ДЗЯНІ́САЎ (Эдзісон Васілевіч) (6.4.1929, г. Томск, Расія — 23.11.1996),
расійскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1990). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1956, клас кампазіцыі В.Шабаліна), з 1958 выкладаў у ёй (праф. з 1993). У творчасці дамагаўся сінтэзу сучасных сродкаў кампазіцыйнай тэхнікі (свабоднай серыйнасці, алеаторыкі) і муз. стылістыкі мінулага. Сярод твораў: оперы «Пена дзён» (1981, паст. 1986), «Чатыры дзяўчыны» (1986), балет «Споведзь» (паст. 1984); вак.-інстр. творы, у т. л. Рэквіем (1980); сімфоніі (1982, 1987); «Свеце ціхі» для хору а капэла (1988); творы для інструментаў з аркестрам, у т. л. 10 канцэртаў (1972—86); камерна-інстр. і вак. творы, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар кн. «Ударныя інструменты ў сучасным аркестры» (1982), «Сучасная музыка і праблемы эвалюцыі кампазітарскай тэхнікі» (1986). Старшыня Асацыяцыі сучаснай музыкі (Масква, з 1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБКО́ВІЧ (дзявочае Пілеман) Эльза Робертаўна
(1895, Мінск — 1983),
бел. кампазітар, музыказнавец, педагог. Праф. музыкі і спеваў. Скончыла Берлінскую кансерваторыю (клас П.Юона). У 1930-я г. выкладала ў Бел. кансерваторыі, заг. кафедры. З 1944 у Германіі і ЗША. Працавала пераважна ў галіне вак. музыкі. Сярод твораў: зб. рамансаў «Асенняе падае лісце» на словы І.Сабуравай, «Край мой васільковы» на словы бел. паэтаў; «Дзіцячы музычны альбом» і «Першыя радасці» для фп., фантазія «Бульба», прэлюдыі для фп., вак. творы на словы Г.Ахматавай, А.Блока, А.Гаруна, Н.Арсенневай; апрацоўкі бел.нар. песень («Кума мая, кумачка», «Сваток» і інш.). Музыцы З. уласціва арган. спалучэнне класіка-рамант. традыцый з тонкім адчуваннем прыроды бел. меласу.
Літ.:
Сачанка С. Эльза Зубковіч // Кантакты і дыялогі. 1996. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЛА́ЎСКАЯ (Ядвіга Канстанцінаўна) (н. 1.5.1949, в. Далідавічы Валожынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. кампазітар, эстр. спявачка і выканальніца на клавішных інструментах. Дачка К.І.Паплаўскага. Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыла Бел. кансерваторыю па класах фп. (1972) і кампазіцыі (1988). З 1971 артыстка вак.-інстр. ансамбля «Верасы», з 1987 салістка-вакалістка Дзярж. канцэртнага аркестра Беларусі. Стваральнік і кіраўнік (разам з мужам А.Ціхановічам) першага на Беларусі Тэатра песні (1988) і творчай студыі пры ім. Выступае (з Ціхановічам) у складзе эстр.вак. дуэта, адметнага артыстычнай абаяльнасцю, шчырасцю, яркай манерай выканання. Аўтар кантаты «Сын зямлі», сімф. паэмы, цыкла прэлюдый, санаты, дзіцячых п’ес для фп., хароў, рамансаў, эстр. песень, шматлікіх апрацовак і аранжыровак бел. песеннага фальклору і інш.
Літ.:
Загородний Г. От «Верасов» — к Театру песни // Бел. думка. 1997. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎДЗЕ́ЕНКА (Ганна Васілеўна) (н. 23.2.1927, в. Валокі Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. спявачка. Засл. арт. Беларусі (1966). У 1952—82 салістка (нізкі альт) Дзярж.нар. хору БССР. Тонка адчувала і перадавала стылявыя асаблівасці палескіх нар. песень. Выступала ў складзе вак. актэта, у дуэце з М.Адамейка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ,
1) група музыкантаў-інструменталістаў або спевакоў, аб’яднаных для сумеснага выканання. Ансамблі падзяляюцца паводле складу (аднародныя і мяшаныя), колькасці ўдзельнікаў (дуэт, трыо, квартэт, квінтэт і інш.); пашыраны эстрадныя вак.-інстр. ансамблі, рок-групы. Ансамблем наз. таксама і вял. выканальніцкія калектывы, якія ўключаюць групы вакалістаў, інструменталістаў, танцораў (ансамбль песні і танца, ансамбль танца). Сярод вядомых бел. ансамбляў: Беларускі вакальны квартэт, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, вак. квартэт «Купалінка», вак.-інстр. ансамбль «Песняры», «Верасы», «Сябры», ансамбль нар. музыкі «Свята» і «Крупіцкія музыкі», ансамбль салістаў «Класік-Авангард», ансамбль старадаўняй музыкі «Кантабіле», рок-група «Сузор’е», харэагр. Ансамбль «Харошкі». Устойлівыя тыпы ансамбляў склаліся і ў вясковым муз. побыце розных народаў, у т. л. беларусаў (гл.Гурт, Народныя інструментальныя ансамблі).
2) Муз. твор для ансамбля выканаўцаў (дуэт, трыо, квартэт і інш.) ці структурна завершаны фрагмент для групы салістаў у оперы, араторыі, кантаце.
3) Стройнасць, зладжанасць выканання.
4) У тэатральным мастацтве — зладжанае, узгодненае выкананне сцэнічнага твора ўсімі ўдзельнікамі спектакля. Садзейнічае найб. поўнаму раскрыццю маст. сутнасці драм. твора, гарманічнаму спалучэнню ў адзінае цэлае знешніх і ўнутр. кампанентаў тэатр. дзеяння, выяўляе стылявое адзінства спектакля. Выдатнымі ўзорамі ансамбля з’яўляюцца лепшыя спектаклі бел. т-раў імя Я.Купалы («Паўлінка» Я.Купалы, «Трыбунал» А.Макаёнка), імя Я.Коласа («Несцерка» В.Вольскага, «Раскіданае гняздо» Я.Купалы), юнага гледача («Папараць-кветка» І.Козела) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПІН (Васіль Піліпавіч) (12.2.1902, с. Новы Валавай Пачалмскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 11.1.1991),
бел. і расійскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў вак. аддзяленне Вучэбна-тэатр. камбіната (1933; цяпер Рас. акадэмія тэатр. мастацтва). З 1933 саліст Вял.т-ра ў Маскве. У 1938—49 (з перапынкам) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. У 1949—63 у канцэртных арг-цыях Масквы. Валодаў сакавітым голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай і артыстызмам, што дазваляла яму ствараць выразныя, эмацыянальна насычаныя вобразы. Сярод партый на бел. сцэне: Міхась («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Андрэй («У пушчах Палесся» А.Багатырова), Конрад («Кветка шчасця» А.Луранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Уладзімір Дуброўскі («Дуброўскі» Э.Напраўніка), Альфрэд («Травіята» Дж.Вердзі), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РЫ ((Peri) Якопа) (20.8.1561, Рым — 12.8.1633),
італьянскі кампазітар, спявак; адзін з заснавальнікаў жанру оперы. Прадстаўнік т.зв. фларэнційскай камераты (гуртка). Напісаў (з Я.Корсі) музыку першай оперы «Дафна» (на тэкст паэта А.Рынучыні; паст. 1597—98; фрагменты музыкі П. не зберагліся), оперы «Эўрыдыка» (паст. 1600; выканаў у ёй партыю Арфея). Аўтар духоўнай музыкі, камерна-вак. твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАРАТУ́РА (італьян. coloratura літар. ўпрыгожванне ад лац. coloro фарбую, афарбоўваю),
хуткія, тэхнічна складаныя віртуозныя пасажы і мелізмы ў вак. партыі. Сустракаецца ў розных відах вак. музыкі. Найб. пашырана ў італьян. оперы 17—19 ст., асабліва ў арыях. Валоданне К. было абавязковае для спевакоў-кастратаў, высокіх жаночых галасоў, лірычных тэнараў, басоў-буф. Часта спевакі імправізавалі шматлікія К. ў дадатак да прадугледжаных кампазітарам, што ператварала К. ў самамэту і яна страчвала маст. значэнне. Як глыбока апраўданы і асэнсаваны маст. прыём К. ёсць у творах В.А.Моцарта, А.Скарлаці, Дж.Расіні, Л.Дэліба, Дж.Вердзі, М.Глінкі, М.Рымскага-Корсакава, у 20 ст. — А.Берга і інш. Тэхніка К. ўласціва творчасці бел. спявачак Л.Аляксеевай, Н.Гайды, М.Гулегінай, Н.Гусельнікавай, Л.Златавай, Л.Колас, Д.Кроз, Т.Кучынскай, Г.Лукомскай, Л.Лют, Т.Ніжнікавай, Т.Пастунінай, А.Шведавай, К.Ясінскай і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСКО́ (Эміль Вікенцьевіч) (н. 18.7.1944, в. Ваўкалата Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1984, клас Я.Глебава). Працуе ў розных муз. жанрах. Яго стыль вызначаецца эмац. напоўненасцю, дэмакратычнасцю, дасканаласцю формаўтварэння, блізкасцю да нар. вытокаў. Сярод твораў: араторыя «Зорка паэта» на словы М.Багдановіча (1991), кантата «Надзя-Надзейка» на словы П.Броўкі (1984), «Урачысты кант з нагоды 500-годдзя Ф.Скарыны» для мяшанага хору і сімф. аркестра (1989), хар. канцэрт «Чатыры санеты пра каханне» (1988), вак.-сімф. паэмы «Вечны агонь» (1985); «Асветнікі» на словы Н.Загорскай і кананічны тэкст (2000); сімфонія № 1 (1984), канцэрт для баяна і нар. аркестра (1988), «Сімфанічныя танцы» (1987);. камерна-інстр., у т. л. «Полацкая сюіта» для баяна, «Рамантычная паэма» для фп., саната для віяланчэлі і фп.; вак. цыклы на вершы А.Міцкевіча, Р.Барадуліна, У.Някляева, А.Куляшова, рамансы, хары, апрацоўкі бел.нар. песень і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ГНІЎЦАЎ (Аляксандр Паўлавіч) (27.8.1920, г. Луганск, Украіна — 7.9.1981),
расійскі спявак (бас). Нар.арт.СССР (1965). Скончыў Кішынёўскую кансерваторыю (1949). З 1949 саліст Вял.т-ра ў Маскве. Валодаў моцным голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай. Яго выкананне вызначалі высокая муз. культура, эмацыянальнасць, тонкі псіхалагізм, драм. майстэрства. Сярод партый: Барыс Гадуноў і Пімен, Дасіфей («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Іван Грозны («Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава), кароль Рэне, Грэмін («Іаланта», «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Тэсей («Сон у летнюю ноч» Б.Брытэна), Генерал («Гулец» С.Пракоф’ева), Бястужаў, Мікалай I («Дзекабрысты» Ю.Шапорына), Важак («Аптымістычная трагедыя» А.Холмінава). У канцэртным рэпертуары вак. лірыка С.Рахманінава. Зняўся ў фільмах «Рымскі-Корсакаў» (1953), «Алека» (1954).
Літ.:
Шпиллер Н. А.Огнивцев // Певцы Большого театра СССР. М., 1978.