дуэ́т

(іт. duetto, ад лац. duo = два)

1) музычны твор для двух выканаўцаў (спевакоў, музыкантаў, танцораў) з самастойнымі партыямі для кожнага;

2) ансамбль з двух выканаўцаў (напр. вакальны д., д. скрыпачоў);

3) удзельнікі парнага спартыўнага выступлення (напр. д. фігурыстаў).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКАЯ СТУ́ДЫЯ О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА.

Існавала з кастр. 1930 да мая 1933 у Мінску. Створана на базе вышэйшага опернага класа Бел. муз. тэхнікума з мэтай падрыхтаваць адкрыццё на Беларусі т-ра оперы і балета. Кіраўнікі: дырыжор І.Гітгарц, балетмайстар Л.Крамарэўскі, хормайстар і гал. канцэртмайстар Г.Пятроў, рэжысёр-асістэнт В.Барысевіч, вакальны кансультант і педагог А.Баначыч. Пастаўлены оперы «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава (рэж. У.Тазаўроўскі), «Кармэн» Ж.Бізэ (рэж. Б.Норд), балет «Чырвоны мак» Р.Гліэра (усе на сцэне БДТ-1). Рэарганізавана ў сталы тэатр (гл. Дзяржаўны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь).

Сярод студыйцаў: спевакі Л.Александроўская, І.Балоцін, Т.Каліноўская (Баначыч), М.Гульман, М.Дзянісаў, С.Друкер, А.Зайцава, В.Каліноўскі, Д.Кроз, М.Пігулеўскі, К.Пуроўскі, М.Русін, К.Саліна, Дз.Салохін; танцоры Я.Вяпрынскі, С.Дрэчын, К.Калітоўская, Л.Крамарэўская, Н.Фінская, Г.Шчолкіна.

Літ.:

Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963.

Б.С.Смольскі.

т. 2, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСА́МБЛЬ,

1) група музыкантаў-інструменталістаў або спевакоў, аб’яднаных для сумеснага выканання. Ансамблі падзяляюцца паводле складу (аднародныя і мяшаныя), колькасці ўдзельнікаў (дуэт, трыо, квартэт, квінтэт і інш.); пашыраны эстрадныя вак.-інстр. ансамблі, рок-групы. Ансамблем наз. таксама і вял. выканальніцкія калектывы, якія ўключаюць групы вакалістаў, інструменталістаў, танцораў (ансамбль песні і танца, ансамбль танца). Сярод вядомых бел. ансамбляў: Беларускі вакальны квартэт, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, вак. квартэт «Купалінка», вак.-інстр. ансамбль «Песняры», «Верасы», «Сябры», ансамбль нар. музыкі «Свята» і «Крупіцкія музыкі», ансамбль салістаў «Класік-Авангард», ансамбль старадаўняй музыкі «Кантабіле», рок-група «Сузор’е», харэагр. Ансамбль «Харошкі». Устойлівыя тыпы ансамбляў склаліся і ў вясковым муз. побыце розных народаў, у т. л. беларусаў (гл. Гурт, Народныя інструментальныя ансамблі).

2) Муз. твор для ансамбля выканаўцаў (дуэт, трыо, квартэт і інш.) ці структурна завершаны фрагмент для групы салістаў у оперы, араторыі, кантаце.

3) Стройнасць, зладжанасць выканання.

4) У тэатральным мастацтве — зладжанае, узгодненае выкананне сцэнічнага твора ўсімі ўдзельнікамі спектакля. Садзейнічае найб. поўнаму раскрыццю маст. сутнасці драм. твора, гарманічнаму спалучэнню ў адзінае цэлае знешніх і ўнутр. кампанентаў тэатр. дзеяння, выяўляе стылявое адзінства спектакля. Выдатнымі ўзорамі ансамбля з’яўляюцца лепшыя спектаклі бел. т-раў імя Я.Купалы («Паўлінка» Я.Купалы, «Трыбунал» А.Макаёнка), імя Я.Коласа («Несцерка» В.Вольскага, «Раскіданае гняздо» Я.Купалы), юнага гледача («Папараць-кветка» І.Козела) і інш.

І.Дз.Назіна (музыка).

т. 1, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пець, пяю, пяеш, пяе; пяём, пеяце; незак.

1. што і без дап. Утвараць голасам музычныя гукі, выконваць вакальны твор; спяваць. Пець калыханку. Пець раманс. Хор пяе. □ Ён — паляўнічы, ён рыбак, Страляе, ловіць, пяе песні. Колас. Ты смяешся, пяеш, ты шчаслівая сёння. А. Вольскі.

2. перан. Быць прасякнутым радасным, узнёслым пачуццём. Хай сэрца сэрца не баіцца, Душа з душою хай пяе. Купала. Добра ляцець па маладым.. лядку. Звініць лёд, пяе сэрца, гараць вочы... Гамолка.

3. перан. Меладычна гучаць (пра музычныя інструменты). Скрыпка пяе. Пяюць цымбалы. // Утвараць працяжныя, то нізкія, то высокія ці манатонныя гукі. Па вуліцах Мінска Спяшае трамвай І голасна, Звонка пяе. Хведаровіч. Завіруха пяе за дзвярыма. Ад марозу — Трашчыць недзе лёд. Лявонны.

4. Абзывацца галасамі (пра пеўчых і некаторых іншых птушак). Гэта ён [раяль] напаўняў цяністы парк гукамі мелодыі, калі пераставалі пець дразды ды берасцянкі. Лобан. Касцы пад стог збіраюцца, І хтось сказаць паспеў — На тры дзяржавы раніцай Адгэтуль певень пеў. Калачынскі.

5. што і пра што. Складаць вершы пра што‑н., апяваць што‑н. У пішучай арміі я радавы, Пяю пра завод і калгасы. Лявонны.

•••

Лазара пець — прыкідваючыся няшчасным, скардзіцца на сваю долю (звязана з іменем Лазара ў евангельскай прытчы).

Пець дыфірамбы — ліслівіць, празмерна ўсхваляць каго‑н.

Пець па чыіх нотах — паўтараць чужую думку.

Пець (залівацца) салаўём — гаварыць красамоўна, горача, з захапленнем.

Пець хвалу — расхвальваць каго‑, што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)