узды́м, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. уздымаць — узняць і уздымацца — узняцца.

2. Рост, развіццё чаго‑н. Прамысловы ўздым. Гаспадарчы ўздым.

3. Натхненне, прыліў энергіі. Творчы ўздым. Працоўны ўздым. □ Андрэй доўга не можа супакоіцца, ён адчувае вялікі душэўны ўздым. Хромчанка.

4. Участак дарогі, які падымаецца ўверх. [Люся], маленькая, з цёмна-русявымі завіткамі, .. ішла па роўным схіле камяністага ўзгорка, на ўздым. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укасі́ць, укашу, укосіш, укосіць; зак.

1. (пераважна з адмоўем «не»). Змагчы касіць. Трава такая густая, што і не ўкосіш.

2. што і чаго. Накасіць, скасіць нейкую колькасць травы, сена. Укасіць травы каню нанач. □ Паўз будку шыбуюць у лес местачкоўцы. Ідуць кожны па сваёй патрэбе: хто па ягады, хто па грыбы,.. а хто неўзаметку, патаемна ад лесніковага вока, укасіць між кустоўя капу сена. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цудадзе́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Незвычайнай сілы ўздзеяння; чарадзейны; жыватворны. Для Коласа, напрыклад, вельмі важна высветліць вытокі мастацтва, той цудадзейнай сілы, што мае такую вялікую ўладу над людзьмі. Навуменка. Маці папрасіла, каб гэты цудадзейны ўрач паглядзеў яе сыночка. Мележ.

2. Чароўны, вельмі прыгожы. Рукі.. [Ніны] насіліся ў адзін, у другі бок, скакалі па клавішах, білі, і струны адказвалі на кожны яе рух цудадзейнымі гукамі. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цу́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Біць (звычайна цэпам), утвараючы прыглушаны стук. [Чыкілевіч:] — Ты [Пракоп] адзін цупаеш цэпам і рукі дранцвеюць, падымацца не хочуць. А стануць чатыры малацьбіты ды як жарнуць — адкуль яно што і возьмецца. Колас.

2. Ісці, крочыць. За .. [Верай Ігнатаўнай] цупае дзяўчынка-падростак і нясе невялікі чамаданчык. Пестрак. Конік бадзёра цупае па дарозе, памахвае доўгім хвастом. Навуменка.

3. Хапаць рукой за што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца чорным, больш чорным. Снягі набраклі талаю вадою І з кожнай хвіляй чэзнуць і чарнеюць. Свірка. Павесілі галовы сланечнікі, не дзярэцца на платы гарбузнік, чарнее бульбянік. Навуменка.

2. Вылучацца сваім колерам (пра што‑н. чорнае). На сцяне чарнелі хамуты і густа пахлі дзёгцем. Чорны. Ложак панура чарнеў сеткаю. Мележ. За акном чарнела асенняя ноч. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарні́чнік, ‑у, м.

Сцёблы, кусцікі, на якіх растуць чарніцы. І я ішоў па густым, яшчэ зялёным чарнічніку, не спыняючыся і зачаравана разглядаючы прыгажосць асенняга лесу. Ляўданскі. Наступны баравік сядзеў, стоены ў чарнічніку, і трэба было зыркае вока, каб яго адшукаць. Навуменка. // Месца, парослае кустамі чарніц. Чарнічніку было поўна, увесь дол укрыты. Сцяпан нагнуўся, расхінуў кусток. Ягады былі яшчэ зеленкаватыя. Гіль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паста́ва, ‑ы, ж.

1. Становішча корпуса, фігуры, уласцівае каму‑н. Незалежнасць, самавітасць адчувалася ва ўсёй яго паставе. Сачанка. Паша таксама калісьці красуняй лічылася: русыя валасы на прабор, карыя вочы, гордая пастава. Лось. У .. паставе, хадзе [Панасюка] не было ніякай паважнасці, якая звычайна прыходзіць да людзей гадоў пад сорак. Навуменка. // Фігура чалавека. Зялёная спадніца падкрэслівала.. [Ядзіну] статную дзявочую паставу. Новікаў. Кастусь адразу падняўся з зямлі, правёў пальцамі пад рэменем, абцягваючы гімнасцёрку на сваёй тонкай, да немагчымага схуднелай паставе. Ваданосаў.

2. Поза. Кашлатая Саўкава галава з цэлаю шапкаю чорных валасоў зняважліва ківалася. Войту зусім не спадабалася такая гордая пастава Саўкі Мільгуна. Колас. А Лёнька і Алік замерлі ў такіх паставах, як быццам збіраліся скочыць цераз шырокую канаву. Шашкоў.

3. Пастаноўка, становішча якой‑н. часткі цела. Правільная пастава ног у танцы. □ [Гаспадыня] падобна да мужа: тая ж пастава галавы, аднолькавы разрэз вачэй, той жа тонкі прамы нос. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

глыбі́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца на вялікай глыбіні (у 2 знач.). Глыбінныя рыбы. // Які дзейнічае на вялікай глыбіні. Глыбінная бомба. // Які праводзіцца на вялікай глыбіні. Глыбінная лоўля.

2. Які знаходзіцца ў глыбіні краіны, вобласці і пад. Вёска была глыбіннай — за цэлых сорак кіламетраў ад чыгункі. Навуменка.

3. Які выражае сутнасць, унутраны змест чаго‑н.; істотна важны. Раскрыць глыбінныя працэсы ў літаратуры. // Скрыты, патаемны. Глыбінныя жаданні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

купча́сты, ‑ая, ‑ае.

1. З пышнай густой кронай (пра дрэвы). Сасна расце на сухім грудку ля чыгуначнага пераезда. Купчастая, разгалістая, яна мала падобна да гонкіх сваіх сясцёр дзе-небудзь у бары. Навуменка. Садоўнік, відаць, падстрыгаў дрэвы для хараства, каб яны раслі не гонкія, а купчастыя. Пальчэўскі.

2. Пакрыты купінамі; куп’істы. Калі Віктар выбраўся на купчастую балоцістую палянку, дык убачыў, што Мірон схіліўся над журавінамі. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. З шумам удараць, біць па чым‑н. мяккім або чым‑н. мяккім; шлёпаць; ляпаць. Мокрыя сінія штаны лёпалі па нагах так гучна, нібы хто-небудзь біў па голым целе далон[ню]. Навуменка. Босыя ногі мякка лёпаюць па вільготнай зямлі. Мурашка.

2. перан. Груб. Гаварыць што‑н. недарэчнае, нетактычнае. [Міхал:] — Маўчаў бы лепш ды хоць шалопаў Ды менш губою гэтай лёпаў... Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)