КА́МЕНЬ КАХА́ННЯ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1992). За 2 км на У ад в. Валоўшчына Мінскага р-на. Валун гранітагнейсу. Даўж. 4,6 м, шыр. 3,4 м, выш. над паверхняй 1,1 м, у абводзе 12,6 м, аб’ём 8,3 м³, маса каля 22 т, поўны аб’ём валуна (з падземнай ч.) 53 м³, маса каля 140 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. У язычніцкія часы — культавы фетыш.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАВА́НЫ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1996). За 500 м на Пн ад в. Селішча Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. Валун цёмна-шэрага гнейсу з жылкамі шаравата-белага кварцу, уключэннямі мускавіту. Даўж. 5,7 м, шыр. 3,2 м, выш. бачнай часткі 1,7 м, у абводзе 14,7 м, аб’ём 31 м³, маса каля 82 т. Мае выцягнутую прасападобную форму і трэшчынаватую паверхню. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. гадоў назад са Скандынавіі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 11, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

налучы́ць, ‑лучу, ‑лучыш, ‑лучыць; зак.

Разм.

1. на каго-што. Натрапіць, набрысці. Налучыць на воўчую яму. □ [Раман:] — Налучыш яшчэ на падземны валун — пакалечыш плугі... Пташнікаў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); каго. Знянацку захапіць, застаць. Запытанне настаўніка налучыла.. [Ліду] знянацку. Колас.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); каго. Здарыцца з кім‑н. І горш за ўсё тое, што гэтае здарэнне якраз налучыла маленькую Натальку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КА́МЕНЬ БАГУШЭ́ВІЧА,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1971). За 500 м на З ад в. Кушляны Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл., дзе жыў Ф.​К.​Багушэвіч. Гранітны валун. Даўж. 2,6 м, шыр. 1,3 м, выш. 1,5 м, у абводзе 6,5 м, аб’ём 2,7 м³, маса каля 7 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. На бакавой роўнай пляцоўцы высечана «Pamięci Macieja Buraczka 1900 R» (Памяці Мацея Бурачка 1900 г.).

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ ФІЛАРЭ́ТАЎ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1972). За 500 м на ПнЗ ад в. Карчова Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Валун сярэднезярністага граніту з крышталямі амфіболу. Даўж. 4,1 м, шыр. 3 м, выш. 1,9 м, у абводзе 13,9 м, аб’ём 12 м³, маса каля 32 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. Месца сустрэч членаў канспіратыўнага т-ва патрыятычнай студэнцкай моладзі («філарэтаў»), адным з арганізатараў якога быў А.​Міцкевіч.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ-ВО́ЛАТ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1971). За 1,5 км на ПнЗ ад в. Васявічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. Валун сярэднезярністага граніту рапаківі. Даўж. 3,4 м, шыр. 2,5 м, выш. над паверхняй 1,5 м, глыб. залягання пад зямлёй каля 2 м, у абводзе 9,3 м, аб’ём 12 м³, маса каля 32 т. Прынесены ледавіком 200—120 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву.

В.​Ф.​Вінакураў.

Камень-волат каля в. Васявічы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобл.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КНЯЗЬ-КА́МЕНЬ»,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1987). За 500 м на ПнЗ ад в. Бярозаўшчына Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Валун ружова-чырвонага сярэднезярністага рапаківіпадобнага граніту. Даўж. 2,7 м, шыр. 2 м. выш. 2,2 м, у абводзе 8,5 м, аб’ём 6,3 м³, маса каля 17 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву. Паводле паданняў, у камень ператварыўся князь, які страляў у абраз Божай Маці ў царкве, што стаяла тут раней.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРЫ́ВЕНЬ-КА́МЕНЬ»,

помнік прыроды ў Беларусі, каля дарогі в. Крэва — г. Маладзечна, за 3 км на Пд ад в. Вавукі Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Ледавіковы валун ружовага граніту рапаківі з авоідамі палявога шпату. Даўж. 3 м, шыр. 2,7 м, выш. над паверхняй зямлі 1,7 м, у абводзе 9 м, аб’ём 7 м³, маса каля 20 т. Формаю круглаваты, пастаўлены рубам, верхняя ч. нагадвае завітую грыву каня. Прынесены ледавіком каля 130—150 тыс. г. назад з раёна г. Выбарг.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 5, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯВЕ́СЦІН КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1996). За 1 км на З ад в. Агароднікі Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Ашмяны, у Рамбоўскім рове. Валун ружовага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату ў выглядзе авоідаў (да 2—4 см у папярочніку). Даўж. 4,1 м, шыр. 3,1 м. выш. 2,2 м, у абводзе 10 м, аб’ём 28 м³, маса каля 74 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. г. назад з Аландскіх а-воў у Балтыйскім м. Па старадаўнім абрадзе да валуна раней прыводзілі нявест.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 11, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ, Чортаў камень,

геалагічны помнік прыроды, самы буйны валун на Беларусі. За 500 м на З ад в. Горкі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл., за 400 м ад аўтадарогі Шуміліна—Бешанковічы. Ружовы граніт рапаківі з авоідамі палявога шпату (2—9 см у папярочніку). Па форме нагадвае вялікі прас. Даўж. (бачнай часткі) 11 м, шыр. 5,6 м, выш. над паверхняй зямлі 2,8 м, у абводзе 32 м, аб’ём 173 м³, маса 460 т. Прынесены ў час апошняга зледзянення каля 18 тыс. гадоў назад з Выбаргскага масіву Балтыйскага шчыта.

В.​Ф.​Вінакураў.

Вялікі камень каля в. Горкі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)