер, I, 544, што, як слушна адзначае Фасмер (2, 288), неверагодна — рус. слова шырока распаўсюджана і значэнне яго іншае. Даволі папулярнай з’яўляецца даўняя версія Ільінскага, РФВ, 62, 250 і наст., што роднаснымі да рус. з’яўляюцца літ. kalbà ’мова’, лат. kalada ’шум, спрэчка’, лац. calō, calāre ’выклікаць, склікаць’, грэч. χαλέω ’клікаць, заклікаць’, χέλαδος ’шум’; фармальныя цяжкасці (‑д‑ у рус. адпаведніку) відавочныя, апрача таго, вельмі няяснай з’яўляецца адсутнасць паралелей у іншых слав. мовах. Калі дапусціць, што слова ніякай сувязі з адзначанымі іншаславянскімі лексемамі не мае, бачыць у ім архаізм праславянскага перыяду малаверагодна. Версія аб інавацыі (рус.?, бел.-рус.?) здаецца таксама не вельмі імавернай. Семемы слова ў рус. гаворках (’вядзьмар’, ’махляр’, ’чалавек, які нешта бурчыць сабе пад нос’) як быццам адносяцца да ’вядзьмар’, а значэнне ’знахар’ не з’яўляецца першасным. Так, рус. кастрам. колдун ’у дзіцячай гульні палка, якая доўга застаецца пад вадой, калі яе кідаць канцом у ваду’, разан. колдовина, колдовица ’нарасць на дрэве’, ’горб’: «На спине видала какая колдовица, с голову ведь сидит у горбатого» (СРНГ, 14, 116). Такім чынам, першапачатковая семантыка слова калдун магла быць ’той, хто гадае з дапамогай нейкіх сакральных прадметаў’, ’чалавек з нейкімі фізічнымі недахопамі’ > ’чалавек, які знаецца з нячыстай сілай’, ’вядзьмар’). Магчыма, іменна так неабходна разумець бел. колдыга ’парода лесуна’ (Кірк.), якое можна суаднесці з калдыга ’кульгавы чалавек’. Сярод шэрагу іншых варыянтаў найбольш цікавым уяўляецца наступны. Апрача форм тыпу калдун у бел. мове ёсць і лексемы з ‑г‑, параўн. тураў. голдун і голдунка. Не выключана, што гэта звычайны позні звонкі дублет у гаворках, аднак можна думаць, што тут даўні варыянт лексемы. Ва ўсякім разе ў рус. мове зафіксаваны дэрыват ад галдеть галдун ’той, хто любіць крычаць’, ’хто любіць ужываць непрыстойныя выразы’. Паводле семантычнага крытэрыю такое меркаванне таксама здаецца не вельмі надзейным. Вярэніч (БЛ, 2, 1972, 72–73) гаворыць аб сувязі бел. каўтун ’Plica polonica, хвароба’ і калдаваць, калдун. Сапраўды, даволі пашыранай на бел. тэрыторыі з’яўляецца форма калдун ’хвароба каўтун’. Форма калдун ’каўтун’ у рус. гаворках, за выключэннем некаторай часткі смаленскай (уласна беларускіх), не сустракаецца. Больш імавернай з’яўляецца думка Вярэніча (там жа і БЛ, 10, 1976, 57), што калдун ’каўтун’ < калдун ’чараўнік’. Але і тут лінгвагеаграфія перашкаджае, паколькі колдун ’чараўнік’ няма падстаў лічыць праславянскім, у той час як карп. і каш. назвы адпаведнай хваробы, відавочна, з’яўляюцца старымі. Паводле вусн. паведамл. Мартынава, ‑ун‑ суфіксацыя магла разумецца як аналагічная да суфіксацыі ў ведун ’знахар’, што пры адпаведным збліжэнні семантыкі прывяло да ўтварэння новай лексемы. Наступная ірадыяцыя і шырокая яго экспансія ў гаворках для слова такога роду — цалкам натуральная (напрыклад, з фальклорам, у працэсе знахарскай практыкі і да т. п.). Што датычыць пэўных фармальных цяжкасцей (суадносіны назоўніка колдун і дзеяслова колдовать), можна спаслацца на яўна другасны паўдн.-слав. дзеяслоў koldovati пры запазычаным з венг. назоўніку (гл. вышэй). Тэарэтычна таксама нельга выключыць, што гэта ўтварэнне на базе дзеяслова колтати або колтити, для якога можна рэканструяваць значэнне ’боўтаць, чараваць ваду для сурокаў’, параўн. рус. вяц. колтень ’атрута або нагаворная вада для сурокаў’. Да формы слова параўн. пск., цвяр. колтовка ’жанчына, якая любіць пагаварыць’ (суадносіцца з колотовка, ад колотить), да фанетыкі рус. колдобина, колтобань, калдубань і інш. Такую структуру можна суаднесці з пск. колтать ’кульгаць’, што вяртае нас да версіі, разгледжанай вышэй (гл. семантычную паралель да калдыга ’лясун’). У рус. колтать ёсць значэнне ’балбатаць і да т. п.’, у прынцыпе такая семантыка дапускае развіццё магчымых сакральных значэнняў, аднак яўных доказаў няма. Пра магчымае запазычанне колдун неабходна згадаць версію, прапанаваную Карловічам, AfslPh, 5, 168, аб сувязі рус. слова з грэч. χαλδαῖος ’халдзей, маг, чараўнік’. Аднак недакладнасці такога тлумачэння відавочныя. Магчымая праформа калдей, калі дапусціць яшчэ і субстытуцыю суфікса, блізкая па форме да рус. слова. Апрача таго, нельга выключыць і пранікнення грэч. слова натуральным шляхам — з гаворкамі вандроўных гандляроў. Адзначым, што ў рус. мове пісьмовыя фіксацыі разглядаемай лексікі параўнальна познія: колдование (XVII і XVIII стст.), колдовати (XVII ст.), колдовство (XVII ст.), колдун (XVII ст.), колдуниха і колдуница ’тс’, колдунья (XVII ст.). Гістарычныя матэрыялы рус. мовы сведчаць аб нейкай функцыянальнай спецыфіцы калдуна («Колдование и иное ведовъство», «того человека ворожба ни колдование не иметь», «Ворожа и колдуя много…», «…с тем корением не может тебя никакой колдун или еретик никакою порчею испортити», «Ездит тот муж золот на своем золотом коне… а страстит под собою землю и воду и люди худые… ведуна и вещицу, колдуна и колдуниху», «Огради меня ризою своею от колдуна и колдуниц, от ведуна и от вещ(иц)…» (Срезн.), аднак больш дакладвай інфармацыі, якая б дапамагла вытлумачыць унутраную форму лексемы, у нас няма. У шэрагу іншых фактаў гэты доказ становіцца аргументам супраць спробы аўтараў рус. этымалагічнага слоўніка (Шанскі, 2, К, 196–197) рэканструяваць праформу *koldъ ’чараўнік, чалавек, які замаўляе’, ’гаварун, чалавек, які гаворыць’, якая далей разглядаецца ў межах прапановы Ільінскага.

Калду́н2 ’Plica polonica, спецыфічная хвароба, якую раней лячылі праз запушчэнне каўтуна’ (Сцяшк.), калдуны ’пра заблытаныя, скудлачаныя валасы’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2), калдункі ’адходы пры прадзенні кудзелі’ (карэліц., Шатал.), сюды ж калдунаваты, калдуніцца, калдуніць ’блытаць, кудлачыць (пра валасы, шэрсць і пад.)’ (БРС, ТСБМ). Рус. колдун ’злямчаныя валасы; каўтун’ (смал., з новых запісаў 1973 г.), колдунить ’блытаць, заблытваць (пра валасы, пражу), чэш. мар. koldún, choldún ’каўтун’, ’ламота і да т. п.’ Чэш. форма з koltún, якое, як і чэш. koltoun, з польск. kołtun (Махэк₂, 271). Махэк не тлумачыць форму з ‑д‑, аднак відавочна, што гэта азванчэнне ўзнікла ўжо на мараўскай глебе. Рус. прыклад з’яўляецца дублетам бел. слова. Такім чынам, арэал распаўсюджання лексемы абмежаваны беларускай тэрыторыяй. Гэта можна разумець і як звонкі дублет да каўтун (< колтун), а можна і інтэрпрэтаваць услед за Вярэнічам, БЛ, 2, 1972, 72–73; БЛ, 10, 1976, 57, як прамое ўказанне на сувязь з колдовать, колдун.

Калду́н3 ’варэнік з мясам або з грыбамі’ (Сцяшк., Яруш.), ’бульбянік’ (Мат. Гом.), калдуны ’клёцкі, начыненыя мясным або іншым фаршам’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Грыг.; мінск., Шпіл.). Апрача бел. мовы слова ведаюць у рус. гаворках, статус іх, аднак, няясны. Паводле Даля (III выд.), рус. колдуны ’варэнікі з начынкай з рубленага мяса’ заходняе (беларускае). СРНГ падае раз. колдуны ’смажаныя піражкі’, свярдл., с.-урал. ’варэнікі’. Колтуны ’род варэнікаў, якія вараць, а пасля падсмажваюць’ таксама заходняе (Даль), як і ковтуны ’тс’. У польск. гаворках kołdun — ’разнавіднасць піражка, фаршыраванага сырым мясам’, літ. koldūnai ’тс’, запазычанне з бел. мовы або польск. перыферыйнага дыялекта. Польск. слова або пашырана ў перыферыйным дыялекце («крэсавая» інавацыя), або запазычана з бел. мовы. Бел. слова ў такім выпадку інавацыя на базе ўкр. кавдун ’бруха’, польск. kałdun ’бруха, вантробы’, в.-луж. kałdona, khaldona, kalduny, kałdony, н.-луж. kałduna, kołduny, дыял. kałdyna, kałdyny ’вантробы’, чэш. kaldoun, kaltoun, ст.-чэш. kaltun ’трыбух’, магчыма, першапачаткова ’адвараныя трыбухі’ → ’варэнікі, піражкі з трыбухой’ → ’варэнікі з мясам’. Зах.-слав. лексіка запазычана з ням. мовы, параўн. с.-в.-ням., с.-ням. kaldūne (з XIV ст.), ням. Kaldaunen ’ядомыя вантробы, трыбухі’, якое з с.-лац. caldūna, нар. лац. крыніца *caldumen ’цёплыя яшчэ вантробы забітых жывёл’, якое да лац. calidus ’цёплы’. Параўн. з шматлікай літаратуры Слаўскі, 2, 35; Махэк₂, 236. Бел. калдун ’страўнік’ (гарад., Сл. паўн.-зах.), калдун, калдуны ’галушкі з мясам’ у гаворках і на захадзе, і на ўсходзе, што ў большай меры нагадвае бел. інавацыю. Гом. калдун ’бульбянік’ — далейшае развіццё семантыкі беларускага слова.

Калду́н4 ’страўнік’ (гарад., Сл. паўн.-зах.). Іншыя фіксацыі адсутнічаюць, аднак не выключана, што слова ведаюць больш шырока. Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю запазычана з польск. перыферыйнага дыялекту, дзе kałdun ’страўнік, вантробы, бруха і да т. п.’ Пра этымалогію гл. падрабязней калдун3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хадзі́ць, хаджу́, хо́дзіш, хо́дзіць; незак.

1. Мець здольнасць, магчы рухацца, ступаючы нагамі (пра чалавека і жывёл). — Шкадуе бацька вельмі, што не можа хадзіць, — паведаміла шэптам Вера. Шамякін.

2. Тое, што і ісці (у 1 знач.), аднак хадзіць абазначае рух, які паўтараецца, адбываецца ў розны час і ў розных напрамках.

а) Перамяшчацца, ступаючы нагамі, робячы крокі (пра чалавека і жывёлу). Па-над рэчкай у лузе квяцістым Мы хадзілі, бывала, не раз. Колас. Круг за кругам гракі ходзяць услед за трактарамі. Бялевіч. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць характар падобнага руху. Збляднелая, змізарнелая Гертруда Паўлаўна ходзіць на дыбачках. Навуменка. Цяпер [свякроў] хадзіла згорбіўшыся і ўсё подбегам, трушком, быццам ёй горш, як усяму свету, часу не хапала. Брыль. // Карміцца на пашы, пасвіцца (пра жывёлу). За фермай на пасецы ля лесу хадзіла скаціна. Пташнікаў. Людзі ўбачылі нават Архіпа, статак якога хадзіў недалёка ў кустах. Пестрак.

б) Перамяшчацца пэўным маршрутам; ездзіць, плысці, ляцець (пра сродкі перамяшчэння). Паміж горадам, дзе вучылася Ганна Прыбыткоўская, і Якубавічамі хадзіў аўтобус штодзень. Чорны. — Вазьмі ж мяне, лётчык, хачу я.. На моры зірнуць хоць раз вокам, Як ходзяць па іх караблі. Купала. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць характар такога перамяшчэння. Хадзіць на вёслах. □ [Чмаруцька:] — У мае часы і вугалю было малавата, паравозы хадзілі на дрывах. Лынькоў. // Плаваць, ездзіць у якасці члена экіпажа, вадзіцеля. Хадзіць у міжгароднія рэйсы. □ [Павел Пятровіч:] — У час другой сусветнай вайны хадзіў матросам на гандлёвых параходах. Кухараў.

в) Перамяшчацца ў пэўным кірунку (пра свяцілы, хмары і пад.). Дзякуй сонцу, што ў небе хадзіла высока і сцяблам аддавала бацькоўскую сілу. А. Вольскі. Ходзяць зоры над краінай, Дрэвы стомленыя спяць. Глебка. Яшчэ раніцаю на захадзе хадзілі чорныя хмары, цяпер яны аблажылі кругом неба. Гурскі.

г) Перамяшчацца, рухацца масай, патокам, чарадой. Вецер то ходзіць пругка, шырока, нібы пнецца паваліць нешта, то скуголіць прарэзліва і дзіка. М. Стральцоў. Важка ходзіць ужо, не ляжыць акіян. Русецкі. На Случчыне, дажджамі ўмытай, што і казаць, гаспадары: высокай хваляй ходзіць жыта і побач высяцца капры. Вялюгін. / Пра рыб, дробных звяроў. Чародамі ў рэках хадзілі самы. Броўка. Увесь Дняпро ў кругах: ходзіць рыба шалёна. Караткевіч. // Разносіцца, быць чутным (пра гукі, пахі). Смех адказны, смех шчаслівы Ходзіць на пагорках. Колас. / у вобразным ужыв. Ходзіць па нівах бязмежных Вясна маладая. Танк. На снежных шырокіх прасторах Хадзіла зіма і мароз. Глебка.

3. у што, на каго або з інф. Тое, што і ісці (у 2 знач.), аднак хадзіць абазначае рух, які адбываецца ў розны час, у розных напрамках. Хадзіць у госці. Хадзіць у школу. □ Корпацца дзень у дзень на гаспадарцы і хадзіць дзень у дзень на работу ніхто не мог бы патрапіць. Чорны. Такіх асілкаў я калісьці сустракаў у Сібіры і на Далёкім Усходзе. З імі не страшна хадзіць на мядзведзя. Паслядовіч. З шчасцем і ў грыбы добра хадзіць. Прымаўка. // Бываць дзе‑н., наведваць каго‑, што‑н. Тэкля любіла хадзіць па суседзях — вельмі гутарлівая баба была. Бядуля. Некалькі гадоў жонка хадзіла па дактарах, ездзіла на курорты. Навуменка. // Выступаць у паход супроць каго‑н., нападаць. Хадзіць вайною. □ На ворага [народ] хадзіў у бітвы, хоць вораг быў аж вельмі люты. Дубоўка. Партызаны біліся не на жыццё, а на смерць. Дванаццаць дзён трымалі абарону і самі не раз хадзілі ў атакі. «Маладосць».

4. Пераходзіць, перадавацца ад аднаго да другога. Гэты ліст [жонкі Шышкіна] хадзіў па ўсёй батарэі. Няхай. А гуцулы п’юць, гуляюць, Ходзіць чарка па руках. Зарыцкі. // Распаўсюджвацца, станавіцца вядомым многім (пра чуткі, весткі і пад.). Пра горку хадзіла легенда, нібы пахаваны на ёй у далёкія-далёкія часы казачны волат-асілак. Лынькоў. — Пра Гарбачэўскага ходзяць легенды, — пачаў Шыманскі. — Ён сотні людзей выратаваў ад смерці... Гурскі. // Праяўляцца то ў адным, то ў другім месцы. Эпідэмія ходзіць. □ Словы аб тым, што ёсць на свеце шчаслівыя землі, па якіх не ходзіць жоўтая хвароба, засталіся марай аб лепшым, што рыхтавала.. [Арцёму] будучыня. Самуйлёнак.

5. Быць у руху; рухацца ўзад і ўперад або ўверх і ўніз, з аднаго боку ў другі. А там, за доўгімі сталамі, У стол уткнуўшыся насамі, Сядзяць пісцы, як гною кучкі, Скрыпяць іх пёрцы, ходзяць ручкі. Колас. Лоўка ходзіць моцны струг, Стружкі сыплюцца наўкруг. Дзеружынскі. // Зыбацца, ківацца (з-за няшчыльнага прылягання, злучэння). Маснічына ходзіць пад нагамі. // Калыхацца, дрыжаць. Дзірван пад намі ходзіць (Кол забіваем мы), Каб мог і ён адводзіць Калючыя грамы. Свірка.

6. Падымацца і апускацца пры глыбокім дыханні, пры напружанні і пад. [Колас:] — Я ў Грына моцна надыхваюся марскога ветру, грудзі ходзяць, як у дваццаць гадоў. Лужанін. У.. [Паўліка] нават сапраўдных мускулаў на руках няма, а ў Міколкі яны вунь якімі тугімі гузакамі пад скурай ходзяць. Бяганская.

7. Укісаючы, брадзіць. Цеста ходзіць. // перан. Быць узбуджаным, усхваляваным, узрушаным. Ходзіць лагер, нібы ў віры, Бо загад аддан. А тым часам камандзіры Вывучаюць план. Колас.

8. за чым. Разм. У спалучэнні з назоўнікамі азначае выкананне пэўнай работы, дзеяння пры дапамозе прылады, названай назоўнікам. Юрка патузваў лейцы, гукаў на каня і ўслед за ім, вельмі паволі, хадзіў за бараною. Чорны. [Марыя] хадзіла і за плугам, і за бараной, брала ў рукі і касу. «Звязда».

9. каля (ля) каго-чаго. Клапаціцца аб кім‑, чым‑н., даглядаць каго‑, што‑н. Змалку прывучыў.. [Сёмку] бацька хадзіць каля зямлі, любіць яе і даглядаць. Гартны. [Доктар:] Я Антону Мітрафанавічу медыкаментаў пакіну і раскажу, як каля раны хадзіць. Крапіва.

10. за кім. Заляцацца да каго‑н. За.. [Валяю] хадзілі хлопцы, але ніводзін не быў падобен да.. [Кавальчука]. Чорны. — Вы, цётка, думаеце, Сак за мной ходзіць? Не. Ён хоча браць Раю. Сягоння б ажаніўся, каб пайшла. Ермаловіч.

11. Насіць што‑н., апранацца як‑н., у што‑н. Цяпер Антон хадзіў чыста, галіўся, нават паправіўся. Ракітны. Адзін жыў — у лапцях хадзіў, у калгас прыйшоў — каптан знайшоў. Прымаўка.

12. Разм. Быць у якім‑н. званні, на якой‑н. пасадзе, на якой‑н. рабоце. [Баба Параска:] — А ты стаў культурны. Усё дзякуй ды дзякуй. На кожным, лічы, слове. Нябось вывучыўся недзе, можа ў начальніках ходзіш? Чыгрынаў. Не сорамна цяпер Марыі Пятроўне за дачку. У перадавіках ходзіць. «Работніца і сялянка».

13. Быць, знаходзіцца ў якім‑н. стане, настроі. Панурыя, злыя хадзілі мужчыны, аб чымсьці перашэптваліся, спрачаліся, дамаўляліся. Лынькоў. Слава, якому Тоня дазволіла неяк раз мазнуць пэндзлем, хадзіў сярод братоў і сясцёр ледзь не героем: лічыў сябе амаль запраўскім маляром. Даніленка. Вясёлы, гаманкі быў [Сцяпан Лісоўчык], калі ў хлопцах хадзіў. Ракітны. // Разм. Быць цяжарнай, чакаць дзіця. — Дык гэта ж у іх, пэўна, радзіны! — пляснула цётка рукамі. — Саша ж ходзіць апошнія дні. Васілевіч.

14. Выкарыстоўвацца тым або іншым чынам, у той або іншай запрэжцы (пра коней і пад.). [Сомік] адмаўляўся, што ў яго конь малады, у цяжкім возе ніколі не хадзіў, а каню было ўжо чатыры гады. Крапіва.

15. Рабіць ход якой‑н. фігурай, картай. Хадзіць канём. Хадзіць козырам.

16. Разм. Адпраўляць натуральную патрэбу. Хадзіць на двор.

17. заг. хадзі́(це). Разм. Запрашэнне ісці куды‑н., прыступаць да чаго‑н. — Ну, хадзі за стол, нябога; Сядзь і ты, стары, сюды, Пасілкуйцеся з дарогі... Колас. Хадзіце, хадзіце к марозу! Хадзіце ў госці хутчэй! Купала.

•••

Вецер ходзіць дзе гл. вецер.

Вецер ходзіць у галаве — тое, што і вецер гуляе ў галаве (гл. вецер).

Галава ходзіць кругам — тое, што і галава ідзе кругам (гл. галава).

Далёка хадзіць не трэба гл. трэба.

З торбай хадзіцьжабраваць, прасіць міласціну.

Каб ты па гары хадзіў ды сонца не бачыў! — ужываецца як праклён.

Каб ты па свеце не хадзіў! — ужываецца як праклён.

Па адной дошчачцы (маснічыне) хадзіць — дагаджаць каму‑н., падпарадкоўвацца ва ўсім.

Пад стол пяшком хадзіць — быць яшчэ зусім малым.

Пад сядлом хадзіць — выкарыстоўвацца для верхавой язды (пра коней).

Справа ходзіць пра што (аб чым) — тое, што і справа ідзе пра што (аб чым) (гл. справа ​1). Дзед Талаш — чалавек пераважна замкнуты. Сваімі думкамі не з кожным падзеліцца і думае іх спакваля, грунтоўна, асабліва калі справа ходзіць аб важных рэчах. Колас.

У золаце хадзіць — быць багатым.

Улегцы хадзіць — не быць нагружаным працай.

У чубы хадзіць — тое, што і брацца за чубы (гл. брацца).

Хадзіць арлом (гогалем) — хадзіць важна, ганарыста.

Хадзіць бабылём — доўга не жаніцца, жыць адзінока, без сям’і.

Хадзіць гужам (роем) за кім — выказваць сваё захапленне кім‑н.; пра поспех у многіх.

Хадзіць козырам (кандзібоберам) — паводзіць сябе ганарліва, незалежна; задавацца.

Хадзіць кругом ды навокала — гаварыць намёкамі, абыходзячы сутнасць справы.

Хадзіць на галаве — дурэць, сваволіць, нікога не слухацца.

Хадзіць (стаяць) на задніх лапках перад кім — прыслужвацца, выдыгаць перад кім‑н.

Хадзіць на мяккіх лапах — а) хадзіць крадучыся, цішком, каб не чулі; б) перад кім услужваць каму‑н., выслужвацца перад кім‑н.

Хадзіць на пальчыках — далікатна абыходзіцца з кім‑н., выказваючы павагу, шкадуючы каго‑н.

Хадзіць на пары́ — пра цяжарную перад блізкімі родамі.

Хадзіць на часах — тое, што і хадзіць на пары́.

Хадзіць пад пенай — цяжка, заўзята працаваць.

Хадзіць па зямлі — жыць.

Хадзіць па людзях — набірацца, жабраваць.

Хадзіць па лязе — рызыкаваць, быць у небяспецы.

Хадзіць па руках — а) пераходзіць ад аднаго да другога, быць у карыстанні то ў аднаго, то ў другога; б) уступаць у любоўныя зносіны то з адным, то з другім мужчынам (пра жанчыну). — Хто ведае, .. што было б з тою шляхцянкаю, што адзін час нават па руках хадзіла? Бажко.

Хадзіць па струнцы — быць вельмі дысцыплінаваным, паслухмяным; бясспрэчна падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н. Сыны, дочкі, унукі і праўнукі хадзілі па струнцы, разам садзіліся за стол і, пад’еўшы, дзякавалі бабцы, хоць яна даўно не кухарыла. Лужанін.

Хадзіць у воўчай скуры (шкуры) — маскіравацца з пэўнай мэтай. [Багуцкі:] — Мне нельга, аднак, адкрыта гаварыць з імі [рабочымі] і мне абрыдла.. хадзіць у гэтай воўчай скуры і адчуваць, як кожны позірк нашых людзей нібы распаленым жалезам працінае маё сэрца. Лынькоў.

Хадзіць у запрэжцы — а) быць запражным, выкарыстоўвацца ў якасці запражнога (пра каня, вала і пад.); б) рабіць адну справу.

Хадзіць улукаткі — хадзіць зігзагамі, крыва, віляючы з боку ў бок.

Хадзіць (прасіцца) у наначкі — хадзіць да каханай дзяўчыны (жанчыны) і заставацца там нанач. За гарадской прапіскаю Вы ідзяце ў нянечкі. Вас у пад’ездах ціскаюць, Салдаты просяцца ў наначкі. Барадулін.

Хадзіць у пазычкі — пазычаць.

Хадзіць фертам — мець бравы, самаздаволены выгляд.

Хадзіць ходырам (хадуном) — а) моцна хістацца, калыхацца. Кузаў рыпеў, патрэскваў, хадзіў ходырам; пасажыраў вадзіла ва ўсе бакі. Ракітны. Ірка спынілася — сталі і.. [алені]. Дыхалі часта-часта, бакі ў іх хадзілі хадуном. Пташнікаў; б) быць у руху, кіпець, хвалявацца. Ды і ад дзеда Хвядоса, і ад даўгінаўскіх дзядзькоў я чуў, што некаторыя фальваркі ўжо хадуном ходзяць, а паны грызуцца паміж сабою, як сабакі. Бажко.

Хадзіць як пад зямлёй — мець прыгнечаны стан, дрэнны настрой.

Чыста хадзіць каля посуду — есці ўсё да канца, усё, што даюць, з апетытам.

Язык гладка ходзіць гл. язык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ісці́, іду, ідзеш, ідзе; ідзём, ідзяце, ідуць; пр. ішоў, ішла, ішло; заг. ідзі; незак.

1. Перамяшчацца, перасоўвацца ў прасторы:

а) Рухацца, ступаючы нагамі, робячы крокі (пра чалавека і жывёлу); крочыць. Аўсамі ішоў чалавек, выбіраючыся з лагчыны на ўзгорак да гасцінца. Чорны. Ляснымі дарогамі скрыта к чыгунцы ідуць партызаны. Колас. Насцярожана задзіралі галовы ласі, ідучы да вадапою. Кірэйчык. // (з акалічнаснымі словамі, якія паказваюць характар падобнага руху). Ужываецца ў значэнні: бегчы, імчацца, несціся і пад. Алені ішлі лёгкім трушком. Шамякін. Па дарозе ад Нёмана рыссю ідзе сувязны. Брыль;

б) Ехаць, плысці, ляцець (пра сродкі перамяшчэння). Машыны, танкі, артылерыя ішлі бесперапыннай плынню і ўсё ў адным напрамку — на захад. Шамякін. Ідуць калгасныя падводы, Дабро вязуць грузавікі. Колас. / З акалічнаснымі словамі, якія ўказваюць на характар, спосаб руху. Ісці на вёслах. Ісці на ўсіх парусах. // Адыходзіць, адпраўляцца ў пэўны момант, час. Экспрэс ідзе а дзесятай гадзіне вечара. // Ехаць, плысці, ляцець на якім‑н. са сродкаў перамяшчэння. На атамным ледаколе «Ленін» ішла экспедыцыя ў акіян.

в) Быць у дарозе, будучы адасланым куды‑н. (пра пісьмы, пасылкі, кантэйнеры і інш.). Кантэйнер ідзе чыгункай. □ Нарэшце пісьмо прыйшло: як выявілася, нейкія сто кіламетраў яно ішло пяць дзён. Шамякін. // Дамаўляцца, прыбываць адкуль‑н. куды‑н. Чай ідзе з Каўказа. □ Ходзіць вецер, Ловіць прыпах нафты, Што да нас з Татарыі ідзе. Калачынскі; г) Перамяшчацца масай, патокам, чарадой. Застаўся вецер ззаду дзесь, як хмара, следам пыл ідзе. Дубоўка. — Крыгі ідуць па Дзвіне — проста жах. Брыль. // Рухацца чарадой, касяком (пра рыбу і пад.). На бераг рыба ўся ідзе, аж возера шуміць-гудзе. Дубоўка.

2. у што, на што або з інф. Накіроўвацца, адпраўляцца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Ісці гуляць. Ісці ў госці. Ісці на выбары. Ісці ў ягады. □ [Сегень] варушыўся кожную раніцу пад вокнамі хат і заказваў — каму што рабіць, каму куды ісці. Чорны. // на каго, супроць каго. Выступаць у паход, нападаць. Калі нарадзіўся волат, не знаў ён ні хвілі спакою: Варожых дзяржаў чатырнаццаць ішлі на яго вайною. Куляшоў. // перан. Разм. Выступаць праціўнікам, пярэчыць. — Завошта нам было б забіваць адзін аднаго, завошта ісці брату на брата? Самуйлёнак.

3. перан. Прыступаць да якой‑н. службы, дзейнасці; уступаць куды‑н., рабіцца кім‑н. Ісці ў партызаны. Ісці ў армію. Ісці ў інстытут. □ Да таварышаў, якія ідуць у літаратуру, К. Чорны звяртаўся з горкаўскім папярэджаннем: работа літаратараў надзвычай цяжкая. Кудраўцаў. Стары настаўнік Ягор Ягоравіч, адпрацаваўшы ў школе год з пяцьдзесят, атрымаў персанальную пенсію і ішоў на адпачынак. Корбан.

4. перан. Рухацца, развівацца ў якім‑н. напрамку. Ісці да камунізма. □ Гады праходзілі. Краіна Ішла наўсцяж да перамог. Глебка. Так і прайшоў свой шлях Васіль Іванавіч ад камсамольца да сакратара абкома партыі. Ішоў са ступенькі на ступеньку. Лынькоў. // у што. Развівацца, расці пэўным чынам (пра расліны). Бульба ідзе ў націну. // Дзейнічаць, паводзіць сябе тым або іншым чынам. Ісці разам з калектывам. □ Працавала [Тамара] па 7 гадзін. Але крок у крок ішла з тымі, хто працаваў поўную змену. «Работніца і сялянка». // Разм. Мець якія‑н. вынікі, паказчыкі ў чым‑н. Вучань добра ідзе па ўсіх прадметах. □ Дзяўчына была энтузіястка, яна і ў вучобе ішла на сярэбраны медаль. Шамякін. // за кім-чым. Трымацца каго‑н.; наследаваць каму‑н., далучацца да чыіх‑н. думак, поглядаў. Мы мацнеем і расцём, бо за партыяй ідзём. Прыказка.

5. ад каго-чаго, з чаго. Выдзяляцца, выходзіць, расплывацца. Ад зямлі ідуць густыя пахі ляснога рэдкатраўя, мокрага ад расы і сырасці ляжалага лісця. Пташнікаў. Калі Лукаш ужо набліжаўся да вёскі, з навадворскіх комінаў ішоў дым. Кавалёў. // Распаўсюджвацца (пра гукі, святло і пад.). Зязюля лічыла некаму гады, і аж пошчак ішоў па лесе ад яе кукавання. Даніленка. Неба на ўсходзе гарэла, ясната ішла ад ружовай разлегласці на ім. Чорны. // З’яўляцца, выходзіць, вынікаць. Паэзія [Янкі Купалы] ішла ад думак і жаданняў народа. Івашын. // Выдзяляцца, цячы. Кроў ідзе з раны. Пот ідзе. // Паступаць, падавацца. Газ ідзе. Ток ідзе. Пара ідзе па грубцы. □ Хлапчук, што хацеў быць дарослым, корпаўся ў млыне, дзе ішла якраз яго мука. Брыль. // Раcпаўсюджвацца (пра чуткі, весткі і пад.). Ідуць весткі з усіх канцоў. □ Пра абухаўцаў ішла слава яшчэ з 1901 года. «Работніца і сялянка». На Беларусі Па вёсках ідуць пагалоскі — з’явіўся Кастусь Каліноўскі. Броўка.

6. Набліжацца, з’яўляцца адкуль‑н. У акружаным блакадай лагеры ўсе радуюцца: «Нашы ідуць!..» Якімовіч. З вісклівым крыкам: «Ідзе! Ідзе!..» пранесліся пад акном Мікітка з Валодзькам, ускочылі ў хату і паведамілі, што ідзе машына. Ракітны. // перан. Насоўвацца, надыходзіць, прыбліжацца. Ноч ідзе З маланкамі, Дажджамі. Хведаровіч. З яркім сонцам, З пукам красак Май да нас ідзе. Бядуля.

7. Разм. Знаходзіць збыт, пакупніка. Тавар не ідзе. // Прадавацца па той або іншай цане. Ісці за бясцэнак.

8. перан. Рэгулярна налічацца, адпускацца (пра якія‑н. сродкі). Ідуць працэнты. Ідзе пенсія. Ідуць працадні. Зарплата ідзе. □ — Вам цяпер ідуць грошы кожны месяц, жывяце вы, дай божа на ўсякага добрага... Чорны. Слімак быў вельмі задаволены сваёй камандзіроўкай: ішлі добрыя сутачныя. Лынькоў.

9. Рассцілацца, пралягаць; мець пэўны кірунак, цягнуцца. Лагчына ішла далёка, аж пад лес. Сюды цяпер з поля пасля дажджу сцякала вада. Пташнікаў. І аднастайнай чарадой Ішлі стракатыя палоскі, Як невясёлых думак рой. Глебка. // Цягнуцца, праходзіць дзе‑н. Дарога ішла лесам. □ — Праз Калхіду ішоў вялікі гандлёвы шлях з Грэцыі і Рыма ў краіны Бліжняга Усхода і ў Індыю. Самуйлёнак. // Адыходзіць, адгаліноўвацца ад чаго‑н. У сыпкім пяску Ад калодзежных зрубаў Ідуць вадавода Смалістыя трубы. Лужанін. // Праходзіць, працягвацца ў якім‑н. напрамку. Вуліца ідзе ўгару. На горцы — Арынская царква, могілкі. Дамашэвіч. Паз ішоў крыва і быў мясцінамі то зусім мелкі, го занадта глыбокі. Дуброўскі. // Займаць тое або іншае месца ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Я напішу, што ў класе Уперадзе іду, Што я ні ў якім разе Яго не падвяду. Гілевіч. За прасначкамі йшлі кампоты, Кісель з мядоваю сытою; Вячэру скончылі куццёю. Колас.

10. Дзейнічаць, працаваць (пра механізмы, машыны і пад.). Гадзіннік ідзе. □ Сцены карпусоў злёгку дрыжэлі, фабрыка ішла сваім поўным ходам. Лынькоў.

11. Капаць, цячы, ляцець (пра ападкі). Дождж ідзе. □ Узімку [на Вогненнай Зямлі] разам з дажджом часта ідзе і снег. Маўр.

12. Мінаць, працякаць, праходзіць у часе. Ішлі гады, дзеці іх раслі, жаніліся, выходзілі замуж — і хатка выцягвалася па вуліцы ў абодва бакі. Ракітны.

13. Цягнуцца, працягвацца. За акном павольна ішла ноч, роіліся зоры, і ападалі некаторыя з іх. Самуйлёнак. Жыццё ішло, поўнае чароўнасці і прыгажосці. Кавалёў. // каму. Быць у якім‑н. узросце. — Уладзіку трынаццаты год ідзе... Чорны.

14. Мець месца, адбывацца, праходзіць. Ідзе ўрок. Суд ідзе. У кватэры ідзе рамонт. □ На станцыі ішла ўжо выгрузка танкаў. Мележ. // Выконвацца, паказвацца, ставіцца (пра п’есу, спектакль і пад.). Ідзе новы кінафільм. // Быць прынятым да друку. Артыкул ідзе ў наступны нумар часопіса. // (звычайна з акалічнаснымі словамі). Адбывацца, быць у пэўным стане; удавацца, атрымлівацца. Справы ідуць добра. □ Мікалай распытваў Веру, як жывецца, як ідзе вучоба. Дамашэвіч.

15. Весці пачатак, паходзіць ад чаго‑н. Традыцыі гэтага змагання ідуць і з даўніх часоў, і з свежых яшчэ ў нашай памяці.. войнаў 1914–1920 гадоў. Чорны. // Лагічна развіваць думку ад агульнага да прыватнага або ад фактаў да абагульненняў. Ісці ад фактаў.

16. на што. Быць гатовым або схільным да чаго‑н., згаджацца на што‑н. Ісці на кампраміс.

17. у што, на што, пад што. Прызначацца, выкарыстоўвацца, ужывацца для чаго‑н. Перац ідзе ў страву як прыправа. Салома ідзе на подсціл жывёле. Дом ідзе пад знос. □ Іграюць пілы пільшчыкаў — На дошкі йдзе бярвенне. Купала. // Выдаткоўвацца, расходавацца, траціцца. На дарогу ідзе многа часу. □ Частка лякарстваў ішла на аказанне дапамогі насельніцтву. «Звязда».

18. каму-чаму. Падыходзіць, адпавядаць, пасаваць. Вясёласць гэтая неяк не ішла .. [шарманшчыкам], асабліва.. барабаншчыку. Чорны. // Быць да твару. [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару. Колас.

19. Разм. Надзявацца, узлазіць без цяжкасцей. Чаравік не ідзе на нагу. // у што. Свабодна ўваходзіць, ўлазіць. Нітка свабодна ідзе ў шаршатку. Цвік не ідзе ў сцяну.

20. (часта з адмоўем). Разм. Атрымлівацца, ладзіцца, спорыцца. Хацеў бы я пеці Аб сваёй бядзе, Дый мне сэрца ные, Песенька не йдзе. Купала. — Вось цвердзь! А-а-а... Даўней грыўню мог сагнуць пальцамі, а гэта не ідзе... Чорны.

21. за каго. Уступаць у шлюб, выходзіць замуж (пра жанчыну). Марылька ішла замуж за Няміру. Чорны.

22. чым, з чаго. Рабіць ход у гульні. Ісці канём. Ісці козырам. Ісці з туза.

23. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне, ужываецца ў значэнні: падпадаць пад што‑н. (што выражана назоўнікам). Ісці ў рамонт. Ісці ў чыстку.

24. (з прыназоўнікамі «на», «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае наступленне працэсу, стану, дзеяння, якое выражана назоўнікам. Ісці на змяншэнне (змяншацца). Ісці ў рост (расці, пачынаць расці). Ісці на лад (ладзіцца, наладжвацца). Ісці на спад. Ісці на пасадку. Ісці на ўступкі. Ісці ў наймы. □ Рыгорку няцяжка было ўгаварыць Данілу ісці ў сваты да Бары, даводзячы, што цяпер якраз самы зручны момант. Дуброўскі.

25. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае: пачынаць рабіць што‑н., пускацца ў што‑н. Ісці ў скокі.

26. аб кім-чым, пра каго-што. Весціся (пра гаворку, гутарку і пад.). Ішла гаворка пра ўраджай. □ Залескі быў хворы, і Яўген Лубян часова замяшчаў яго. Аб ім ішла і гутарка. Шамякін. Язэп прысеў на табурэтку каля стала, слухаючы, аб чым ідзе размова. Дуброўскі.

27. за каго, што. Разм. Аказвацца прыгодным, сыходзіць за што‑н., з’яўляцца добрай заменай чаго‑н. Чорны хлеб ідзе за пірог.

28. Разм. Расходавацца хутка, лёгка. — Чырвонец вазьмі!.. У горадзе ідуць грошы, як вада праз пальцы. Мыслівец.

•••

Галава ідзе кругам гл. галава.

Далей (ісці) некуды гл. некуды.

З торбай ісці — пачаць жабраваць, прасіць міласціну.

Ідзіце здаровы — развітальны выраз.

Ісці міма рук — не даставацца каму‑н.

Ісці на дно — а) цярпець няўдачу, паражэнне; б) маральна апускацца, занепадаць.

Ісці на павадку ў каго — быць у залежнасці ад каго‑н., ставіць свае дзеянні, паводзіны ў залежнасць ад каго‑н.

Ісці на свой хлеб — пачаць жыць самастойна, зарабляць сабе на жыццё.

Ісці насустрач каму-чаму — садзейнічаць, дапамагаць каму‑н., спачувальна адносіцца да каго‑, чаго‑н.

Ісці на той свет — паміраць.

Ісці на ўсё — скарыстоўваць любыя сродкі для дасягнення мэты.

Ісці пад вянец — вянчацца, уступаючы ў шлюб.

Ісці пад суд — прыцягвацца да судовай адказнасці.

Ісці па лініі найменшага супраціўлення — выбіраць найбольш лёгкі спосаб дзеянняў, ухіляючыся ад цяжкасцей, пазбягаючы перашкод.

Ісці прамой дарогай — жыць сумленна, дзейнічаць без хітрыкаў і падману для дасягнення чаго‑н.

Ісці рукою — добра весціся, гадавацца, пладзіцца.

Ісці сваёй дарогай — дзейнічаць самастойна, не паддаючыся чужому ўплыву.

Ісці супраць цячэння — дзейнічаць наперакор існуючым традыцыям, поглядам і пад.

Ісці ўгору (угару) — а) атрымаць павышэнне па службе, займець павагу, аўтарытэт і пад.; б) паспяхова развівацца.

Ісці ў дзела — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.

Ісці ў заклад — спрачацца на грошы або што‑н. іншае.

Ісці ў касе — касіць.

Ісці ў нагу з кім-чым — дзейнічаць, працаваць, развівацца нароўні з кім‑н., у адпаведнасці з кім‑, чым‑н.

Ісці прочкі — сыходзіць з дому, не ўжыўшыся з жонкай або мужам.

Ісці ўразрэз з чым — рэзка разыходзіцца з чым‑н., супярэчыць чаму‑н.

Ісці ў ход — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.

Кусок у горла не ідзе гл. кусок.

Мароз па скуры (па спіне) ідзе гл. мароз.

Не ідзе з галавы — пра тое, што турбуе, хвалюе ўвесь час.

Не ідзе (не лезе) у галаву — а) няма жадання або магчымасці рабіць што‑н., думаць пра што‑н.; б) не засвойваецца, не запамінаецца што‑н.

Не ідзе ў руку — не ладзіцца, не шанцуе.

Не ісці далей — спыніцца на чым‑н., абмежавацца чым‑н.

(Ні) ў (якое) параўнанне не ідзе з кім-чым — нельга параўноўваць з кім‑, чым‑н.

Ходырам ісці — тое, што і ходырам хадзіць (гл. хадзіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)