атрад насякомых, 2 сям., каля 100 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі ў вільготных лясах трапляюцца 4 віды, найб. пашыраны вярблюдка танкавусая (Raphidioptera ophiopsis) і бязвочка таўставусая (Inocellia crassicornis).
Даўж. 15—20 мм. Сілуэт пярэдняй ч. цела ў профіль нагадвае галаву і цела вярблюда (адсюль назва). 2 пары празрыстых крылаў, у спакоі складваюцца стрэхападобна, заднія вузейшыя і карацейшыя за пярэднія. Ротавыя органы грызучыя, вусікі шматчленікавыя. Брушка падоўжанае, у самкі з доўгім яйцакладам. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі развіваюцца 2 гады. Кукалкі рухомыя. Лічынкі жывуць у шчылінах і пад карой дрэў, дарослыя — на дрэвах. Вярблюдкі і іх лічынкі знішчаюць насякомых, асабліва тлей і вусеняў.
Вярблюдкі: 1 — танкавусая і яе лічынка; 2 — бязвочка таўставусая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ФНІІ, вадзяныя блохі (Daphnia),
род прэснаводных беспазваночных падатр. галінаставусых ракападобных. 26 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. Жывуць у вадаёмах або ў зарасніках сажалак, азёр. На Беларусі 4 віды, найб. трапляюцца Д. звычайная (D. pulex) і Д. даўгахвостая (D. longispina).
Цела (даўж. 0,7—6 мм) укрыта празрыстай акругленай двухстворкавай ракавінай. На галаве шчыток з дзюбкай і фасетачнае вока, у некат. і наўпліяльнае вочка Вусікі (антэны) — органы пачуцця і перамяшчэння. Грудзі з 4—6 сегментаў, кожны з парай ног. Раздзельнаполыя. Летнія пакаленні — самкі, якія размнажаюцца без апладнення (партэнагенез). Увосень з’яўляюцца самцы, адбываецца апладненне. Жывяцца бактэрыямі, аднаклетачнымі водарасцямі, дэтрытам. Д. штучна гадуюць на корм рыбам у рыбных гаспадарках і акварыумах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУСА́Ч, марона,
мірон (Barbus barbus),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў многіх рэках Еўропы. На Беларусі ёсць у рэках бас. Нёмана, Дняпра і Зах. Буга; жыве на ўчастках рэк з галечным і камяністым грунтам і хуткай плынню; занесены ў Чырв. кнігу. Мясц. назвы: на Дняпры — мірон, радзей марэна, марона, на Нёмане — келб, або марскі келб.
Даўж. 40—60, часам да 90 см, маса 2—3, зрэдку да 10 кг. Цела доўгае, амаль цыліндрычнае, спінка зеленавата-жаўтаватая, аліўкава-зялёная, брушка белаватае, бураватае. Спінны і хваставы плаўнікі цёмныя, астатнія чырванаватыя. На рыле 4 вусікі (адсюль назва). Корміцца чарвямі, лічынкамі насякомых, малюскамі, ракападобнымі, воднымі раслінамі. Мяркуюць, што ікра ядавітая. Каштоўны прамысл. від.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВУ́Н (Citrullus),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. 3—5 відаў. Пашыраны на Пд Еўропы, у Паўн. і Паўд. Афрыцы, Азіі і Аўстраліі. На Беларусі вырошчваюць К. сталовы (C. vulgaris), пераважна ў цяпліцах і на ўцепленым грунце; пры выкарыстанні расаднага спосабу яго можна вырошчваць і ў адкрытым грунце на паўд. і паўд.-зах. схілах.
К. сталовы — аднагадовая расліна з паўзучым, галінастым, апушаным сцяблом. Лісце рассечанае, апушанае, з васковым налётам. У пазухах лісця ўтвараюцца вусікі, у верхняй ч. сцябла — раздзельнаполыя жоўтыя кветкі. Плод — несапраўдная ягада (гарбузіна). Мякаць сакаўная, салодкая, мае цукры (да 11%), вітаміны, карацін, мінер. рэчывы. Сарты: Любімец хутара Пяцігорска, Стокса, Крымскі пераможца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РУСНІКІ, кавалеры (Papilionidae),
сямейства дзённых матылёў атр. лускакрылых. Больш за 20 родаў, каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей; асабліва шматлікія і разнастайныя ў тропіках. Жывуць пераважна на травяністых раслінах, трапляюцца на кустах і дрэвах. На Беларусі 4 віды: апалон, махаон, падалірый і апалон чорны, або мнемазіна; усе занесены ў Чырв. кнігу.
Крылы ў размаху да 25 см, шырокія; заднія з выемкай на баку, у многіх відаў заканчваюцца падоўжаным вырастам. Афарбоўка крылаў яркая, разнастайная. Вусікі булавападобныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Вусені масіўныя, стракатыя, кукалкі зялёныя ці бурыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАЦЫ́ (Ceratopogonidae),
сямейства даўгавусых насякомых атр. двухкрылых. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных і тундравых зон. М.-крывасмокі, што жывуць у тайзе, — адзін з кампанентаў гнюсу. Часовыя эктапаразіты і пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (анхацэркозаў, тулярэміі, філярыятозаў, гемаспарыдыёзу, японскага энцэфаліту і інш.). Расліннаедныя М. — апыляльнікі раслін. На Беларусі 28 відаў М.-крывасмокаў з роду Culicoides. Найб. трапляюцца М. аперанакрылы (C. fascipennis), М. звычайны (C. obsoletus), М. пякучы (C. pulicaris). Жывуць у забалочаных мясцінах і вільготных лясах.
Даўж. цела да 4 мм. Крылы плямістыя або бясколерныя. Вочы вял., вусікі 13—14-членікавыя. Ротавыя органы ў выглядзе колючага хабатка. Самцы кормяцца нектарам, самкі найчасцей крывасмокі. Развіццё з поўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Казе́ка ’мошка; вош’ (Нас.). Утворана ад асновы каз‑ (гл. каза1), словаўтварэнне няяснае: суфікс ек‑а (звычайна рэдка сустракаецца) або трансфармацыя іншых вытворных ад гэтай жа асновы. Матывацыя: наяўнасць зааморфных прыкмет (рожкі, вусікі; паводзіны насякомых); калькаванне або субстытуцыя іншых тэрмінаў ад заонімаў. Слова выглядае як бел. інавацыя: смал.казека ’вош’ нельга аддзяліць ад бел. слова, а ўкр.козяка, якое СРНГ (14, 58) параўноўвае з смал. і бел. словамі, сюды наогул не адносіцца.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
вуса́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае вусы, вусікі; з доўгімі або густымі вусамі. Вусаты чалавек. Вусаты кот. □ Аб шкло біўся аксамітнымі крыламі вялікі вусаты матыль.Б. Стральцоў.Вусаты, увесь у пыле, машыніст абвясціў перапынак.Хадкевіч./узнач.наз.вуса́ты, ‑ага, м.Разм.— Аддай мне птушку! — наступаў вусаты на бялявага.Арабей.// З вусікамі, асцюкамі (пра расліны). Шапочуць вусатыя, нахіленыя да самай зямлі каласы жытоў і пшаніцы.Гамолка.
2. Састаўная частка назваў некаторых жывёл. Вусаты кіт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВУСАНО́ГІЯ (Cirripedia),
атрад (па інш. сістэме — падклас) ракападобных. Вядомы з сілуру. 3 падатр.: тарацыкавыя (Thoracica), коранегаловыя (Rhizocephala), акратарацыкавыя (Acrothoracica). Больш як 1000 відаў. Жывуць у морах і саленаватых водах. У дарослым стане прымацоўваюцца да скал, камянёў, днішчаў суднаў, жывых істот. Найб. вядомыя марскія жалуды і марскія качачкі.
Даўж. цела 2—500 мм, укрыта вапністай ракавінай (домікам); грудныя ножкі з шчацінкамі, нагадваюць вусікі (адсюль назва). Рачок пры дапамозе мышцаў можа расхінаць створкі доміка і карміцца. Паразітычныя вусаногія (грудныя ножкі, вочы, галава і інш. ў іх рэдукаваныя) аплятаюць цела крабаў, крэветак, ракаў-пустэльнікаў, марскіх чарапах. Разнаполыя і гермафрадыты. Лічынка-наўпліус, якая пасля шэрагу лінек ператвараецца ў цыпрысападобную лічынку, што вольна плавае, потым прымацоўваецца да субстрату. Лічынак паядаюць рыбы. Некаторыя віды вусаногіх ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НІКАВЫЯ, конікі сапраўдныя (Tettigonioidea),
надсямейства даўгавусых насякомых атр. прамакрылых. Вядомы з верхняй пермі. Каля 1130 родаў, больш за 7000 відаў. Пашыраны ўсюды (каля 70% відаў — у трапічным і субтрапічных паясах). На Беларусі найб. вядомыя конікі: бадзяжны (Podisma pedestris), звычайны (Chorthippus brunneus), зялёны (Tettigonia viridissima), шэры (Decticus verrucivorus), пілахвост хваёвы (Baibitistes constrictus), пласцінакрыл звычайны (Phaneroptera falcata). Жывуць на сенажацях, лясных палянах, у садах.
Даўж. 8—132 мм. Вусікі даўжэйшыя за цела, мнагачленікавыя. На брушку ў самак доўгі серпа- ці шаблепадобны яйцаклад. На надкрылах у самцоў органы стракатання. Заднія ногі скакальныя, на галёнках пярэдніх ног органы слыху. Расліннаедныя ці ўсёедныя, радзей драпежнікі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год 1 пакаленне.