ПЛАСТЫ́ЧНАСЦЬ (ад грэч., plastikos прыдатны для лепкі, падатлівы) матэрыялаў, уласцівасць цвёрдых цел (матэрыялаў) пад уздзеяннем мех. нагрузак зменьваць без разбурэння сваю форму і захоўваць частку атрыманай дэфармацыі пасля спынення ўздзеяння. Залежыць ад структуры цела і ўмоў яго дэфармавання (скорасці нагружэння, т-ры, ціску і інш.). Малое значэнне або адсутнасць П. азначае процілеглую ўласцівасць — крохкасць матэрыялаў. Улік П. дазваляе вызначаць запасы трываласці, дэфармавальнасці і ўстойлівасці канструкцый, магчымасці апрацоўкі матэрыялаў ціскам (валачэння, коўкі, пракаткі, штампоўкі). Вывучаюць П. пластычнасці тэорыя, супраціўленне матэрыялаў і інш.
Пластычная дэфармацыя звязана з разрывам некат. міжатамных сувязей і ўтварэннем новых. П. аморфных цел вызначаецца імавернасцю рэлаксацыйных перагруповак атамаў і малекул (гл. Рэлаксацыя), а цел з крышт. будовай — утварэннем, перамяшчэннем і ўзаемадзеяннем дэфектаў у крышталях. У залежнасці ад колькасці атамаў, што ўдзельнічаюць у элементарным акце пластычнай дэфармацыі, адрозніваюць П.: самадыфузійную і дыфузійную (перамяшчэнне атамных слаёў крышталя, на якія ўздзейнічаюць знешнія сілы, на ўчасткі, дзе дзейнічаюць расцягвальныя сілы), краўдыённую (спараджэнне і перамяшчэнне краўдыёнаў — згушчэнняў атамаў уздоўж шчыльна ўпакаваных шэрагаў атамаў), дыслакацыйную (слізганне па крышталеграфічных плоскасцях, гл. Дыслакацыі ў крышталях), звязаную з дэфармацыяй элементарнай ячэйкі крышталя (гл. Двайнікаванне), з працяканнем фазавага пераўтварэння (гл. Фазавыя пераходы).
Літ.:
Хоникомб Р. Пластическая деформация металлов: Пер. с англ. М., 1972;
Полухин П.И., Горелик С.С., Воронцов В.К. Физические основы пластической деформации. М. 1982;
Кайбышев О.А. Сверхпластичность промышленных сплавов. М., 1984;
Работнов Ю.Н. Механика деформируемого твердого тела. 2 изд. М., 1988.
т. 12, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
а́льфа, ‑ы, ж.
Назва першай літары грэчаскага алфавіта.
•••
Альфа-прамені — паток дадатна зараджаных часцінак — ядраў атамаў гелію, якія ўзнікаюць пры радыеактыўным распадзе некаторых рэчываў.
Ад альфы да амегі — ад пачатку да канца.
Альфа і амега — пачатак і канец чаго‑н.; усё галоўнае.
[Грэч. alfa.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
А́ТАМНАЯ АДЗІ́НКА МА́СЫ (а.а.м.),
адзінка масы атамаў, малекул і элементарных часціц. Вызначаецца як 1/12 масы атама ізатопа вугляроду 12C. 1 а.а.м. = (1,66053±0,00031)∙10−27 кг.
т. 2, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
рэа́кцыя¹, -і, ж.
1. гл. рэагаваць.
2. Ператварэнне адных рэчываў у другія (хімічная рэакцыя) або пераўтварэнне атамных ядзер у выніку іх узаемадзеяння з іншымі элементарнымі часціцамі (ядзерная рэакцыя).
Ланцуговая р. (самастойны працэс пераўтварэння атамаў — у хімічнай рэакцыі або атамных ядзер — у ядзернай рэакцыі; таксама перан.: пра шэраг дзеянняў, якія ўзаемна выклікаюцца; кніжн.).
3. Рэзкая перамена ў самаадчуванні, упадак, слабасць пасля ўздыму, напружання.
Паслястрэсавая р.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
дыфу́зія, ‑і, ж.
Узаемнае пранікненне атамаў (малекул) аднаго рэчыва ў прамежкі паміж атамамі (малекуламі) другога ў выніку іх цеплавога руху. Дыфузія вадкасцей. Дыфузія газаў. // перан. Узаемны абмен, пранікненне без уздзеяння знешніх сіл. Сумеснае жыццё мае польскага і беларускага Народаў прывяло да дыфузіі фальклорных матэрыялаў. Лойка.
[Ад лац. diffusio — распаўсюджанне, расцяканне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карбаксі́л
[ад карба- + аксі(ген)]
аднавалентная група атамаў, характэрная для карбонавых кіслот, напр. воцатнай.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
актыно́н
[ад актын(ій) + (рад)он]
адзін з ізатопаў атамаў радону, прадукт радыеактыўнага распаду актынію.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
КАРБО́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
арганічныя рэчывы, якія маюць у малекуле адну або некалькі карбаксільных груп — COOH. Залежна ад колькасці груп адрозніваюць кіслоты монакарбонавыя (напр., CH3COOH воцатная кіслата), ды-і полікарбонавыя (напр., HOOC—COOH шчаўевая кіслата, C6H6−n(COOH)n бензол полікарбонавыя к-ты. Адначасова малекулы К.к. могуць мець і інш. функцыянальныя групы, напр., амінагрупу (амінакіслоты), гідраксільную (аксікіслоты).
Монакарбонавыя неразгалінаваныя К.к. з колькасцю атамаў вугляроду ў малекуле да 9 і разгалінаваныя — да 13 атамаў — вадкасці; вышэйшыя, араматычныя і дыкарбонавыя к-ты — цвёрдыя рэчывы, нерастваральныя ў вадзе. Па хім. уласцівасцях — слабыя к-ты, моц якіх павышае прысутнасць у малекуле электронаакцэптарных груп (атамаў галагену, нітрагруп і інш.), напр., трыхлорвоцатная к-та CCl3COOH у 700 разоў мацнейшая за CH3COOH. Пры ўзаемадзеянні з асновамі ўтвараюць солі (гл. Мыла), пры замяшчэнні гідраксільнай OH-групы — розныя функцыянальныя вытворныя: складаныя эфіры, галагенангідрыды, ангідрыды, аміды кіслот і інш. У свабодным стане К.к. ёсць у садавіне, гародніне, крыві жывёл і чалавека, уваходзяць у састаў эфірных і раслінных алеяў, тлушчаў, воскаў. Сінт. К.к. атрымліваюць акісленнем спіртоў, альдэгідаў, вуглевадародаў, гідролізам нітрылаў і інш. вытворных. Адыгрываюць значную ролю ў абмене рэчываў.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 8, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
трансфера́зы
(ад лац. transferre = пераносіць, пераводзіць)
група ферментаў, пад уплывам якіх адбываюцца рэакцыі ўнутрымалекулярнага і міжмалекулярнага пераносу атамаў або груп атамаў у арганізме чалавека, жывёл і раслін.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
моль2
(лац. moles = маса)
адзінка колькасці рэчыва ў Міжнароднай сістэме адзінак (СІ), якая змяшчае столькі атамаў, іонаў ці малекул, колькі атамаў змяшчаецца ў 0,012 кг вугляроду-12.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)