РУДЗІ́НСКАС ((Rudzinskas) Юозас) (7.11.1905, Рыга — 11.1.1975),
літоўскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Літвы (1954). Вучыўся ў студыі Дзярж. т-ра ў Каўнасе (1928—31). У 1932—35 і 1939—41 акцёр Шаўляйскага, у 1935—39 Клайпедскага драм. т-раў, у 1941—66 Драм. т-ра Літвы ў Вільнюсе (у 1949—51 і 1954—66 гал. рэжысёр, у 1954—58 і дырэктар), у 1946—49 выкладаў у студыі гэтага т-ра, з 1962 адначасова ў Кансерваторыі Літвы. Творчасць вылучалася псіхалагічнасцю, пластычнасцю, выразнасцю голасу, жэстаў і мімікі. Сярод роляў: Уладальнік («Уладальнік» В.Мікалайціса-Пуцінаса), Херт («Надзеі» Х.Хеерманса), Скіргайла («Скіргайла» В.Крэве), Смірноў, Лапахін («Мядзведзь», «Вішнёвы сад» А.Чэхава), Захар, Ягор («Ворагі», «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Ціхан («Навальніца» А.Астроўскага), Тарцюф («Тарцюф» Мальера). Паставіў «Картачны домік» Л.Ленча (1951), «Гамлет» У.Шэкспіра (1959), «Прывіды» Г.Ібсена (1961), «На дне» М.Горкага (1964), «Фауст» І.В.Гётэ (1965), «Скіргайла» (1966). Дзярж. прэміі СССР 1947, 1952.
т. 13, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСМІ́К (сапр. Акапян Тагуш; 21.3.1879, Нахічэвань — 23.8.1947),
армянская актрыса. Нар. арт. Арменіі (1935). Герой Працы (1936). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1906. З 1921 у Армян. драм. т-ры імя Г.Сундукяна. Стварала вобразы, адметныя жыццёвай праўдай, унутр. драматызмам, нар. мудрасцю, разнастайнасцю і яркасцю фарбаў: Шушан («Пэпа» Сундукяна), Васа Жалязнова (аднайм. п’еса М.Горкага), Хамперы («Хатабала» Сундукяна), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.Гогаля) і інш.
т. 2, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПІ́КАЛА-ТЭА́ТРА»
(Piccolo teatro),
італьянскі драм. тэатр; першы ў Італіі стацыянарны тэатр. Засн. ў 1947 у Мілане. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Дж.Стрэлер. Дзейнасць вызначаецца праграмным дэмакратызмам у спалучэнні з псіхалагічнай вытанчанасцю, высокай рэжысёрскай і акцёрскай культурай, працягам сцэнічных традыцый Б.Брэхта. У рэпертуары п’есы М.Горкага, А.Чэхава, Брэхта, Мальера, У.Шэкспіра, К.Гальдоні, Л.Пірандэла, Э.Дэ Філіпа, П.Марыво.
т. 12, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́ВА (Алена Георгіеўна) (н. 12.10.1947, г. Лягніца, Польшча),
бел. драматург. Дачка Г.Л.Папова. Скончыла Літ. ін-т імя М.Горкага (1973). У 1973—77 працавала на кінастудыі «Беларусьфільм», у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Друкуецца з 1967. Піша на рус. мове. У п’есах «Скорыя цягнікі» (паст. Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1978), «Ціхі прыстанак» (паст. 1979), «Аб’ява ў вячэрняй газеце» (паст. Рус. драм. т-рам імя М.Горкага, 1982), «Жыццё Карыцына» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1988), «Маленькія радасці жывых» (паст. 1990), «Улюбёнцы лёсу» (паст. Рус. драм. т-рам, 1997; 1-я прэмія на Еўрап. конкурсе п’ес у Германіі, 1994; уключана ў анталогію «Жанчыны-пісьменніцы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы». Лондан, 1999), «Дзень Карабля» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1998), «Развітанне з Радзімай» (паст. Рэсп. т-рам бел. драматургіі, 1998), «Вандроўнікі» (паст. Нац. т-рам імя Я.Купалы, 2000) і інш. роздум пра сэнс чалавечага існавання, вострыя маральныя праблемы сучаснасці. Аўтар рамана «Узыходжанне Зенты» (2000), апавяданняў, артыкулаў і інш.
Тв.:
Объявление в вечерней газете. Мн., 1989;
Прощание с Родиной: Пьесы. Мн., 1999.
т. 12, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЧКО́Ў (Уладзімір Сяргеевіч) (н. 5.1.1929, Масква),
рускі кінарэжысёр. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1958). Дэбютаваў на кінастудыі «Ленфільм». У 1962—68 і 1982—90 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1969—80 на кінастудыі імя Горкага. Сярод фільмаў: «Горад майстроў» (1966), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1967), «Здабытак рэспублікі» (1972), «Канцэрт» (1973), «Ёсць ідэя» (1977), «Асенні падарунак феяў» (1984), «Палёт у краіну пачвар» (1986).
т. 3, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛО́БА (Людміла Аляксандраўна) (н. 16.5.1947, г. Новасібірск, Расія),
бел. архітэктар. Скончыла Новасібірскі інж.-буд. ін-т (1971). З 1973 працуе ў ін-це «Мінскпраект». Асн. работы ў Мінску: рэканструкцыя парку імя Горкага (1975, у сааўт.) і часткі праспекта Скарыны (1985), арх.-ландшафтныя комплексы ўсх. раёнаў горада на аснове Сляпянскага водна-паркавага паўкальца (Дзярж. прэмія СССР 1989), рэканструкцыя і аднаўленне парку ў Нясвіжы (1990, у сааўт.).
т. 6, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЗЕНКА (Ганна Міхайлаўна) (н. 6.3.1948, в. Альбянка Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1991), праф. (1992). Скончыла Мінскі пед. ін-т імя Горкага (1971). З 1974 у Віцебскім ун-це (з 1991 заг. кафедры агульнага і рус. мовазнаўства). Даследуе бел. і рус. мовы, анамастыку. Аўтар кніг: «Урбананімія Беларусі» (1991), «Назвы вуліц расказваюць» (1995), «Беларуская анамастыка» (1997) і інш.
І.К.Германовіч.
т. 10, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦЁМ (сапр. Арцем’еў Аляксандр Радзівонавіч; 1842, с. Столпава Разанскай вобл. — 29.5.1914),
рускі акцёр. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1878). Працаваў настаўнікам малявання і чыстапісання. З 1880-х г. іграў у аматарскіх спектаклях, з 1888 — у Т-ве мастацтва і л-ры, з 1898 — у Маскоўскім маст. т-ры (МХТ). Найб. поўна талент Арцём раскрыўся ў п’есах А.Чэхава. Сярод інш. роляў: Пярчыхін («Мяшчане» М.Горкага), Кузаўкін («Нахлебнік» І.Тургенева).
т. 1, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРЫ́НІН (Міхаіл Кузьміч) (23.1.1889, г. Рослаўль Смаленскай вобл., Расія — 8.7.1955),
рускі і бел. літ.-знавец. Д-р філал. н. (1951), прафесар. Скончыў Смаленскі ун-т (1924). Працаваў у Маскоўскім ун-це (1930—31), Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1931—37) і інш. ВНУ Масквы, Мінска, Ін-це сусв. л-ры імя М.Горкага. Даследаваў бел. стараж. л-ру, творчасць некат. рус. пісьменнікаў.
Тв.:
Беларуская літаратура: Старажытны перыяд. Мн., 1952.
т. 5, с. 560
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНСКО́Й (Марк Сямёнавіч) (6.3.1901, г. Адэса, Украіна — 21.3.1981),
расійскі кінарэжысёр і сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1966). Герой Сац. Працы (1971). Скончыў Сімферопальскі ун-т (1924). З 1925 працаваў у кіно. Яго творчасць адметная стварэннем каларытных чалавечых характараў і лёсаў, яркіх быт. сцэн: трылогія «Дзяцінства Горкага», «У людзях», «Мае універсітэты» (1938—40), «Вясёлка» (1944), «Няскораныя» (1945), «Сельская настаўніца» (1947), «Дарагой цаной» (1958), «Фама Гардзееў» (1959). Дзярж. прэмія СССР 1941, 1946, 1948, 1968.
т. 6, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)