ПО́ЛАЦКАЯ ГУБЕ́РНЯ,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1776—96. Утворана паводле ўказа Кацярыны II ад 4.9.1776 і ўказа Сената ад 2.4.1777 на землях ВКЛ, далучаных да Рас. імперыі ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Цэнтр — г. Полацю. Уключала 11 паветаў, вылучаных з Пскоўскай губерні: Веліжскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Дынабургскі, Люцынскі, Невельскі, Полацкі, Рэжыцкі, Себежскі, Суражскі. З 1778 да 1796 складала асобнае Полацкае намесніцтва. У 1784 у П.г. было 15 мястэчак, 144 сялы, 1125 сяльцоў, 61 пагост, 21 слабада, 14042 вёскі, у 78 070 дварах пражывала 620 266 чал. падатковага насельніцтва. У 1777 мелася 22 правасл., 153 уніяцкія, 44 каталіцкія прыходы. У 1793 у губерні ўтвораны Лепельскі павет, у 1795 да яе далучана частка тэр. Мінскай губ. Паводле ўказа ад 23.12.1796 П.г. аб’яднана з Магілёўскай губерняй у Беларускую губерню.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 12, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́СТНИК МИ́НСКОГО ГУБЕ́РНСКОГО ЗЕ́МСТВА»,

часопіс. Выдаваўся ў 1914—15 у Мінску на рус. мове. Асвятляў дзейнасць губернскіх і павятовых земстваў, пытанні сельскай гаспадаркі і меліярацыі, лясной справы, эканам. жыцця губерні. Змяшчаў хроніку, распараджэнні ўрада і сената па земскіх справах. Апублікаваў агляд дзейнасці Мінскага земства за 3 гады, нарыс «Кароткая характарыстыка Палесся». Выйшла 20 нумароў.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ГІСТПА́РТ,

камісія па вывучэнні гісторыі кампартыі і Кастр. рэвалюцыі пры Віцебскім губкоме РКП(б). Існаваў з пач. 1922 да сак. 1924. Створаны на аснове пісьма ЦК РКП(б), у якім прапанавалася «неадкладна прыступіць да арганізацыі абласных і губернскіх гістпартаў». Узначальваў чл. губкома партыі С.​М.​Крылоў. Гал. кірункі работы камісіі — абследаванне архіваў і выяўленне матэрыялаў па гісторыі рэв. барацьбы, збор і публікацыя ўспамінаў старых бальшавікоў і ўдзельнікаў рэв. руху на Віцебшчыне. Асобныя матэрыялы друкаваліся ў час. «Коммунистический труд». Віцебскі гістпарт выпусціў кнігу мемуараў Б.​Д.​Пінсана «Бальшавікі ў Віцебску» (1922) і зб. успамінаў, артыкулаў і матэрыялаў «Чырвоная быль» (1923), у які ўвайшлі ўспаміны ўдзельнікаў барацьбы за сав. ўладу ў губерні Б.​Брэслава, Я.​Гоба, Крылова і інш., матэрыялы пра рэв. падзеі ў лют.кастр. 1917 і ўстанаўленне сав. улады ў губерні. Віцебскі гістпарт ліквідаваны ў сувязі з уваходам Віцебскай губ. ў склад БССР.

У.​М.​Міхнюк.

т. 4, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вы́сылка, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. высылаць — выслаць ​1 (у 2 знач.).

2. Мера пакарання. Тры гады назад, адбываючы высылку ў Сімбірскай губерні, ён напісаў баладу пра пакуты маладога вявня... Мехаў.

3. Р мн. ‑лак. Разм. Месца ссылкі. [Вера:] — Пасля Лютаўскай рэвалюцыі .. [муж] вярнуўся з высылкі, і яны пачалі жыць зноў разам. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

«ВЕ́СТНИК МОГИЛЁВСКОГО ЗЕ́МСТВА»,

часопіс. Выдаваўся ў 1914—17 у Магілёве на рус. мове. Меў на мэце служыць інтарэсам і патрэбам земскага і гар. самакіравання, пераважна заходніх земстваў, утвораных у адпаведнасці з указам ад 14.3.1911. Асвятляў дзейнасць земскіх устаноў, пытанні сельскай гаспадаркі, меліярацыі, эканам. жыцця губерні, змяшчаў агляды дзейнасці земстваў інш. губерняў, пастановы ўрада па земскіх справах. Выйшла 67 нумароў.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТА́ЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі, Польшчы і БССР у 18 і 20 ст. У 1793—95 у Мінскай губерні Рас. імперыі, у 1922—39 у Віленскім ваяводстве Польшчы (у 1921—22 называўся Дунілавіцкім пав.), з вер. 1939 у складзе БССР (са снеж. 1939 у Вілейскай вобл.). Цэнтр — г. Паставы. 15.1.1940 скасаваны, на тэр. павета ўтвораны раёны.

т. 12, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЖЫ́НСКІ (Рыгор Іванавіч) (1838—1910?),

бел. этнограф і фалькларыст. Скончыў Нежынскі ліцэй. З 1861 настаўнік гімназій у Свянцянах, Мазыры, Гродне, інспектар нар. вучылішчаў Гродзенскай, з 1869 Мінскай губ. З 1875 дырэктар нар. вучылішчаў Варонежскай губ. Друкаваўся ў газ. «Минские губернские ведомости» («Пра духоўныя простанародныя песні Паўночна-Заходняга краю», 1868; «Мінск губернскі», 1877), «Гродненские губернские ведомости» («Пра зборнік заходнярускіх прыказак і прымавак», 1866; «Нататка пра гісторыю народнай паэзіі» і «Пра этнаграфічныя звесткі, што датычацца Заходняй Расіі», абодва 1867) і інш., аўтар артыкулаў «Сцэны з беларускага быту», «Батлейка» (абодва 1873). Пісаў для «Вестника Западной России» («Гродзенскія пісьмы: [Беларускія паданні і песні пра святога Юр’я]», «Сяло Казанскае, былое Куродзічы, Рэчыцкага павета Мінскай губерні», абодва 1865—66). З 1883 выдаваў у Харкаве час. «Благовест», дзе ў 1885—86 апублікаваў «Успаміны пра Паўночна-Заходні край (1861—1874 г.)». Склаў рукапісныя зб-кі «Песні, казкі і прыказкі Паўночна-Заходняга краю» (больш за 500 твораў) з Гродзенскай, Мінскай і Віленскай губ.; (не збярогся), «Простанародныя беларускія песні, запісаныя ў Мінскай губерні» (16 тэкстаў з нотамі).

В.​І.​Скідан.

т. 8, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́МЯТНЫЯ КНІ́ЖКІ ГУБЕ́РНЯЎ,

афіцыйныя ўрадавыя выданні, што выходзілі ў большасці губерняў Рас. імперыі на рус. мове. Мэта выданняў — публікаваць звесткі для рознабаковага вывучэння губерні. Выдаўцы — губернскія стат. к-ты. З 1860 П.к.г. выходзілі ў Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай, з 1861 — у Магілёўскай губ. Мелі раздзелы: адрас-каляндар з пералікам губернскіх і павятовых урадавых і грамадскіх устаноў і іх супрацоўнікаў; звесткі пра адм. падзел, пошту, тэлеграф, шляхі зносін, ф-кі і з-ды, навуч. ўстановы, музеі, б-кі, кнігарні і друкарні на тэр. губерні. У статыстычным раздзеле друкаваліся звесткі па с.-г., дэмаграфічнай, гандл., эканам. статыстыцы губерняў, у літ.-навук. раздзеле — архіўныя матэрыялы, пісцовыя і плацежныя кнігі, летапісы гарадоў, артыкулы па мясц. гісторыі, эканоміцы, этнаграфіі, фальклоры, біяграфіі і некралогі мясц. дзеячаў. Беларускі матэрыял змяшчалі памятныя кніжкі Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і Віленскай губ., дзе друкаваліся працы А.​М.​Семянтоўскага, П.​Дружылоўскага, Ф.​Сярэбранікава, М.​Л.​Нікіфароўскага, М.​А.​Дзмітрыева, Я.​Ф.​Арлоўскага, І.​Зяленскага і інш.

Л.​І.​Збралевіч.

т. 12, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНІЛО́ВІЧ (Эдвард Адам) (13.10.1847, Сляпянка, цяпер у межах Мінска — 16.6.1928),

гаспадарчы і паліт. дзеяч Беларусі. З бел. шляхецкага роду Вайніловічаў. Скончыў Слуцкую гімназію (1865), Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1869). З 1878 член, віцэ-старшыня, старшыня Мінскага т-ва сельскай гаспадаркі. У 1906 ад памешчыкаў Мінскай губ. выбраны чл. Дзярж. савета Рас. імперыі. З 1911 дэп. Мінскай губ. земскай управы ад «польскай» (каталіцкай) курыі Слуцкага пав. У 1917 працаваў у земскіх арг-цыях, падтрымаў утварэнне БНР, удзельнічаў у пасяджэннях Рады БНР. У 1918 выступіў з планам аднаўлення ВКЛ. Стварыў «Саюз памешчыкаў Мінскай губерні». У снеж. 1918 у Варшаве, адзін з арганізатараў «Саюза палякаў з беларускіх ускраін». У 1919 удзельнічаў у пераўтварэнні «Саюза памешчыкаў Мінскай губерні» ў «Саюз памешчыкаў Літвы і Беларусі ў Варшаве», адзін са стваральнікаў «Польска-беларускага таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі». Займаўся грамадскай дзейнасцю ў Мінску, Варшаве і Слуцку. Быў прыхільнікам незалежнай Беларусі ў саюзе з Польшчай, выступаў супраць падзелу Беларусі. У доме Вайніловаіча ў Слуцку 14—15.11.1920 праходзіў бел. з’езд Случчыны, які ўзняў Слуцкае паўстанне 1920. Аўтар успамінаў.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДУЭ́Н ДЭ КУРТЭНЭ́ ((Baudouin de Courtenay) Іван) (Ян Ігнацы Няцыслаў) Аляксандравіч (13.3.1845, г. Радзымін, Польшча — 4.11.1929),

рускі і польскі мовазнавец, заснавальнік казанскай і пецярбургскай лінгвістычных школ. Першы абгрунтаваў тэорыю фанемы і фанетычных чаргаванняў. Акад. Кракаўскай (1887), чл.-кар. Пецярбургскай АН (1897). Скончыў у 1866 Гал. школу (Варшаўскі ун-т). З 1875 праф. Казанскага, з 1883 Юр’еўскага, з 1894 Кракаўскага, з 1900 Пецярбургскага, з 1918 Варшаўскага ун-таў. Працаваў у галіне тыпалагічнага вывучэння моў і выкарыстання колькасных метадаў у лінгвістыцы, даследавання эвалюцыі мовы і ўліку псіхічных фактараў пры аналізе моўных з’яў; вывучаў жывыя нар. гаворкі. У славістычных даследаваннях разглядаў таксама пытанні бел. мовы. Погляды на яе выкладзены і ў рэцэнзіі на працу К.​Ю.​Апеля «Аб беларускай мове» (1880). Выступаў у абарону правоў нац. меншасцяў, у т. л. і беларусаў. Запісваў і друкаваў (з нотамі) бел. нар. песні («Беларуска-польскія песні з Сакольскага павета Гродзенскай губерні», 1892; «Дадатак да «Беларуска-польскіх песень з Сакольскага павета Гродзенскай губерні», 1895).

Тв.:

Избр. труды по общему языкознанию. Т. 1—2. М., 1963;

Dzieła wybrane. T. 1—6. Warszawa, 1973—90.

І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ.

т. 2, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)