АНАТО́МІЯ (ад грэч. anatomē рассячэнне, расчляненне),

навука пра форму і будову асобных органаў, сістэм і арганізма ў цэлым; раздзел марфалогіі. Адрозніваюць анатомію чалавека (антрапатомію), анатомію жывёл (заатомію) і анатомію раслін (фітатомію). Самастойнай з’яўляецца параўнальная анатомія жывёл. Разам з фізіялогіяй анатомія складае аснову тэарэт. і практычнай медыцыны і ветэрынарыі.

У сваім развіцці анатомія чалавека і жывёл як навука прайшла шэраг этапаў. Першапачатковы, апісальны, этап узнік пры выкарыстанні метаду расчлянення, калі збіраліся і апісваліся факты пра будову цела чалавека і жывёл. Заснавальнік яе — фламандзец А.​Везалій (16 ст.). Апісальную анатомію падзяляюць на сістэматычную (вывучае органы па сістэмах), тапаграфічную (разглядае будову і форму органаў і іх узаемаразмяшчэнне) і пластычную (даследуе статыку і дынаміку вонкавых формаў цела). Новы этап у развіцці анатоміі — функцыянальны — тлумачэнне назапашаных фактаў з пункту гледжання антагенезу і філагенезу і функцыянальнага назначэння органаў і сістэм. Сучасны этап — эксперыментальны — аналіз структурна-функцыянальнай арганізацыі органаў і сістэм у сувязі з рознымі фактарамі навакольнага асяроддзя. Вылучаюць таксама анатомію дынамічную, узроставую, мікраскапічную (гісталогія і цыталогія) рэнтгенаанатомію і інш. Заснавальнікі анатоміі: Арыстоцель, К.​Гален, Везалій, Леанарда да Вінчы, У.​Гарвей і інш. У Расіі найб. значныя даследаванні ў 18—19 ст. па пытаннях будовы і функцыі страўніка (А.​П.​Пратасаў), будовы нырак (А.​М.​Шумлянскі), стварэнні тапаграфічнай анатоміі (М.​І.​Пірагоў), рус. анат. тэрміналогіі (М.​І.​Шэін). У 19 ст. засн. першая рус. анат. школа (П.​А.​Загорскі, 1807), складзены анатамічны слоўнік (Н.​М.​Амбодзік-Максімовіч). Прагрэсу анат. навукі спрыялі таксама працы П.​С.​Лесгафта, Дз.​М.​Зёрнава, У.​А.​Беца, В.​П.​Вараб’ёва, У.​М.​Танкова, Дз.​А.​Жданава, Б.​М.​Долга-Сабурава і інш.

На Беларусі 1-е анатаміраванне цела праведзена ў 1586 у Гродне для ўдакладнення прычыны смерці караля Стафана Баторыя. Станаўленне сучаснай анат. навукі звязана з арганізацыяй у 1921 кафедры анатоміі на мед. ф-це БДУ. Заснавальнік — С.​І.​Лябёдкін, які стварыў нац. школу марфолагаў. Н.-д. работа вядзецца на кафедрах анатоміі Віцебскага, Гомельскага, Гродзенскага, Мінскага мед. ін-таў, Бел. акадэміі фізічнай культуры і спорту, у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, БДУ і інш. Значную ролю ў развіцці анатоміі адыгралі працы Д.​М.​Голуба па праблемах эмбрыягенезу чалавека і жывёл, вывучэнні структурнай арганізацыі вегетатыўнай нерв. сістэмы, нерв. шляхоў і дапаўняльных цэнтраў інервацыі. Высветлена анатомія сімпатычнага ствала, нерваў наднырачнікаў, крывяносных сасудаў і інш. органаў (А.​С.​Леанцюк, А.​П.​Амвросьеў, П.​І.​Лабко і інш.). Даследуюцца будова лімфатычных сасудаў касцей і суставаў (У.​І.​Ашкадзёраў), касцявы і перапончаты лабірынты чалавека і жывёл (З.​І.​Ібрагімава), узроставыя асаблівасці галаўнога мозга чалавека і яго артэрыяльных сасудаў (А.​М.​Габузаў). Існуе навук. т-ва анатамаў, гістолагаў і эмбрыёлагаў.

Літ.:

Анатомия человека. Т. 1—2. 2 изд. М., 1993;

Акаевский А.И. Анатомия домашних животных. 3 изд. М., 1975.

П.​І.​Лабко.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нейраанато́мія

(ад нейра- + анатомія)

раздзел анатоміі, які вывучае форму і будову нервовай сістэмы і яе органаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

хія́зм, ‑у, м.

1. У анатоміі — перакрыжаванне зрокавых нерваў на ніжняй паверхні прамежкавага мозга хрыбетных.

2. У лінгвістыцы — від сінтаксічнага паралелізму, пры якім у другой палавіне фразы члены сказа стаяць у адваротным парадку.

3. У выяўленчым мастацтве — крыжападобнае, сіметрычнае размяшчэнне дэталей фігуры.

[Грэч. chiasmos — размяшчэнне ў выглядзе літары «х».]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

камісу́ра

(лац. commissura)

з’яднанне, злучэнне, спайка ў анатоміі чалавека і жывёл (напр. з’яднанне губ у кутках рота).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

астэало́гія

(ад астэа- + -логія)

раздзел анатоміі, які вывучае форму і структуру касцей ва ўзаемасувязі з іх функцыяй.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

су́мка, -і, ДМ -мцы, мн. -і, -мак, ж.

1. Выраб са скуры, тканіны і пад., прызначаны для нашэння чаго-н.; торба.

Прадуктовая с.

С. для гародніны.

2. У некаторых жывёл: поласць, складка скуры на жываце мацеры, дзе даношваецца і развіваецца дзіцяня.

С. кенгуру.

3. У анатоміі: орган, які мае выгляд полага мяшэчка са злучальнай тканкі (спец.).

Сардэчная с.

|| памянш. су́мачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак (да 1 знач.).

|| прым. су́мачны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

АЦЫДАФІЛІ́Я (ад лац. acidus кіслы + ...філія),

схільнасць клетачных структур афарбоўвацца кіслымі фарбавальнікамі (эазінам, кіслым фуксінам, пікрынавай кіслатой і інш.). Выбіральная адсорбцыя кіслых фарбавальнікаў вызначаецца шчолачнымі ўласцівасцямі тканкавых структур. Ацыдафілія разам з базафіліяй выкарыстоўваецца ў гісталагічнай практыцы, паталагічнай анатоміі, гематалогіі, анкалогіі і цыталогіі для адрознівання клетачных структур (напр., пры аналізе клетак крыві).

т. 2, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНІ́ЖКА ў анатоміі,

трэці аддзел шматкамернага страўніка жвачных жывёл (адсутнічае ў аляньковых і вярблюдаў). Злучае сетку з сычугом. Унутры К. слізістая абалонка ўтварае падоўжаныя рухомыя складкі — лісточкі, падобныя да лістоў кнігі (адсюль назва). У К. корм, паўторна праглынуты пасля жвачкі, канчаткова пераціраецца паміж лісточкамі, ператвараецца ў кашку і паступае ў сычуг.

т. 8, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гістапатало́гія

(ад гіста- + паталогія)

раздзел паталагічнай анатоміі, які вывучае мікраскапічныя працэсы, што адбываюцца ў тканках пры розных захворваннях.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДАБАНТО́Н ((Daubenton) Луі Жан Мары) (29.5.1716, г. Манбар, Францыя — 1.1.1800),

французскі прыродазнавец. Чл. Французскай і замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1776). З 1788 дырэктар Парыжскага бат. сада. Навук. працы па параўнальнай анатоміі і акліматызацыі свойскіх жывёл. Сааўтар (разам з Ж.​Бюфонам) мнагатомнай працы «Натуральная гісторыя» (1749—67). Аўтар дапаможніка па авечкагадоўлі. Вывеў новую пароду мерыносавых авечак.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)