Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛАР (англ. dollar ад ням. Taler талер),
1) грашовая адзінка ЗША, роўная 100 цэнтам. Уведзены з 1786 паводле рашэння кангрэса ЗША (спачатку сярэбраны, з 1792 і залаты). З 1873 пасля адмены свабоднай чаканкі серабра грашовай адзінкай стаў Д. залаты. З 1928 эмісія Д. ў банкнотах, з 1965 — медна-нікелевага Д. У сучаснай валютнай сістэме Д. фактычна прызнаны асновай валютных парытэтаў і курсаў. Д. ЗША з’яўляецца таксама грашовай адзінкай Віргінскіх Астравоў, Гуама, Ліберыі, Мікранезіі, Панамы, Пуэрта-Рыкі, Тайваня, Усх. Самоа, Церкса і Кайкаса.
2) Грашовая адзінка Аўстраліі, Багамскіх Астравоў, Барбадаса, Беліза, Бермудскіх Астравоў, Брунея, Гаяны, Зімбабве. Кайман Астравоў, Канады, Ліберыі, Лівіі, Новай Зеландыі, Саламонавых Астравоў, Сінгапура, Сянгана (Ганконга), Трынідада і Табага, Фіджы, Ямайкі, групы краін Карыбскага басейна (усходнекарыбскі Д.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОС ПА́САС (Dos Passos) Джон Радэрыга (14.1.1896, г. Чыкага, ЗША — 28.9.1970),
амерыканскі пісьменнік. З партуг. эмігрантаў. Скончыў Гарвардскі ун-т (1916), з 1917 добраахвотнікам удзельнічаў у 1-й сусв. вайне. Адным з першых пачаў пісаць у рэчышчы л-ры «страчанага пакалення» (раманы «Пасвячэнне аднаго маладога чалавека — 1917», 1920; «Тры салдаты», 1921). Наватарства Д.П. ў найб. ступені праявілася ў рамане «Манхэтэн» (1925), трылогіях «ЗША» («42-я паралель», 1930; «1919», 1932; «Вялікія грошы», 1936) і «Акруга Калумбія» (1939—48), рамане «У сярэдзіне стагоддзя» (1961). Апублікаваў маст. аўтабіяграфію «Лепшыя часы» (1966). Пісьменнік асэнсоўваў праблемы чалавека ў індустр. грамадстве ЗША, з яго «амерыканскай марай» пачатку стагоддзя і вял. дэпрэсіяй 1930-х г., з крахам ілюзій і стратай ідэалаў. Яго творам уласцівы маштабнасць абагульненняў, імпрэсіяністычнасць, асацыятыўнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́МБАРТАН-ОКС КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1944,
папярэдняя нарада прадстаўнікоў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая па пытаннях стварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). Склікана па прапанове СССР у адпаведнасці з дэкларацыяй 4 дзяржаў аб усеагульнай бяспецы, прынятай у 1943 у Маскве (гл.Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945). Праходзіла на віле Думбартан-Окс (прыгарад Вашынгтона) у 2 этапы: перагаворы прадстаўнікоў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі (21.8—28.9.1944) і прадстаўнікоў ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая (28.9—7.10.1944). На канферэнцыі ўзгоднены асн. палажэнні праекта Статута ААН, аднак з-за рознагалоссяў бакоў засталіся нявырашанымі пытанні аб першапачатковых членах будучай арг-цыі (сав. бок, які прадстаўляў ураджэнец Беларусі А.А.Грамыка, прапаноўваў уключыць у лік дзяржаў-заснавальніц ААН усе 16 саюзных рэспублік) і аб парадку галасавання ў Савеце Бяспекі.
Літ.:
Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гг.Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДАБЫЎНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
сукупнасць галін прам-сці па здабычы сыравіны і паліва; важная крыніца атрымання харч. прадуктаў і сыравіны для апрацоўчай прамысловасці. Уключае галіны горназдабыўной прамысловасці (нярудных буд. матэрыялаў, нафтаздабыўную і інш.), лесанарыхтоўчую прамысловасць, рыбную прамысловасць, паляванне, здабычу марскіх звяроў, кітоў і морапрадуктаў. Важную ролю ў З.п. адыгрывае здабыча нафты (гал. вытворцы Саудаўская Аравія, ЗША, Расія), прыроднага газу (Расія, ЗША, Канада), каменнага вугалю (Кітай, ЗША, Расія), жал. руды (Кітай, Бразілія, Расія). У выніку навук.-тэхн. рэвалюцыі пашырылася адкрытая і марская здабыча карысных выкапняў, падземнае вышчалочванне і інш. На Беларусі З.п. прадстаўлена прадпрыемствамі па здабычы нафты, торфу, калійных і каменнай солей, мінер. вод, сыравіны для вытв-сці буд. матэрыялаў (пясок, жвір, буд. камень і інш.), нарыхтоўцы драўніны, лоўлі рыбы і інш. Дае каля З% валавой прадукцыі прам-сці краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З ДЗЕ́ЛЯ ПРАГРЭ́СУ»,
праграма сац.-эканам. развіцця і паліт. пераўтварэнняў у краінах Лац. Амерыкі, якую прапанаваў прэзідэнт ЗША Дж.Ф.Кенэдзі. Прынята 17.8.1961 у г. Пунта-дэль-Эстэ (Уругвай) на надзвычайнай сесіі Міжамер. эканам. і сац. савета Арг-цыі амер. дзяржаў (19 краін Лац. Амерыкі і ЗША). Меў на ўвазе прадухіліць дэстабілізацыю ўнутр. становішча ў краінах рэгіёна пад уплывам Кубінскай рэвалюцыі 1959 і быў разлічаны на 10 гадоў. Прадугледжваў фін. дапамогу краінам-удзельніцам «С.дз.П.» з боку ЗША у абмен на ажыццяўленне там эканам. і паліт. рэформ (дэмакратызацыя паліт. жыцця і інш.). Спрыяў пэўнаму эканам. прагрэсу краін Лац. Амерыкі ў 1960-я г., але не ў той меры, як разлічвалі аўтары праграмы, гал. чынам з-за супраціўлення на месцах з боку як правых, так і левых сіл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ША́РПЛЕС (Sharpless) Карл Бары (н. 28.4.1941, г. Філадэльфія, ЗША),
амерыканскі хімік-арганік. Чл.Нац.АНЗША (1985), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1984), Ганаровы чл. Каралеўскага т-ва хіміі (1998). Скончыў Станфардскі ун-т (1968). У 1970—77 і 1980—90 у Масачусецкім тэхнал. ін-це (з 1975 праф.), у 1977—80 у Станфардскім ун-це. З 1990 праф. Даследчага ін-та Скрыпса (г. Ла-Холья, ЗША). Навук. працы па распрацоўцы новых каталізатараў для арган. сінтэзу, па сінтэзе біялагічна актыўных малекул. Развіў метады асіметрычнага каталізу хіральных малекул шляхам акіслення, якія выкарыстоўваюцца для сінтэзу новых лек. сродкаў. Адкрыў новыя каталітычныя і стэхіяметрычныя рэакцыі акіслення арган. злучэнняў: асіметрычныя эпаксідацыю (1980), дыгідраксіліраванне (1988) і амінагідраксіліраванне (1996). Медаль Б.Франкліна (2001). Нобелеўская прэмія 2001 (з У.С.Ноўлсам і Р.Наёры, гл. Дадатак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́МЕР (Kroemer) Герберт (н. 25.8.1928, г. Веймар, Германія),
нямецкі і амерыканскі фізік. Замежны чл.Нац.інж. акадэміі ЗША (1997), Нац.АНЗША (2003). Скончыў Гётынгенскі ун-т (1952). З 1952 у н.-д. установах і фірмах Германіі і ЗША. З 1968 праф. ун-та штата Каларада ў г. Боўлдэр, з 1976 Каліфарнійскага ун-та ў г. Санта-Барбара. Навук. працы па фізіцы паўправаднікоў. Абгрунтаваў магчымасць стварэння біпалярнага транзістара на гетэрапераходах і паказаў перспектыўнасць выкарыстання паўправадніковых гетэраструктур у мікраэлектроніцы (1957). Прапанаваў канструкцыю паўправадніковага інжэкцыйнага лазера на падвойнай гетэраструктуры (1963, незалежна ад Ж.Л.Алфёрава). Нобелеўская прэмія 2000 (з Алфёравым, Дж.Кілбі; гл. Дадатак). Яго імем названа малая планета.
Тв.:
Рус.пер. — Квазиэлектрическое поле и разрывы зон. Обучение электронов новым фокусам // Успехи физ. наук. 2002. Т. 172, №9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ві́скі
(англ. whisky)
моцны алкагольны напітак, які атрымліваюць перагонкай зброджанага сусла, прыгатаванага са збожжавай сыравіны; першапачаткова вырабляўся ў Англіі і ЗША.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
кангрэ́с
(лац. congressus = сустрэча, сход)
1) з’езд, нарада (звычайна міжнароднага характару);
2) заканадаўчы орган (парламент) у ЗША і некаторых іншых краінах.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)