ВЯЛІ́КІЯ ЗО́НДСКІЯ АСТРАВЫ́,

у складзе Малайскага архіпелага. На астравах размешчаны б.ч. тэр. Інданезіі, частка Малайзіі і Бруней. Уключаюць а-вы Суматра, Ява, Калімантан, Сулавесі і інш. Агульная іх пл. каля 1,4 млн. км². Абмываюцца Індыйскім і Ціхім акіянамі і іх ускраіннымі морамі. Размешчаны ў межах альпійскай геасінклінальнай вобласці. Рэльеф пераважна горны. Выш. да 4101 м (г. Кінабалу на в-ве Калімантан). Шматлікія вулканы. Клімат экватарыяльны з залішнім увільгатненнем на працягу года. Мнагаярусныя лясы з выключна багатай флорай і фаунай. Радовішчы алавяных руд і нафты. Трапічнае земляробства (вырошчваюць рыс, какосавыя пальмы, каўчуканосы, вострапрыпраўныя расліны і інш.).

т. 4, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЫ́,

бел. нар. гульня. Колькасць удзельнікаў не абмежаваная. Гульцы выбіраюць вядучага — адгадчыка, які выходзіць у суседні пакой або адыходзіць убок. Кожны выбірае назву горада, і калі вяртаецца адгадчык, яму гавораць: «Гарадоў прыгожых многа, ты знайдзі да іх дарогу, лепшы горад выбірай ды хутчэй называй!» Вядучы адгадвае да трох разоў. Калі адгадае, мяняецца месцам з гаспадаром правільна названага горада, калі не — яму кажуць: «Ну і ад’язджай у свой...» (назва горада, што сказаў адгадчык). Вядучы адыходзіць, гульцы выбіраюць назвы інш. гарадоў, і гульня паўтараецца. Выбіраюць гарады адной краіны ці вобласці, аб чым паведамляецца адгадчыку.

Я.​Р.​Вількін.

т. 5, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАДЭРМАТО́ЗЫ,

хранічная інвазійная хвароба пераважна буйн. раг. жывёлы. Выклікаецца лічынкамі падскурных аваднёў з роду Hypoderma. Праяўляецца запаленчымі зменамі ў органах і тканках, дзе лакалізуюцца паразіты. Узбуджальнікі — часцей авадні Н. bovis (звычайны падскурны) і Н. lineatum (падскурны паўднёвы, або страваводнік). Палаваспелыя насякомыя на працягу года маюць адну генерацыю. Самкі аваднёў за перыяд размнажэння адкладваюць да 800 яец на прыкаранёвую ч. валасоў жывёлы. Заражэнне адбываецца летам, у перыяд лёту аваднёў. Лічынкі пранікаюць праз скуру, мігрыруюць у арганізме і лакалізуюцца ў падскурнай клятчатцы, у вобласці спіны. Яны выдзяляюць прадукты метабалізму, чым выклікаюць агульную інтаксікацыю арганізма жывёлы, зніжэнне яе прадукцыйнасці.

т. 5, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАРО́Й (ад гема... + грэч. rheō цяку),

пачачуй, вузлаватае расшырэнне вен прамой кішкі, пераважна ў вобласці задняга праходу. Адрозніваюць вузлы вонкавыя (падскурныя) і ўнутр. (падслізістыя). Хварэюць найчасцей людзі сярэдняга і пажылога ўзросту, мужчыны ў 3 разы часцей, чым жанчыны.

Развіццю гемарою садзейнічаюць прыроджаныя асаблівасці вен, запаленні прамой кішкі, загіны маткі, запоры, сядзячая праца і інш. Прыкметы: сверб, адчуванне гарачыні, напружання і болю ў заднім праходзе пры дэфекацыі, бывае крывацёк. Ускладненні: запаленне, ушчамленне ўнутр. вузлоў гемарою ў заднім праходзе, малакроўе. Лячэнне: дыета, фізія- і медыкаментозная тэрапія; у цяжкіх выпадках — хірургічнае. Гл. таксама Варыкознае расшырэнне вен.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

карты, якія адлюстроўваюць умовы залягання, заканамернасці фарміравання і размяшчэння, уласцівасці і запасы падземных вод. Складаюцца на тапаграфічнай аснове паводле гідрагеал. здымкі. Служаць падставай для гідрагеал. даследаванняў рэгіёнаў, прагнозу і пошукаў радовішчаў падземных вод і інш. На дробнамаштабных картах (драбней за 1:500 000) паказваюць найб. важныя гідрагеал. асаблівасці тэрыторыі — граніца гідрагеалагічных басейнаў (масіваў), вобласці жыўлення, напору і разгрузкі, раёны развіцця розных тыпаў падземных вод. На сярэдне- і буйнамаштабных гідрагеалагічных картах характарызуюцца артэзіянскія і грунтавыя воды. Такія карты выкарыстоўваюць пры эксплуатацыі радовішчаў, праектаванні водазабораў і вадасховішчаў. Асобны тып складаюць карты падземнага сцёку, рэсурсаў, рэжыму, гідрахіміі падземных вод.

т. 5, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФЕКЦЫ́ЙНАЯ АНЕМІ́Я КО́НЕЙ,

вірусная хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем органаў кроваўтварэння, пастаяннай або з рэцыдывамі ліхаманкай, анеміяй і працяглым вірусаносьбіцтвам. Пашырана ў многіх краінах свету, у т. л. на Беларусі. Хварэюць коні, радзей аслы і мулы. Узбуджальнік — РНК-змяшчальны вірус, крыніцай якога з’яўляюцца хворыя жывёлы і вірусаносьбіты, крывасосныя насякомыя і інш. Інкубацыйны перыяд 5—90 сут. Цячэнне хваробы спачатку вострае, потым хранічнае і латэнтнае. Т-ра павышаецца да 40—42 °C. Адзначаецца агульная слабасць, узбуджальнасць, сардэчная недастатковасць, ацёкі ў вобласці жывата і канечнасцей. У крыві рэзка памяншаецца колькасць эрытрацытаў і гемаглабіну, павялічваецца колькасць лімфацытаў. Лячэнне не распрацавана.

т. 7, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́ЗЕ (Molise),

вобласць у Паўд. Італіі, на Апенінскім паўвостраве. Пл. 4,4 тыс. км². Нас. 331 тыс. ж. (1991). Адм. цэнтр — г. Кампабаса. Уключае правінцыі Кампабаса і Ізернія. На ПнУ, уздоўж узбярэжжа Адрыятычнага м. — узгоркаватая раўніна. У цэнтр. ч. М. пласкагор’е Малізе. На Пд Апенінскі хрыбет Матэсе выш. да 2050 м (г. Мілета). Аснова эканомікі вобласці — сельская гаспадарка. Вырошчваюць пшаніцу, бабовыя і інш. У перадгорнай зоне і на спадзістых схілах ніжняга пояса гор — вінаградарства і вырошчванне аліў. У гарах пашавая жывёлагадоўля, пераважна авечкагадоўля. Прам-сць па апрацоўцы с.-г. прадукцыі. Саматужныя промыслы. Буйны турыстычны комплекс.

т. 10, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРГІЯ́НА (грэч. Margianē, стараж.персідскае Маргуш),

назва стараж. вобласці ў Сярэдняй Азіі, па цячэнні р. Мургаб (на ПдУ сучаснай Туркменіі і Пн Афганістана). Упершыню згадваецца ў «Авесце» і надпісе на скале Бехістун. М. межавала на З з Парфіяй, ПнУ з Согдам, У з Бактрыяй, на Пд з Арэяй. Сталіца М. знаходзілася ў раёне Стараж. Мерва. У 522 да н.э. ў М. адбылося нар. паўстанне супраць улады Ахеменідаў, задушанае царом Дарыем I Вялікім (521; гл. ў арт. Дарый). Потым М. паслядоўна ўваходзіла ў склад дзяржаў Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, Парфянскага царства. У сярэдневякоўі землі М. ўвайшлі ў Харасан.

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗО́РНАЕ ПАГЛЫНА́ННЕ,

аслабленне святла пры праходжанні ў міжзорным асяроддзі. Абумоўлена рассеяннем і паглынаннем святла пылавымі часцінкамі і ў бачнай вобласці спектра залежыць ад даўжыні хвалі λ прыкладна як ​1/λ. Важная ўласцівасць М.п. — яго выбіральнасць (залежнасць паглынання ад даўжыні хвалі святла — паглынанне павялічваецца да сіняй часткі спектра). Таму далёкія зоркі выглядаюць больш чырвонымі. Пылавая матэрыя размеркавана нераўнамерна: канцэнтруецца да плоскасці Галактыкі і асабліва да яе спіральных рукавоў. У галактычнай плоскасці М.п. рознае ў розных напрамках і мяняецца ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх зорных велічынь ад адлегласці ў 1 КПС.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯКАРДЫ́Т (ад мія... + грэч. kardia сэрца),

запаленне мышцы сэрца (міякарда) у чалавека і жывёл. Бывае востры, падвостры і хранічны, дыфузны і ачаговы. Паводле ступені цяжкасці — лёгкі, сярэднецяжкі, цяжкі. Прычыны: інфекцыя (ангіна, дыфтэрыя, шкарлятына, туберкулёз і інш.), алергія, інтаксікацыя. У дзяцей можа развіцца пры рэўматызме. Рэўматычны М. нярэдка спалучаецца з эндакардытам. Прыкметы М. залежаць ад парушэння сардэчнага рытму і недастатковай скарачальнай функцыі міякарда (агульная слабасць, задышка ў спакоі, набраканне шыйных вен, працяглы «ныючы» боль у вобласці сэрца, сэрцабіццё, хуткая стамляльнасць). Ускладненні: кардыясклероз, сардэчная недастатковасць. Лячэнне: пасцельны рэжым, вітаміны, сардэчна-сасудзістыя сродкі, ліквідацыя асн. хваробы.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)