КУЦ (Уладзімір Пятровіч) (7.2.1927, с. Алексіна Трасцянецкага р-на Сумскай вобл., Украіна — 16.8.1975),

савецкі спартсмен (лёгкая атлетыка, бег). Засл. майстар спорту СССР (1954). Скончыў Ленінградскі ін-т фіз. культуры (1961). Трэнер. Чэмпіён XVI Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія) у бегу на дыстанцыях 5 і 10 км. Чэмпіён Еўропы (1954) на дыстанцыі 5 км, СССР (1953—57, на дыстанцыі 5 км; 1953—56, на дыстанцыі 10 км; 1957, у кросе на 8 км). Рэкардсмен свету (7 рэкордаў) у бегу на 3 мілі (1954), на 5 км (1954—55, 1957, 1965), на 10 км (1956, 1960), СССР (13 рэкордаў).

Тв.:

Повесть о беге. М., 1964.

т. 9, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ГАДА (сапр. Лагадзінскі Валянцін Канстанцінавіч; 27.5.1913, с. Сцяпаны Канеўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 10.1.1991),

украінскі паэт. Вучыўся ў Днепрапятроўскім ун-це (1938—41). Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Красавік» (1953), «Натхненне» (1960), «Бурлівая плынь» (1963), «Кліча зямля» (1983), сатырыка-гумарыстычных твораў «Што пасееш, тое і пажнеш» (1955), «Гарачая завіўка» (1968), «Вымушаная пасадка» (1982), камедыі «Заечая пазіцыя» (1959) і інш. Пераклаў на ўкр. мову шэраг твораў Н.​Гілевіча, У.​Корбана. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Э.​Валасевіч, Р.​Няхай, Я.​Тачыла, В.​Шымук.

Тв.:

Гумор, сатира, лірика. Київ. 1983;

Рус. пер. — За нашими Карпатами. М., 1954.

В.​А.​Чабаненка.

т. 9, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ДАГА,

старажытнарускі горад на р. Волхаў (цяпер с. Старая Л. Волхаўскага р-на Ленінградскай вобл.). Згадваецца ў рус. летапісах і скандынаўскіх сагах. Да 10 ст. апорны пункт на шляху «з варагаў у грэкі», у 11—15 ст. крэпасць і рамесна-гандл- цэнтр Наўгародскай феадальнай рэспублікі, з 1478 — Маскоўскага вялікага княства. Эканам. значэнне страціла пасля буд-ва паўн. порта ў Архангельску, ваеннае захоўвала да 17 ст. У 1703 Пётр I перанёс горад у вусце Волхава (Новая Л.). На месцы стараж. Л. захаваліся рэшткі землянога вала, каменнай крэпасці, тры царквы 12—15 ст. з фрагментамі фрэсак. Раскопкі вядуцца з 1880-х г.

т. 9, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАДУ́ЦЬКА (Іван Іванавіч) (н. 28.10. 1916, в. Стары Пруд Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае ваен. пяхотнае вучылішча (1938), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1951), Вышэйшыя курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1958). У Чырв. Арміі з 1936. З 1942 на Паўд.Зах., Сталінградскім, Бранскім, Цэнтр., 1-м Бел. франтах. Камандзір стралк. батальёна маёр Л. вызначыўся ў 1945 пры вызваленні Польшчы: 14 студз. на левым беразе Віслы падняў у атаку 2 роты, якія ўклініліся ў абарону ворага; 15 студз. батальён Л. захапіў 12 аўтамашын, 13 кулямётаў; 30 студз. першы выйшаў на польска-германскую граніцу. Да 1972 у Сав. Арміі.

т. 9, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗАРАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (25.8. 1905, г. Смаргонь Гродзенскай вобл. — 16.1.1980),

бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1954). На оперную сцэну прыйшоў з маст. самадзейнасці. У 1937—61 (з перапынкам) саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Прыроджаная музыкальнасць і артыстызм дазвалялі яму выконваць разнапланавыя партыі: Міхась, Сяргей («Міхась Падгорны», «Алеся» Я.​Цікоцкага), Нупрэй («Яснае світанне» А.​Туранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса), Герман, Андрэй, Вакула («Пікавая дама», «Мазепа», «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.​Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Стэфан («Страшны двор» С.​Манюшкі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні).

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 9, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗУ́КА (Барыс Андрэевіч) (н. 27.7.1955, в. Рэпеншчына Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец, педагог. Канд. мастацтвазнаўства (1989). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1977), працаваў у ім. З 1996 у Мін-ве культуры Рэспублікі Беларусь, з 1998 прарэктар і заг. кафедры Бел. АМ. Даследуе бел. мастацтва 17—18 ст., тэарэт. праблемы стылю барока. Аўтар вучэбнага дапаможніка «Гісторыя мастацтваў» (1996).

Тв.:

Праблемы стылістыкі выяўленчага мастацтва Беларусі XVII—XVIII стст. // Весці АН Беларусі. Сер. грамад. навук. 1993. № 3;

Параўнаўча-тыпалагічнае вывучэнне беларускага мастацтва эпохі барока // Там жа. 1995. № 2;

Беларускае барока: Тэндэнцыі і напрамкі развіцця // Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мн., 1998.

т. 9, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМА́КА (Віктар Мацвеевіч) (н. 19.5. 1940, г.п. Алеўск Жытомірскай вобл., Украіна),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1990), праф. (1992). Скончыў БДУ (1962), дзе і працуе. Навук. працы па фізіцы і тэхніцы паўправаднікоў, мікраэлектроніцы, прыладабудаванні. Даследаваў механізмы радыяцыйнага пашкоджання паўправадніковых матэрыялаў і прылад. Выявіў вагальныя рэакцыі перабудовы і фазавыя пераходы 2-га роду цвёрдых раствораў структурных дэфектаў у матрыцы паўправадніка.

Тв.:

Колебательная реакция перестройки дефектов в кремнии (разам з П.В. Кучынскім, Л.М. Шахлевіч) // Письма в Журн. эксперимент. и теорет. физики. 1987. Т. 45, вып. 7;

Радиационные эффекты в приборах и интегральных схемах на арсениде галлия. Мн., 1992 (разам з Я.Р. Аствацатур’янам, Дз.​В.​Громавым).

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМА́КІН (Гаўрыіл Якімавіч) (Іаакімавіч; 6.4.1812, г.п. Барысаўка Белгародскай вобл., Расія — 21.5.1885),

рускі харавы дырыжор, педагог. Сын прыгоннага. З 1822 спяваў і вучыўся ў капэле графа Дз.М. Шарамецева, адпушчаны ім на волю. З 1830 выкладчык спеваў, у 1850—72 кіраўнік капэлы, з 1874 узначальваў мужчынскі хор С.​Дз.​Шарамецева. Адначасова ў 1848—59 выкладаў у навуч. установах Пецярбурга. З М.Балакіравым заснаваў Бясплатную муз. школу, яе першы дырэктар і выкладчык (1862—68). Аўтар хар. твораў і пералажэнняў для хору, дапаможнікаў «Кароткая метода спеваў» (1878) і «Кіраўніцтва да навучання спевам у народных школах» (б.г.), «Аўтабіяграфічных запісак» (выд. 1886).

Літ.:

Горяйнов Ю.С. Г.Я. Ломакин. М., 1984.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПА (Лапо) Мацвей Міхаіл Дзям’янавіч

(Дамінікавіч; 13.10.1788, б. маёнтак Рудобелка, цяпер у складзе г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл. — 27.8 1840),

удзельнік руху дзекабрыстаў. Выхоўваўся ў Магілёўскім езуіцкім калегіуме, Пецярбургскім пансіёне пастара Колінса. З 1819 у лейб-гвардыі, з 1824 падпаручнік. З 1819 чл. тайнага т-ва «Хейрут» («Вольнасць», філіял «Саюза дабрабыту»). У снеж. 1825 спрабаваў узняць на паўстанне каля Пецяргофа батальён, у якім служыў. Арыштаваны 4.1.1826. Разжалаваны ў радавыя без пазбаўлення дваранства, у вер. 1826 пераведзены ў Каўказскі асобны корпус, дзе даслужыўся да чыну прапаршчыка. У 1835 звольнены ў адстаўку, жыў на радзіме ў Рудобелцы пад наглядам паліцыі.

В.​В.​Швед.

т. 9, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РЧАНКА (Станіслаў Міронавіч) (н. 21.1.1938, Масква),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). У 1969—93 выкладаў у Бел. АМ. Творам уласціва спалучэнне традыцый стараж. пластыкі з сучаснымі формамі маст. выражэння. Сярод твораў: манум.-скульпт. кампазіцыі «Флейтыст» у гасцініцы «Турыст» (1973) і «Асветнікі» ў грамадска-культ. цэнтры мікрараёна Паўд. Захад (1983—84) у Мінску; «Мадонны Чарнобыля» ў г. Любек (1992) і «Рускі анёл» у г. Вармзен (1995) у Германіі; рэльефы «Пераемнасць культур» у бібліятэцы г. Наваполацк Віцебскай вобл. (1990). «Сцяна міру» для г. Небраска (ЗША, 1993); станковыя кампазіцыі «Купальскія гульні» (1978), «Возера Нарач» (1980), «Зямля» (1981), скульптура «Дакрананне» (1997).

Г.​А.​Фатыхава.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)