зага́на, ‑ы, ж.

1. Недасканаласць, недахоп, які выклікае асуджэнне. Заганы капіталістычнага ладу. □ — Абыякавасць — такая загана, якой я не дарую, — Булай і зараз не мог устрымацца, каб не павучаць. Шыцік. Ні адзін трактар не павінен быў сысці з канвеера з заганай, хоць бы самай нязначнай. Хадкевіч.

2. Фізічны недахоп арганізма, прыроджаны або набыты пасля хваробы ці траўмы. Была ў .. [Саханюка] яшчэ адна загана, загана вымаўлення: ён не мог сказаць чыста «р», а .. скрадваў яго і казаў «й». Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нава́жыць 1, ‑важу, ‑важыш, ‑важыць; зак., чаго.

Узважваючы, нарыхтаваць у якой‑н. колькасці. Наважыць цукру для расфасоўкі.

нава́жыць 2, ‑важу, ‑важыш, ‑важыць; зак., з інф.

Намерыцца што‑н. рабіць або зрабіць. [Паходня] наважыў прасіць, каб яму адтэрмінавалі залікі за першы курс партыйнай школы. Хадкевіч. Малады інжынер наважыў арганізаваць догляд тэхнікі па-новаму. Кухараў. // Рашыць, вырашыць. Вятроў адразу наважыў не страляць: трэба было берагчы патроны. Лупсякоў. Нарэшце .. [Люба] наважыла кінуць работу ў клубе і заняцца толькі хатняю справай. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́чысць, ‑і, ж., зб.

Разм.

1. Паводле забабонных уяўленняў — нячыстая сіла, чэрці, ведзьмы і пад. Загудзеў .. [парк] нечуванымі галасамі, .. закруцілася пажоўклае лісце — нібы нечысць уся пазляталася з усіх бакоў. Лынькоў.

2. перан. Жывёлы, насякомыя, якія выклікаюць агідлівае пачуццё. [Дзядзька:] — Бусел знішчае мышэй, гадзюк, пацукоў, вусеняў, жукоў і ўсякую нечысць. В. Вольскі.

3. перан. Аб ганебных людзях, якія ўвасабляюць сабою ўсё варожае, цёмнае. Фашысцкая нечысць. □ [Яшчын:] — Тут пра жыццё думаць трэба, а не слёзы ліць, калі нечысць прагналі са сваёй зямлі. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няве́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

Наносячы фізічныя пашкоджанні, калечыць каго‑н. [Бярозка] усё больш і больш нагінала галаву, каб аслабіць вяроўку.. Тады збянтэжаны кат загадаў памочнікам, таптаць і нявечыць паланянку. Хадкевіч. Мірановіч нізашто не згаджаўся рэзаць шчаку, не хацеў яшчэ больш нявечыць твар. Марціновіч. // Ламаць, псаваць што‑н. Вецер бязлітасна .. зрывае дах з хат казацкіх, нявечыць, кідае вобзем ды так, што і рады няма як даць... Барашка. // перан. Рабіць дрэнны ўплыў на каго‑н.; псаваць. Нявечыць душу дзіцяці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няёмкі, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, у якім нязручна быць; нязручны. Няёмкая поза.

2. Непрыемны; цяжкі. Валенда пакрыўдзіўся. Размова доўга не ладзілася. — Што рабіць надумаў? — перапыніў няёмкае маўчанне Тышкевіч. Асіпенка. З няёмкага становішча.. [Лёню] выручыў Мікалай Пятровіч, які загаварыў з хлопцамі. Ваданосаў.

3. Непрыстойны, недарэчны. Умешвацца ў гаворку Паходня палічыў няёмкім і, адвярнуўшыся ад купэ, стаў глядзець у акно. Хадкевіч. Урад трапіў у няёмкае становішча: яму даводзілася ўжываць рэпрэсіі да той самай думы, якую ён сам склікаў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

о́рдэн 1, ‑а, м.

Знак узнагароды розных ступеняў і назваў за ваенныя або грамадзянскія заслугі. Ордэн Леніна. Ордэн Кутузава. Ордэн Чырвонай Зоркі. □ Тры баявыя ордэны ўпрыгожылі грудзі Ваўчка. Хадкевіч. Ордэн баявога Чырвонага Сцяга ўпрыгожыў сцяг камсамола рэспублікі. «Звязда».

[Ад лац. ordo (ordinis) — рад, разрад.]

о́рдэн 2, ‑а, м.

Манаскае або рыцарска-манаскае таварыства каталіцкай царквы з пэўным статутам. Ордэн езуітаў. Ордэн мечаносцаў. // Назва некаторых тайных рэлігійна-філасофскіх аб’яднанняў, арганізацый. Масонскі ордэн.

[Ад лац. ordo (ordinis) — рад, разрад.]

о́рдэн 3, ‑а, м.

Тое, што і ордэр ​2. Дарычны ордэн.

[Ад лац. ordo (ordinis) — рад, разрад.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасы́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць для пасылкі куды‑н., для выканання якіх‑н. даручэнняў. Пасыльная машына.

2. у знач. наз. пасы́льны, ‑ага, м.; пасы́льная, ‑ай, ж. Тон (тая), хто пасылаецца з якім‑н. даручэннем; рассыльны. [Начдыў:] Таварыш пасыльны! Знайдзіце камандзіра палка Кулагіна і перадайце, што я прашу яго сюды зараз жа. Крапіва. Перад заходам сонца Сільцоў праз пасыльнага выклікаў Арсеня да сябе. Хадкевіч. Неяк раніцой, у самым пачатку кастрычніка, з пошты прыбегла пасыльная і прынесла бацьку Рыгоркі тэлеграму. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

правадні́к 1, ‑а, м.

1. Той, хто паказвае дарогу ў незнаёмай мясцовасці. Генадзь і Міша аказаліся добрымі праваднікамі і сувязнымі між горадам і лесам. Няхай.

2. Чыгуначны служачы, які наглядае за парадкам у вагоне. На дапамогу прыйшлі паязны майстар і шмат хто з праваднікоў. Васілёнак. Праваднік запаліў свечку ў вагоне і голасна абвясціў: — Пад’язджаем да Мінска, таварышы... Хадкевіч.

правадні́к 2, ‑а, м.

Рэчыва, якое добра прапускае праз сябе электрычны ток, гук, цяпло і пад. Праваднік электрычнага току.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прымча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. каго-што. Разм. Прынесці, прывезці, даставіць каго‑, што‑н. вельмі хутка. Уладзік мігам прымчаў вядро вады. С. Александровіч. Калі партызаны, спехам зрабіўшы перавязку, прымчалі свайго цяжка параненага камандзіра ў вёску Свяціца, малады хірург .. на момант нават разгубіўся. Паслядовіч.

2. Разм. Тое, што і прымчацца. [Гарошка:] — Селі мы з ім у каламажку і праз якіх хвілін сорак прымчалі ў «Чырвоную Бярозаўку»... Краўчанка. Цягнік прымчаў з цяжкім грукатам .., увесь ахутаны ветрам і пылам. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Рабіцца сівым. «Ці то сівець пачаў [Глеб], ці то проста святло на валасах пераліваецца... Мы ж амаль равеснікі», — падумаў Макар. Дуброўскі. Дармо, што сівеюць мае аднагодкі — вучы нас, краіна, сягоння нанова! Вялюгін.

2. Віднецца, вылучацца здалёк (пра што‑н. шаравата-белае, сівое); шарэць. Сівелі ўзгоркі ад палыну і шэрай квецені лебяды, іржа кепскага шчаўя зацягнула пожні. Хадкевіч. Яшчэ не прыбіты дажджом попел сівеў на тым месцы, дзе стаялі хата і хлевушок. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)