МЯЦЕ́ЛІЦА (Дзмітрый Іванавіч) (н. 2.2.1938, г. Смаленск, Расія),
бел. вучоны ў галіне фізікахіміі і біяхіміі. Д-рхім.н. (1976), праф. (1988). Скончыў Маскоўскі дзярж.ун-т (1961). З 1974 у Ін-це біяарган. хіміі Нац.АНБеларусі (з 1985 заг. лабараторыі). Навук. працы па хім. і ферментатыўнай кінетыцы, даследаванні механізма дзеяння акісляльна-аднаўляльных ферментаў (цытахром Р-450, пераксідаза, каталаза і дэгідрагеназа) і ферментатыўных працэсаў у міцэлярных сістэмах, па імунаферментным аналізе і яго выкарыстанні ў медыцыне.
Тв.:
Активация кислорода ферментными системами. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЭ́Й (Setaria),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Больш за 120 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных, радзей ва ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў М.: вялікі (S. pycnocoma), зялёны (S. viridis), італьянскі, ці проса італьянскае, або магар, ці чуміза (S. italica), кальчаковы (S. verticillata), пазушнакаласковы (S. pachystachys), шызы (S. glauca). Трапляюцца ў пасевах, каля дарог, на засмечаных мясцінах.
Адна- ці шматгадовыя травы. Лісце плоскае, лінейна-ланцэтнае, шурпатае. Каласкі двухкветкавыя, абкружаныя доўгімі шчацінкамі, сабраныя ў густы султан. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. расліны, некат. пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУ́МАВА (Софія Фадзееўна) (23.5.1924, в. Заазер’е Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 12.3.2000),
бел. вучоны ў галіне хіміі высокамалекулярных злучэнняў. Д-рхім.н. (1974). Скончыла БДУ (1949). У 1949—89 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АНБеларусі (у 1952—67 і 1975—86 заг. лабараторыі). Навук. працы па сінтэзе і даследаванні ўласцівасцей палімерных святлоадчувальных матэрыялаў, антыстатыкаў і антыстатычных лакаў, распрацоўцы новых поліфункцыянальных манамерных і алігамерных стабілізатараў.
Тв.:
Циклогекса-1,3-диен и продукты на его основе. Мн., 1980 (разам з Б.В.Ерафеевым, В.Д.Юрынай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУ́МАЎ (Валянцін Сцяпанавіч) (н. 12.3.1937, Мінск),
бел. спартсмен і трэнер (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1969), засл. трэнер Беларусі (1971). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1964). У 1974—96 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту. Чэмпіён Еўропы на байдарцы-адзіночцы на дыстанцыях 500, 1000 м і ў эстафеце 4 × 500 м (1957, г. Гент, Бельгія). Чэмпіён СССР на дыстанцыях 1000 м (1957, 1958, 1959), 10 000 м (1961). Сярод выхаванцаў чэмпіён свету Л.Дзеравянка, чэмпіён СССР А.Навумаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛЬШЧА́НЫ, Нальшаны,
балцкая племянная групоўка, гіст. вобласць, якая, на думку некат. даследчыкаў (У.Ц.Пашута і інш.), знаходзілася на паўн.-зах. ускраіне Беларусі. Як народ упамінаюцца ў Дублінскім рукапісе. Адна з ням. хронік сталіцай Н. называе Крэва. У 1258 на іх напалі мангола-татарскія войскі Бурундая і валынскага кн. Васількі Раманавіча. У міжусобнай барацьбе паміж Літвой і Жамойцю (1260-я г.) Н. сталі на бок апошняй і іх князь Даўмонт у 1263 забіў кн. Міндоўга. У 1264 кн. Войшалк заваяваў Н. і ўключыў іх у склад ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПЕ́РСТАЎКА (Digitalis),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — Н. буйнакветная (D. grandiflora). Трапляецца ў хмызняках, на ўзлесках. Культывуецца Н. пурпуровая (D. purpurea).
Двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей кусты і паўкусты. Сцёблы прамыя, негалінастыя Лісце чаргаванае, суцэльнае, ланцэтападобнае або прадаўгавата-яйцападобнае. Кветкі ў верхавінкавых густых гронкападобных суквеццях, няправільныя, пераважна буйныя, жоўтыя, пурпуровыя, рудаватыя. Вяночак двухгубы, званочкавы, нагадвае напарстак (адсюль назва) або шарападобна ўздуты. Плод — каробачка. Трава Н. (пераважна лісце) выкарыстоўваецца ў медыцыне. Лек. і дэкар. расліны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЯ ГАЗЕ́ТА»,
грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 2.10.1990 у Мінску на бел. і рус. мовах штодзённа. Заснавальнік — адкрытае акц.т-ва «Народная газета». Асвятляе пытанні грамадска-паліт., міжнар. жыцця, праблемы эканомікі, культуры, навукі, дзейнасць органаў заканадаўчай і выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь. Шмат увагі аддае пытанням маралі і права, адносінам чалавека і грамадства. Публікуе заканадаўчыя акты, матэрыялы інфармацыйна-аналітычныя, па пытаннях эканомікі, адукацыі, культуры і гісторыі Беларусі, экалогіі, сац. праблемах, спорце і інш. Дае магчымасць выказацца людзям розных паліт. поглядаў, перакананняў. Шырока выкарыстоўвае лісты чытачоў, пазаштатных аўтараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў СССР у 1920—30-я г., адна з форм аўтаноміі. Ствараліся там, дзе нац. меншасці прадстаўлялі невял., але кампактную групу насельніцтва. Знаходзіліся ў складзе саюзных і аўтаномных рэспублік, краёў і абласцей. У РСФСР было каля 100 Н.р., гал. чынам у Якуціі, Бурат-Манголіі, Усх. Сібіры, Амурскай вобл., Далёкаўсходнім краі. У 1990-я г. Н.р. у Расіі адноўлены (напр., створаны Нямецкі Н.р. у Алтайскім краі, 1991, Азоўскі ням. Н.р. у Омскай вобл., 1992). На Беларусі ў 1932—37 існаваў Польскі нацыянальны раён у БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША ПРА́ЎДА»,
легальная газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах.Беларусі. Выдавалася з 30.3 да 24.9.1927 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Пісала пра эканам. і паліт. становішча ў Польшчы, пра стан бел. школ, заняпад нац. культуры, вяла палеміку з выданнямі, якія зневажалі бел. народ, яго культуру і творцаў. Выкрывала каланізатарскую палітыку ўрада Ю.Пілсудскага ў адносінах да народаў нац. меншасцей. У газеце супрацоўнічалі А.Салагуб, М.Васілёк, Я.Маланка, Улад-Ініцкі і інш. Выйшла 50 нумароў, з іх 6 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАТЫЯ́НТА (Neottianthe),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 6 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 1 від Н. клабучковая (N. cucullata) — еўразійскі таежны рэліктавы від; занесена ў Чырв. кнігу.
Трапляецца ў хвойніках-зеленамошніках, часцей на ўзгорыстай мясцовасці.
Н. клабучковая — шматгадовая травяністая расліна выш. да 30 см з ныркападобнымі белаватымі клубнямі. Сцябло тонкае, граністае, каля асновы 2 супраціўныя лісты, вышэй — 1—3 дробныя вузкаланцэтныя лісцікі. Кветкі фіялетава-ружовыя, часам белыя, сабраныя па 6—24 у аднабокі рэдкі колас. Плод — каробачка.