ГІДРАЛАКА́ЦЫЯ,

адшукванне, вызначэнне месцазнаходжання, параметраў руху і распазнаванне падводных аб’ектаў з дапамогай гідраакустычных сігналаў. Грунтуецца на законах гідраакустыкі. Бывае актыўная і пасіўная.

Актыўная гідралакацыя заснавана на выпраменьванні акустычных сігналаў у воднае асяроддзе і прыёме (рэгістрацыі) і аналізе адбітых ад аб’екта рэхасігналаў. Дазваляе вызначыць прасторавыя каардынаты і параметры руху выяўленага аб’екта, яго памеры і інш. характарыстыкі. З’яўляецца асн. спосабам атрымання інфармацыі аб падводных аб’ектах, якія не ствараюць уласнае акустычнае поле (напр., донныя і якарныя міны, патанулыя судны). Ажыццяўляецца з дапамогай розных тыпаў гідралакацыйных станцый (гідралакатараў) і прылад (рэхалотаў), рэхаледамераў і інш.). Пасіўная гідралакацыя заснавана на прыёме і апрацоўцы акустычных сігналаў (шумаў), якія звычайна ненаўмысна ствараюцца самім аб’ектам (напр., падводнай лодкай). Дазваляе выявіць такі аб’ект, распазнаць яго, вызначыць напрамак на яго, скорасць і інш. элементы яго руху. Выкарыстоўвае рознага тыпу шумапеленгатары і тракты шумапеленгавання гідраакустычных комплексаў. Метады і сродкі гідралакацыі выкарыстоўваюцца ў марской справе (выяўленне падводных перашкод — рыфаў, скал, айсбергаў), рыбнай прам-сці (пошук касякоў рыбы), ваеннай справе (выяўленне падводных лодак, навядзенне іх на пэўны аб’ект) і інш.

На Беларусі пытанні тэорыі і практыкі гідралакацыі распрацоўваюцца ў Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.​Н.​Сеўчанкі.

Літ.:

Бурдик В.С. Анализ гидроакустических систем: Пер. с англ. Л., 1988.

В.​І.​Вараб’ёў.

Схема гідралакацыі: 1 — выпраменьвальнік рэхалота; 2 — гідраакустычная станцыя; 3 — антэна гідраакустычнай станцыі; 4 — міна; 5 — падводная лодка.
Гідралакацыя з дапамогай малагабарытнага гідралакатара (для вадалазаў).

т. 5, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́МПУЛЬС ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,

кароткачасовае адхіленне эл. напружання або току ад некаторага пастаяннага значэння. У залежнасці ад характару імпульсных змен напружання (току) адрозніваюць відэаімпульсы (адрэзкі эл. ваганняў зададзенай формы з адрознай ад нуля пастаяннай складальнай) і радыёімпульсы (адрэзкі гарманічных ваганняў).

Відэаімпульсы бываюць прамавугольнай, каўпакападобнай, трохвугольнай (пікападобнай) і інш. формы. Характарызуюцца працягласцю і амплітудай. Рэальныя прамавугольныя І.э. маюць участкі хуткага нарастання і спаду вагання (наз адпаведна фронтам і зрэзам імпульсу), участак параўнальна павольнай змены напружання або току (вяршыня імпульсу), выкіды прамой і адваротнай палярнасці. Выкарыстоўваюцца ў электрасувязі, тэлебачанні, імпульснай тэхніцы. Радыёімпульсы звычайна атрымліваюць імпульснай мадуляцыяй гарманічнага нясучага вагання відэаімпульсамі выбранай формы. Могуць мець дадатковую да гарманічнай унутрыімпульсную мадуляцыю нясучага вагання па частаце, перыядзе або пачатковай фазе. Радыёімпульсы выкарыстоўваюць пераважна ў радыётэхн. сістэмах, звязаных з выпрамяненнем і прыёмам радыёхваль (у радыёлакацыі, радыёсувязі, радыёкіраванні і інш.). З адзінкавых І.э. фарміруюць іх паслядоўнасці (пераважна перыядычныя) і пачкі (адносна невял. групы). Адносіны перыяду паўтарэння імпульсаў у паслядоўнасці або пакеце (пачцы) да працягласці імпульсу наз. перарывістасцю (шчыліннасцю).

Літ.:

Фролкин В.Т., Попов Л.Н. Импульсные и цифровые устройства. М., 1992;

Баскаков С.И. Радиотехнические цепи и сигналы. 2 изд. М., 1988.

В.​І.​Вараб’ёў.

Імпульсы электрычныя: а — відэаімпульсы (1 — прамавугольны, 2 — каўпакападобны, 3 — трохвугольны); б — радыёімпульс прамавугольны; в — рэальны прамавугольны відэаімпульс; г — перыядычная паслядоўнасць прамавугольных відэаімпульсаў; ti — працягласць, Ai — амплітуда, τф — фронт, τз — зрэз імпульсу; Tп — перыяд паўтарэння імпульсу.

т. 7, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛЯ́РСТВА,

галіна сельскай гаспадаркі па развядзенні пчол меданосных з мэтай атрымання мёду, пчалінага воску, пропалісу, пчалінага яду, матачнага малачка, пяргі, таксама для апылення с.-г. культур.

На тэр. Беларусі дзікае П. (паляванне за мёдам і воскам з дуплаў дрэў) вядома задоўга да нашай эры. У 1 ст. н.э. ўзнікла бортніцтва (гадаванне пчаліных сем’яў у штучных дуплах — борцях), пашырылася ў 10—17 ст., а ў 18 ст. змянілася калодным П. (развядзенне пчол у неразборных перасоўных калодах і дуплянках). З 1814 развіваецца рамачнае П., у 1846 у Мінскай губ. было 117 тыс. вулляў (больш як адзін на кожнае падвор’е).

На Беларусі П. мае апыляльна-мядовы кірунак. Разводзяць пераважна карпацкую пароду пчол. У 1999 гадавалася каля 450 тыс. пчаліных сем’яў (90% у пчаляроў-аматараў). Вытв-сць мёду — 7 тыс. т за год. Дзейнічаюць Баранавіцкі, Брэсцкі, Гродзенскі пчолагадавальнікі. Найб. пчолапрадпрыемствы — Мастоўскае і Шчучынскае (Гродзенская вобл.).

П. развіта на ўсіх кантынентах свету, асабліва ў Еўропе, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. У 1999 у сусв. П. зарэгістравана каля 50 млн. пчаліных сем’яў, вытв-сць мёду каля 900 тыс. т за год. Найб. буйныя вытворцы і экспарцёры прадуктаў П. — Кітай (6 млн. пчоласем’яў; да 150 тыс. т мёду штогод), ЗША (4 млн. пчоласем’яў; да 90 тыс. т мёду), Расія (каля 3,5 млн. пчоласем’яў; 50 тыс. т мёду).

П.​В.​Вараб’ёў, І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖЖО́,

ручная агнястрэльная і пнеўматычная зброя з доўгім ненаразным ствалом; разнавіднасць стрэльбы. Агнястрэльныя Р. бываюць баявыя, паляўнічыя і спартыўныя; прызначаны для стральбы шротам, карцеччу і спец. свінцовымі кулямі. Пнеўматычныя (духавыя) Р. — спартыўныя, спружынныя або газабалонныя, дзейнічаюць ад сціснутага паветра ці інш. газу (гл. Пнеўматычная зброя).

Баявыя Р. (аркебуза, куляўрына, пішчаль, петрыналь) з’явіліся ў 14—15 ст., з 16 ст. пашырыліся кнотавыя Р. — мушкеты. Са стварэннем ударна-крамянёвага замка (16 ст.) і штыка з трубкай (17 ст.) усталяваўся тып баявога дульназараднага Р., якое стала асн. зброяй пяхоты да 1840-х г. (гл. Крамянёвая зброя), калі было заменена капсульным. У 2-й пал. 19 ст. гладкаствольныя Р. заменены наразнымі вінтоўкамі (гладкаствольныя Р. захаваліся як паляўнічыя). Паляўнічыя Р. больш лёгкія за баявыя; аднаствольныя з’явіліся ў 17 ст. (гл. Паляўнічая зброя). Яны былі шомпальныя (зараджаліся з дула з дапамогай шомпала), у пач. 20 ст. выцеснены казназараднымі Р. (зараджаліся унітарным патронам з задняй — т.зв. казённай — часткі ствала). Сучасныя паляўнічыя Р. прызначаны для прамысл. і спарт. (аматарскага) палявання, для спарт. стральбы на стэндзе (дакладная класіфікацыя Р. і тэрміналогія пакуль не ўсталяваліся). У 2-ю сусв. вайну шырока выкарыстоўвалася процітанкавая наразная стрэльба (усталяваная назва — процітанкавае ружжо).

В.​І.​Вараб’ёў.

Ружжо: а—г — кнотавы, калясцовы, крамянёвы і капсульны замкі (1 — курок, 2 — капсуль, 3 — запальны стрыжань, 4 — запал, 5 — зарад); д — ружжо аўтаматычнае магазіннае; е — двухствольнае з двума куркамі; ж — з ручным «помпавым» перазараджэннем.

т. 13, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСЛАВА́ННЕ НА БАЙДА́РКАХ І КАНО́Э,

від вяслярнага спорту, гонкі і вяслярны слалам на байдарках і каноэ. Дыстанцыі гонак у мужчын (выступаюць на байдарках—адзіночках, двойках, чацвёрках, каноэ—адзіночках і двойках) 500, 1000 і 10 000 м, у жанчын (выступаюць толькі на байдарках) 500 м. Як від спорту развіваецца з 2-й пал. 19 ст. пераважна ў еўрап. краінах. З 1946 дзейнічае Міжнар. федэрацыя каноэ (ІКФ). У праграме Алімпійскіх гульняў з 1936 (для жанчын з 1948), чэмпіянаты свету з 1938, Еўропы з 1957. На Беларусі першы чэмпіянат па гонках на байдарках праведзены ў 1951, з 1955 у рэсп. спаборніцтвы ўключаны гонкі на каноэ. Дзейнічае Асацыяцыя каноэ Рэспублікі Беларусь. Бел. весляры з 1952 удзельнічаюць у міжнар. спаборніцтвах. Алімпійскімі чэмпіёнамі станавіліся Л.​Гейштар і С.​Макаранка (1960, каноэ-двойка), М.​Гарбачоў (1972, байдарка-двойка), У.​Раманоўскі (1976, байдарка-двойка), У.​Парфяновіч (1980, байдарка, 3 залатыя медалі), В.​Рэнейскі (1988, каноэ-двойка, 2 залатыя медалі), Дз.​Даўгалёнак і А.​Масейкаў (1992, каноэ-двойка); чэмпіёны свету — Гейштар і Макаранка (1963), Н.​Вакула (1970), Т.​Папова (Шыманская, 1970, 1973), М.​Хахол (1970, 1971, 1973), У.​Сава (1973), Гарбачоў (1974), Л.​Дзеравянка (1974), М.​Астапковіч (1974, 1981, 1983), В.​Вараб’ёў (1975), У.​Тайнікаў (1978), Н.​Дорах (1979), Парфяновіч (1979, 1981—84), Раманоўскі (1981—82), В.​Пусеў (1984, 1989), А.​Мызгін (1989, 1990), Э.​Пліткін (1990), Рэнейскі (1989, 1990—91), Дз.​Банькоўскі (1990).

Г.​К.​Кісялёў.

т. 4, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАКА́ТАР (ад гідра... + лакатар),

гідралакацыйная станцыя, комплекс прылад і прыстасаванняў для пошуку падводных аб’ектаў, вымярэння іх прасторавых каардынат і параметраў руху, а таксама вызначэння іх прыроды шляхам аналізу адбітых акустычных сігналаў (рэхасігналаў); сродак актыўнай гідралакацыі. Выкарыстоўваюцца ў мараплаўстве (для вызначэння падводных перашкод), у ваен. справе (пошук цэлей, забеспячэнне дзеяння зброі), для картаграфавання дна і адшуквання затанулых аб’ектаў (гідралакатар бакавога агляду і рэхалоты), пры выратавальных работах, у рыбапрамысл. разведцы і інш.

Гідралакатар мае: генератар эл. сігналаў зададзенага віду (імпульсных, неперарыўных, простых, складаных, з рознымі мадуляцыямі); перадавальную і прыёмную акустычныя антэны, якія апускаюцца ў ваду (уяўляюць сабой электраакустычныя пераўтваральнікі эл. сігналаў у акустычныя і наадварот; можа выкарыстоўвацца адна антэна з пераключальнікам «перадача-прыём»); прыстасаванне вылучэння і апрацоўкі рэхасігналаў, якія прымаюцца на фоне перашкод (шумы мора і суднаходства); прыстасаванні адвображання інфармацыі пра аб’екты, якая ўтрымліваецца ў рэхасігналах. Існуе мноства разнавіднасцей гідраклакатараў, якія ўстанаўліваюцца на суднах, самалётах і верталётах, на дне акіяна, а таксама дрэйфуюць, пераносяцца вадалазамі і г.д. У большасці выпадкаў гідралакатары працуюць на частотах ад адзінак да 100 кГц і маюць далёкасць дзеяння да дзесяткаў кіламетраў.

Літ.:

Митько В.Б., Евтютов А.П., Гущин С.Е. Гидроакустические средства связи и наблюдения. Л., 1982;

Колчеданцев А.С. Гидроакустические станции. Л., 1982.

В.​І.​Вараб’ёў.

Структурная схема імпульснага гідралакатара: 1 — антэна; 2 — пераключальнік «перадача—прыём»; 3 — генератар электрычных сігналаў; 4 — прыстасаванне вылучэння і апрацоўкі рэхасігналаў; 5 — прыстасаванні адвображання інфармацыі, якую нясуць рэхасігналы.
Гідралакатар для вадалазаў: 1 — тэлефоны; 2 — пераўтваральнікі антэны; 3 — рэфлектар; 4 — компас; 5 — раздымы для падключэння тэлефонаў; 6 — гняздо падзарадкі батарэй; 7 — рэгулятар узмацнення; 8 — пераключальнік рэжыму работы; 9 — ручка перастройкі частаты.

т. 5, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́МПУЛЬСНАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна радыётэхнікі і электронікі, звязаная з даследаваннем, распрацоўкай і выкарыстаннем метадаў і тэхн. сродкаў атрымання (генерыравання), запамінання (захоўвання), пераўтварэння, узмацнення, вымярэння і індыкацыі імпульсаў электрычных. Імпульсныя сігналы, што выкарыстоўваюцца ў І.т., вызначаюцца амплітудай і працягласцю імпульсаў, частатой іх паступлення (праходжання), адносным узаемным размяшчэннем у серыі, перарывістасцю. Найб. шырока выкарыстоўваюцца імпульсы: у аўтаматыцы працягласцю каля 0,01—1 с, перарывістасцю да 10; у радыёсувязі адпаведна 10​−4—10​−5 с, 10—10​2; у радыёлакацыі 10​−3—10​−9 с, ад 10​2 да 10​4; у вылічальнай тэхніцы да 10​−9 с і менш.

Генерыраванне імпульсаў рознай формы, іх селекцыя па пэўных адзнаках, функцыянальнае пераўтварэнне і інш. робіцца з дапамогай разнастайных схем і ўстройстваў. Гэта лінейныя ўстройствы фарміравання і пераўтварэння імпульсаў (фарміравальныя лініі, дыферэнцавальныя і інтэгравальныя ланцугі, імпульсныя трансфарматары і ўзмацняльнікі, эл.-магн. і ультрагукавыя лініі затрымкі); нелінейныя ўстройствы пераўтварэння імпульсаў і пераключэння ланцугоў (абмежавальнікі, імпульсныя мадулятары, фіксатары ўзроўню, пік-трансфарматары, пераключальныя матрыцы і інш.); рэгенератыўныя спускавыя ўстройствы і генератары імпульсаў (пераразлічальныя схемы, трыгеры, мультывібратары, блокінг-генератары); імпульсныя дзельнікі частаты паўтору, электронныя генератары лінейназменнага току і напружання, селектары імпульсаў, лагічныя элементы і ўстройствы перапрацоўкі інфармацыі, закадзіраванай імпульснымі сігналамі, і інш. Метады і сродкі І.т. шырока выкарыстоўваюцца ў тэлебачанні (сігналы відарыса і сінхранізацыі імпульсныя), у радыёлакацыі і радыёнавігацыі, у радыёсувязі з высокай перашкодаўстойлівасцю і шматканальнай, у сучасных ЭВМ і лічбавых аўтаматах, радыёвымяральных прыладах і інш.

Літ.:

Ерофеев Ю.Н. Импульсная техника. М., 1984;

Фролкин В.Т., Попов Л.Н. Импульсные и цифровые устройства. М., 1992.

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 7, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРФЕРО́МЕТР [ад лац. inter паміж + ferens (ferentis) які нясе, пераносіць + ... метр],

вымяральная прылада, дзеянне якой заснавана на інтэрферэнцыі хваль. Існуюць аптычныя і радыёінтэрферометры для эл.-магн. хваль і акустычныя І. для гукавых.

У аптычных I. (найб. пашыраны) зыходны пучок святла раздзяляецца на 2 ці больш узаемна кагерэнтных (гл. Кагерэнтнасць) прамянёў, якія праходзяць розныя аптычныя шляхі, а потым зводзяцца разам і ствараюць інтэрферэнцыйную карціну. Аналіз яе дае неабходную інфармацыю. Шматпрамянёвыя І. выкарыстоўваюцца ў асн. як спектрометры, двухпрамянёвыя — як тэхн. прылады. Імі вымяраюць даўжыні хваль спектральных ліній, паказчыкі пераламлення празрыстых асяроддзяў, памеры і перамяшчэнні цел, вуглавыя памеры зорак, кантралююць форму, мікрарэльеф і дэфармацыю паверхняў аптычных дэталей, чысціню метал. паверхні і інш. У лазерных І. у параўнанні са звычайнымі аптычнымі дасягаецца павышаная дакладнасць вымярэння адлегласцей, скарасцей руху, розных фіз. характарыстык аб’ектаў, высокаскарасных працэсаў і з’яў. Ёсць таксама валаконна-аптычныя і галаграфічныя І. Акустычнымі I. вызначаюць скорасці распаўсюджвання гуку ў розных асяроддзях, адлегласці да выпраменьвальнікаў гуку, напрамкі прыходу хваль (напр., пры гідралакацыі) і інш. У залежнасці ад вугла паміж напрамкам на крыніцу гуку і нармаллю да базы І. зменьваецца рознасць фаз сігналаў, што прымаюцца 2 акустычнымі прыёмнікамі, і магутнасць сумарнага сігналу, па якіх ацэньваюць гэты вугал і інш. характарыстыкі крыніцы выпрамянення. Радыёінтэрферометры паводле прынцыпу дзеяння падобныя на акустычныя і найчасцей выкарыстоўваюцца для астр. назіранняў. Базы іх бываюць вельмі значныя (напр., пры антэнах, размешчаных на процілеглых баках Зямлі). Сігналы ад касм. крыніцы радыёвыпрамянення, прынятыя антэнамі, перадаюцца па лініях сувязі на агульны аналізатар, з дапамогай якога вызначаюць вуглавое становішча і памеры крыніцы, размеркаванне яе радыёяркасці.

Літ.:

Коломийцов Ю.В. Интерферометры Л., 1976;

Тарасов К.И. Спектральные приборы. 2 изд. Л., 1977;

Колесников А.Е. Ультразвуковые измерения. 2 изд. М., 1982.

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫКА́ТАР (ад лац. indicator паказальнік),

прылада (прыстасаванне, элемент) для паказу параметраў працэсаў або станаў аб’ектаў у форме, зручнай для непасрэднага ўспрымання. Бываюць сігнальныя і вымяральныя, візуальныя, акустычныя, тактыльныя і І. пахаў.

Сігнальныя І. — лямпачкі, святлодыёды. званкі, рычагі, мех. паказальнікі і інш. Стрэлачныя І. гэтага тыпу маюць спрошчаныя шкалы, на якіх адзначаюцца толькі вобласці нармальных і небяспечных значэнняў кантралюемых параметраў. Вымяральныя І. адлюстроўваюць колькасныя паказчыкі працэсаў і станаў аб’ектаў (стрэлачныя і лічбавыя І. вымяральных прылад). Найб. пашыраны візуальныя І. — газаразрадныя індыкатары, сігнальныя лямпачкі, святлодыёды, стрэлачныя і лічбавыя прыстасаванні, электронна-прамянёвыя трубкі (ЭПТ), прыстасаванні адлюстравання на вадкіх крышталях і інш. Дасканалыя І. персанальных ЭВМдысплеі, маніторы, экраны; забяспечваюць большую нагляднасць, інфармацыйную насычанасць, разнастайнасць форм адлюстравання (чорна-белыя і каляровыя; графікі, сімвалы, відарысы аб’ектаў, сродкі мультымедыя і інш.); здольныя імітаваць «эфект прысутнасці» аператара ў пэўных абставінах (напр., пры рабоце камп’ютэрных трэнажораў па пілатаванні самалётаў). Мнеманічныя экраны (са святлівымі элементамі, якія адпавядаюць агрэгатам або вузлам прамысл. устаноўкі) пад кіраваннем камп’ютэра інфармуюць аператара пра стан аб’екта (гл. Мнеманічная схема). На аснове ЭПТ і дысплеяў пабудаваны індыкатарныя устройствы радыё- і гідралакацыйных станцый. Акустычныя І. — званкі, сірэны, равуны, трашчоткі і інш.; выкарыстоўваюцца пры немагчымасці або немэтазгоднасці ўжывання візуальных І., а таксама для разгрузкі зрокавага ўспрымання назіральніка ці павышэння надзейнасці ўспрымання візуальных сігналаў. Тактыльныя І. ўздзейнічаюць на органы дотыку, выкарыстоўваюцца звычайна разам з візуальнымі і акустычнымі, калі неабходна хуткая рэакцыя назіральніка або калі інш. І. немэтазгодныя (напр., вібрацыйныя прыстасаванні выкліку абанента ў пэйджэрах). Гл. таксама Ізатопныя індыкатары, Індыкатары хімічныя.

Літ.:

Пул Г. Основные методы и системы индикации: Пер. с англ. Л., 1969;

Чачко А.Г. Человек за пультом. М., 1974.

В.​І.​Вараб’ёў.

Да арт. Індыкатар: 1 — прылада сляпой пасадкі, якая стварае эфект прысутнасці; 2 — індыкатар пэйджэра; 3 — адлюстраванне рэхасігналаў ад касяка рыбы і іншых аб’ектаў на экране гідралакатара; 4 — вымяральны індыкатар.

т. 7, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЛАКА́ЦЫЯ (ад радыё... + лакацыя),

знаходжанне і распазнаванне аб’ектаў, вызначэнне іх каардынат і інш. характарыстык з дапамогай радыёхваль; галіна навукі і тэхнікі. Сродкі і метады Р. выкарыстоўваюцца ў ваен. справе (у ППА і інш.), марской, паветр. і касм. навігацыі, метэаралогіі, астраноміі (Р. нябесных цел, у т. л. Сонца, Месяца, планет, метэораў), пры разведцы карысных выкапняў і інш.

Засн. на здольнасці фіз. цел (аб’ектаў) адбіваць, выпраменьваць і перавыпраменьваць радыёхвалі. Іх можна зарэгістраваць прыёмнікам і атрымаць патрэбную інфармацыю. Ажыццяўляецца з дапамогай радыёлакацыйных станцый (РЛС), сістэм і комплексаў. Найб. пашырана актыўная Р. з зандзіруючымі сігналамі, якія выпраменьваюцца антэннай сістэмай перадатчыка РЛС, адбіваюцца ад аб’екта і часткова ўлоўліваюцца прыёмнікам гэтай жа РЛС. Адлегласць да аб’екта вызначаюць па часе праходжання радыёсігналу да аб’екта і назад, напрамак (пеленг) — па арыентацыі накіраванай антэны. Калі аб’ект рухаецца адносна РЛС, частата радыёхвалі, адбітай аб’ектам, у адпаведнасці з Доплера эфектам змяняецца адносна частаты зандзіруючай радыёхвалі. Па рознасці гэтых частот вызначаюць скорасць перамяшчэння аб’екта. Пры Р. з актыўным адказам сігналы, пасланыя РЛС, рэтрансліруюцца радыёпрыстасаваннем, размешчаным на аб’екце (прыёмна-перадавальнай радыёстанцыяй). Пры пасіўнай радыёлакацыі выкарыстоўваецца ўласнае (цеплавое) выпрамяненне аб’екта ў дыяпазоне радыёхваль або выпрамяненне радыёпрыстасавання (радыёперадатчыка), размешчанага на аб’екце. Пры многапазіцыйнай Р. (т. зв. разнесеная сістэма) радыёсігналы, пасланыя адной РЛС і адбітыя аб’ектам, прымаюцца другой РЛС, што знаходзіцца ў інш. зоне прасторы (адлегласць паміж перадавальнай і прыёмнай РЛС можа змяняцца). Прынцыпы работы і апаратура радыёлакацыйных сістэм падобныя, як у гідралакацыі і радыёнавігацыі. Р. выкарыстоўвае складаныя зандзіруючыя сігналы і лічбавыя метады апрацоўкі інфармацыі для траекторных і картаграфічных вымярэнняў, здымкі мясцовасці, радыёкіравання рухомымі аб’ектамі і інш.

Літ.:

Теоретические основы радиолокации. М., 1970;

Справочник по радиолокации: Пер. с англ. Т. 1—4. М., 1976—79.

В.​І.​Вараб’ёў.

Схема радыёлакацыі (вымярэння каардынат) самалёта наземнай радыёлакацыйнай станцыяй.
Схема актыўнай радыёлакацыі: а — з пасіўным адказам; б — з актыўным адказам; в — разнесенай сістэмы пры пераменнай адлегласці (d) паміж перадавальным і прыёмным устройствамі радыёлакацыйнай станцыі (РЛС); г — кругавога агляду зямной паверхні з дапамогай самалётнай РЛС; д — радыёлакацыйная карціна мясцовасці ў сектары агляду.

т. 13, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)