АЗЁРНАЯ ЧА́ША, азёрнае ложа,

частка азёрнай катлавіны, запоўненая вадой да вышыні макс. падымання ўзроўню. У азёрнай чашы вылучаюць мелкаводную частку — літараль і сублітараль да глыбіні, дзе назіраецца ўплыў хваляў на дно. Глыбакаводная зона — прафундаль — укрыта глеямі і сапрапелямі. Форма і памеры азёрнай чашы на працягу геал. перыяду мяняюцца ў выніку намнажэння азёрных адкладаў.

т. 1, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАХТО́ННЫЯ АДКЛА́ДЫ,

горныя пароды, якія залягаюць на месцы ўтварэння. Пераважна асадкавыя пароды (марскія, азёрныя, гідратэрмальныя і інш.). Найб. пашыраны ў платформавым чахле кантынентаў і ў ложы акіяна. Вывучэнне складу аўтахтонных адкладаў і пахаваных у іх рэшткаў арганізмаў дае магчымасць узнавіць прыроднае асяроддзе былых геал. эпох (напр., на Беларусі — гісторыю міжледавіковых эпох плейстацэну).

т. 2, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІ́НА АЗЁР,

міжгорная ўпадзіна паміж Габійскім Алтаем і Хангаем, на ПдЗ Манголіі. Даўж. каля 500 км, шыр. да 100 км. Выш. 1000—1400 м. Днішча ўпадзіны — ланцуг замкнёных катлавін, складзеных з рыхлых адкладаў і падзеленых узгоркамі і скалістымі градамі. Шматлікія бяссцёкавыя азёры (Бонцаган-Нур, Арог-Нур і інш.). Пераважаюць апустыненыя ландшафты: кучавыя пяскі, саланчакі, такыры.

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГА́Р ПУСТЫ́ННЫ,

карычнева-буры бліскучы налёт (або скарынка таўшч. 0,5—5 см) на паверхні горных парод (скал, абломкаў, галькі і інш.) у пустынях. Утвараецца ў выніку адкладаў вокісных спалучэнняў марганцу і жалеза з дамешкам гліназёму і крэменязёму ва ўмовах рэзкай змены т-ры горных парод з пераменным увільгатненнем. Ахоўвае пароды ад хуткага выветрывання.

т. 6, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛГУ́ЕЎ,

востраў у паўд.-ўсх. ч. Баранцава м., за 75 км ад мацерыка, тэр. Расіі. Пл. 5,2 тыс. км². Паверхня вельмі ўзгорыстая, з марэннымі ўзгоркамі. Выш. да 176 м, паўд. частка вострава — плоская раўніна. Шмат азёр і балот. Складзены з пясчана-гліністых адкладаў. Мохава-лішайнікавая арктычная тундра. Аленяводства Аленегадоўля*, рыбалоўства, паляванне. Населеныя пункты: Бугрыно, Северны.

т. 7, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРСАНО́Ф’ЕВА (Вера Аляксандраўна) (22.7.1890, Масква — 29.6.1976),

савецкі геолаг. Чл.-кар. Акадэміі пед. навук СССР (1945). Вучаніца А.​П.​Паўлава. Навук. працы па стратыграфіі палеазойскіх адкладаў басейна верхняй Пячоры, геамарфалогіі Паўн. Урала, таксама па гісторыі геал. навукі і папулярызацыі геал. ведаў. Залаты медаль імя А.​П.​Карпінскага АН СССР (1950). Імем Варсаноф’евай названа адна з вяршынь Прыпалярнага Урала.

т. 4, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАСКІ́Д, вадаскіднае збудаванне,

гідратэхнічнае збудаванне для пропуску залішняй вады з вадасховішча (пры паводцы) у ніжні б’еф. Вадаскід з паверхневым скідам вады наз. вадазлівам, з глыбінным — вадаспускам. Некат. тыпы вадаскідаў могуць выкарыстоўвацца для пропуску крыг, шугі, смецця, для прамыўкі донных адкладаў у верхнім б’ефе і інш. Усе вадаскіды маюць вадазборную, водаправодную і злучальную з ніжнім б’ефам часткі.

т. 3, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАГА́Т (ад грэч. gagatēs чорны бурштын),

разнавіднасць каменнага вугалю, якая мае глыбокі чорны колер, яркі смалісты бляск, вязкасць і ракавісты злом. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 1,3—1,4 г/см³. Утварэнне гагату звязваюць з метамарфізмам драўніны, пахаванай у марскіх мулах мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. Трапляецца ў выглядзе скопішчаў у пясчаніках, мергелях, пластах вугалю. Добра паліруецца. Вырабны камень.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЫДА́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

на Пн Зах.-Сібірскай раўніны, паміж Тазаўскай і Обскай губамі і Енісейскім зал. Карскага м. Даўж. каля 400 км, шыр. да 400 км, выш. да 200 м. Узгоркавая раўніна, складзеная з марскіх і ледавіковых адкладаў; на Пд пераходзіць у Танамскае ўзвышша. Клімат суровы. Тундра, на Пд лесатундравае рэдкалессе. Аленегадоўля, паляванне, рыбалоўства. Радовішчы прыроднага газу.

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́РЫШКІ,

помнік прыроды рэсп. значэння (1963). Геал. агаленне міжледавіковых стужачных глін у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., за 5 км на З ад г.п. Свір. Разрэз знаходзіцца на абрывістым выгіне р. Страча (правы бераг), выш. абрыву каля 4 м, даўж. 55 м. Пад тоўшчай марэнных адкладаў паазерскага зледзянення адзінае вядомае на тэр. Беларусі месцазнаходжанне рэшткаў арктычных (прыледавіковых) раслін.

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)