навука аб прынцыпах і метадах разліку збудаванняў на трываласць, жорсткасць, устойлівасць і ваганні; раздзел прыкладной механікі.
Асновы будаўнічай механікі выкладзены ў 18—19 ст. у працах Л.Эйлера, Ж.Лагранжа, Дз.І.Жураўскага, У.Р.Шухава і інш. На розных этапах развіцця будаўнічай механікі метады разліку збудаванняў вызначаліся ўзроўнем развіцця матэматыкі, механікі, супраціўлення матэрыялаў і інш. У 2-й пал. 20 ст. выкарыстанне ЭВМ дало магчымасць укараніць эфектыўныя метады разлікаў; статыстычных выпрабаванняў, канечных элементаў, варыяцыйна-рознаснага і інш. Вельмі важныя даныя будаўнічай механікі пры ўзвядзенні сейсмаўстойлівых і вышынных будынкаў.
На Беларусі даследаванні па пытаннях будаўнічай механікі праводзіліся ў 1920-я г. ў БСГА А.А.Краўцовым, у 1935—41 у БПІ М.В.Венядзіктавым, І.Р.Прытыкіным, у 1938—41 у Бел. лесатэхн. Ін-це М.М.Рудзіцыным, вядуцца ў Бел.політэхн. акадэміі, Бел.тэхнал. ун-це, Брэсцкім політэхн. ін-це, Полацкім ун-це, Бел. ун-це транспарту, НДІбуд-ва і архітэктуры. Удасканалены метады і алгарытмы аптымізацыі расходу матэрыялаў на шарнірна-стрыжнёвыя, вісячыя і камбінаваныя сістэмы (Л.І.Коршун, П.У.Аляўдзін, Р.І.Фурунжыеў, І.С.Сыраквашка). Даследаваны пытанні статыкі і дынамікі нелінейна дэфармаваных шарнірна-стрыжнёвых і вісячых сістэм (Я.М.Сідаровіч), устойлівасці стрыжнёвых сістэм (А.Ф.Анішчанка, С.С.Макарэвіч, Л.С.Турышчаў). Праведзены статычныя разлікі рамаў, пласцін, абалонак, труб (А.А.Краўцоў, А.А.Кручкоў, Л.Ф.Беразоўскі, Г.А.Герашчанка, А.А.Чэча). Вырашаны шэраг кантактавых задач прыкладной тэорыі пругкасці (С.М.Ягалкоўскі, С.В.Басакоў), прапанаваны метады электроннага мадэлявання нелінейных задач будаўнічай механікі і прыкладной тэорыі пругкасці (У.М.Аўсянка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКІ РАЁН,
на ПнУ Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 3,1 тыс.км². Нас. 36,5 тыс.чал. (1996), гарадскога 46,2%. Сярэдняя шчыльн. 11,8 чал на 1 км². Цэнтр раёна — г.п.Гарадок; г.п.Езярышча; 384 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 18 сельсаветаў: Бычыхінскі, Вайханскі, Віраўлянскі, Вярэцкі, Газьбенскі, Гуркінскі, Даўгапольскі, Зайкаўскі, Марчанскі, Мяжанскі, Пальмінскі, Першамайскі, Пралетарскі, Прудніцкі, Руднянскі, Стадалішчанскі, Халамерскі, Хмяльніцкі.
Большая ч.тэр. раёна ў межах Гарадоцкага ўзвышша, на ПдУ — Суражская нізіна, на З — ускраіна Полацкай нізіны. Паверхня ўзгорыста-марэнная, пераважаюць выш. 170—180 м, найвыш. пункт 259 м (каля в. Загараны). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, радовішчы гліны і пяску. Сярэдняя т-растудз. -7,9 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 625 мм за год. Вегетац. перыяд 183 сут. Найб. рэкі Обаль з прытокамі Чарнуйка, Чарняўка і Усыса; Аўсянка і Лужасянка; Ловаць (бас. Нявы). 92 возеры, найб. — Езярышча, Лосвіда, Вымна, Цёста, Кашо, Сясіта, Вял. Свіно, Чарнова, Бярнова, Чарняста. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 32,5% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і яловыя; трапляюцца чорная вольха, асіна, ясень. Балоты займаюць 28,3 тыс.га; вял. балотныя масівы: Чырвоны Мох, Абрамнае, Лукашэўскі Мох, Вялікае і інш. На тэр. раёна Езярышчанскі арніталагічны заказнік, гідралагічны заказнік Карыценскі Мох.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 101,4 тыс.га, з іх асушана 21,7 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 18 калгасаў, 16 саўгасаў. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля і льнаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, лёгкай паліўнай і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Віцебск—Гарадок—Невель (Расія), аўтадарогі Руба—Невель, Обаль—Гарадок—Полава. У раёне 16 сярэдніх, 11 базавых, 9 пач. школ, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, школа-інтэрнат, 29 дашкольных устаноў, 44 клубы, 42 б-кі, 8 бальнічных устаноў. На воз. Лосвіда турбаза «Віцебская». Помнікі архітэктуры: паштовая станцыя 1-й пал. 19 ст. ў в. Кузьміно, касцёл (1896) у в. Рамні. Выдаецца газ. «Гарадоцкі веснік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
фізіка-геаграфічны раён на ПнУБеларускага Паазер’я, у Віцебскай вобл. Мяжуе з Суражскай нізінай на У, Віцебскім узв. на ПдУ, Полацкай нізінай на ПдЗ і З, на Пн адгор’і ўзвышша зліваюцца з Невельскім узв. у Пскоўскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Выцягнута з Пн на Пд да 70 км, з З на У да 45 км. Пл. каля 3 тыс.км². Выш. ад 135 м (урэз р.Зах. Дзвіна каля в. Курына Віцебскага р-на) да 263 м (каля в. Загараны Гарадоцкага р-на).
У геаструктурных адносінах Гарадоцкае ўзвышша прымеркавана да паўн.-зах.ч.Аршанскай упадзіны, дзе да канца дэвону завяршылася структурная перабудова і ўтварылася плато, расчлянёная паверхня якога служыць цокалем Гарадоцкага ўзвышша. Магутнасць адкладаў антрапагенавай сістэмы 40—170 м, асноўная частка іх складзена з 5—6 комплексаў ледавіковых (марэнных, патокава-ледавіковых і азёрна-ледавіковых) утварэнняў. Карысныя выкапні: даламіт (блізка ад паверхні на Рубаўскім выступе парод дэвону і ў адорвенях), пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі і легкаплаўкія гліны, прэсныя і мінер. падземныя воды.
Сучасны рэльеф аформіўся ў час адступання ледавіка паазерскага зледзянення. На Пн знаходзіцца ўласна Гарадоцкае ўзвышша, якое ўзнікла як астраўны лёдападзельны масіў. У рэльефе яго выражана сістэма канцова-марэнных град. На Пн вылучаецца больш высокі ўнутр. клінападобны пояс канцовых марэнных град (даўж. 20—22 км), складзеных пераважна з валунных суглінкаў. Знешні дугападобны пояс канцова-марэннага рэльефу складаюць грады, валы і ўзгоркі. У паўн.ч. знешняга пояса буйна- і сярэднеўзгорысты рэльеф. На Пд ад канцова-марэннага масіву пераважае камава-ўзгорысты рэльеф, які ўзнік у паласе «мёртвага лёду», што заставаўся некаторы час пасля адступання краю ледавіка на Пн. Трапляюцца ўчасткі спадзіста-хвалістага рэльефу асн. марэны, далінныя зандры, озы. Рачная сістэма належыць да бас.Зах. Дзвіны і Ловаці. На зах. схілах прытокі Обалі — Усыса, Чарняўка, Чарнуйка, на ўсх. — Ловаць, Аўсянка (прыток Усвячы), на Пд пачынаецца р. Лужасянка. Найб. азёры: Езярышча, Лосвіда, Кашо, Вымна, Заронава. Сярэдняя т-растудз. -7,9 °C, ліп. 17,6 °C, ападкаў 625 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя і поймавыя. Пад ворывам каля 25%, пад лесам да 30% тэрыторыі. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-яловыя, другасныя бярозавыя, асінавыя і шэраальховыя лясы, вярховыя і пераходныя балоты, у катлавінах азёр — лугі. Раён вылучаецца маляўнічасцю ландшафтаў. У межах Гарадоцкага ўзвышша заказнікі: гідралагічныя Карыценскі Мох, Цёста; біял. Езярышчанскі, Паташэнскі, Сурміно і інш.