АБРАМО́ВІЧ Зігмунт Іосіфавіч (па сцэне Антон Забель; 25.6.1892, Масква — 20.3.1988),

бел. акцёр. У 1909—10 удзельнік Гродзенскага гуртка бел. моладзі. У 1911 адзін з вядучых акцёраў Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Выконваў камедыйныя і характарныя ролі: Пранцішак («Модны шляхцюк» К.​Каганца), Бондар («У зімовы вечар» паводле Э.​Ажэшкі), Скакунец («Пашыліся ў дурні» М.​Крапіўніцкага) і інш. З 1919 жыў у Польшчы. Аўтар успамінаў пра Буйніцкага і бел. тэатр «Няходжанымі сцежкамі» (1971).

Літ.:

Няфёд У.І. Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі. Мн., 1959. С. 98—101;

Сабалеўскі А.В. [Уступ да артыкула «Няходжанымі сцежкамі»] // Полымя. 1971. № 4.

У.​І.​Няфёд.

З.І.Абрамовіч.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЫ́ЗКА Іасафат Пятровіч (1826, Лепельскі р-н Віцебскай вобл. — 30.3.1890),

выдавец, журналіст, удзельнік рэв.-вызв. руху 1860-х г. Скончыў Мінскую гімназію, Пецярбургскі ун-т са ступенню кандыдата права (1849). Працаваў у Мін-ве фінансаў. У Пецярбургу заснаваў друкарню, выдаваў газ. «Słowo» («Слова», 1859, на польск. мове, забаронена ўрадам), перавыдаў зб. стараж. законаў Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны Валюміна легум і інш. З студэнцкіх гадоў прымыкаў да гуртка З.​Серакоўскага, падтрымліваў сувязі з М.​Г.​Чарнышэўскім, з рэв. т-вам «Зямля і воля». У 1863 гал. прадстаўнік варшаўскага паўстанцкага ўрада ў Пецярбургу. 14.11.1864 арыштаваны і прыгавораны да 20 гадоў катаргі.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКІ МАСТА́ЦКІ ГУРТО́К,

культурна-асветная арганізацыя, створаная з мэтай каардынацыі і прапаганды творчасці мясц. мастакоў, удасканалення іх прафесійных здольнасцей. Дзейнічаў у 1901—08 у Вільні. У праўленне ўваходзілі І.​Балзукевіч, С.​Кузняцоў, В.​Разанаў, І.​Рыбакоў, І.​Трутнеў, пазней Ю.​Іадкоўскі, А.​Папоў і інш. Аддзелы: маст., муз., літ.-драм. і шахматны. Праводзіліся заняткі па маляванні з натуры, літ. і муз. вечарыны, аматарскія спектаклі, чыталіся даклады па мастацтве. У 1908 члены гуртка арганізавалі Віленскае мастацкае таварыства.

Літ.:

Устав Виленского художественного кружка. Вильна, 1901;

Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. СПб., 1992.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 4, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎРА́НЕК (Hauránek) Багуслаў (30.1.1893, Прага — 2.3.1978),

чэшскі мовазнавец, славіст. Адзін з заснавальнікаў Пражскага лінгвістычнага гуртка. Акад. Чэхаславацкай АН, праф. ун-та ў Брно (з 1929), Карлава ун-та ў Празе (з 1945). Працы па чэшскім мовазнаўстве («Чэшскія дыялекты», 1934; «Развіццё чэшскай літаратурнай мовы», 1936; «Нарыс літаратурнай мовы», 1963), параўнальнай граматыцы і параўн.-гіст. вывучэнні літ. слав. моў («Genera verbi ў славянскіх мовах», 1928—34). Распрацоўваў функцыянальна-структурную тэорыю. Адзін з заснавальнікаў і рэдактар часопісаў «Slavia» («Славія»), «Slovo a slovesnost» («Слова і славеснасць»), «Naše řeč» («Наша мова»). Дзярж. прэмія ЧССР 1957. А.​А.​Кожынава.

т. 5, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫ-ГО́РАЦКІ НАРО́ДНІЦКІ ГУРТО́К.

Дзейнічаў у 1879—80 у мяст. Горкі (цяпер горад у Магілёўскай вобл.). Аб’ядноўваў вучняў земляробчага, землямерна-таксатарскага і рамеснага вучылішчаў. Створаны вясной 1879 па ініцыятыве выпускніка Магілёўскай гімназіі Э.​Ф.​Акушкі; кіраўнік — вучань рамеснага вучылішча М.​Л.​Выржыкоўскі. Гурток меў нелегальную б-ку, падтрымліваў сувязі з рэвалюцыянерамі-народнікамі Магілёва, Віцебска, Гродна, Пскова, Кіева, Пецярбурга і інш. З лета 1879 гурткоўцы вялі прапагандысцкую работу, але з-за недахопу канспіратарскага вопыту арыштаваны. Паліцыі не ўдалося высветліць маштабы дзейнасці гуртка і справа была спынена. Над Выржыкоўскім і Акушкам быў устаноўлены тайны нагляд паліцыі.

В.​М.​Чарапіца.

т. 5, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЙЗЕ, Хейзе (Heyse) Паўль фон (15.3.1830, Берлін — 2.4.1914), нямецкі пісьменнік. Атрымаў гуманітарную адукацыю ў Берлінскім і Бонскім ун-тах (1847—52). Адзін з кіраўнікоў мюнхенскага гуртка пісьменнікаў, прыхільнікаў «мастацтва дзеля мастацтва». Рамантычны настрой характэрны навелам («Арабіята», 1855, і інш.) і аповесцям Гайзе («Марыён», 1855, «Партрэт маці», 1859, і інш.). У раманах уздымаў пераважна этычныя праблемы: «Дзеці стагоддзя» (1873), «У раі» (1875), «Мерлін» (1892) і інш. Аўтар драм. твораў, вершаў, перакладаў італьян. паэзіі. Першы ням. пісьменнік, які атрымаў Нобелеўскую прэмію (1910).

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—2. М., 1911—12.

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬБУШЭ́ВІЧ Марыя Уладзіміраўна (Вульфаўна; 1879, г. Гродна — ?),

удзельніца яўр. рабочага і сіянісцкага руху на Беларусі. З канца 1890-х г. чл. мінскага гуртка Бунда. 7.3.1900 арыштавана. У час допытаў нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.​В.​Зубатавым трапіла пад уплыў яго тэорыі аб магчымасці легальнага рабочага руху (гл. Зубатаўшчына). У жн. 1900 вызвалена. Займалася прапагандай зубатаўскіх ідэй у Гродне і Мінску. Адна з заснавальнікаў Яўр. незалежнай рабочай партыі (ЯНРП; чэрв. 1901). Пастаянна інфармавала Дэпартамент паліцыі і Зубатава пра ўсе падрабязнасці руху. Пасля ліквідацыі ЯНРП (1903) уступіла ў гурток рабочых-сіяністаў («Паалей Цыён»). З 1904 у Швейцарыі, потым у ЗША, Палесціне.

М.​А.​Сакалова.

т. 4, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНО́ЎСКІ Цімафей Мікалаевіч (21.3.1813, г. Арол, Расія — 16.10.1855),

расійскі гісторык, адзін з лідэраў заходнікаў. Д-р гіст. н. (1849). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1835). Праф. гісторыі Маскоўскага ун-та (1839—55). Чытаў публічныя лекцыі па гісторыі зах.-еўрап. сярэдневякоўя, параўнальнай гісторыі Англіі, Францыі і інш. З 1847 кіраўнік гуртка маскоўскіх заходнікаў. Лічыў гал. рухавіком гіст. працэсу натуральныя фактары (геагр., этнагр., антрапал. і фізіял. ўмовы існавання чалавека), а яго асновай — імкненне ўсіх народаў да свабоды і гармоніі; падкрэсліваў агульнае ў гіст. развіцці Расіі і краін Зах. Еўропы і інш.

Тв.:

Лекции по истории средневековья. М., 1987.

Літ.:

Левандовский А.А. Время Грановского. М., 1990.

т. 5, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ГУРТО́К БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ЛАДЗІ.

Дзейнічаў у Гродне ў 1909—14. Меў на мэце пашыраць веды пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, мову, развіваць нац. свядомасць моладзі. Кіраўнікі: ксёндз Ф.​Грынкевіч, да студз. 1912 К.​Колышка, з восені 1913 А.​Зянюк. У гурток уваходзілі пераважна вучні мясц. школ, гімназій. Працаваў нелегальна. Меў сувязі з газ. «Наша ніва», бел. выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», бел. кнігарняй у Вільні, Беларускім навукова-літаратурным гуртком студэнтаў С.-Пецярбургскага ун-та і інш. Члены гуртка займаліся літ. творчасцю (З.Верас, Я.​Лявіцкі, Колышка), збіралі б-ку бел. выданняў, наладжвалі вечарыны, ставілі спектаклі.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́ЎСКІ Восіп Фаміч (1859, в. Райск Беластоцкага ваяв., Польшча — 1935),

бел. рэвалюцыянер-народнік, дзеяч польскага сацыяліст. руху. З 1878 чл. народніцкай арг-цыі «Зямля і воля». У 1879 перайшоў на пазіцыі «Народнай волі». Разам з чл. нарадавольскага гуртка ў Гродне планаваў серыю тэрарыст. актаў. Быў арыштаваны, прыцягваўся да дазнання па справах аб сацыяліст. прапагандзе ў Пецярбургу, Гродне, «працэсе 137-і» ў Варшаве. У 1880 высланы ў Кастраму, у 1881 — у Цюменскую вобл., дзе ў 1884 удзельнічаў у хваляваннях ссыльнапасяленцаў. У 1886 вярнуўся ў Беласток. За сувязі з «Народнай воляй» і польскай рэв. арг-цыяй «Пралетарыят» у 1887 арыштаваны, у 1888 высланы ў Іркуцкую вобл.

В.​М.​Чарапіца.

т. 3, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)