НАБО́РНЫЯ ПРАЦЭСЫ,

працэсы вырабу тэкставых друкарскіх форм. Бываюць ручныя, машынныя (механізаваныя, з выкарыстаннем наборных машын) і аўтаматызаваныя (з дапамогай наборных аўтаматаў, настольных выдавецкіх сістэм і інш.). Да Н.п. адносяць таксама карэктуру і вёрстку набору.

Ручным спосабам набіралі пераважна загалоўкі, табліцы, формулы і інш. складаныя часткі выдання, для гэтага выкарыстоўвалі літары і прагальныя матэрыялы. Пры машынных Н.п. з дапамогай радковаадліўных лінатыпаў і літараадліўных манатыпаў атрымліваюць метал. формы, прыдатныя для непасрэднага друкавання або стэрэатыпавання (гл. Стэрэатыпія). Пры фотанаборы атрымліваюць дыяпазітывы (негатывы) палос, прыдатныя для вырабу друкарскіх форм кантактным капіраваннем; тэкст набіраюць на фотанаборных машынах. На наборна-друкавальных машынах тэкст набіраюць на плёнцы (тэкставыя дыяпазітывы), паперы (выдавецкія арыгінал-макеты) або непасрэдна на формным матэрыяле, пасля апрацоўкі якога атрымліваюць друкарскую форму. Пры ручным і машынным спосабах набору робяць вёрстку ці мантаж дыяпазітываў (негатываў) на плёнку па разметцы выдавецкага арыгінала або па макеце, з наступнай карэктурай і праўкай набору. Выкарыстанне фотаэлектронных аўтаматаў, персанальных ЭВМ, выдавецкіх камп’ютэрных сістэм, счытвальных прыстасаванняў і інш. дазваляе поўнасцю аўтаматызаваць Н.п.

Літ.:

Колосов А.И. Наборные и стереотипные процессы. М., 1977;

Ремизов Ю.Б. Фотонаборные процессы. М., 1981.

У.​М.​Сацута.

т. 11, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАДНЕ́ННЕ,

інтэнсіўнае затапленне вял. тэрыторыі ў выніку пад’ёму ўзроўню вады ў рацэ, возеры або моры; адно са стыхійных бедстваў. Адзначаецца ў час разводдзяў, паводак, пры заторах, зажорах, прарывах дамбаў і плацін, у выніку нагонаў вады з мора ў вусці рэк, ад цунамі на марскіх узбярэжжах і астравах. Найб. катастрафічныя Н. здараюцца ў прывусцевой частцы рэк Ганг і Брахмапутра (Бангладэш), на рэках Місісіпі і Агайо (ЗША), Амур, Нява (Расія). Для тэр. Беларусі характэрны 3 віды Н. Веснавое Н. адзначаецца на ўсіх рэках у перыяд веснавога разводдзя. Іх узнікненню садзейнічаюць вял. намнажэнні снегу, халодныя зімы без адліг, позняе і дружнае раставанне снегу пры адначасовым значным выпадзенні ападкаў. Вял. веснавыя Н. назіраліся ў вярхоўях Дняпра і Зах. Дзвіны (1931), на рэках Нёман (1957), Прыпяць (1979). Летне-асеннія Н. бываюць пры інтэнсіўных ападках. Найб. адзначаны ў бас. рэк Зах. Буг і Прыпяць (1974). Зімовыя Н. абумоўліваюцца моцным раставаннем снегу ў перыяд адліг. Бываюць пераважна ў бас. Нёмана і Зах. Буга. Найб. эфектыўны сродак барацьбы з Н. — рэгуляванне рачнога сцёку і абвалаванне.

т. 11, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛЬТКЕ (Moltke) Малодшы Гельмут Іаган Людвіг

(25.5.1848, Герсдорф, Германія — 18.6.1916),

германскі ваен. дзеяч. Ген.-палк. Граф. Пляменнік Г.Мольтке Старэйшага (яго ад’ютант з 1880). Удзельнік франка-прускай вайны 1870—71. З 1903 ген.-кватэрмайстар. У 1906—14 нач. Генштаба. Правёў шэраг рэформ у арміі. Адзін з актыўных удзельнікаў развязвання 1-й сусв. вайны, пры падрыхтоўцы да якой паклаў у аснову задумы свайго папярэдніка ген.-фельдмаршала А.фон Шліфена (разгром франц. арміі гал. сіламі і абарона ва Усх. Прусіі, а потым удар па Расіі). Аднак пры разгортванні герм. арміі ў 1914 аслабіў правае крыло армій Зах. фронту, якія наносілі гал. ўдар па Францыі, і павялічыў сілы на левым крыле, а таксама ва Усх. Прусіі. Гэта адмоўна адбілася пры правядзенні 1-га этапа вайны. У час Марнскай бітвы 1914 (гл. Марнскія бітвы ў першую сусветную вайну), калі быў нач. генштаба і адначасова нач. штаба Стаўкі (фактычна галоўнакаманд.), страціў кіраванне войскамі, што прывяло да паражэння герм. армій на Зах. фронце. 14.9.1914 адхілены ад пасады. З 1915 нам. нач. Генштаба.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 10, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І ТЭАТРА́ЛЬНЫЯ.

Збіраюць і захоўваюць розныя матэрыялы па гісторыі т-ра. Існуюць як самаст. структуры (Цэнтр тэатр. музей імя А.​Бахрушына, Музей муз. культуры імя М.​Глінкі ў Маскве, Тэатр. музей у С.-Пецярбургу і інш.), пры некат. буйных т-рах («Камеды Франсэз» і «Гранд-апера» ў Парыжы, «Кабукі» ў Токіо, «Ла Скала» ў Мілане, МХАТ, Вял. і Малым т-рах, Т-ры імя Я.​Вахтангава ў Маскве, Т-ры оперы і балета, Вял. драм. т-ры ў С.-Пецярбургу і інш.), а таксама мемар. музеі (Мемарыяльны музей У.​Шэкспіра ў г.Страдфард-он-Эйван, Вялікабрытанія, К.​Станіслаўскага, У.​Неміровіча-Данчанкі ў Маскве і інш.), музеі-кватэры і мемар пакоі. Пры С.-Пецярбургскім цырку існуе адзіны ў свеце музей, які збірае матэрыялы па гісторыі і тэхніцы цыркавога мастацтва. На Беларусі дзейнічае Дзярж музей гісторыі тэатр. і муз. культуры Рэспублікі Беларусь (засн. ў 1990). М.т. існуюць таксама пры Бел. акад т-ры імя Я.​Коласа, Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы, Нац. акад. Вял. т-ры оперы і балета Беларусі.

т. 11, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІЭТЫЛЕ́Н,

сінтэтычны тэрмапластычны палімер, прадукт полімерызацыі этылену, адзін з найб. пашыраных поліалефінаў, [—CH2—CH2—]n. Займае 1-е месца ў сусв. вытв-сці палімераў, што атрымліваюць метадам полімерызацыі.

Цвёрдае рэчыва белага колеру. Паводле спосабу атрымання адрозніваюць П. высокага ціску, ці нізкай шчыльнасці (913—930 кг/м³), з мал. м. (3—40)∙10​4, tпл 103—110 °C, і П. нізкага ціску, ці высокай шчыльнасці (910—968 кг/м³), з мал. м. (5—100)∙10​4, tпл 124—137 °C. Пры пакаёвай т-ры не раствараецца ў арган. растваральніках (абмежавана набракае). Тэрмадэструкцыя ў паветры пачынаецца пры 180 °C. Спалучае высокую трываласць пры расцягванні з эластычнасці, добры дыэлектрык. Устойлівы да ўздзеяння хім. рэагентаў і радыеактыўных выпрамяненняў Выкарыстоўваюць для вытв-сці плёнак тэхн. і быт. прызначэння (гл. Плёнкі палімерныя), вырабу ёмістасцей, канстр. дэталей, арматуры, гальванічных ваннаў, высокатрывалых валокнаў, пратэзаў унутр. органаў, цепла- і электраізаляцыі, прадметаў хатняга ўжытку і інш.

Літ.:

Полиэтилен низкого давления: Науч.-технич. основы пром. синтеза. Л., 1980;

Полиэтилен высокого давления: Науч. технич. основы пром. синтеза. Л., 1988.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

лі́шні, ‑яя, ‑яе.

1. Які перавышае патрэбную ці ўстаноўленую колькасць, норму. Лішні экземпляр кнігі. Лішнія грошы. □ [Гарлахвацкі:] Па-мойму, цёця Каця, вы лішнюю плошчу падмятаеце... Крапіва. // Празмерны, залішні. У пакоі свежа, хвоі, стоячы каля самых вокан, не прапускаюць у дом лішняга сонца. Лужанін. [Егер] трымаў сябе вельмі асцярожна, не дазваляючы сабе ніводнага лішняга руху. В. Вольскі.

2. Такі, без якога можна абысціся; непатрэбны. [Дзіміна:] Кашын патрэбен быў пры штурмаўшчыне. Пры рытмічнай жа рабоце ён лішні. Карпаў. // Непажаданы. Марыля зрабілася зусім чужой і лішняй у .. хаце. Брыль. Сцёпка дастаў з кішэні некалькі памятых лісткоў, азірнуўся, каб не было лішніх сведак. Колас.

3. Дадатковы, дабавачны. — Маленькі агонь можна і ў будане трымаць. — Дым будзе, ды і месца для яго лішняе трэба. Маўр.

•••

Без лішніх слоў гл. слова.

Лішняя капейка гл. капейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

салю́т, ‑у, М ‑люце, м.

1. Урачыстая форма прывітання або аддача пашаны каму‑, чаму‑н. ружэйнымі або артылерыйскімі залпамі, падняццем ці апусканнем сцяга і пад. Артылерыйскі салют. Развітальны салют. □ І ва ўсіх нас ёсць Радзіма, Што імёны нашы помніць І салюта громам гулкім Паўтарае з году ў год. Танк. І пачуў у той дзень ён [хлопчык] салют Перамогі, Што ў Маскве прагучаў, скалыхнуў увесь свет. Прыходзька.

2. Піянерскае прывітанне, якое выражаецца ў падняцці над галавой правай рукі. Піянеры застылі ў стройных шарэнгах, падняўшы рукі ў піянерскім салюце. «Маладосць». // Разм. Прывітанне пры сустрэчы з кім‑н. — Салют брыгадзіру! — выгукваў Марцін, падымаючы руку ў знак прывітання. Хадкевіч. — Салют, — казырнуўшы, .. [Сашка] павіншаваў тых, хто стаяў у калідоры. Гроднеў.

•••

Салют нацый — салют звычайна з 21 гарматнага залпа пры сустрэчы кіраўнікоў замежных дзяржаў.

[Фр. salut.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хімі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да хіміі, звязаны з ёй. Хімічная формула метану.

2. Які мае адносіны да з’яў, што вывучаюцца хіміяй. Хімічныя элементы. Хімічны вопыт. Хімічная рэакцыя. Хімічны аналіз вады. Хімічны састаў крыві. // Прызначаны для заняткаў хіміяй. Хімічны посуд. Хімічная лабараторыя.

3. Звязаны з прымяненнем метадаў хіміі ў вытворчасці, у розных галінах гаспадаркі. Хімічныя прадукты. Хімічная чыстка адзення. Хімічная апрацоўка драўніны. Хімічная вытворчасць. □ Доўга расказваў [Шыпулька], які будзе наш горад і як тут усё зменіцца, калі хімічны камбінат пачне даваць мінералы. Кулакоўскі. // Атрыманы пры дапамозе метадаў і сродкаў хіміі. Хімічныя ўгнаенні.

4. Звязаны з прымяненнем прадуктаў хіміі ў ваенных мэтах. Хімічная вайна. Хімічная зброя.

•••

Хімічнае чарніла гл. чарніла.

Хімічны карандаш — карандаш з графітам, які пры змочванні піша, як чарніла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пы́пла1 ’цяльпук, непаваротлівы, павольны ў дзеянні чалавек’ (Бяльк.), ’няўмека’ (Юрч.), пыпля ’маруда, нерашучы чалавек’ (Нас.). Меркаванні пра балтыйскае паходжанне пы́пля ’маруда’ (Байк. і Некр.) з пят. рірёіе ’penis’ (Блесэ, SB, 5, 18–19) ці з літ. pyplys ’плакса; дзіцяня’ (ад pypti ’пішчаць’, Лаўчутэ, Балтизмы, 72) патрабуюць дадатковага абгрунтавання. Нельга разглядаць асобна ад пыпліць ’дрэнна рабіць’, параўн. у запісах фальклору: А сваттюхпы пыплёхи / Пыплють, пыплють, ну ултѣють /А нам сказать ня сміють (віц.).

Пы́пла2 (пыпло) ’ціпун у птушак’ (Нас.). Да пы́пець (гл.), магчыма, збліжанае з гукаперайманнем, якое перадае адпаведны характар гукаў пры хваробе, параўн. чэш. гірай ’выдаваць голас пры хваробе ціпун (пра курэй)’; pipati ’пікаць, пішчаць’, славен. гірай ’дакранацца’, pipati ’торкаць, калупацца ў зубах’; балг. фъфля ’прышапётваць, чапляць кончыкам языка зубы пры размове’ і пад., што дае падставы бачыць у названым слове няпоўнае падваенне кораня. Гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прымаўля́ць, прымоўля́ць ’прыгаворваць; угаворваць; папракаць; прыгаворваць пры варажбе; прыварожваць’ (Шпіл., Нас., ТСБМ, ТС), ’ужываць прымаўкі, прыказкі’, ’галасіць’, ’наймаць’ (шчуч., віл., в.-дзв., Сл. ПЗБ). Сюды ж вытворныя: пры́маўка, прымо́ўка ’ўстойлівы выраз; прыгаворка; папрокі; лаянка; словы, якія выкарыстоўваюцца пры чараванні, варажбе’ (Шпіл., Гарб., Нас., Байк. і Некр., Касп., Растарг., Яруш., ТСБМ; глыб., ганц., Сл. ПЗБ; ТС), ’нагавор; заклінанне’ (Ян.), ’урокі’ (кіраў., ЛА, 3), прымо́ўны ’хвароба, якая лечыцца замовамі, прымаўленнем’ (Нар. Гом.), ст.-бел. примолвяти ’заклінаць’, примолвение ’замова, заклінанне’ (Сл. Скарыны). Ад мо́віць (гл.). Падобна на тое, што значэнне ’прыгаворваць пры варажбе; замаўляць’ было першасным, параўн. стараж.-рус. примълвление, примолвление ’замова, заклінанне’, примълва, примолва ’прыгавор’, рус. дыял. прима́вливать, примо́влить ’запрашаць (у госці)’, укр. примовля́ти ’прыгаворваць, прымаўляць; гаварыць, казаць, умешвацца ў размову’, при́мівка, при́мовка, примо́вля ’прыказка, прымаўка’, примо́ва ’замова’, примовля́ння ’прыгаворка; замова’, примі́вник ’чараўнік, які лечыць замовамі, шаптун’. Гл. таксама ЕСУМ, 3, 491–492.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)