НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ ПА́РТЫЯ (НСП; Niezależna Partia Chłopska, NPCh),
рэвалюцыйна-дэмакратычная сялянская партыя ў Польшчы ў 1924—27. Дзейнічала легальна. Склалася ў ліст. 1924 у выніку расколу партыі «Вызваленне», левае крыло якой на чале з дэпутатамі сейма С.Ваявудскім, А.Фідаркевічам, С.Баліным, Ф.Галавачом і інш. ўтварыла НСП. ЦК партыі ўзначальваў Фідаркевіч. Выступала за надзяленне сялян зямлёй без выкупу шляхам канфіскацыі яе ў памешчыкаў, нацыяналізацыю памешчыцкіх лясоў і водных багаццяў, бясплатнае навучанне дзяцей на роднай мове, паліт. свабоды, права на самавызначэнне нац. меншасцей і інш. У знешняй палітыцы выступала за добрасуседскія адносіны, у т. л. з СССР. Мэтай паліт. барацьбы лічыла стварэнне рабоча-сял. ўрада. 3 сак. 1925 арг-цыі НСП пачалі ўзнікаць у шэрагу паветаў Зах.Беларусі, а таксама — гурткі ў вёсцы. Праводзіла паліт. кампаніі разам з КПЗБ і БСРГ. Выдавала газеты «Walka wsi» («Барацьба вёскі»), «Walka ludu» («Барацьба народу»), «Walka pracy» («Барацьба працы»), «Niezależny chłop» («Незалежны селянін»), «Lemiesz» («Лямеш»), «Zagon» («Загон»), якія былі папулярнымі ў Зах.Беларусі. У 1925 НСП налічвала каля 1 тыс. членаў, у 1927 — больш за 20 тыс. У польскім сейме мела сваю фракцыю (7 чал.), якая супрацоўнічала з фракцыямі КПЗБ і БСРГ. У чэрв. 1925 гэтыя 3 фракцыі прапанавалі сейму праект зямельнай рэформы (не быў прыняты). Распушчана польскім урадам у сак. 1927. Дзеячы НСП ў 1928 стварылі Арганізацыю сялянскай лявіцы «Самапомач».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНА-ДЭСА́НТНЫЯ ВО́ЙСКІ (ПДВ),
род войск, прызначаных для вядзення баявых дзеянняў у тыле праціўніка. Уваходзяць у склад узбр. сіл многіх дзяржаў. Складаюцца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў парашутна-дэсантных, танк., артыл. і інш. войск. Зарадзіліся ў 1930-я г., найб. развіццё атрымалі напярэдадні 2-й сусв. вайны ў СССР, Германіі, ЗША і Вялікабрытаніі. Напр., у 1935 на Кіеўскіх і ў 1936 на Беларускіх манеўрах Чырв. Арміі было дэсантавана 3 тыс. парашутыстаў, 8200 чал. з артылерыяй, лёгкімі танкамі і інш. баявой тэхнікай высаджаны пасадачным спосабам. ПДВ шырока выкарыстоўваліся ў ходзе 2-й сусв. вайны. У пасляваенны час ПДВ СССР прымалі ўдзел у лакальных войнах, у т. л. ў Афганістане (1979—89), а таксама ў шэрагу вучэнняў, у т. л. на тэр.Беларусі [напр., «Дзвіна» (1970) і інш.]. ПДВ некаторых дзяржаў выкарыстоўваюцца ў аб’яднаных сілах ААН. Сучасныя ПДВ здольны хутка дасягнуць аддаленых раёнаў, наносіць нечаканыя ўдары па праціўніку, весці агульнавайсковы бой, могуць выконваць задачы са злучэннямі і часцямі інш. відаў (родаў) войск. Аснашчаны комплексам сродкаў дэсантавання людзей, тэхнікі і ўзбраення (трансп. самалёты, верталёты, парашуты, парашутныя і парашутна-рэактыўныя сістэмы, дэсантныя кантэйнеры, платформы для скідвання тэхнікі, узбраення і інш.). Ва Узбр. Сілах Беларусі на базе ПДВ (паветрана-дэсантная дывізія і інш. часці) у 1995 створаны мабільныя сілы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ТА ЦЫВІ́ЛЬНАГА СУДА́,
вышэйшы судовы орган па цывільных справах у губернях Рас. імперыі. Уведзены на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» 1775. Ў 1778 уведзены ў Полацкай і Магілёўскай губ., у 1795 — у Мінскай губ. Апеляцыйная інстанцыя (2-я інстанцыя) па цывільных справах для верхняга земскага суда, губернскага магістрата, верхняй расправы. У якасці суда 1-й інстанцыі разглядала цывільныя справы з коштам іску не ніжэй за 500 руб. Да адмены Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 на тэр.Беларусі (да 1840) цывільныя справы разглядаліся ў палаце на падставе заканадаўства Рас. імперыі (справы, якія закраналі інтарэсы казны) і норм мясц. права. У склад палаты ўваходзілі старшыня, 2 саветнікі і 2 асэсары. 6.2.1797 паводле ўказа Паўла I П.ц.с. на тэр.Беларусі скасаваны і заменены гал. судамі. Адноўлены ў 1831 як апеляцыйная і рэвізійная інстанцыя для павятовых судоў і магістратаў. У якасці 1-й інстанцыі разглядалі справы па спрэчках аб гарадах, маёнтках, якія знаходзіліся на тэр. розных паветаў. У дачыненні судоў 1-й інстанцыі мелі адм. паўнамоцтвы і маглі аб’яўляць вымовы і накладаць штрафы на чыноўнікаў ніжэйшых судоў. Пасля 1831 у склад палаты ўваходзілі старшыня, саветнік (з 1837 таварыш старшыні) і па 2 засядацелі ад дваран і купецтва. Справаводства вялося на рус. і польскай (да 1831) мовах. У 1867 паводле ўказа Сената П.ц.с. аб’яднаны з палатамі крымінальнага суда ў злучаныя палаты крымінальнага і цывільнага суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМІДО́Р, тамат (Lycopersicon),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 3 віды (па інш. звестках 7). Радзіма — Паўд. Амерыка. Культывуюць усюды П. звычайны (L. esculentum) і каля 2000 яго сартоў і форм. Вядомы інкам як лек. і дэкар. расліна. З сярэдзіны 16 ст. — у Паўд. Еўропе, дзе яго пачалі ўжываць у ежу. На Беларусі вырошчваюць з 1830-х г.
Адна- і шматгадовыя (у тропіках) травяністыя і паўхмызняковыя расліны. Сцябло прамастойнае або палеглае, голае ці слабаапушанае. Лісце непарнаперыста-рассечанае. Кветкі дробныя, жоўтыя, суквецце — завіток. Плод — сакавітая ягада масай 20—900 г і болей. Адрозніваюць 3 разнавіднасці П. звычайнага: буйналісты, звычайны і штамбавы. Расліны буйналістага П. сярэдняй выш., лісце буйное. Плады круглыя або пласкакруглыя, чырв. або ружовыя. Расліны звычайнага П. карлікавыя, сярэдня- або высакарослыя, слаба- ці моцна-аблісцелыя. Лісце сярэдняй велічыні або буйное. Плады шарападобныя, круглыя, плоскія або рабрыстыя, чырв., малінавыя, ружовыя, аранжавыя, жоўтыя. Расліны штамбавага П. карлікавыя ці сярэднярослыя, моцнааблісцелыя. Лісце сярэдняй велічыні, гафрыраванае. Плады шарападобныя, круглыя, плоскія, гладкія або рабрыстыя, ружовыя, чырв., жоўтыя. На Беларусі раянаваны сарты Перамога 165, Талаліхін 186, Белы наліў 241, Даходны, Ружа, Віліна, Калінка, Раніца, Нёман і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ МАРФАЛО́ГІЯ ЖЫВЁЛ,
комплекс навук, якія шляхам параўнання розных сістэматычных груп жывёл вывучаюць форму і будову іх цела і органаў у індывід. (антагенез) і гіст. (філагенез) развіцці з мэтай пабудовы натуральнай сістэмы жывёльнага свету. Выяўляе эвалюц. заканамернасці формаўтварэння (асабліва гомалагічных органаў), кірункі эвалюц. развіцця арганізмаў. Раскрывае прычыны і шляхі пераўтварэння органаў і арганізмаў у сувязі са зменай умоў існавання, растлумачвае наяўнасць анамалій развіцця і рудыментарных органаў, тэарэт. абгрунтоўвае біял. асновы клінічнай медыцыны, заатэхніі і інш. Уключае параўнальную анатомію жывёл, параўнальныя гісталогію, цыталогію, эмбрыялогію, паталаг. анатомію, функцыян. і экалагічную марфалогію. Цесна звязана з заалогіяй, сістэматыкай жывёл і інш. навукамі.
Асновы П.м. закладзены Арыстоцелем. Працы К.Галена, А.Везалія, У.Гарвея, Леанарда да Вінчы сталі асновай сістэматыкі К.Лінея. У 18 ст. развіццё П.м. у працах Ж.Кюўе, Ж.Сент-Ілера, Ж.Б.Ламарка назапасіла матэрыял для стварэння эвалюц. тэорыі Ч.Дарвіна. У 19 ст.ням. біёлаг К.Гегенбаўр увёў асн. паняцці П.м. — аналогію і гамалогію. У Расіі працы В.А.Догеля, М.А.Мензбіра, А.М.Северцава, І.І.Шмальгаўзена садзейнічалі стварэнню эвалюц. марфалогіі; А.А.Заварзіна, М.Р.Хлопіна — параўнальнай гісталогіі; К.М.Бэра, К.Ф.Вольфа, А.В.Іванова, А.А.Кавалеўскага, І.І.Мечнікава — параўнальнай эмбрыялогіі.
На Беларусін.-д. работа па праблемах П.м. вядзецца ў ін-тах фізіялогіі і заалогіі Нац.АНБеларусі, БДУ, Мінскім мед. ін-це, Віцебскім мед. ун-це і інш. Значны ўклад зрабілі Д.М.Голуб, П.Я.Герке, С.І.Лябёдкін, П.А.Маўрадыядзі, М.Е.Макушок, М.П.Нікіценка, І.М.Сяржанін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РУСНЫ СПОРТ, ветразевы спорт,
спаборніцтвы на спарт. парусных суднах (швертботы, яхты).
Узнік у Англіі ў 18 ст., першы яхт-клуб засн. ў г. Корк (1720). У праграме Алімп. гульняў з 1900. Міжнар. саюз П.с. засн. ў 1907. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1922, Еўропы — з 1932. Алімп.кл. суднаў з’яўляюцца «Еўропа», «Зорны», «Лазер», «Лятучы галандзец», «Містраль», «Солінг», «Тарнада», «Фін», «470»; у чэмпіянатах свету ўдзельнічаюць і інш.кл. суднаў — «Дракон», «Фаербол», «5,5» і інш. Гонкі праходзяць па кругавых дыстанцыях на 12 марскіх міль або 20—30 км і інш. Пераможца вызначаецца па суме некалькіх гонак (звычайна 7). У кл. крэйсерскіх яхт спаборніцтвы праводзяцца на вял. адлегласці. Найб. пашыраны П.с. у Аўстраліі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Польшчы, Расіі, Францыі, скандынаўскіх краінах.
На Беларусі развіваецца з 1950-х г. З 1969 дзейнічае Мінскі яхт-клуб. Федэрацыя П.с. існуе з 1992. Першы чэмпіянат Беларусі праведзены ў 1967 (Заслаўскае вадасх.). З бел. спартсменаў найб. вызначыліся С.Краўцоў (чэмпіён свету 1988, Еўропы 1989, 1991 у кл. «Тарнада», разам з Ю.Канавалавым, Расія), В.Буданцаў (сярэбраны прызёр чэмпіянату свету 1987, чэмпіён Еўропы 1990 у кл. «Лятучы галандзец»), Г.Страх і А.Мірон (сярэбраныя прызёры чэмпіянату свету 1984, Еўропы 1989 у кл. «Солінг»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ МІ́РНАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1946,
міжнародная канферэнцыя (29 ліп. — 15 кастр., Парыж) па разглядзе падрыхтаваных на Патсдамскай канферэнцыі 1945 Саветам міністраў замежных спраў (СМЗС) СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Кітая праектаў мірных дагавораў паміж дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі, якія перамаглі ў другой сусветнай вайне 1939—45, і б. саюзнікамі Германіі — Італіяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй і Фінляндыяй. Склікана паводле рашэнняў Маск. нарады міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (снеж. 1945). Прысутнічалі дэлегацыі 21 краіны, у т. л.СССР, БССР і УССР (удзел апошніх 2 сав. рэспублік тлумачыўся іх членствам у ААН і іх укладам у перамогу над фаш. дзяржавамі). Абмяркоўваліся паліт., тэр. і эканам. пытанні ў 10 камісіях. Бел. дэлегацыя (паўнамоцныя дэлегаты: К.В.Кісялёў — кіраўнік, А.Г.Бондар, П.В.Лютаровіч, Г.Г.Навіцкі, В.І.Фясько, А.А.Чыжоў, Ф.П.Шмыгаў і 2 прадстаўнікі: Н.П.Новік, В.І.Яшумаў) найб. абараняла інтарэсы СССР і яго саюзнікаў (краін Усх. Еўропы) па працэдуры галасавання, выступала ў падтрымку рэпарацыйных патрабаванняў сав. ўрада, але не ставіла пытанне пра задавальненне рэпарацый непасрэдна на карысць Беларусі), Югаславіі (за далучэнне да яе Трыеста), Балгарыі (супраць адрыву ад яе тэр. на карысць Грэцыі). Тэксты дагавораў канчаткова ўзгоднены на сесіі СМЗС у Нью-Йорку 4.11—12.12.1946 і падпісаны 10.2.1947 у Парыжы (гл.Парыжскія мірныя дагаворы 1947).
Літ.:
Снапкоўскі У.Е. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гг.Мн., 1997. С. 46—58.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЯ́ННАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ ПРЫ ААН,
замежны дыпламат. орган знешніх зносін бел. дзяржавы, які прадстаўляе інтарэсы Рэспублікі Беларусь у Арг-цыі Аб’яднаных Нацый, падтрымлівае з ёй пастаянныя сувязі ад імя ўрада Беларусі. Знаходзіцца ў г. Нью-Йорк (ЗША). Узначальваецца пастаянным прадстаўніком. Утворана паводле пастановы СМБССР ад 28.3.1958. Мае задачы: сачыць за выкананнем палажэнняў Статута ААН, быць у курсе ўсіх міжнар. падзей, асабліва звязаных з парушэннямі міру і міжнар. бяспекі, рыхтаваць адпаведныя прапановы для свайго ўрада, падтрымліваць пастаянныя сувязі з Сакратарыятам ААН, прадстаўніцтвамі інш. краін — членаў ААН, выступаць у органах ААН з прапановамі і акцыямі, прадстаўляць Беларусь у органах ААН. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (27.7.1990) працуе над рэалізацыяй мэт і задач шматбаковай дыпламатыі Рэспублікі Беларусь у ААН. Цесна супрацоўнічае з пастаяннымі прадстаўніцтвамі Рас. Федэрацыі і інш. краін СНД пры ААН. Дзейнічае ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй 1975 аб прадстаўніцтве дзяржаў у іх зносінах з міжнар. арг-цыямі універсальнага характару і інш.міжнар. пагадненнямі. Кіраўнік пастаяннага прадстаўніцтва звычайна ўпаўнаважваецца ўрадам сваёй дзяржавы і да яго прымяняюцца працэдуры запыту агрэману, акрэдытавання ў краіне знаходжання, аб’яўлення персонай нон грата. Кіраўнік і члены дыпламат. персаналу пастаяннага прадстаўніцтва маюць тыя ж прывілеі і імунітэт, што і супрацоўнікі дыпламат. прадстаўніцтваў.
Літ.:
Постоянное представительство Республики Беларусь при Организации Объединенных Наций // Вестн. Мин-ва иностранных дел. 1998. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАМЕ́ТРЫЯ (ад піра... + метрыя),
сукупнасць аптычных (бескантактных) метадаў вымярэння тэмпературы. Метады П. заснаваны на законах цеплавога выпрамянення або законах тэрмічнай раўнавагі; яны не патрабуюць непасрэднага кантакту з даследуемым целам (дазваляе вымяраць т-ры аддаленых цел) і не маюць абмежавання вымярэння.
Вымярэнне т-р па інтэнсіўнасці суцэльнага спектра выпрамянення праводзіцца на падставе Кірхгофа закону выпрамянення і Планка закону выпрамянення. У залежнасці ад спектральнага складу выпрамянення існуюць метады П.: радыяцыйныя або сумарнага выпрамянення, яркасныя і па спектральным размеркаванні выпрамянення, у т. л. т.зв. каляровы метад. Гэтыя метады выкарыстоўваюць для вызначэння т-ры цвёрдых цел і вадкасцей. Метады П. газаў і плазмы заснаваны на вымярэнні інтэнсіўнасці спектральных ліній. Яны забяспечваюць макс. дакладнасць, калі вядомы абс. імавернасць адпаведнага энергет. пераходу і канцэнтрацыя атамаў. Калі канцэнтрацыя атамаў невядомая, выкарыстоўваюць метад адносных інтэнсіўнасцей, у якім т-ру вызначаюць па адносінах інтэнсіўнасцей 2 спектральных ліній або па спектральным размеркаванні інтэнсіўнасцей шэрагу ліній Т-ра плазмы вызначаецца па форме ці шырыні спектральных ліній, якія залежаць ад т-ры непасрэдна (Доплера эфект) або ўскосна (Штарка з’ява).
На Беларусі даследаванні ў галіне П. вядуцца з 1961 у Ін-це фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену, Фізіка-тэхн. ін-це Нац.АНБеларусі.
Літ.:
Свет Д.Я. Оптические методы измерения истинных температур М., 1982;
Гордов АН., Жагулло О.М., Иванова А.Г. Основы температурных измерений. М., 1992;
Снопко В.Н. Основы методов пирометрии по спектру теплового излучения. Мн., 1999.
бельгійскі фізік і фізікахімік; адзін са стваральнікаў тэрмадынамікі нераўнаважных працэсаў. Чл. Бельгійскай каралеўскай АН (1953; у 1968—70 яе прэзідэнт). Замежны чл.Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1960), Нац.АН ЗША (1967), Рас.АН (1982), Нац.АНБеларусі (1995) і АН многіх інш. краін свету. Бацька паходзіў з Магілёўшчыны. З 1929 у Бельгіі. Скончыў Брусельскі ун-т (1942), з 1943 працуе ў ім (з 1951 праф., з 1987 ганаровы праф.). Адначасова з 1959 дырэктар Міжнар. ін-та фізікі і хіміі імя Э.Сальвэ (Брусель), з 1967 праф. Тэхаскага ун-та (г. Остын, ЗША) і дырэктар заснаванага ім пры гэтым ун-це Цэнтра даследавання статыст. механікі і складаных сістэм імя П. Навук. працы па тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў, статыст. фізіцы, фіз. хіміі, філасофіі. Увёў паняцці вытв-сці і патоку энтрапіі, даказаў тэарэму аб скорасці вытв-сці энтрапіі (тэарэма П.; 1947). Абгрунтаваў тэрмадынамічныя суадносіны для газаў у нераўнаважным стане (1959—60). Нобелеўская прэмія 1977.
Тв.:
Рус.пер. — Введение в термодинамику необратимых процессов. М., 1960;
Неравновесная статистическая механика. М., 1964;
Конец определенности. Время, хаос и новые законы природы. Ижевск, 1999.
Літ.:
Астапчик С.А., Мартыненко О.Г. И.Р.Пригожин // Весці АНБеларусі. Сер. фіз.-тэхн. навук. 1992. № 4;