невыме́рны, ‑ая, ‑ае.

Які не паддаецца вымярэнню, вельмі вялікі. Я пераводжу позірк на акно. За ім — невымерная глыбіня чыстага неба, ажно ўваччу балюча робіцца ад яго яркай блакітнасці. Шамякін. Калі Дзямід Сыч вярнуўся па папялішча роднай вёскі, сэрца яго ўздрыганулася ад невымернай жальбы. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Клёкат1 ’перарывісты крык некаторых птушак’ (ТСБМ). Гукапераймальнае. Укр. клекіт, рус. клекот ’тс’, польск. klekot ’стук’, чэш. klekot ’клёкат’, славац. klekot ’тс’, в.-луж. klekot ’балбатня’, н.-луж. klekot ’тс’. Утварэнне з суфіксам ‑otъ (Трубачоў, Эт. сл., 9, 192).

Клёкат2 ’шыя’ (Бяльк.). Ілюстрацыя ў Бяльк., 227 даволі няпэўная: «Родненькая, як у цябе запекся клёкат, ажно чорны». Магчыма, маецца на ўвазе значэнне ’горла’. Тады клёкат ’булькатанне, хрыпенне (у горле), гарлавы гук’ > ’горла’. Словаўтварэнне з прасл. ‑otъ для аддзеяслоўных назоўнікаў гаворыць аб надзейнасці такога семантычнага развіцця.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

заважда́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; зак.

Разм.

1. Пачаць важдацца.

2. Займаючыся чым‑н., затрымацца, заняць многа часу. — Я з хатай зачапіўся. Думаў, за месяц папраўлю, ажно бачыш, як заваждаўся. Алешка. Машына праз паўкіламетра стала, і шафёр падлез пад яе і, лежачы на спіне, заваждаўся з рамонтам. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наздзе́кавацца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак., з каго-чаго і над кім-чым.

Вельмі абразіць, прынізіць, зняважыць каго‑н. Ніна ведала ўжо, што абмануў яе Лявон, наздзекаваўся над ёю. Галавач. // Фізічна ўздзейнічаць на каго‑н.; пабіць, збіць. [Дзед:] — Паздзекаваліся легіянеры над.. хлопцамі, білі, ажно ніводнай кветачкі цэлай у іх не засталося. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабаце́ць, ‑ціць; незак.

Пакрывацца рабізной, невялікімі хвалямі. Дзьмуў лёгкі ветрык, рабацела рака, а калі выглядала сонца з-за хмар, вада серабрылася. Гурскі. // Вылучацца, мільгацець рознымі колерамі; быць рабым ад чаго‑н. Акно-шыбіна густа рабаціць дробнымі кроплямі дажджу. Сачанка. / у безас. ужыв. Ад .. сукенак, абвешаных рознакаляровымі стужкамі, ажно рабацела ўваччу. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцепану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Зрабіць рэзкі рух якой‑н. часткай цела (часцей плячыма). Сяргей сцепануў плечуком і не адказаў. Крапіва. Ніна галавою сцепанула, каб пазбыцца гэтага непрыемнага ўяўлення. Лобан. // безас. Пра міжвольны сутаргавы рух, скарачэнне мышцаў. — Ага!.. — гукнуў з усёй моцы Косцік. Шурку ажно сцепанула. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ферт, ‑а, М ‑рце, м.

1. Устарэлая назва літары «ф».

2. Разм. Франтаваты, фарсісты, самаздаволены чалавек. — Як табе падабаецца гэты ферт? — запытаў Сяргей, калі мы адышлі далей. Чарнышэвіч. У яго [Бабейкі] быў такі дзелавіты выгляд, што Ваўчок ажно пырснуў са смеху: «Ах ты які ферт выгладжаны!» Хадкевіч.

•••

Хадзіць (глядзець) фертам гл. хадзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МА́СЛЕНІЧНЫЯ ПЕ́СНІ, масленіцы, масленкі,

жанр каляндарна-земляробчага фальклору. Пашыраны ва ўсіх еўрап. народаў. Паводле сезоннай прымеркаванасці адносяцца да веснавых песень: завяршаюць зімовы і пачынаюць веснавы песенны цыкл. У розных народаў існуюць у розных версіях адпаведна веснавому ці зімоваму характару святкавання: пераважна веснавой (бел.-ўкр.), па-зімоваму карнавальнай (паўд.-славянскай), мяшанай (рускай). Веснавыя версіі змыкаюцца з гуканнямі вясны, зімовыя з праводзінамі зімы. У бел. каляндарна-песенным фальклоры М.п. ўваходзяць у веснавы цыкл (спяваюцца «як на вясну пацягне»). Пашыраны пераважна на Падняпроўі і Паазер’і. Тыповы сюжэт М.п. — «масленіца-ласуха» (пасля якой настае вял. пост) і «масленіца-падманка» («казалі, масленкі сем нядзель // ажно тыя масленкі — адзін дзень. // Адна нядзелька — і тая караценька»). Многія сюжэты пераклікаюцца з веснавымі карагодамі (жарт. проціпастаўленне адносін да нялюбага старога і мілага «роўніцы»). Для раёнаў цэнтр. Паазер’я найб. характэрны М.п., што спяваліся ў час гушкання на арэлях. Іх напевы спалучаюць у сабе інтанацыі веснавых гуканняў са свабодным рытмам «гушкальнага размаху». Тыповыя прыпевы — «гу-та-та», «гу-ля-лё» або «масленіца, масленіца». На Падняпроўі М.п. нярэдка маюць аднолькавыя тыпавыя напевы з веснавымі гуканнямі. У паўн. раёнах Віцебшчыны М.п., як і само святкаванне, набліжаюцца да рус. варыянтаў «праводзін зімы». Для зах. рэгіёна спецыфічныя М.п. з тыпалагічна акрэсленымі напевамі не ўласцівы і іх замяняюць умоўна прымеркаваныя да гэтага часу лірычныя і апавядальныя песні (т.зв. «запусныя»), якія не нясуць рытуальнай функцыі і выконваюцца ў «бяседзе» («у час гасцявання»).

Публ.:

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.

Літ.:

Земцовский И.И. Мелодика календарных песен. Л., 1975;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Пашина О.А. Календарно-песенный цикл у восточных славян. М., 1998.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 10, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

арбі́та, ‑ы, ДМ ‑біце, ж.

1. Шлях руху нябеснага цела. Арбіта Венеры. Арбіта Месяца.

2. перан.; чаго. Кніжн. Сфера дзеяння, пашырэння чаго‑н. Арбіта ўплыву.

3. Вочная ўпадзіна; вачніца. Расказвалі, напрыклад, што гітлераўскі генерал Гофмт пры адным упамінанні імя Каўпака станавіўся барвовы ад гневу, і яго пукатыя вочы ажно вылазілі з арбіт. Краўчанка.

[Лац. orbita.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цюхця́й, ‑я, м.

Разм. неадабр. Непаваротлівы, няспрытны, абыякавы да ўсяго чалавек; няўклюда. [Дуня:] Ды хіба з такой галавой і ў тваіх гадах можна супакоіцца на тым, што ёсць? Эх ты цюхцяй! Губарэвіч. Колькі думалася [Галіне] пра тое, што там за вясковыя хлопцы. Дзікія і дзікаватыя. Цюхцяі... Ажно на табе. Самаму першаму палец у рот не кладзі. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)