ВАЕ́ННАЕ МАЙСТЭ́РСТВА,
тэорыя і практыка падрыхтоўкі і вядзення ваенных дзеянняў на сушы, моры і ў паветры; асн. частка ваеннай навукі. Уключае стратэгію ваенную, аператыўнае майстэрства, тактыку. Стратэгія ўключае тэорыю і практыку падрыхтоўкі ўзбр. сіл да ваен. дзеянняў, планаванне і вядзенне вайны, стратэг. аперацый, выкарыстанне відаў узбр. сіл і кіраванне імі. Яна абумоўлена палітыкай дзяржавы і падпарадкавана ёй. Аператыўнае майстэрства вырашае пытанні падрыхтоўкі і правядзення аперацый. Тактыка — гэта тэорыя і практыка падрыхтоўкі і вядзення бою, яго сутнасць і характар, спосабы арг-цыі і вядзення розных яго відаў: наступлення, абароны, сустрэчнага бою. У залежнасці ад відаў узбр. сіл вылучаюць ваеннае майстэрства сухап. войск, ракетных войскаў ППА, ВПС і ВМС. Ваеннае майстэрства некалькіх родаў войск, якія ўваходзяць у некалькі відаў узбр. сіл, аб’ядноўваюць агульным паняццем, напр., ваенна-інж. майстэрства.
Ваеннае майстэрства зарадзілася разам з узнікненнем войнаў і армій, развівалася ў залежнасці ад узроўню вытв-сці, эканомікі і характару грамадскага ладу. На яго ўплываюць таксама асаблівасці гіст. развіцця краіны, геагр. ўмовы, нац. традыцыі і інш. фактары. Важнымі этапамі развіцця ваеннага майстэрства былі войны, асабліва 1-я і 2-я сусветныя.
Ваеннае майстэрства ў сучасных умовах развіваецца ў кірунку павелічэння ролі стратэгіі, якая пры наяўнасці ядзерных сіл можа ўплываць на ход і вынік вайны. У аператыўным майстэрстве асн. ўвага аддаецца распрацоўцы эфектыўных спосабаў падрыхтоўкі і ажыццяўлення сумесных аперацый і баявых дзеянняў усіх відаў узбр. сіл. У тактыцы распрацоўваюцца спосабы вядзення агульнавайск. бою з максімальным выкарыстаннем новых сродкаў узбр. барацьбы. У ваен. тэорыі многіх краін Ваеннае майстэрства складаецца са стратэгіі і тактыкі; тэрмін «аператыўнае майстэрства» замяняюць тэрмінамі «вялікая тактыка» або «малая стратэгія».
т. 3, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1919—24,
аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне войск Чырв. Арміі. Створаны 12—19.2.1919 Гал. камандаваннем Узбр. сіл РСФСР для абароны паўн.-зах. і зах. граніц. Штаб сфарміраваны з ліквідаванага штаба Паўн. фронту і размяшчаўся ў пач. 1919 у Старой Русе, потым у Маладзечне, Дзвінску, Смаленску, Мінску. У розны час у З.ф. уваходзілі 3, 4, 7, 12, 15-я (да 7.6.1919 армія Сав. Латвіі), 16-я (да 13.3.1919 — Зах., да 9.6.1919 Бел.-Літоўская), Запасная, Эстляндская, 1-я конная арміі і Мазырская група войск; у аператыўным узаемадзеянні з войскамі З.ф. знаходзіліся Дняпроўская ваенная флатылія і Заходнядзвінская ваенная флатылія. Камандуючыя фронтам: Дз.М.Надзёжны (люты—ліп. 1919), У.М.Гіціс (ліп. 1919—крас. 1920), М.М.Тухачэўскі (крас. 1920—сак. 1921, студз. 1922—сак. 1924), І.М.Захараў (в.а. сак. — вер. 1921), А.І.Ягораў (вер. 1921—студз. 1922), А.І.Корк (в.а. сак.—крас. 1924), А.І.Кук (в.а. крас. 1924). У 1919 войскі З.ф. разам з Балт. флотам пераважна трымалі абарону на лініі ад ПнЗ Расіі да Беларусі (тут стаяла Зах. армія) супраць т. зв. белых і інтэрвентаў (англійскіх, фінскіх, польскіх і інш.). З.ф. налічваў (люты 1919) 90 тыс. штыкоў і шабляў, 1941 кулямёт і 677 гармат (пра дзеянні З.ф. ў 1920 гл. ў арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22, Савецка-польская вайна 1920). Пасля спынення 18.10.1920 баявых дзеянняў на фронце войскі З.ф. (часці 7-й і 16-й армій) дзейнічалі супраць Булак-Балаховіча паходу 1920, інш. антысавецкіх выступленняў. 8.4.1924 пераўтвораны ў Зах. ваен. акругу (гл. Беларуская ваенная акруга).
Л.А.Селіванаў.
т. 7, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЯ ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ А́РМІЯ (РВА),
агульная назва рус. антысав. («усходніх») фарміраванняў у складзе ўзбр. сіл нацысцкай Германіі, якія фарміраваліся ў 2-ю сусв. вайну з эмігрантаў, сав. перабежчыкаў, ваеннапалонных і насельніцтва акупіраваных раёнаў СССР. Назва ўжывалася з канца 1942, пасля апублікавання Смаленскага звароту Рускага к-та (старшыня — палонны сав. ген.-лейт. А.А.Уласаў) ад 27.12.1942. Да 1945 РВА — прапагандысцкая акцыя вермахта па вярбоўцы рус. «добраахвотнікаў» для ням. войск і асобных антысав. фарміраванняў. З лют. 1943 гэту работу праводзіў усх. батальён прапаганды асобага прызначэння, створаны ў прыгарадзе Берліна Дабендорф, дзе засн. курсы прапагандыстаў РВА, рэдакцыі яе газ. «Заря» і «Доброволец». У адпаведнасці з загадам нач. Ген. штаба сухап. войск ген.-палк. К.Цэйтцлера ад 29.4.1943 усе «добраахвотнікі» рус. нацыянальнасці пры ням. часцях і ў складзе асобных фарміраванняў утваралі (фармальна) РВА, аб чым фактычна сведчылі толькі іх нарукаўны знак з касым андрэеўскім крыжам і сіня-чырв. кукарда. З мая 1943 існавала сістэма воінскіх званняў РВА ад «добраахвотніка» да генерала. З 28.1.1945 РВА — асобныя ад вермахта ўзбр. сілы К-та вызвалення народаў Расіі (засн. 14.11.1944 у Празе) пад камандаваннем ген. Уласава. У крас. 1945 РВА (3 дывізіі, асобныя часці, каля 70 тыс. чал.) мела статус арміі саюзнай дзяржавы. Часткова была выкарыстана на фронце. У час Пражскага паўстання 1945 яе асобныя падраздзяленні 6—7 мая перайшлі на бок паўстанцаў. Пазней б.ч. вайскоўцаў РВА («уласаўцаў») узята ў палон сав. войскамі і іх саюзнікамі.
Літ.:
Солженицын А.И. Архипелаг ГУЛАГ, 1918—1956. Мн., 1990. Т. 1. С. 242—258;
Окороков А.В. Антисоветские воинские формирования в годы второй мировой войны. М., 2000.
А.М.Літвін.
т. 13, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУДЗЁНКА,
вёска ў Прыгарадным с/с Барысаўскага р-на Мінскай вобл., на левым беразе р. Бярэзіна. За 15 км на ПнЗ ад горада і 20 км ад чыг. ст. Барысаў, 90 км ад Мінска. 58 ж., 37 двароў (2001). Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі (1962 і 1965) рус. воінам 1812.
У вайну 1812 каля С. 26—28 ліст. адбылася пераправа цераз Бярэзіну рэшткаў франц. арміі Напалеона, якая адступала з Масквы. У гэты час рус. армія П.В.Чычагова (30 тыс. чал.) стаяла на правым беразе ракі, армія П.Х.Вітгенштэйна (каля 30 тыс. чал.) падыходзіла да Барысава з Пн, казацкія войскі М.І.Платава і авангард гал. сіл рус. арміі М.І.Кутузава праследавалі французаў з У. Дэманстрацыя актыўнасці франц. войск каля Барысава спрыяла дэзінфармацыі рус. камандавання, якое лічыла больш верагодным адступленне Напалеона на Мінск і Слонім. У выніку адпаведных загадаў Чычагоў 25—26 ліст. перавёў амаль усе свае войскі з-пад Барысава на Пд. 26 ліст. па наведзеных мастах пачалася пераправа франц. войск, якія захапілі плацдарм на правым беразе Бярэзіны і адначасова забяспечылі прыкрыццё гасцінца Барысаў—Студзёнка. На працягу 3 дзён на правы бераг пераправілася большасць баяздольных франц. карпусоў, у т. л. 27 ліст. сам Напалеон з гвардыяй. На левым беразе французы ўтрымлівалі ўсе подступы да мастоў, пакуль працягвалася пераправа. Раніцай 29 ліст. масты былі спалены, і армія Напалеона рушыла ў напрамку Маладзечна. У выніку баёў каля С. французы здолелі ўтрымаць пазіцыі на абодвух берагах і забяспечыць пераправу цераз Бярэзіну, аднак Напалеон страціў каля 25 тыс. чал. і абоз. Гл. таксама Бярэзінская аперацыя 1812.
т. 15, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЭ́ЦЯЯ ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ Ў КІТА́І 1946—49,
вайна паміж узброенымі сіламі Камуністычнай партыі Кітая (КПК) і ўрада Кіт. Рэспублікі, які ўзначальваў Гаміньдан; заключны этап нар.-дэмакр. рэвалюцыі ў Кітаі. Пасля заканчэння Нацыянальна-вызваленчай вайны кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—46 б. саюзнікі (КПК і Гаміньдан) сталі рыхтавацца да барацьбы паміж сабой. У выніку перамогі Чырв. Арміі ў савецка-японскай вайне 1945 узбр. сілы КПК захапілі шэраг раёнаў Цэнтр. Кітая і Маньчжурыю. СССР перадаў КПК зброю і тэхніку яп. Квантунскай арміі, а таксама дапамог стварэнню ў Маньчжурыі Аб’яднанай дэмакр. арміі (АДА); у выніку аб’яднання АДА і войск КПК створана Нар.-вызв. армія Кітая (НВАК). У чэрв. 1946 войскі Гаміньдана разгарнулі наступленне на раёны, якія былі пад кантролем КПК і ў сак. 1947 захапілі г. Яньань, дзе знаходзілася кіраўніцтва КПК, і пачалі наступленне ў Маньчжурыі, дзе іх войскі былі заблакіраваны. Летам 1947 у контрнаступленне перайшла НВАК і да восені 1948 разграміла войскі Гаміньдана ў Маньчжурыі, 31.1.1949 авалодала г. Пекін, 24.4.1949 — г. Нанкін. Гаміньданаўскія салдаты масава здаваліся ў палон і ўступалі ў НВАК. 21.4.1949 войскі НВАК фарсіравалі Янцзы. Да кастр. 1949 НВАК дасягнула г. Гуанчжоў. 1.10.1949 у Пекіне абвешчана Кіт. Нар. Рэспубліка, што азначала перамогу КПК у грамадз. вайне, хоць барацьба з рэшткамі гаміньданаўскіх войск працягвалася да канца 1950. Урад Кіт. Рэспублікі разам з рэшткамі сваёй арміі эвакуіраваўся на в-аў Тайвань, які да гэтага часу застаецца пад яго кантролем.
Літ.:
История Китая. 2 изд. М., 2002;
Тихвинский С.Л. Путь Китая к объединению и независимости, 1898—1949: По материалам биогр. Чжоу Эньлая. М., 1996.
В.У.Адзярыха.
т. 16, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНГА́РД (ад аван... + франц. garde варта),
1) часць або падраздзяленне; на флоце яго частка або эскадра падводных караблёў, якія для аховы войск на маршы рухаюцца наперадзе гал. сіл. Задача — прыняць на сябе першы ўдар, не дапусціць раптоўнага нападу праціўніка на гал. сілы, стварыць ім зручныя ўмовы для ўступлення ў бой. Авангард пасылаецца таксама пры наступленні, праследаванні, у ходзе рэйду. Прымяняўся са стараж. часоў: у арміі Аляксандра Македонскага наперадзе ішлі атрады, якія выконвалі ролю авангарда. Вядомы амаль ва ўсіх сучасных арміях свету. На флоце пасля 1-й сусв. вайны не выкарыстоўваецца.
2) У пераносным сэнсе — найбольш свядомая, перадавая частка якога-небудзь грамадскага руху, паліт. партыі ці групы людзей.
т. 1, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЗА́НТЫЙ (грэч. Byzantion),
старажытна-грэч. горад на еўрап. беразе праліва Басфор. Засн. каля 660 да н.э. як мегарская калонія. Да 478 да н.э. належаў персам, з сярэдзіны 5 ст. ўваходзіў у Афінскі марскі саюз, тройчы выходзіў з яго, з 378 — член 2-га Афінскага марскога саюза. У 340 да н.э. вытрымаў аблогу войск Філіпа II, пасля бітвы пры Херанеі захаваў аўтаномію. Найб. росквіту дасягнуў у 4 ст. да н.э. З 1 ст. да н.э. ў складзе Рым. імперыі, стаў значным цэнтрам гандлю і рамёстваў. У 330 н.э. на месцы Візантыя заснаваны Канстанцінопаль і абвешчаны сталіцай Візантыі. З 1453 наз. Стамбул.
т. 4, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬЯ (Villa) Франсіска, Панча Вілья [сапр. Аранга (Arango) Даратэа; 4.10.1877, г. Рыо-Грандэ, Мексіка — 20.7.1923], дзеяч Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17, нац. герой Мексікі. Удзельнічаў у звяржэнні дыктатуры П.Дыяса (1911), задушэнні мяцяжу П.Ароска (1912). У 1913 сфарміраваў і ўзначаліў паўстанцкую Паўн. дывізію, якая дзейнічала ў штатах Чыўаўа і Кааўіла, дзе праводзілася раздача канфіскаваных зямель сялянам, канфіскацыя прамысл. прадпрыемстваў, адкрываліся школы. Разам з сял. арміяй Э .Сапаты атрады Вільі ў снеж. 1914 уступілі ў Мехіка, але ў студз. 1915 пасля паражэння пакінулі сталіцу. У 1916—17 змагаўся супраць інтэрвенцкіх войск ЗША. У 1916—19 вёў партыз. барацьбу супраць урада Карансы. У 1920 адышоў ад рэв. руху. Забіты.
т. 4, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЮ́ГА Сямён Лазаравіч (14.7.1891, в. Усцярхі Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 7.1.1961),
адзін з арганізатараў партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну. У 1917 вёў рэв. прапаганду сярод салдат, чл. палкавога к-та. У час Кастр. рэвалюцыі ўстанаўліваў сав. ўладу ў Бабруйскім пав. У пач. 1918 арганізоўваў атрады Чырв. гвардыі для барацьбы з корпусам Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага, з ліст. 1918 старшыня Глускага рэўкома. У 1919 нам. Бабруйскага пав. камісара па харчаванні, нач. партыз. атрадаў у Бабруйскім і Рагачоўскім пав., камандзір асобага батальёна імя Бабруйскага рэўкома. 3 мая 1920 упаўнаважаны РВС Зах. фронту, з ліп. — Мазырскай групы войск Чырв. Арміі. У 1924—56 на гасп. рабоце.
т. 4, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́ДСТАН (Gladstone) Уільям Юарт (29.12.1809, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 19.5.1898),
брытанскі дзярж. дзеяч. У 1832 выбраны ў парламент ад партыі торы. Быў міністрам гандлю (1843—45), калоній (1845—47), фінансаў (1952—55, 1859—66). З 1867 лідэр Ліберальнай партыі. У 1868—74 прэм’ер-міністр. Яго ўрад рэфармаваў пач. адукацыю, легалізаваў прафсаюзы, увёў тайнае галасаванне на выбарах. З 1874 узначальваў апазіцыю. У 1880—85 на чале ўрада, які ў 1882 паслаў англ. войскі для захопу Егіпта, жорстка падаўляў нац.-вызв. рух у Ірландыі. Разгром брыт. войск у Судане і ўскладненні ў Ірландыі прывялі да падзення яго ўрада. У 1886 і ў 1892—94 зноў узначальваў урад.
т. 5, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)