ІО́РДАНС ((Jordaens) Якаб) (19.5.1593, г. Антверпен, Бельгія — 18.10.1678),
фламандскі жывапісец. Прадстаўнік барока. З 1607 вучыўся ў Антверпене ў А. ван Норта. У творчасці захоўваў сувязі з традыцыямі нідэрл. мастацтва 16 ст., выкарыстоўваў дасягненні М.Караваджа і П.П.Рубенса, з якім супрацоўнічаў у 1620—40. Раннім работам уласцівы выразна простанародны характар вобразаў, шчыльна згрупаваных на пярэднім плане, буйныя выпуклыя формы, асвятленне, якое падкрэслівае яркія колеры («Святая сям’я», каля 1615; «Пакланенне пастухоў», каля 1617; «Алегорыя Плоднасці» («Услаўленне Памоны»), каля 1622]. У 1620—30-х г. адлюстроўваў сялянскія і бюргерскія тыпажы, якія вылучаліся цяжкаважкасцю фігур, сакавітасцю дэталей, рысамі грубаватага жыццярадаснага гумару: «Сатыр у гасцях у селяніна», пач. 1620-х г.; «Псяр і яго зграя», 1635; «Выхаванне Юпітэра», 1635—40; «Бабовы кароль», 1638—40). Познія творы на рэліг. сюжэты — у рамках рэліг. эстэтыкі барока з рысамі бурлівай патэтыкі і маст. перагрувашчанасці («Шэсце на Галгофу» і інш.). Рабіў малюнкі і кардоны для шпалераў («Гісторыя Аляксандра», «Серыя фламандскіх прымавак»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛЬСКІ СТАНІСЛА́ВАЎСКІ КАСЦЁЛ КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры позняга барока ў г. Мядзел Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1752—54 А.Кошчыцам разам з заснаваным ім кляштарам босых кармелітаў. Кляштар зачынены ў 1840, касцёл у 1866 перароблены пад царкву, пры гэтым забелены размалёўкі. У 1920 вернуты католікам, зачынены пасля Вял.Айч. вайны, з 1989 аддадзены вернікам. Мураваны храм мае цэнтрычную кампазіцыю. Ніжні кубічны аб’ём завершаны масіўным 8-гранным барабанам, накрытым пластычным гранёным купалам з 4 люкарнамі і ажурным ліхтаром у цэнтры. У аздобе фасадаў выкарыстаны прафіляваныя карнізы, раскрапоўкі, разарваныя франтоны, калоны, валюты, каваныя агароджы балкончыкаў. Аконныя праёмы з паўцыркульнымі і лучковымі арачнымі завяршэннямі. Дэкар. афармленне інтэр’ера мае элементы ракако. Па ўсім перыметры сцен здвоеныя пілястры з капітэлямі, аб’яднаныя прафіляваным карнізам. У інтэр’еры захаваліся фрагменты фрэсак. Касцёл — рэдкі для бел.барока помнік цэнтрычнай кампазіцыі, не мае аналагаў сярод кармеліцкіх храмаў. Кампазіцыйнае вырашэнне будынка несіметрычнае. Паверхня сцен мае строгую і лаканічную арх. апрацоўку. Побач з касцёлам мураваная 2-павярховая плябанія і званіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛЕ́ЗСКІЯ ШКО́ЛЫ,
дзве літаратурныя школы ў Германіі ў 17 ст. Назва ад цэнтра літ. суполак у сілезскім г. Брэслаў. Заснавальнік першай С.ш. паэт М.Опіц, які першы пачаў пісаць філас.грамадз. лірыку на ням. мове, паслядоўна правёў сілаба-танічную рэформу і напісаў трактат па паэтыцы «Кніга пра нямецкае майстэрства паэзіі» (1624). Ён вызначыў стыль паэтаў гэтай школы, у творчасці якіх рысы барока спалучаліся з элементамі класіцызму, рацыяналізмам і афарыстычнасцю формы (П.Флемінг, Ф. фон Логаў). Асн. праблематыка — 30-гадовая вайна, адказнасць чалавека перад часам, айчынай і сабою. Другая С.ш. ўзнікла ў 2-й пал. 17 ст. (К.Г.Гофмансвальдаў, Д. фон Лоэнштайн, К.Грыфіус) і належыць да барока. Яе стыль адзначаны моцным уплывам марынізму і прэцыёзнай літаратуры, адметны складанай метафарычнасцю, маляўнічасцю, музычнасцю і вытанчанасцю формы. Асн. тэмы — марнасць быцця і велічнасць чалавечага духу, каханне, а таксама геданізм і эратычныя матывы. Абедзве С.ш. з’явіліся фундаментам класічнай ням. паэзіі.
Літ.:
Синило Г.В. Немецкая литература XVII в. // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕЙЖАДЫ́НЬЮ (Aleijadinho, літар. маленькі калека; сапр.Лісбоа Антоніу Франсіску, Lisbôa; 29.8.1730 або 1738, г. Віла-Рыка, Бразілія — 18.11.1814),
бразільскі скульптар і архітэктар; прадстаўнік позняга барока. Знявечаны праказай, працаваў, прымацоўваючы інструменты да пальчатак. Пабудаваў цэрквы Сан-Франсіску ў Ору-Прэту і ў Сан-Жуан-дэл-Рэй. Стварыў скульптуры 12 біблейскіх прарокаў і серыю драўляных паліхромных груп «Страсці Хрыстовы» ў царкве Бон-Жэзус-ды-Матазіньюс у Кангоньясе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
кансепты́зм
(ісп. conceptismo, ад concepto = паняцце, думка)
адна з дзвюх асноўных школ іспанскага барока (разам з гангарызмам), паслядоўнікі якой займаліся пошукамі глыбінных і нечаканых сувязей паміж далёкімі прадметамі, з’явамі, паняццямі, імкнуліся да выяўлення парадаксальных заканамернасцей быцця, максімальнай выразнасці і сэнсавай насычанасці выказвання.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГЛЫБО́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры ранняга барока. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл., на паўн. беразе воз. Вялікае. Засн. ў 1639 мсціслаўскім ваяводам Іосіфам Корсакам, які запісаў кляштару сваю частку Глыбокага, 27 фальваркаў і вёсак. Кляштар спалены ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Мураваны касцёл Ушэсця Маці Божай пабудаваны ў 2-й пал. 17 ст. прыёрам Тышкевічам, перабудаваны ў 1735 паводле праекта арх, І.Глаўбіца (зменены гал. фасад і інтэр’ер), першы ўзор віленскага барока на Беларусі. У 1727 у кляштар пераведзены з Вільні кананічны навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна). Касцёл — 3-нефавая 4-вежавая базіліка з трансептам і прамавугольнай у плане алтарнай апсідай. Гал. фасад багата аздоблены ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, раскрапоўкамі, глыбокімі нішамі і інш.) і завершаны 2 скразнымі 4-яруснымі чацверыковымі вежамі і фігурным франтонам паміж імі. Інтэр’ер аздоблены пілястрамі, антаблементам з каванай агароджай над ім, лепкай у тэхніцы стука і інш. Зберагліся разныя з пазалотай дзверы 17 ст. З ПнЗ да касцёла прылягаў трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак кляштара з унутр. дваром (збераглося ўсх. крыло). На восі касцёла размешчана трохпралётная брама ў стылі позняга барока. Пры кляштары ў 1830 былі бясплатны конвікт для вучняў (пансіён), муз. капэла (12 інструментаў), б-ка (2621 том, 1655 гравюр, збор планаў і картаў), шпіталь, аптэка, гасп. пабудовы. У 1842 канфіскаваныя ў казну ўладанні кляштара складалі больш за 760 валок зямлі, 11 фальваркаў і 67 вёсак, каля 800 дымоў, гадавы прыбытак быў 12 785 руб. серабром. У 1862 кляштар скасаваны (манахі выехалі ў Камянец-Падольскі), яго будынкі аддадзены Палаце дзярж. маёмасці. Касцёл у 1872—78 перароблены ў царкву Раства Багародзіцы, дзейнічае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры 16—18 ст., у якім спалучаны прыёмы і формы готыкі, рэнесансу і барока. Комплекс уключае касцёл, жылы корпус, вежу-званіцу, якія звязаны паміж сабой і ўтвараюць замкнёны ўнутр. двор. Размешчаны на высокім правым беразе Нёмана і з’яўляецца дамінантай сілуэта забудовы цэнтра горада.
Драўляны кляштар засн. ў 1494 у Гродне (фундатар А.Ягелончык). Буд-ва мураванага касцёла пачалося ў 1602. У 1656 кляштар пашкоджаны пажарам. У 1680 перакрыта страха касцёла, рэстаўрыраваны алтар св. Антонія, пабудавана капліца св. Барбары. У 1736 пабудаваны 3 алтары ў капліцы св. Міхаіла, перабудаваны алтары св. Міхаіла, св. Банавентуры, св. Ануфрыя, св. Пятра з Алькантары. У 1738 рэстаўрыравана званіца.
Касцёл — 3-нефавая 6-стаўповая базіліка, у архітэктуры якой спалучаюцца стылявыя элементы готыкі, рэнесансу і барока. Гал. фасад дэкарыраваны антаблементам, пілястрамі карынфскага ордэра, арачнымі нішамі і завершаны трохвугольным франтонам. У 1788 інтэр’ер аздоблены жывапісам, разьбой па дрэве, чыгунным і бронзавым ліццём, стукавым арнаментам, скульптурай. Скляпенні крыжовыя на падпружных арках, размаляваных у тэхніцы грызайль (гербы заказчыкаў, раслінны арнамент). Над прытворам хоры з арганам (устаноўлены ў 1680-я г.). У кампазіцыі ўсіх 14 алтароў (за выключэннем аднаго, зробленага ў 20 ст.мясц. рэзчыкам І.Болдакам) выкарыстаны элементы карынфскага ордэра, скульптура, алтарныя карціны. Асаблівую маст. каштоўнасць маюць скульпт. і гарэльефныя стукавыя кампазіцыі Ларэтанскай капэлы «Чатыры евангелісты», «Святая сям’я», «Маленне аб чашы», выкананыя ў стылі рэнесансу. Трох’ярусны гал. алтар драўляны, аздоблены стукавай скульптурай і арнаментам. Двухпавярховы жылы корпус далучаны да паўд. сцяны касцёла. Сцены члянёны прамавугольнымі вокнамі, пілястрамі, контрфорсамі. Да гал. фасада касцёла з паўд. боку прымыкае вежа-званіца. Два верхнія ярусы званіцы, перабудаваныя ў 1788, выкананы ў стылі позняга барока, маюць складаную фігурную пабудову і маляўнічы сілуэт.
С.Г.Багласаў, М.М.Яніцкая.
Гродзенскі кляштар бернардзінцаў.Гродзенскі кляштар бернардзінцаў. Інтэр’ер касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у 1676—1832 у Віцебску. Засн. віцебскім ваяводам Я.А.Храпавіцкім. У 1685 пабудаваны драўляны касцёл св. Антонія і жылы корпус. Пасля пажару 1733 пабудаваны мураваныя касцёл і 3-павярховы жылы корпус у стылі позняга барока. У 1772 касцёл асвячоны біскупам-суфраганам беларускім Ф.Тавянскім. У 1832 кляштар скасаваны. У 1843 касцёл стаў парафіяльным, дзейнічаў да 1920-х г. (тады ж разбураны і будынкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАРЫ́НІ, Гуарыні (Guarini) Джавані Батыста (10.12.1538, г. Ферара, Італія — 7.10.1612), італьянскі паэт, тэарэтык л-ры і мастацтва. Праф. рыторыкі ў Падуі. Праславіўся трагікамедыяй «Верны пастух» (1590). Аўтар лірычных вершаў, мадрыгалаў, трактата-падручніка «Кампендыум трагікамічнай паэзіі» (1601), у якім сцвярджаў, што мэта паэзіі — не павучаць, а даваць асалоду, што залішні рацыяналізм супярэчыць правілам ант. аўтарытэтаў. Вытанчанасць стылю, пачуццёвасць у спалучэнні з метафарычнасцю робяць яго творчасць прадвесцем мастацтва барока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНЦЭ́ВІЧ Людвік [1717(?) — 10.10.1783], бел. і літоўскі архітэктар, прадстаўнік позняга барока. Сярод работ на Беларусі: касцёлы аўгусцінцаў (1750—66) у фальварку Забелы (сучасная в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на), дамініканцаў у г.п. Друя Браслаўскага р-на (1765—73; разам з арх. А.Парака), дамініканскі кляштар у Нясвіжы (1780-я г.; усе не зберагліся). Удзельнічаў у рэканструкцыі касцёла місіянераў у Вільні (1753), стварыў дамініканскія касцёлы ў гарадах Расейняе (1776—83) і Вірбалісе (1783).