Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПСІ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі верхняга палеаліту і мезаліту (9—5-е тыс. да н. э.), пашыраная ў Паўн.Афрыцы і краінах Міжземнамор’я. Назва ад стаянкі ў г. Гафса (Капса) у Тунісе. Насельніцтва займалася паляваннем і збіральніцтвам. Адметная рыса паселішчаў — вял. скопішчы ракавін уперамешку з касцямі жывёл. З крамянёвых прылад найб. характэрны мікраліты, якія служылі ўкладышамі для складаных прылад і наканечнікамі стрэл. Знойдзены таксама абломкі пасудзін са шкарлупін страусавых яец. Магчыма, менавіта капсійцы стварылі стараж. наскальныя выявы ў Паўн.Афрыцы і Усх. Іспаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1884—85,
міжнародная канферэнцыя па пытаннях каланіяльных уладанняў у Афрыцы. Склікана па ініцыятыве Германіі, каб перашкодзіць Вялікабрытаніі і Партугаліі захапіць зах.-афр. ўзбярэжжа, у т. л. вусці р. Конга. Удзельнікі (Аўстра-Венгрыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Данія, ЗША, Іспанія, Італія, Нідэрланды, Партугалія, Расія, Турцыя, Францыя і Швецыя) фармальна прызналі Конга «свабоднай дзяржавай» на чале з бельг. каралём Леапольдам II (акрамя Бельгіі права эксплуатаваць Конга атрымалі і інш. дзяржавы), вызначылі парадак набыцця «незанятых афр. зямель», удакладнілі граніцы партуг. калоніі Анголы, фактычна адобрылі захопы Францыі ў Экватарыяльнай Афрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФА́Р, Данакіль,
тэктанічная ўпадзіна ў Афрыцы, у Эфіопіі, Эрытрэі і Джыбуці. На Пн апушчана да 116 м ніжэй узр. м., на У, у катлавіне воз. Асаль, да 153 м ніжэй узр. м. (самае нізкае месца ў Афрыцы). Паверхня раўнінная, укрытая пясчанымі дзюнамі. У паўд. частцы пераважаюць лававыя і пясчанікавыя плато выш. да 500 м. Па краях узвышаюцца вулканы (Алу, Габулі, Умуна і інш.). Адно з самых гарачых месцаў на Зямлі: сярэдняя мінім.т-ра 25 °C, сярэдняя макс. 35 °C, ападкаў менш за 200 м за год. Рэкі Афара (Аваш і інш.) перасыхаюць, некаторыя заканчваюцца салёнымі азёрамі (воз. Абе). Пераважаюць глініста-саланчаковыя і пясчаныя пустыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕЯЕ́Д (Circaetus gallicus або С. ferox),
птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Еўропе, Паўн.-Зах.Афрыцы, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Паўд.-Зах. Сібіры, Паўн. Манголіі. Жыве ў мясцінах, дзе лясныя масівы перамяжоўваюцца адкрытымі прасторамі. На Беларусі рэдкі гнездавальны від, пераважна на Палессі і Паазер’і; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела да 73 см, маса да 2 кг, размах крылаў да 1,95 м. Зверху шаравата-буры, знізу — белы з рэдкімі стракацінамі, горла і валляк цёмныя, хвост паласаты. Гнёзды на высокіх дрэвах, скалах. Нясе 1 яйцо. Корміцца пераважна змеямі (адсюль назва), вужамі, яшчаркамі, жабамі. Зімуе ў Паўд.-Зах. Азіі, Афрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІВАГРА́К, сіваваронка (Coracias),
род птушак сям. сіваваронкавых атр. ракшападобных. 8 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. Жывуць у лесастэпах, лясах, на ўзлесках, каля высечак, у парках і гаях, саваннах, на акультураных землях. На Беларусі 1 від — С. звычайны, або ракша (C. garrulus), нар. назвы краска, сінюга; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела С. звычайнага да 35 см, маса да 190 г. Апярэнне зеленавата-блакітнае з яркім адлівам. На крылах і хвасце ёсць цёмна-сінія ўчасткі. Спіна рыжавата-карычневая. Сярэдняя пара пёраў хваста цёмна-бурая з ліловым напылам. Дзюба моцная, крыху кручкаватая. Корміцца буйнымі жукамі, прамакрылымі, радзей дробнымі пазваночнымі. Нясе 4—6 яец. Зімуе ў Афрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СУ,
вадасховішча ў Зах.Афрыцы н тэр. дзяржавы Кот-д’Івуар, на р. Бандама. Пл. 1500 км², аб’ём 29,5 км³, даўж. 150 км. Створана ў 1972—78 з мэтай энергетыкі і ірыгацыі.