КРЫЖАНО́ЎСКІ (Сцяпан Андрэевіч) (н. 8.1.1911, г. Новы Буг Мікалаеўскай вобл., Украіна),
украінскі паэт, літ.-знавец. Д-рфілал.н. (1962), праф. (1963). Скончыў Харкаўскі ін-тпрафес. асветы (1933). У 1940—41 і 1949—87 у Ін-це л-ры імя Т.Шаўчэнкі АН Украіны. Друкуецца з 1928. У зб-ках вершаў «Энергія» (1930), «Дні, дарогі, сябры» (1934), «Калінавы мост» (1940), «Яшчэ не вечар» (1961), «Формула шчасця» (1970), «Далягляд» (1980), «Летапіс» (1991) і інш. паэтызацыя чалавечых пачуццяў, прыроды. Аўтар літ.-знаўчых прац, прысвечаных класікам нац. л-ры («У жыцці маім да ўсяго маю справу...» і «Урокі Паўло Тычыны»; абодва 1979; Рэсп. прэмія імя А.Білецкага 1980). Быў знаёмы з Я.Купалам, яму прысвяціў паэт. творы, успаміны, літ.-крытычныя артыкулы. На ўкр. мову пераклаў асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, П.Глебкі, П.Панчанкі, М.Танка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Э.Валасевіч, М.Калачынскі, П.Місько.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВО́ДКА,
параўнальна кароткачасовае і неперыядычнае рэзкае падняцце ўзроўняў і сцёку ракі ад вял. дажджоў, раставання снегу і ледавікоў. У адрозненне ад разводдзя П. можа быць у кожную пару года і не звязана з сезонам. Вял. П. выклікаюць навадненні, менш значныя таксама прычыняюць шкоду сельскай гаспадарцы. На рэках Беларусі найб. вышыню і працягласць маюць П. ў канцы лета і восенню, калі ідуць зацяжныя дажджы. У асобныя гады на некаторых рэках узроўні П. часам перавышаюць веснавое разводдзе на 1—1,5 м. Працягласць летне-асенніх П. звычайна 20—30 сутак. Яны здараюцца 1—2 разы за лета і восень, у бас.р. Нёман да 5—6 разоў. Найбольшыя дажджавыя П. былі ў 1962, катастрафічныя, якія здараюцца прыблізна раз у 100 гадоў, — увосень 1974 у бас. рэк Зах.Буг і Прыпяць. Зімовыя П. часцей бываюць на З і ПдЗ Беларусі. За зімовы перыяд адбываюцца 1—2 падняцці ўзроўняў, у асобныя гады — 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАВЕ́ЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Mazowieckie),
адм.-тэр. адзінка ў цэнтр.ч. Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 35 тыс.км². Нас. 5068 тыс.чал. (1999), гарадскога 65%. Адм. цэнтр — г.Варшава. Найб. гарады: Радам, Плоцк, Седльцы, Астралэнка. Размешчана на Мазавецкай нізіне, у межах якой вылучаецца Варшаўская катлавіна. Рэльеф нізінны з участкамі марэнных раўнін і шырокімі далінамі. Карысныя выкапні: буд. матэрыялы (гліны, пяскі, жвір, мел). Клімат умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -4 °C да -2,5 °C, ліп. 18,5 °C, ападкаў 470—600 мм за год. Гал. рэкі: Вісла, Буг, Нараў. Воз. Зягжынскае. Глебы пераважна падзолістыя, балотныя, бурыя. Лясы займаюць 21% тэрыторыі. Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Развіты машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтамабіле- і трактарабудаванне, электратэхн., электронная прам-сць), нафтахім. і хім. (у т. л. фармацэўтычная), парфумерная, цэлюлозна-папяровая, харч., лёгкая, паліграф.прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Пад с.-г. ўгоддзямі 67% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, бульбу, пшаніцу, цукр. буракі. Інтэнсіўнае садоўніцтва і агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушак. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХАВЕ́Ц,
рака ў Брэсцкай вобл., правы прыток р. Зах Буг. Даўж. 112,6 км. Пл. вадазбору 6600 км². Цячэ па Прыбугскай раўніне (вярхоўе) і Брэсцкім Палессі. Пачынаецца ў сутоках рэк Myxa і Вец у г. Пружаны. Уваходзіць у Дняпроўска-Бугскі водны шлях.
Асн. прытокі: Дахлоўка, Жабінка (справа), Дняпроўска-Бугскі канал, рэкі Трасцяніца, Асіпоўка, Рыта (злева). Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, шыр. ў сярэднім цячэнні 400—600 м, ніжэй 1,5—2 км. Схілы ўмерана стромкія, выш. 4—8 м (у ніжнім цячэнні 3—6 м). Пойма двухбаковая, нізкая, парэзаная старыцамі і меліярац. каналамі, месцамі забалочаная. Рэчышча каналізаванае на ўсім працягу. У верхнім цячэнні рака называецца канал Мухавец. Ад г. Кобрын да Брэста рака зарэгуляваная. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады каля Брэста 34,9 м³/с. Суднаходства ад г. Кобрын (64 км ад вусця), працягласць навігацыйнага перыяду 230—240 сутак. На рацэ гарады Брэст, Пружаны, Жабінка, Кобрын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Пульвына́ ’мясцовасць на ўсход ад Камянца і Брэста ў бок Пінска, дзе мала лесу і балот, многа палёў’ (кам., ЖНС). З фанетычна змененага *полевина ад поле (гл.), параўн. назву людзей з гэтых мясцовасцей — полюхи ’палевікі’ (Клімчук, там жа). Аднак польск.pólwy (pulwy) ’затопленыя нізіны’, гідронім Пульва (назва рэчкі, што ўпадае ў Буг), нямецкія (з Прусіі) і балтыйскія паралелі дазваляюць бачыць тут заходнебалтыйскі ўплыў, параўн. Непакупны (Связи, 142–144): суадносіць з прус.Palwe ’пустка, зарослая нізкарослым хмызняком’, збліжэнне з поле лічыць другасным. Лаўчутэ (Балтизмы, 126) звязвае з літ.palves ’марошка; ягада, якая расце ў забалочаных мясцінах’, palios ’вялікія балоты’, лат.pali ’забалочаны бераг возера’, што малаверагодна. Бяднарчук (ABSl, 9, 51) адносіць балтыйскія формы да уграфінізмаў, параўн. карэл.palvi ’населеная мясцовасць’, эст.palu ’паляна, лес на пясчанай глебе; зарослая кустамі раўніна’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БРЭ́СЦКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геаграфічны раён Беларускага Палесся. Займае ПдЗтэр. Брэсцкай вобл. Мяжуе на Пн з Прыбугскай раўнінай, на Пд — з Валынскім узв.; працягнулася з З ад даліны р.Зах.Буг на У да Загароддзя на 110 км. З Пн на Пд прасціраецца на 60—70 км. Абс. вышыні рэльефу вагаюцца ад 130 м у даліне Зах. Буга да 189 каля г. Маларыта. Пл. 5,9 тыс.км².
Брэсцкае Палессе прымеркавана да ўсх. часткі Падляска-Брэсцкай упадзіны і прылеглых да яе з Пд Лукаўска-Ратнаўскага горста і Дзівінскай ступені. У тоўшчы антрапагену развіты ледавіковыя адклады нараўскага, бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў, брэсцкага перадледавікоўя, міжледавіковыя белавежскія, александрыйскія і муравінскія, а таксама галацэнавыя. Сярэдняя магутнасць іх 10—50 м, у ледавіковых лагчынах да 110 м. Асн. рысы паверхні аформіліся ў час дняпроўскага зледзянення. Пераважае плоскі і спадзіста-хвалісты рэльеф водна-ледавіковых нізін і раўнін з забалочанымі ўчасткамі азёрна-алювіяльнай нізіны на адзнаках 140—150 м з адноснымі перавышэннямі 2—10 м. Паверхня нахілена на З, да месца зліцця Мухаўца і Зах. Буга. Невысокія насыпныя і напорныя грады і ўзгоркі цягнуцца на Пд Брэсцкага Палесся — ад Зах. Буга да в. Олтуш Маларыцкага р-на і г. Маларыта. Абс. адзнакі тут 175—189 м, адносныя дасягаюць 25 м. На павышаных водападзелах развіты эолавы рэльеф (дзюны, грады, масівы), у лагчынах, арыентаваных пераважна з ПнЗ на ПдУ, забалочаныя стараж. і сучасныя азёрныя катлавіны, у т. л. карставыя. Трапляюцца ўчасткі марэннага рэльефу. Шмат скразных далін. Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны, жвір, пясок, мел, сапрапель. Гал. рэкі: Зах.Буг з прытокамі справа Мухавец, Спанаўка, Капаёўка, Серадовая Рэчка, левыя прытокі Мухаўца Рыта і Асінаўка. У Брэсцкім Палессі зах.ч. Дняпроўска-Бугскага канала, шматлікія меліярац. каналы. Значныя азёры: Арэхаўскае, Олтушскае, Белае, Любань, Рагазнянскае, Чорнае, вадасх. Лукаўскае. Сярэдняя т-растудз. -4,4 °C, ліп. 18,8 °C, ападкаў 548 мм за год. Глебы тарфяна-балотныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя і дзярнова-карбанатныя. Пад ворывам каля 30% тэрыторыі. Лясы займаюць 10—20%, на Пд да 40% тэрыторыі. У межах Брэсцкага Палесся заказнікі бат.Радастаўскі і біял. Селяхі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НІГСЕН Лявонцій Лявонцьевіч [10.2.1745, г. Браўншвайг (паводле інш. звестак — маёнтак Бантэльн каля г. Гановер), Германія — 3.10.1826], расійскі ваенны дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1802), граф (1813). Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. У 1773 перайшоў на рас. службу з гановерскай арміі. Удзельнік паходаў супраць Турцыі, задушэння сял. вайны 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. У 1792 удзельнічаў у бітве супраць бел.-літ. войска пад Мірам (19 мая), асадзе Нясвіжскага замка, баях пад Зэльваю, Ваўкавыскам, каля р.Буг (2 ліп.). У час паўстання 1794 са сваім атрадам дзейнічаў паміж Ашмянамі і Дзісной, нанёс паражэнне паўстанцам каля мяст. Солы, за што атрымаў чын ген.-маёра. За ўдзел у ваен. кампаніі на тэр. Літвы атрымаў 1080 душ прыгонных сялян у Слуцкім пав. Удзельнік дварцовага перавароту 1801 (забойства Паўла I). У 1801—06 віленскі ваен. губернатар. У 1806—07 камандзір корпуса і галоўнакамандуючы рус. арміяй, удзельнічаў у баях супраць Напалеона. У вайну 1812 за інтрыгі супраць М.І.Кутузава зняты з пасады нач. Галоўнага штаба. У замежных паходах 1813—14 камандаваў Польск. арміяй. У 1818 звольнены ў адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ ЗЯМЛЯ́,
гістарычная вобласць у 10—16 ст. у бас. сярэдняга цячэння рэк Зах.Буг і Нараў. Найб. гарады: Бельск, Берасце (Брэст), Драгічын над Бугам, Камянец, Кобрын, Мельнік. З 10 ст. ў складзе Кіеўскай Русі, з канца 11 да сярэдзіны 12 ст. ва ўладанні тураўскіх, пасля — валынскіх князёў. У 11—13 ст. тут сутыкаліся інтарэсы кіеўскіх, тураўскіх, пінскіх, менскіх, галіцка-валынскіх, а з пач. 14 ст. і князёў ВКЛ з інтарэсамі польскіх феадалаў. Польскія князі Казімір II у 1179 і 1182, Конрад Мазавецкі і Лешка Кракаўскі ў 1210 часова захоплівалі Берасцейскую зямлю Драгічынскую воласць захапілі ням. рыцары, якіх у 1237 разбіў валынскі кн. Даніла Раманавіч. Паводле ўскосных звестак Іпацьеўскага летапісу, у 1240 у Берасцейскую зямлю з Пд уварваліся манголы. З пач. 14 ст. Берасцейская зямля ў складзе ВКЛ, ва ўладанні вял. князя Кейстута. У 1349 на некат. час Берасцейскую зямлю захапіў польскі кароль Казімір III. У 1382 кн. Януш Мазавецкі асадзіў Берасце, захапіў Драгічын, Мельнік і інш. З 1413 Берасцейская зямля ў складзе Трокскага ваяв. У 1566 створана Берасцейскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЛІНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Lubelskie),
адм.-тэр. адзінка на Пд Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 25 тыс.км². Нас. 2,2 млн.чал. (1999), гарадскога 49%. Адм. цэнтр — г.Люблін. Найб. гарады: Хэлм, Замасць, Бяла-Падляска, Пулавы. Цэнтр.ч. ваяводства займае Люблінскае ўзв., на ПнЗ размешчана ўсх. ўскраіна Мазавецкай нізіны, на ПнУ — Люблінскае Палессе, на Пд — узв. Разточэ. Карысныя выкапні: каменны вугаль, вапнякі, мергель, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -3 °C да -4,5 °C на ПнУ, ліп. 17,5—18,5 °C. Ападкаў за год ад 500 мм на Люблінскім Палессі да 700—800 мм на Разточэ. Гал.р. Вісла з прытокамі Буг і Вепш. Канал Вепш—Кшна. Глебы падзолістыя, балотныя, бурыя, чарназёмныя. Пад лесам каля 22% тэрыторыі. Гаспадарка мае агр,прамысл. характар. Пад с.-г. угоддзямі 69% тэрыторыі. Вырошчваюць пшаніцу, цукр. буракі, алейныя культуры, каноплі, тытунь, хмель, бульбу, агародніну. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, птушак. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне (вытв-сць аўтамабіляў, с.-г. машын, верталётаў, шарыкападшыпнікаў), харч., хім., лёгкая, дрэваапрацоўчая. Здабыча каменнага вугалю. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНА́Я,
рака ў Камянецкім і Брэсцкім р-нах Брэсцкай вобл., правы прыток р.Зах.Буг. Даўж. 85 км. Пл. вадазбору 2650 км². Утвараецца ад зліцця рэк Правая Лясная і Левая Лясная, за 1 км на У ад в. Вугляны Камянецкага р-на. Цячэ па Прыбугскай раўніне і Брэсцкім Палессі. Асн. прытокі: Крывуля, Тачыя, рака без назвы каля в. Трасцяніца Камянецкага р-на, Лютая (справа), Градаўка (злева). Даліна шыр. 2—4 км, схілы да 20 м (месцамі да 30 м), перасечаныя лагчынамі, ярамі, асушальнымі каналамі. Пойма двухбаковая, шыр. да 1 км, лугавая, радзей — парослая хмызняком. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае. Шыр. ракі ў межань 20—30 м. Берагі выш. да 4 м, адкрытыя, пад хмызняком. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў канцы 2-й дэкады сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 1,5 м. Замярзае ў 3-й дэкадзе снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13 м³/с. На рацэ г. Камянец, каля в. Цюхінічы Брэсцкага р-на плаціна. Рака прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў.