КУРФЮ́РСТЫ (ням. Kurfürsten літар. князі-выбаршчыкі),
у «Свяшчэннай Рымскай імперыі» князі, якія з 13 ст. мелі права выбіраць герм. караля (імператара). З’явіліся ва ўмовах тэр. раздробленасці сярэдневяковай Германіі і аслаблення тут цэнтр. улады. Правы і асаблівыя прывілеі К. былі аформлены паводле Залатой булы (1356). Яны мелі поўную паліт. самастойнасць у межах імперыі, дыктавалі імператару ўмовы, якія той павінен быў выконваць. У 13 ст. К. былі свецкія князі Саксоніі, Брандэнбурга, Пфальца, кароль Чэхіі, архіепіскапы гарадоў Трыр, Кёльн і Майнц. У 17 ст. правы курфюрства атрымала Баварыя, у 18 ст. — Гановер, у 19 ст. — Вюртэмберг, Бадэн, Гесен-Касель, Зальцбург. Калегія К. перастала існаваць пасля ліквідацыі «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (1806).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ВЕ́ЖА,
помнік архітэктуры 2-й пал. 16 ст. ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Уваходзіць у комплекс Нясвіжскага касцёла езуітаў. Першапачаткова складалася з нізкай шатровай брамы (злучала горад з замкам; не захавалася) і высокай абарончай вежы. Вежа — квадратнае ў плане збудаванне, завершанае шатровым дахам. Глухі ніжні ярус з контрфорсамі вырашаны як масіўны цокаль. 2-і ярус аформлены прамавугольнымі, круглымі і квадратнымі аконнымі праёмамі, 3-і і 4-ы — арачнымі. Белыя атынкаваныя абрамленні праёмаў і між’ярусныя паяскі кантрастуюць з чырв. цаглянай муроўкай сцен, што стварае дэкар. 2-колерную гаму фасадаў. У архітэктуры вежы алюстраваны рысы бел. абарончага дойлідства, стыляў готыкі і рэнесансу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХРЭ́МАВІЦКІ ПАРК «БЯЛЬМО́НТЫ»,
помнік садова-паркавага мастацтва Беларусі. Закладзены ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Ахрэмаўцы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.), на паўн.-ўсх. беразе воз. Дрывяты. Быў часткай палацава-паркавага ансамбля маёнтка графа Патоцкага (мураваны палац знішчаны ў 1914). Пл. 65 га, вакол парку 300-метровая паласа лесу. Размешчаны на 2 раўнінных участках са значным перападам рэльефу паміж імі, які аформлены 3 вузкімі тэрасамі з сістэмай усходаў (не зберагліся).
Кампазіцыя верхняй тэрасы мае рысы рэгулярнага стылю. Па восі палаца размешчаны шырокі партэр з газонамі і 2 штучныя вадаёмы авальнай формы. Ніжняя ч. парку з маляўнічымі сажалкамі, пратокамі і астравамі мае рамантычны пейзажны характар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВОСЬ БЕРЛІ́Н—РЫМ»,
ваенна-палітычны саюз фашысцкіх Германіі і Італіі, які склаўся ў 1936. Аформлены 25.10.1936 падпісаным у Берліне італагерм. пратаколам аб супрацоўніцтве. Бакі дамовіліся аб размежаванні сфер эканам. экспансіі на Балканах і ў Дунайскім басейне і скаардынавалі свае дзеянні ў вайне супраць Ісп. рэспублікі; Германія афіцыйна прызнала захоп Італіяй Эфіопіі. Збліжэнню абедзвюх фаш. дзяржаў папярэднічалі прыхільная пазіцыя Германіі ў час італьян. агрэсіі супраць Эфіопіі (гл.Італа-эфіопская вайна 1935—36) і сумесная германа-італьян. інтэрвенцыя ў Іспаніі (гл. ў арт.Іспанская рэвалюцыя 1931—39). У выніку пагадненняў «Вось Берлін—Рым» і «Антыкамінтэрнаўскі пакт» напярэдадні 2-й сусв. вайны аформіўся блок агрэсіўных дзяржаў (гл.«Трохвугольнік Берлін—Рым—Токіо»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ УРА́ДА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.
Пабудаваны ў 1930—34 (арх. І.Лангбард) у Мінску. Самае буйное ў Беларусі збудаванне грамадзянскай архітэктуры даваен. часу (аб’ём будынка 240 тыс.м³). Яго стварэнне было пачаткам рэканструкцыі сталіцы.
Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя пабудавана на сіметрычных рознавышынных аб’ёмах, што надае сілуэту будынка дынамічнасць. 9-павярховая цэнтр.ч. адсунута ў глыбіню і фланкіравана бакавымі крыламі, якія ўтвараюць плошчу 100 × 50 м. Увесь складаны комплекс атрымаў зручную функцыян. арганізацыю ўнутр. прасторы, падпарадкаваную строгай канструкцыйнай сістэме. Інтэр’ер аформлены размалёўкамі і шматфігурнымі рэльефамі. Дом урада — адзін з першых і найб. значных прыкладаў сінтэзу архітэктуры і манум. мастацтва.
Літ.:
Воинов А.А., Самбук С.Ф. Дом правительства Белорусской ССР. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ДЗІШКАЎСКІ КАЛЬВІ́НСКІ ЗБОР,
помнік архітэктуры рэнесансу. Пабудаваны ў 1612 у в. Жодзішкі (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.), у пач. 19 ст. перабудаваны пад Троіцкі касцёл. Першапачаткова храм быў 1-нефавы, прамавугольны ў плане, без апсіды, з двух’яруснай чацверыковай вежай-званіцай на гал. фасадзе. Пры перабудове да нефа прыбудаваны вял. прамавугольныя ў плане бакавыя капліцы з трохвугольнымі шчытамі ў завяршэнні тарцовых сцен. Цяпер — мураваны крыжападобны ў плане 1-нефавы будынак з квадратнай у плане алтарнай апсідай з сакрысціяй з Пн і вуглавымі контрфорсамі. Гал. фасад вырашаны плоскасна, завершаны шчытом, партал увахода аформлены рустыкай. Скляпенні капліц упрыгожаны размалёўкай (мастак П.Сергіевіч, 1937).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБІНЕ́ЦКІЯ ЗЕ́МЛІ,
зямельныя ўладанні рас. імператараў і ўласнасць рас. імператарскай сям’і ў сярэдзіне 18 — пач. 20 ст. Вылучаны ў 1747, заканадаўча аформлены ў 1786. Знаходзіліся пад кіраваннем Кабінета яго імператарскай вялікасці, які ўваходзіў у склад Мін-ва імператарскага двара; не падлягалі продажу. Сканцэнтраваны пераважна ў Сібіры (Алтай, Забайкалле) і ч. Польшчы (маёнткі ў Варшаўскай губ.). У Сібіры К.з. займалі 67,8 млн.га (каля 3,3% усёй зямлі Рас. імперыі). На іх вялася здабыча золата, серабра, свінцу, медзі, дзейнічалі з-ды па выплаўцы жалеза, чыгуну, сталі. Пасля 1861 узмоцнена эксплуатаваліся лясы, зямля здавалася ў арэнду. У 1865—1907 на сібірскія К.з. пераселена каля 1 млн.рас. сялян. У 1917 К.з. нацыяналізаваны сав. уладай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛТУШСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства ў в.Олтуш Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана да 1783, перабудавана ў 1862 і 1868. У 1889 да царквы пры ўваходзе праз тамбур далучана 2-ярусная званіца (васьмярык на чацверыку) з шатровым дахам. Царква складаецца з трох прамавугольных у плане зрубаў. Асн. зруб накрыты шатровым, бабінец — 2-схільным са шчытом на гал. фасадзе, апсіда — 3-схільным дахамі, завершанымі фігурнымі вежачкамі. Сцены гарызантальна ашаляваны і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з разнымі ліштвамі. Унутры асн. зруб і бабінец перакрыты вянковымі скляпеннямі накшталт усечанай столі. Трох’ярусны іканастас аформлены разнымі пілястрамі і лапаткамі. Асн.дэкар. акцэнт — царскія вароты (ажурная разьба).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПАЛЬСКАЯ ЦАРКВА́ ПАРАСКЕ́ВЫ ПЯ́ТНІЦЫ,
помнік драўлянага дойлідства ў в. Опаль Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 2-й пал. 18 ст., ў цэнтры вёскі часткова перабудавана ў 19 ст. Прамавугольная ў плане 3-нефавая базіліка са зрэзанымі вугламі ў алтарнай частцы. Цэнтр. неф вышэйшы за бакавыя, завершаны 2-схільным дахам. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі, умацаваны брусамі-лапаткамі, аконныя праёмы прамавугольныя і паўцыркульныя (у цэнтр. нефе). Спачатку гал. неф фланкіравалі 2 вежы абапал трохвугольнага франтона. Пры перабудове вежы разабраны, фасад аформлены 8-калонным порцікам (пазней калоны схаваны шалёўкай тамбура). У інтэр’еры 3-ярусны разны іканастас канца 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ТРЫКАЎСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства ў г. Петрыкаў Гомельскай вобл. Пабудавана ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў в. Сотнічы. Першапачаткова — стараверская, з 1746 — уніяцкая, у 1836 перанесена ў Петрыкаў, перададзена праваслаўным. Тры квадратныя ў плане зрубы — бабінец, асн. аб’ём і алтарная частка — складзены з круглых бярвён з 6-граннымі «астаткамі». Знадворку сцены ашаляваны, аформлены пілястрамі і простымі карнізамі. Асн. аб’ём мае 3-ярусную кампазіцыю: 2 ніжнія ярусы чацверыковыя (з усечаным зверху шатром паміж імі), верхні — васьмярык на купальнай аснове і з купальным пакрыццём. Астатнія аб’ёмы трактаваны як невял. прыбудовы з 2- і 3-схільнымі дахамі. Над бабінцам невял. каркасная званіца з шатровым пакрыццём.