Мексіканскія Злучаныя Штаты (Estados Unidos Mexicanos), дзяржава на ПдПаўн. Амерыкі. Мяжуе на Пн з ЗША, на ПдУ з Гватэмалай і Белізам. На З абмываецца Ціхім ак. (на значным працягу Каліфарнійскім зал.), на У — Карыбскім м. і Мексіканскім зал. Атлантычнага ак.Пл. 1958,2 тыс.км². Нас. 98,6 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Мехіка. Падзяляецца на 31 штат і сталічную Федэральную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (16 вер.).
Дзяржаўны лад. М. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1917 (са зменамі і дапаўненнямі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 6 гадоў без права перавыбрання. Прэзідэнт назначае членаў урада і звальняе іх, назначае ген. пракурора і губернатара федэральнага раёна, прадстаўнікоў дыпламат. прадстаўніцтваў і вышэйшых афіцэраў арміі. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму Нац. кангрэсу, што выбіраецца па сістэме прапарцыянальнага прадстаўніцтва: сенат — 128 сенатараў, якія выбіраюцца на 6 гадоў (палавіна складу сената выбіраецца кожныя 3 гады), палата дэпутатаў — 500 дэпутатаў, што выбіраюцца на 3 гады. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду, які падсправаздачны яму. Кожны штат мае сваю канстытуцыю і заканад. органы.
Прырода. М. размешчана ў паўд.ч. Кардыльер Паўн. Амерыкі. Большую ч.тэр. М. займае Мексіканскае нагор’е (пераважныя выш. 1000—2000 м, на Пд у Папярочнай Вулканічнай Сьеры дзеючыя вулканы Арысаба — 5700 м, Папакатэпетль — 5452 м і інш.). На Пд ад р. Бальсас — Паўд. Сьера-Мадрэ (выш. да 3703 м). На Пд і ПдУ ад перашыйка Тэўантэпек — хрыбты Сьера-Мадрэдэ-Ч’япас і вулканічны масіў Ч’япас. Уздоўж берагоў нізіны і раўніны. П-аў Каліфорнію займаюць невысокія горныя масівы, п-аў Юкатан раўнінны, развіты карст. Бываюць землетрасенні і вывяржэнні вулканаў, асабліва на Пд. У М. шмат карысных выкапняў: нафта, прыродны газ, свінцова-цынкавыя, медныя, сярэбраныя, ртутныя, сурмяныя, кадміевыя, алавяныя, вальфрамавыя, залатыя руды. Ёсць радовішчы каменнага вугалю, самароднай серы, плавікавага шпату, графіту і інш. Клімат на б.ч. краіны трапічны, на Пн субтрапічны. Сярэдняя т-растудз. ад 10 °C на ПнЗ да 25 °C на Пд, ліп. ад 15 °C на ўзвышаных раўнінных частках нагор’я да 30 °C на беразе Каліфарнійскага зал. У гарах кліматычная вышынная пояснасць. Гадавая колькасць ападкаў ад 100—200 мм на Пн да 2000—3000 мм на паўд. наветраных схілах. Амаль палавіна тэр. М. на Пн мае недастатковае ўвільгатненне. Рачная сетка на ПдУ густая, на ПнЗ вельмі рэдкая. Найб. рэкі: Рыо-Брава-дэль-Нортэ (Рыо-Грандэ, на мяжы з ЗША), Бальсас, Рыо-Грандэ-дэ-Сант’яга, прывусцевы ўчастак р. Каларада і інш. Гідраэнергапатэнцыял рэк — каля 80 млн.кВт. Расліннасць вельмі разнастайная, лясы займаюць 29%. На Пн — пустыні і паўпустыні з ксерафільнай флорай (кактусы, агавы, юка), на Пд нагор’я і прылеглых берагавых нізінах — саванны (злакавае покрыва і калючыя хмызнякі). У гарах на Пн лісцевыя і мяшаныя лясы (дуб, граб, ліпа, хвоя, піхта). На Пд трапічныя лясы, на ўсх. схілах — вільготныя, вечназялёныя, на зах. схілах — сухія пераважна хваёвыя; каля падножжа гор лістападныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў. Жывёльны свет пустынь і паўпустынь прадстаўлены грызунамі, у горных лясах водзяцца чорны мядзведзь, янот-паласкун, чырвоная рысь, пума, у саваннах — дрэвавы дзікабраз, мурашкаед, у трапічных лясах на Пд — малпы, тапір, ягуар. Нац. паркі: Кумбрэс-дэ-Мантэрэй, Сьера-дэ-Сан-Педра-Мартыр, Каньён-дэль-Рыо-Бланка, Невададэ-Талука, Ла-Малінчэ і інш. Біясферны запаведнік Сіян-Каан на п-ве Юкатан і запаведнік кітоў Эль-Віскайна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусв. спадчыны.
Насельніцтва. Больш за 80% складаюць мексіканцы — нацыя, якая ўтварылася ад змяшання індзейцаў з іспанцамі. Карэнныя індзейскія народы (ацтэкі, майя, цэльталі, цацылі, хуастэкі, татанакі, міхе, атомі, міштэкі, масахуа, масатэкі, чынантэкі, тараскі і інш.) жывуць пераважна ў цэнтр. і паўд. раёнах.
Жывуць таксама выхадцы з Еўропы (іспанцы, баскі, немцы, французы, італьянцы і інш.), ураджэнцы розных краін Амерыкі, яўрэі, кітайцы, японцы і інш. Іспана-індзейскія метысы складаюць 75% насельніцтва, індзейцы — 9%, нашчадкі еўрапейцаў — 15%, інш. — 1%. Вернікі пераважна католікі (89,7%). Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 50,4 чал. на 1 км², найб. (да 500 чал. на 1 км²) — у міжгорных катлавінах Цэнтр. і Паўд. М. У гарадах жыве 74% (1998), у т. л. ў буйных гарадах (больш за 700 тыс.ж. у кожным) — 33%. Характэрная рыса — гіпертрафіраванае развіццё сталічнай і некалькіх інш. агламерацый (млн.ж., 1995): Мехіка — 20,2, Гвадалахара — 3,43, Мантэрэй — 1,1, Пуэбла — 1, Леон — 0,9, Сьюдад-Хуарэс — 0,8. У сельскай гаспадарцы занята 28% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 24%, у сферы паслуг — 48%.
Гісторыя. Чалавек на тэр. М. пачаў рассяляцца каля 20—15 тыс.г. да н.э. З 8-га тыс. да н.э. пачаўся пераход ад палявання і збіральніцтва да земляробства. Аснову харчавання народаў Цэнтр. Амерыкі ў 8—2-м тыс. да н.э. складалі зерне злакаў, бабовыя, кабачкі і гарбузы. Адной з найстаражытнейшых у Амерыцы (на тэр. сучасных мекс. штатаў Табаска і Веракрус) была цывілізацыя альмекаў, росквіт якой адносіцца да 1500—600 да н.э. Многія вучоныя лічаць, што альмекская цывілізацыя стала крыніцай, з якой наступныя цэнтр.-амер. цывілізацыі запазычылі элементы вераванняў, традыцый і архітэктуры. У 1-м тыс.н.э. важным культ., адм. і эканам. цэнтрам Цэнтр. Амерыкі быў г. Тэатыўакан у цэнтры М. У сярэдзіне 7 ст. ён быў разбураны ў выніку заваявання або прыроднай катастрофы. Каля 500 н.э. на тэр. сучаснага штата Аахака ўзнікла цывілізацыя плямён сапатэкаў. Фрагменты створанай імі іерагліфічнай пісьменнасці захаваліся на руінах храмаў і дамоў іх сталіцы. На мяжы 1-га тыс. да н.э. і 1-га тыс.н.э. на тэр.паўд.М., Гватэмалы, Гандураса і Беліза склалася унікальная цывілізацыя плямён майя, росквіт якой прыпадаў на 250—900 н.э. Па нявысветленых прычынах каля 900 асн. цэнтры майя абязлюдзелі і ч. насельніцтва перасялілася на п-аў Юкатан, дзе культура майя развівалася да заваявання М. іспанцамі ў 16 ст. У 8—9 ст.н.э. ў цэнтр. М. склалася дзяржава тальтэкаў. У 10 ст. яны праніклі на Юкатан і ў горную Гватэмалу, дзе падначалілі асобныя групы майя. У 2-й пал. 12 ст. нашэсце. з Пн ваяўнічых плямён, сярод якіх былі і ацтэкі, паклала канец панаванню тальтэкаў у М. У 1325 ацтэкі заснавалі ў цэнтр. М. г.Тэначтытлан. У пач. 16 ст. іх імперыя ахоплівала тэр. плошчай каля 200 тыс.км² з нас. 5—6 млн.чал., але была нетрывалай.
У 1517 ісп.канкістадоры пад кіраўніцтвам Ф.Кордавы дасягнулі мекс. ўзбярэжжа ў раёне Юкатана, але ў сутычцы з майя панеслі значныя страты. У 1519 губернатар Кубы Д.Веласкес накіраваў для заваявання М. атрад Э.Картэса. Ацтэкі на чале з Куаўтэмакам упарта супраціўляліся, аднак іспанцы пры дапамозе паўстаўшых супраць ацтэкаў плямён пасля 3-месячнай аблогі 15.8.1521 захапілі і разбурылі Тэначтытлан, на яго месцы заснавалі горад Мехіка, які стаў адм. цэнтрам віцэ-каралеўства Новая Іспанія. Да канца 16 ст. іспанцы ў асн. завяршылі заваяванне М. Каталіцкія місіянеры, што прыйшлі разам з канкістадорамі. распачалі хрысціянізацыю індзейцаў. Большасць карэннага насельніцтва была пазбаўлена амаль усіх сваіх зямель і апынулася ў поўнай залежнасці ад калан. улад, землеўладальнікаў-іспанцаў і каталіцкай царквы. Індзейцы адбывалі працоўную павіннасць і плацілі падушны падатак, былі прымацаваны да буйных маёнткаў — асьендаў і з цягам часу ператварыліся ў спадчынных даўгавых нявольнікаў — пеонаў. У сувязі з недахопам рабочых рук, выкліканым вял. смяротнасцю сярод індзейцаў з-за эпідэмій і жорсткага абыходжання іспанцаў, у М. пачалі ўвозіць неграў-нявольнікаў з Афрыкі. Адбывалася змяшэнне еўрап., індзейскага, афр. насельніцтва і ўтварэнне новых этн, груп — метысаў, мулатаў, самба. Вышэйшыя адм., ваен. і царк. пасады займалі прывілеяваныя вярхі, што складаліся з ураджэнцаў метраполіі. Яны валодалі найб. маёнткамі і руднікамі і ўціскалі правы карэннага насельніцтва М. Метраполія вывозіла з М.-калоніі ўсё неабходнае і ўвозіла туды свае тавары па завышаных цэнах, што выклікала незадаволенасць мясц. насельніцтва каланіяльным рэжымам. Буйныя антыкалан. паўстанні адбыліся ў 1624 і 1692 у Мехіка, у 1660 у Аахаке, у 1761 на Юкатане, у 1762 у Мічаакане. У пач. 19 ст. незадаволенасць насельніцтва вылілася ў моцны вызв. рух, які стаў часткай вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. Штуршком да пачатку рэв. падзей у М. сталі ісп. рэвалюцыя 1808—14, антыісп. паўстанні, што выбухнулі ў крас. 1810 у паўд.-амер. калоніях Венесуэла, Новая Гранада і Ла-Плата. Нар. паўстанне ў М., якое пачалося 16.9.1810 у с. Далорэс на чале з М.Ідальга, хутка набыло агульнанац. характар. Ідальга заклікаў да скасавання нявольніцтва, расавай дыскрымінацыі і феад. павіннасцей, патрабаваў вяртання індзейцам адабраных зямель. Большасць крэолаў (патомкі еўрап. пасяленцаў, што нарадзіліся ў М.) стала на баку ісп. улад, таму ў студз. 1811 рэв. армія была разбіта, Ідальга ўзяты ў палон і расстраляны. На чале вызв. барацьбы стаў Х.М.Марэлас. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы захапілі значную ч.тэр.М., у т. л.г. Акапулька. У вер. 1813 Нац. кангрэс, скліканы ў Чыльпансінга па ініцыятыве Марэласа, прыняў дэкларацыю аб незалежнасці М. Аднак у канцы 1815 іспанцы разграмілі асн. сілы паўстанцаў і пакаралі смерцю Марэласа. Пачалася зацяжная партыз. вайна. Ініцыятыву ў вызв. руху перахапілі буйныя землеўладальнікі, купцы і вышэйшае духавенства на чале з ген. А.Ітурбідэ, армія якога заняла Мехіка. 28.9.1821 абвешчана незалежнасць М. У маі 1822 Ітурбідэ абвясціў сябе імператарам пад імем Аўгусціна I, але ў сак. 1823 прыхільнікі рэсп. ладу адхілілі яго ад улады. 4.10.1824 прынята канстытуцыя, што ўстанавіла ў М. рэспубліку. 1825—55 характарызаваліся жорсткай барацьбой за ўладу паміж рознымі паліт. і ваен. групоўкамі. У 1834 у краіне ўсталявалася дыктатура А.Санта-Аны, які афіцыйна быў прэзідэнтам у 1833—35, 1841—44, 1846—47, 1853—55. Унутрыпаліт. нестабільнасць у М. выкарысталі суседнія дзяржавы. У 1845 ЗША анексіравалі Тэхас, у 1846 пачалі амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 і нанеслі М. паражэнне. Паводле Гуадалупе-Ідальга мірнага дагавора 1848 М. страціла больш за палавіну сваёй тэр. (вобласці Верхняя Каліфорнія, Арызона і інш.). У ліп. 1854 супраць дыктатуры Санта-Аны пачалося паўстанне, якое перарасло ў рэвалюцыю. У 1855 дыктатар скінуты і да ўлады прыйшлі лібералы, што прынялі шэраг антыклерыкальных законаў і новую канстытуцыю (1857). У адказ кансерватыўна-клерыкальныя колы ўзнялі мяцеж і скінулі ліберальны ўрад І.Каманфорта. У абарону канстытуцыі выступілі лібералы на чале з часовым прэзідэнтам рэспублікі Б.Хуарэсам Гарсія. У ліп. 1859 урад Хуарэса Гарсія выдаў «законы аб рэформе», якія прадугледжвалі нацыяналізацыю царк. маёмасці. аддзяленне царквы ад дзяржавы, увядзенне грамадз. шлюбу.
У 1860 лібералы перамаглі ў працяглай грамадз. вайне. У 1861 Францыя, Вялікабрытанія і Іспанія, каб абараніць свае інвестыцыі, пачалі інтэрвенцыю ў М. (гл.Мексіканская экспедыцыя 1861—67). У крас. 1864, пры дапамозе франц. акупантаў, марыянетачная асамблея абвясціла М. імперыяй на чале з франц. стаўленікам Максімілянам I Габсбургам. Аднак у выніку барацьбы мекс. патрыётаў на чале з Хуарэсам Гарсія (прэзідэнт у 1861—72), якую падтрымалі ЗША, франц. войскі ў 1867 былі выведзены і ліквідавана марыянетачная імперыя; Максімілян I быў узяты ў палон і расстраляны. З 1876 у М. ўсталявалася дыктатура ген. П.Дыяса (прэзідэнт у 1877—80, 1884—1911), пры якой фактычна былі скасаваны канстытуцыйныя свабоды, пазбаўлены паліт. ўплыву Нац. кангрэс, латыфундысты масава экспрапрыіравалі сял. землі, узмацнілася пранікненне іншаземнага капіталу ў эканоміку краіны.
Незадаволенасць дыктатарскім рэжымам усіх слаёў насельніцтва прывяла да мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. Яе важнейшым вынікам стала прыняцце 31.1.1917 новай канстытуцыі, якая прадвызначыла дэмакр. развіццё М. і зрабіла вялізны ўплыў на ўсю Лац. Амерыку. У перыяд прэзідэнцтва В.Карансы (1917—20) паліт. становішча ў М. вызначалася нестабільнасцю. Наступныя ўрады А.Абрэгона (1920—24) і П.Кальеса (1924—28) пачалі правядзенне агр. і адукац. рэформ, абмежавалі пазіцыі іншаземнага капіталу ў нафтавай прам-сці. Ажыццяўленне ж антыклерыкальных рэформ выклікала паўстанне т.зв. крыстэрасаў, падтрыманае кансерватыўнай апазіцыяй. З канца 1920-х г. выявіўся паварот управа мекс. урадаў (4 за 1928—34). Узмацненне левага крыла правячай Нац.-рэв. партыі (створана ў 1929, у 1938—46 наз. Партыяй мекс. рэвалюцыі, з 1946 — Інстытуцыйна-рэв. партыя) спрыяла прыходу да ўлады ген. Л.Кардэнаса (прэзідэнт у 1934—40), які паспяхова працягваў агр., адукац. і сац. рэформы; у 1937 часткова нацыяналізаваны чыгункі. у 1938 — прадпрыемствы амер. і брыт. нафтавых кампаній. Урад прэзідэнта А.Камача (1940—46) абвясціў 22.5.1942 вайну фаш. Германіі і яе саюзнікам. У 1940—80-я г. ўрады прэзідэнтаў М.Алемана (1946—52), А.Руіса Картынеса (1952—58), А.Лопеса Матэаса (1958—64), Г.Дыяса Ордаса (1964—70), Л.Эчэверыі (1970—76), Х.Лопеса Партыльё (1976—82), М. дэла Мадрыд Уртада (1982—88) праводзілі палітыку, накіраваную на ўзмацненне пазіцый нац. прадпрымальніцтва ўнутры краіны і на міжнар. арэне, ажыццяўлялі сац.-эканам. рэформы. Дзяржава актыўна ўмешвалася ў эканам. жыццё і пашырала дзярж. сектар эканомікі. Аднак працягвалася ўзбагачэнне заможных слаёў насельніцтва, а ўзровень жыцця сярэдніх і ніжэйшых слаёў зніжаўся. Незадаволенасць нар. мас прымушала ўрад праводзіць палітыку сац. манеўравання (стварэнне Кангрэса працы Ў 1966, новы закон аб агр. рэформе 1971, закон аб сац. забеспячэнні 1972, пашырэнне правоў паліт. партый у 1977 і інш.). На мяжы 1990-х г. М. перажывала востры эканам. і сац. крызіс. Прэзідэнт К.Салінас дэ Гартары (1990—94) абвясціў курс на правядзенне неаліберальных рэформ (шырокая прыватызацыя дзярж. уласнасці, лібералізацыя знешняга гандлю і інш.). Іх ажыццяўленне толькі ўзмацніла сац. праблемы ў краіне. У 1994—96 адбывалася паўстанне індзейцаў у штаце Ч’япас, арганізаванае Сапацісцкай арміяй нац. вызвалення. Урад прэзідэнта Э.Седыльё Понсе дэ Леона (выбраны 1.12.1994) ажыццяўляе канцэпцыю мадэрнізацыі — комплекс паліт. і сац.эканам. рэформ, накіраваных на дэцэнтралізацыю дзярж. кіравання, скарачэнне нерэнтабельнага дзярж. сектара, узмацненне адкрытасці эканомікі і прадпрымальніцкай дзейнасці. У лют. 1996 падпісана мірнае пагадненне з сапацістамі аб канстытуцыйных папраўках, згодна з якімі карэннае насельніцтва атрымае адэкватнае прадстаўніцтва ў парламенце. З ліп. 1997 правячая Інстытуцыйна-рэв. партыя не мае большасці ў парламенце. М. праводзіць актыўную знешнюю палітыку, выступае за рэарганізацыю ААН у новых умовах, абсалютнае вяршэнства права ў міжнар. справах, неўмяшанне ва ўнутр. справы інш. краін, ядзернае і звычайнае раззбраенне, раўнапраўнае супрацоўніцтва дзяржаў. М. — член ААН (з 1945), Арганізацыі амер. дзяржаў (з 1948), Лацінаамер. эканам. сістэмы (з 1975), Паўн.-амер. асацыяцыі свабоднага гандлю (НАФТА, з 1994), інш.міжнар. арг-цый, адна з заснавальніц Еўрап. банка рэканструкцыі і развіцця. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 14.1.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Інстытуцыйна-рэв. партыя, Партыя нац. дзеянне, Партыя дэмакр. рэвалюцыі, Сацыяліст.нар. партыя, Сапраўдная партыя мекс. рэвалюцыі і інш.Асн.прафс. аб’яднанні: Кангрэс працы, Канфедэрацыя працоўных М., Федэрацыя прафсаюзаў дзярж. служачых і інш.
Гаспадарка. М. — індустрыяльна-агр. краіна, адна за найб. развітых краін Лац. Амерыкі са шматгаліновай гаспадаркай і багатай мінеральна-сыравіннай базай. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. каля 8,1 тыс. долараў. 26% яго ўтвараецца ў прам-сці, 8% — у сельскай гаспадарцы, 67% — у сферы паслуг. З сярэдзіны 1990-х г. у краіну адкрыты свабодны доступ замежнага капіталу, з 1994 М. — член НАФТА (Паўночнаамерыканскай асацыяцыі свабоднага гандлю, уключае М., ЗША, Канаду). У прамысловасцігал. галіны — горназдабыўная, нафтавая і нафтахім., металургічная, буд., тэкст., харчовая. Характэрна высокая канцэнтрацыя ў сталічнай агламерацыі і некалькіх буйных прамысл. цэнтрах (Мантэрэй, Гвадалахара). У горназдабыўной прам-сці вядучая роля належыць нафтагазавай галіне з высокай ступенню канцэнтрацыі і захаваннем пазіцый дзярж. нафтавай карпарацыі «Пемекс». Па здабычы нафты (163 млн.т, 1996) займае 1-е месца, па здабычы прыроднага (у асн, спадарожнага) газу (каля 30 млрд.м³ штогод) — адно з першых месцаў у Лац. Амерыцы. Найбуйнейшыя радовішчы ў штатах Ч’япас, Табаска, на шэльфе Мексіканскага заліва. Здабываецца каля 11 млн.т каменнага вугалю (штат Кааўіла), каля 10,6 млн.тжал. руды (штат Дуранга). Здабыча руд каляровых металаў (сканцэнтраваны на Пн) мае сусв. значэнне. Вытв-сць (тыс.т, 1996): свінцу — 180, цынку — 355, медзі — 202, серабра — 2,3, вальфраму — 190. Экспартнае значэнне мае здабыча самароднай серы (1,7 млн.т, 1996), плавікавага шпату, сурмы, графіту, ртуці, вісмуту, кадмію. Вытв-сць электраэнергіі 154,4 млрд.кВт∙гадз (1996). Больш за 50% электраэнергіі даюць ЦЭС, ёсць буйныя ГЭС на рэках Грыхальва і Бальсас, працуюць геатэрмальныя і сонечныя электрастанцыі, АЭС. Чорная металургія выпускае 12 млн.т сталі; камбінат у г. Ласара-Кардэнас (штат Мічаакан), 2 з-ды поўнага цыкла ў штаце Нуэва-Леон. Каля палавіны здабытай нафты перапрацоўваюць некалькі дзесяткаў нафтаперапр. з-даў (агульная магутнасць 76 млн.т). Вядучыя пазіцыі займаюць хім. (базіруецца на перапрацоўцы нафтагазавай сыравіны) і машынабуд. галіны прам-сці. М. — буйны вытворца і экспарцёр поліэтылену, метанолу, капралактаму. Выпускаецца каля 390 тыс.тхім. валокнаў (2,5% сусв. вытв-сці), развіта вытв-сць азотных (1,3 млн.т), фосфарных угнаенняў, сернай кіслаты, кальцыніраванай і каўстычнай соды, фармацэўтычнай прадукцыі. Гал. цэнтры хім. прам-сці — Мехіка, Ла-Кангрэхера, Каацакаалькас, Мінатытлан, Пахарытас. Машынабудаванне пастаўляе нафтавае абсталяванне, чыг. вагоны, электраматоры, трансфарматары, стальныя трубы, станкі, кавальска-прэсавае і тэкст. абсталяванне (Мехіка, Гвадалахара, Мантэрэй). Вылучаецца аўтамабілебудаванне (больш за 700 тыс. аўтамашын штогод) з буйнымі з-дамі замежных кампаній (Мехіка, Пуэбла, Талука, Сыодад-Саагун). Электронная прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па экспартнай перапрацоўцы паўфабрыкатаў з ЗША (Тыхуана, Мехікалі, Сьюдад-Хуарэс). Тэкст.прам-сць працуе на мясц. сыравіне. Буйны тэкст. раён — штат Пуэбла, вытв-сць баваўняных тканін у гарадах Матаморас і Сьюдад-Абрэгон, шаўковых і шарсцяных — у Мехіка, перапрацоўка хенекену на п-ве Юкатан. Вытв-сць разнастайных буд. матэрыялаў развіта ва ўсіх раёнах краіны. Вытв-сць цэменту — каля 20 млн.т (1997). Развіты галіны харч. прам-сці: мукамольная, вінаробная, цукровая, плодаагароднінакансервавая; саматужныя промыслы, у т. л. выраб керамікі, ручное ткацтва. Сельская гаспадарка характарызуецца высокім агратэхн. узроўнем (у М. быў пакладзены пачатак «зялёнай рэвалюцыі», выведзены высокаўраджайныя гатункі пшаніцы, кукурузы, сорга). С.-г. ўгоддзі займаюць 24,7 млн.га, арашаецца 6 млн.га. Характэрны канцэнтрацыя зямель у буйных жывёлагадоўчых гаспадарках на Пн, перавага дробных сял. гаспадарак у астатніх раёнах краіны. Асн. галіна — раслінаводства (дае больш за 60% кошту прадукцыі). Пад збожжавымі культурамі 10,3 млн.га. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (тыс.т, 1996): кукурузу — 16 187, пшаніцу — 3809, фасолю — 1276, бульбу — 1140, рыс — 454, сою — 239. Экспартныя культуры (тыс.т, 1996): цукр. трыснёг — 41 140, бавоўнік — 231, кава — 408, сізаль — 45, копра — 203. Грубавалакністая агава-хенекен вырошчваецца на п-ве Юкатан (90% сусв. збораў). Субтрапічнае і трапічнае пладаводства: цытрусавыя, у т. л. лімоны (950 тыс.т, 10,5% сусв. збору), бананы, манга, папайя, ананасы, вінаград. Вырошчванне ранняй агародніны на экспарт. Жывёлагадоўля мяснога кірунку выкарыстоўвае прыродныя пашы (74,5 млн.га). Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 30,2, свіней — 18, авечак — 6, коней — 6,2. Вакол вял. гарадоў — малочная жывёлагадоўля, прамысл. птушкагадоўля. Лясная гаспадарка і нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Марское рыбалоўства найб. развіта каля берагоў п-ва Каліфорнія. У 1996 вылаўлена 1260 тыс.т рыбы. У Мексіканскім зал. лоўля крэветак і вустрыц. Транспарт аўтамабільны, чыг., марскі. Аўтадарог 240 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 80 тыс.км, чыгунак — 26,5 тыс.км. Танаж марскога флоту больш за 1 млн. брута рэг. т. Гал. парты Веракрус, Тампіка, Каацакаалькас, Саліна-Крус, Гуаймас, Энсенеда. Развіты трубаправодны транспарт (даўж. 30 тыс.км), авіятранспарт (больш за 240 буйных аэрапортаў). У 1996 экспарт склаў 95,5 млрд.дол., імпарт — 88,5 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць машыны, абсталяванне і трансп. сродкі — 53,6%, мінер. сыравіна (пераважна нафта і нафтапрадукты) — 12%, с.-г. тавары і морапрадукты; у імпарце — машыны і абсталяванне — 39%, с.-г., спажывецкія тавары, паўфабрыкаты. Асн.гандл. партнёр — ЗША (80% экспарту, 75% імпарту), а таксама Канада, Японія, Германія. Развіты міжнар. турызм. У 1996 краіну наведала 21,6 млн. замежных турыстаў (пераважна з ЗША), даход ад турызму склаў 6,9 млрд. долараў. Турыстаў прывабліваюць стараж. помнікі культуры майя, ацтэкаў і інш. індзейскіх народаў, цудоўныя марскія курорты, унікальныя ландшафты, вял. гарады з арх. помнікамі каланіяльнага перыяду. Грашовая адзінка — песа.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (тэр. паліцыя). Агульная колькасць 189 тыс.чал. (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву У сухап. войсках 130 тыс.чал., на ўзбраенні 720 бронетранспарцёраў, 280 баявых разведвальных машын, 1,5 тыс. мінамётаў, 118 буксіравальных гармат і інш. У ВПС 8 тыс.чал., 125 баявых самалётаў і 95 баявых верталётаў. У ВМС 37 тыс.чал., у т. л. 8,6 тыс.чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў, 22 дапаможныя судны і інш.; у марской авіяцыі 9 баявых самалётаў і 12 разведвальных верталётаў.
Ахова здароўя. Пераважае дзярж. сістэма мед. абслугоўвання; платная дапамога ў залежнасці ад даходаў сям’і. Плацежаздольная ч. насельніцтва карыстаецца паслугамі ўрачоў прыватнай практыкі. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70,4, жанчын 77,8 года. Смяротнасць 5 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1196 чал., урачамі — 1 на 613 чал. Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2,1%. Дзіцячая смяротнасць 24 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. Сістэма адукацыі М. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—5 гадоў), пач. і сярэднюю школу, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Пач. школа 6-гадовая для дзяцей з 6-гадовага ўзросту. Больш за 30% пач. школ прыватныя. Сярэдняя агульнаадук. школа мае 2 ступені — 3-гадовую базавую (няпоўная сярэдняя адукацыя) і 3-гадовую «вышэйшую» з агульнаадук. або тэхн. ухілам. Выпускнікі сярэдняй школы (12—13 гадоў навучання) атрымліваюць званне бакалаўра, што дае перавагу пры паступленні ў ВНУ. Прафес.пач. адукацыю (с.-г., прамысл. і інш.) даюць цэнтры па падрыхтоўцы да працы, сярэднюю (3 гады навучання па гуманіт. або прыродазнаўчанавук. профілі) — т.зв. бачыльярата. У сістэме вышэйшай адукацыі М. больш за 200 навучальных устаноў, у т. л. 70 з універсітэцкім статусам. Сярод дзярж. ун-таў існуюць нац. і ун-ты штатаў. Вядучым з’яўляецца Мексіканскі нац.аўт.ун-т (з 1551) у Мехіка. Буйнейшыя ВНУ — ун-ты Гвадалахары (з 1792) і штата Веракрус (з 1944; размешчаны ў некалькіх гарадах штата). «Калехіо дэ Мехіка» — навуч. і навук. ўстанова ў галіне гуманіт. і грамадскіх навук (з 1940, складаецца з 6 цэнтраў), Нац. палітэхн. ін-т (з 1936) у Мехіка. Тэхнал.ін-т вышэйшых даследаванняў (з 1943; прыватны) у г. Мантэрэй. У Мехіка Нац.б-ка (з 1833), Нац. музеі антрапалогіі і гісторыі, Музей сучаснага мастацтва, Галерэя жывапісу і скульптуры Сан-Карлас, Музей мекс. флоры і фауны. Навук. даследаванні праводзяцца ў н.-д. цэнтрах Мекс.нац.аўт. ун-та, НДІ ун-та Гвадалахары, у «Калехіо дэ Мехіка». галіновых н.-д. цэнтрах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. больш за 2 тыс.перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «El Universal» («Універсальная», з 1916), «Excélsior» («Эксельсіёр», з 1917), «La Prensa» («Прэса», з 1928), «El National» («Нацыянальная», з 1929), «Novedades» («Навіны», з 1936), «El Dia» («Дзень», з 1962), «El Heraldo de México» («Веснік Мехіка», з 1965) і інш.Інфарм. агенцтвы: нац. Інфармасьёнес Мехіканас (Інфармекс, засн. ў 1960), урадавае Натысіяс Мехіканас (Натымекс, засн. ў 1968). Дзейнічаюць больш за 700 радыёстанцый (усе камерцыйныя), у т. л. «Нуклеа радыё міл» (з 1960), «Група асір», «Арганізасьён імпулсора дэ радыё» (абедзве з 1965). Тэлебачанне з 1950, больш за 100 тэлестанцый. Вядучыя тэлекампаніі «Імевісьён» (дзярж., з 1968), «Тэлевіса» (прыватная, з 1973). Радыёвяшчанне і тэлебачанне кантралюе ўрадавае Гал. ўпраўленне сувязі.
Літаратура. Да 16 ст. існавала на мовах карэннага насельніцтва (майя, ацтэкаў, науа). Пасля заваявання М. ісп. каланізатарамі (16 ст.) развіваецца на ісп. мове. Першыя творы на ісп. мове напісаны канкістадорамі: «Лісты каралям Іспаніі» (1519—26) Э.Картэса, «Сапраўдная гісторыя канкісты Новай Іспаніі» (1568) Б.Дыяса дэль Кастыльё. На грамадскую думку і станаўленне мекс. л-ры вызначальна паўплывала дзейнасць ісп. асветніка-гуманіста Б. дэ Лас Касаса. У пач. 17 ст. з’явіўся першы ўласна маст. твор М. — паэма «Веліч Мексікі» Б. дэ Бальбуэны. Вядучае месца ў л-ры заняла паэзія, якая развівалася ў традыцыях ісп. барока (творчасць Х.І. дэ ла Крус). У пач. 18 ст. ў паэзіі ўзмацніліся антыкалан. тэндэнцыі (творы Р.Ландывара, Ф.Клавіхера). У перыяд барацьбы за незалежнасць (1810—24) росквіту дасягнулі патрыят. публіцыстыка і паэзія рэв. класіцызму (А.Кінтана Роа). У час антыісп. вайны апубл. першы нац. раман — «Перыкільё Сарніента» Х.Х.Фернандэса дэ Лісардзі (1816). Напісаны ў традыцыях сатыр. шахрайскага рамана, ён залажыў асновы жанру лац.-амер. рамана. Пасля абвяшчэння незалежнасці М. ідэйна-маст. кірункам стаў рамантызм (паэзія М.Акуньі, Г.Прыета, раманы В.Рыва Паласіо). Гіст. прозе рамантыкаў (раманы «Хітрыкі д’ябла» М.Пайна, «Астусія...» Л.Інклана і інш.) уласціва бытапісальнасць, т.зв.кастумбрызм з элементамі рэаліст. аналізу нац. жыцця. Вядучым рамантыкам, адным з заснавальнікаў нац. самабытнай мекс. л-ры быў І.М.Альтамірана, які выступіў у абарону незалежнай ад еўрап.мекс. л-ры. На мяжы 19—20 ст. у паэзіі пераважаў мадэрнізм, які арыентаваўся на франц. сімвалістаў і Парнаскую школу, але захоўваў цікавасць да нац. тэмы (М.Х.Атон, С.Дыяс Мірон, М.Гуцьерэс Нахера, А.Нерва); у прозе ўзмацніліся пазіцыі рэалізму (раманы «Тамачык» Э.Фрыяса, «Надзел» Х.Лопеса Партыльё-і-Рохаса, «Санта» Ф.Гамбоа). Прыкметнай з’явай у літ. жыцці М. стала стварэнне т.зв. рамана рэвалюцыі (М.Асуэла). Пісьменнікі гэтага кірунку (М.Л.Гусман, Г.Лопес-і-Фуэнтэс, Х.Р.Рамера, Р.Ф.Муньёс, Н.Кампабельё) звярталіся да адлюстравання жыцця і барацьбы працоўных у перадрэв. перыяд. Дакументальнасць, дынамізм характэрны для раманаў Х.Мансісідора, п’ес Р.Усіглі. 1-я пал. 20 ст. адзначана рэаліст. і авангардысцкімі пошукамі ва ўсіх літ. жанрах. Творчасць буйн. паэтаў Р.Лопеса Велардэ, Э.Гансалеса Мартынеса, К.Пельісера адметная яркім лірызмам, імкненнем вобразна адлюстраваць асаблівасці духоўнага складу мексіканцаў. Ідэя нац. самавыяўлення і самавызначэння, адчувальная ў працах Х.Васканселаса і А.Рэеса, у поўнай ступені сцвердзіла сябе ў паэзіі А.Паса, які ўзбагаціў нац. лірыку маст. адкрыццямі. У 2-й пал. 20 ст. ідэйна-эстэт. дыяпазон нац. паэзіі і прозы пашырыўся. У л-ру прыйшло новае пакаленне пісьменнікаў — «новая хваля» (С.Пітоль і інш.), для якога характэрна рэзкае непрыняцце мекс. рэчаіснасці, зварот да ўнутр. свету чалавека. Развіваліся раман (А.Яньес, Х.Рульфа, К.Фуэнтэс, Р.Кастэльянас), літ. крытыка (Х.Л.Мартынес, А.Кастра Леаль, Э.Карбальё), працягваюцца пошукі новых форм і стылявых сродкаў. На бел. мову вершы мекс. паэтаў перакладае К.Шэрман.
Архітэктура. У старажытнасці на тэр. М. развіваліся культуры індзейскіх плямён альмекаў, тальтэкаў, сапатэкаў, майя, ацтэкаў. Ад 8 ст. да н.э. — 9 ст.н.э. захаваліся прыступкавыя піраміды, увянчаныя храмамі (Піраміда Сонца ў Тэатыўакане, храм у Тахіне, «Храм надпісаў» у Паленке), руіны палацаў, «абсерваторыі» і інш. У 10 — пач. 16 ст. развіваліся індзейскія гарады (Тальян, Тэначтытлан і інш.) з манум. вырашэннем храмавай, палацавай, абарончай архітэктуры. Пабудовы вызначаліся яскрава выражанай сімвалічнасцю, кансерватыўнасцю тыпаў і форм, перавагай вонкавых мас над неразвітой унутр. прасторай. З канца 16 ст. на месцы зруйнаваных індзейскіх будаваліся ісп. гарады з гал. плошчай у цэнтры і аднолькавымі жылымі кварталамі (Мехіка). Па-за межамі гарадоў узводзілі ўмацаваныя кляштары з дварамі і адкрытымі капэламі (Актопан, Ататанілька-эль-Грандэ). Архітэктура мела эклектычныя раманска-гатычныя рысы з дамінаваннем суровага абарончага пачатку. У палацавым і храмавым буд-ве пераважалі матывы ісп. рэнесансу: палац Эрнана Картэса ў Куэрнаваке (1530—33), саборы ў Мехіка (1563—67), Мерыдзе (1563—99) і інш. З 17 ст. будавалі ў стылі барока, які ў 18 ст. дасягнуў надзвычайнай пышнасці дэкору — т.зв. ультрабарока, якое спалучала ісп.арх. матывы з нар.дэкар. традыцыямі, прыўнесенымі індзейцамі. Склаліся рэгіянальныя арх. школы ў Мехіка (храм Сантысіма Трынідад, 1755—83), Пуэбла (касцёл Сан-Франсіска, 1767) і інш. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. як рэакцыя на ультрабарока развіваўся класіцызм (будынак Горнай школы Ла Мінерыя, 1797—1813, арх. М.Тальса), які ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. выцеснены эклектызмам (Палац прыгожых мастацтваў у Мехіка, 1904—34). У 1920—30-х г. склалася школа функцыяналізму (Ін-т гігіены ў Мехіка, 1925—26, арх. Х.Вільягран Гарсія). У 1940-х г. склалася самабытная нац.арх. школа, якая спалучае прынцыпы функцыяналізму і нац. традыцыі (арх. А.Арай, К.Ласа, М.Пані, А.Прыета, П.Рамірэс Васкес, Э.Яньес і інш.). Сярод найбуйнейшых пабудоў 1940—50-х г. комплекс Універсітэцкага гарадка ў Мехіка (арх. кіраўніцтва Ласа), які ўключае больш за 40 будынкаў. У сучаснай мекс. архітэктуры распрацоўваюцца утылітарныя тыпы будынкаў, развіваецца т. зв. эмацыянальная архітэктура (арх. М.Гёрыц, Х.О’Горман, Л.Бараган і інш.).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва індзейскіх плямён адносяцца да 15—10 ст. да н.э.: каменныя статуэткі, фігурны посуд і інш., якія вызначаліся багаццем і яркасцю форм, фальклорнымі матывамі. У арх. пабудовах былі пашыраны манум. статуі і рэльефы, якія спалучалі выяўл. і сімволіка-арнаментальныя кампазіцыі. З 16 ст. развіваліся пераважна манум. размалёўкі і скульптура ў стылі ісп. барока. Станковы жывапіс 16 — пач. 17 ст. прадстаўлены майстрамі сем’яў Эчаве і Хуарэс. У 1781 у Мехіка засн. Акадэмія Сан-Карлас. У 18 ст. пашырыўся жанр партрэта (Х. дэ Альсівар, М.Кабрэра). У дэкар. мастацтве перапляталіся індзейскія і ісп. традыцыі (разьба на фасадах і рэтабла, кампазіцыі з каляровай кафлі, каваныя рашоткі). З канца 18 ст. мастацтва М. развівалася ў рэчышчы класіцызму (скульпт. М.Тальса, Ф.Э.Трэсгерас). З сярэдзіны 19 ст. пашырылася сатыр. графіка (Х.Г.Пасада), склалася нац. школа пейзажу (Х.М.Веласка і інш.). У жанры партрэта працавалі Э.Бустас, Х.М.Эстрада, у акад. Жывапісе — Х.Кардэра, у скульптуры — М.Нарэнья. Пашырыўся кірунак кастумбрызм. У 1922 па ініцыятыве Д.Сікейраса створаны «Рэвалюцыйны сіндыкат працаўнікоў тэхнікі і мастацтва», у які ўвайшлі найб. буйныя мастакі Х.К.Ароска, Д.Рывера і інш. У выяўл. мастацтве пераважала тэма мекс. рэвалюцыі 1910—17. У 1937 засн. «Майстэрня нар. графікі» (ініцыятар і кіраўнік Л.Мендэс). У 1940—70-я г.найб. дынамічна развіваліся манум. жывапіс (размалёўкі і мазаічныя рэльефы Ароска, Х.Гансалеса Камарэны, Рыверы, Сікейраса, Х.Чавеса Марада), гравюра і літаграфія (А.Бельтран, А.Гарсія Бустас, А.Кінтэрас, Мендэс, П.О’Хігінс). У галіне скульптуры працавалі Р.Арэнас Бетанкур, К.Брача, Г.Руіс, у станковым жывапісе — Р.Тамаё. Нар.дэкар. мастацтва захоўвае ісп. і індзейскія традыцыі: ткацтва з воўны, вышыўка, цісненне па скуры, пляценне з лісця пальмы і агавы, выраб керамічнага посуду, масак, драўляных лакавых прадметаў.
Музыка займала важнае месца ў жыцці стараж. насельніцтва М., у т. л. ацтэкаў. Іх песні разнастайныя: у гонар багоў, герояў і ваен. перамог, працоўныя, песні-заклінанні. Існавалі рытуальныя танцы. Сярод муз. інструментаў: барабаны, бразготкі, званочкі, марскія ракавіны з прасвідраванымі ў іх адтулінамі. а таксама флейты, драўляныя і касцяныя трубы і інш. У 20 ст. індзейская музыка захавалася ў некаторых штатах М. сярод нашчадкаў абарыгенаў. Апрача індзейскай развіваецца крэольская музыка. У нар. крэольскай музыцы найб. папулярныя песенна-танц. (сон, харабе, уапанга) і песенныя (кансьён, карыда) жанры. Традыц.муз. інструмент гітара. Тыповыя інстр. ансамблі мар’ячы (выконваюць нар. музыку, суправаджаюць спевы і танцы). Доўгі час практычна адзіным відам прафес. мастацтва была царк. музыка. З пач. 19 ст. ў Мехіка ставіліся італьян. оперы, наладжваліся публічныя канцэрты. У 1824 засн. філарманічнае т-ва, пры ім у 1866 — кансерваторыя, на базе якой у 1877 створана Нац. кансерваторыя. У сярэдзіне 19 ст. вылучыліся нац. кампазітары: С.Паніягуа-і-Васкес (аўтар першай мекс. оперы «Каталіна Гіз», 1845), Р.Кастра, А.Артэга і інш.Рамант. традыцыі пач. 20 ст. ўвасоблены ў творах Х.Ралона. Да нац. фальклору звярталіся М.М.Понсе, К.Уісар. У галіне мікратонавай музыкі эксперыментаваў з канца 1920-х г. Х.Карыльё. Вял. ўклад у развіццё муз. культуры М. зрабілі стваральнікі сучаснай кампазітарскай школы С.Рэвуэльтас і К.Чавес. Іх вучні — вядучыя мекс. кампазітары Д.Аяла Перэс, Б.Галінда Дымас, Х.П.Манкаё, С.Кантрэрас і інш.Нац. кірунку ў творчасці прытрымліваюцца Л.Сандзі, М.Берналь Хіменес, К.Хіменес Мабарак. У 1960-я г. выявіліся авангардысцкія тэндэнцыі, многія кампазітары эксперыментавалі ў галіне серыйнай, электроннай музыкі і інш. Сярод муз. дзеячаў дырыжор Л.Эрэра дэ ла Фуэнтэ, скрыпач Г.Шэрынг. У Мехіка працуюць: Нац. кансерваторыя, Вышэйшая муз. школа і сімф. аркестр пры Мексіканскім нац. аўтаномным ун-це, Нац. опера (з 1867), канцэртная зала Палаца прыгожых мастацтваў, Нац.сімф. аркестр (з 1948), Філарманічны аркестр (з 1978), Муз. дэпартамент Нац. ін-та прыгожых мастацтваў, муз. асацыяцыя імя Понсе, Т-ва мексіканскіх аўтараў і кампазітараў. Сімф. аркестры дзейнічаюць у шэрагу інш. гарадоў. Пашыраны вак.-інстр. ансамблі, якія выконваюць нар. музыку.
Тэатр. У аснове тэатр. мастацтва М. — індзейскія культавыя абрады. З 1597 у г. Мехіка існаваў т-р «Дом камедыі», дзе побач з рэліг. і алегарычнымі драмамі ставілі свецкія п’есы. У рэпертуары ранняга мекс.т-ра (16—17 ст.) — камедыі Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона. Першыя вядомыя мекс. аўтары — манахі Ф.Гансалес дэ Эслава і Х.Перэс Рамірэс — пісалі рэліг. «выступленні» ў форме дыялогаў і маналогаў. На станаўленне мекс.т-ра паўплывалі драматургі Х.Руіс дэ Аларкон-і-Мендоса, Х.І. дэ ла Крус. У 1670 у Мехіка адкрыты першы публічны т-р «Калісеа», у 1735 пабудаваны «Нуэва Калісеа», створаны пастаянныя т-ры ў Гвадалахары (1758), Веракрусе (1787) і інш. У 1823 адкрыты «Тэатра дэль паленке дэ лос гальёс» — першы т-р для народа. Ставіліся п’есы М.Э.Гарастысы, Ф.Гамбоа, Х.Х.Гамбоа, М.Даваласа, Х.Х.Руэды і інш. Сярод найб. вядомых акцёраў 19 ст. — М.Маралес. Значную ролю ў актывізацыі тэатр. жыцця адыграла дзейнасць трупы (засн. 1917) пад кіраўніцтвам актрысы і рэж. В.Фабрэгас, якая прапагандавала творы мекс. драматургаў. З канца 1920-х г. пачаўся рух за абнаўленне т-ра, узніклі эксперым. т-ры «Улісес», «Ар’ентасьён» (аматарскі), «Тэатра дэ аора» і інш. пры ўдзеле В.М.Дыеса Бараса, Х.Вільяўрутыі, С.Гарастысы, Р.Усіглі, М.Магдалена, С.Нова. У 1946 у Мехіка засн.Нац.ін-т прыгожых мастацтваў, які арганізаваў Школу драм. мастацтва. Асн. кірункі ў развіцці сучаснага мекс.т-ра звязаны з эксперым. пошукамі, не выключаюць рысы кастумбрызму і сімвалізму. Сярод тэатр. дзеячаў: І.Лопес Тарса, Д. дэль Рыо, Х.Соле, Г.Брача, І.Рэтэс, Секі Сана; акцёры М.Т.Мантоя, А.Гомес дэ ла Вэга, К.Ансіра і інш. У Мехіка працуюць т-ры: «Хіменес Руэда», «Ідальга», «Хола», «Рэформа», «Інсурхентэс», Т-р для дзяцей і лялечны «Гіньёль», нар.т-р на адкрытым паветры.
Кіно. Кінавытворчасць у М. пачалася ў 1898 (запіс на кінастужку спектакля Х.Сарыльі-і-Мараля «Дон Хуан Тэнорыо»). У 1910 пастаўлены першы ігравы фільм «Покліч смутку» (рэж. Ф. дэ Хесус Ара). У 1910—20-я г. здымаліся пераважна хранікальныя фільмы (рэпартажы С.Таскана Барагана пра падзеі мекс. рэвалюцыі 1910—17). З 1930-х г. ствараліся меладрамы, муз. фільмы і камедыі з удзелам папулярных спевакоў. На развіццё мекс. кіно гэтага перыяду паўплывала творчасць рэж. С.Эйзенштэйна і аператара Э.Цісэ, якія ў 1931—32 знялі ў М. фільм «Хай жыве Мексіка!». Сярод рэжысёраў 1930—50-х г. Х.Брача, К.Вела, Р.Гавальдон, А.Галінда, Э.Гомес Мурыэль, М.Кантрэрас Торэс, К.Навара, І.Радрыгес, М.Сакарыяс; акцёраў — П.Армендарыс, Кантынфлас, Х.Негрэтэ, Д. дэль Рыо і інш. Сусветную вядомасць атрымалі фільмы рэж. Э.Фернандэса: «Марыя Кандэлярыя» (1944), «Жамчужына» (1947), «Рыо Эскандыда» (1943), «Сельская дзяўчына» (1949, у сав. пракаце «Мексіканская дзяўчына» і інш.). У 1946 засн. Кінаакадэмія. У 1950—60-я г. кінавытворчасць заняпала. Найб. значным дасягненнем гэтага перыяду сталі фільмы, якія здымаў у М. ісп.рэж. Л Буньюэль: «Забытыя» (1950), «Ён» (1953), «Назарын» (1958), «Анёл-знішчальнік» (1962), «Сімяон-стоўпнік» (1965) і інш. Сярод лепшых мекс. фільмаў «Карані» (рэж. Б.Алазракі), «Мокрыя спіны» (рэж. Галінда, абодва 1955), «Тысок» (1956, рэж. Радрыгес), «Педра Парама» (1966, рэж. Вела), «Валянцін з Сьеры» (1967, рэж. Р.Кардэна), «Эміліо Сапата» (1970), «Тыя гады» (1972), «Карцэр» (1974), «Каноа» (1975, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне, 1976), «Пакіянчыс» (1977; усе рэж. Ф.Касальс) і інш.Найб. вядомыя дзеячы кіно: акцёры А. дэ Кардова, І.Лопес Тарса, М.Фелікс, аператар Г.Фігероа і інш. У 1983 засн.Ін-т кінематаграфіі. За лепшыя работы ў кіно Кінаакадэмія штогод прысуджае прэмію «Арыэль».
Літ.:
Альперович М.С. Рождение мексиканского государства. М., 1979;
Мексика: Тенденции экон. и соц.-полит. развития. М., 1983;
Очерки новой и новейшей истории Мексики, 1810—1945. М., 1960;
Паркс Г. История Мексики: Пер. с англ.М., 1949;
Культура Мексики. М., 1980;
Кутейщикова В.Н. Мексиканский роман. М., 1971;
Полевой В.М. Искусство стран Латинской Америки. М., 1967;
Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972;
Герб і сцяг Мексікі.Да арт.Мексіка. Паўпустынны ландшафт на Мексіканскім нагор’і.Да арт.Мексіка. Марская платформа для здабычы нафты ў Мексіканскім заліве.Да арт.Мексіка. Старажытны сабор у г. Кампечэ.Да арт.Мексіка. Пляж у г. Акапулька.Да арт.Мексіка. Возера ў старажытным кратэры вулкана каля г. Пуэбла.Да арт.Мексіка. Ландшафт на Мексіканскім нагор’і.Да арт.Мексіка. Хрышчэнне ацтэкаў каталіцкімі місіянерамі.Да арт.Мексіка. Расстрэл імператара Максіміляна I і генералаў Мехіі і Мірамона 19.6.1867. Карціна Э.Манэ. 1867.Да арт.Мексіка. «Храм надпісаў» у Паленке. 7—8 ст.Да арт.Мексіка. Д.Рывера. Гісторыя Мексікі. Размалёўка ў Нацыянальным палацы ў Мехіка, 1930—32.Да арт.Мексіка. Д.Сікейрас. Аўтапартрэт, вялікі палкоўнік. 1945.Да арт.Мексіка. А.Кінтэрас. Маці-індыянка з Мескіталя. 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пад, прыназ.зВіТ.
Спалучэнне з прыназоўнікам «пад» выражае:
Прасторавыя адносіны
1.зВ. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, ніжэй якога накіравана дзеянне. Пакласці сякеру пад лаўку. Засунуць касу пад страху. □ Снег на штучным малюпасенькім азярцы быў ушчэнт спярэшчаны заячымі слядамі; яны заходзілі аж пад масток над круглым азярцом.Чорны.«Дзеці мае! Вы пад’елі, заснулі, І я вам спакою хачу, Я пад вашы кашулі Завею з трубы не пушчу».Куляшоў.// У значэнні «ніжэй паверхні чаго‑н.» Нырнуць пад ваду. Спусціцца пад зямлю.
2.зВ. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, у бок ніжняй часткі якога накіравана дзеянне. Сесці пад куст. □ Усе складалі свае парашуты ў адно месца, пад нізенькую каржакаватую ігрушу, якая дзіка расла, растапырыўшыся і пакрывіўшыся над шырокім жытнім полем.Чорны.Чалавек шырока махае рукамі, коўзаецца ботамі па слізкай дарозе і паціху ідзе, пазіраючы сабе пад ногі.Галавач.
3.зВ. Разм. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета ці асобы, у непасрэдную блізкасць да якіх накіравана дзеянне. Пайсці пад студню. □ Вось мякка газуе Пад хату трохтонка.Куляшоў.З Мінска прыбыў эшалон пад Цымляны неяк у поўдзень.Астрэйка.// У значэнні «аж да самага (прадмета, месца і пад.)». Агонь шугае пад воблакі. Падкінуць пад столь.
4.зВ. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або паняцця, пры назве дзеяння ці стану, у зону якіх накіравана іншае дзеянне. Выйсці з хаты пад дождж. Папаў пад халодны душ. □ Колька падставіў пад буйныя кроплі свой кірпаты вяснушкаваты тварык, ссунуў бровы, нібы і сапраўды кагосьці ўбачыў у нізкіх шэрых воблаках.Грахоўскі.Пры тым.. [хлопец] так даверліва ставіўся да новага свайго спадарожніка і так яго ўся істота прасілася пад яго апеку, што здавалася, быццам яны знаёмыя ўжо шмат год.Чорны.// Пры ўказанні на стан, у які пападае хто‑, што‑н. Аддаць пад суд. □ [Бацьку] здавалася, што Аксеня адна будзе вельмі бездапаможная, што яна яшчэ не ведае практыкі жыцця, яна можа падпасці пад злую крыўду.Чорны.//Разм. У значэнні «ва ўладу каго‑, чаго‑н.» Паводле Брэсцкага міру частка Беларусі пападала пад Германію.
5.зТ. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, ніжэй якога адбываецца дзеянне або знаходзіцца хто‑, што‑н. Сваёй чаргой жыццё Ішло пад ясным і халодным небам.Звонак.А край падымаўся, пад зорамі рос, Квітнеў штовясну небывала.Буйло.Мрок стаіўся нерухома, Пад нагамі лом, каменне.Колас.// Пры абазначэнні прадмета, з ніжняга боку (ці за адваротным бокам) якога адбываецца дзеянне або знаходзіцца хто‑, што‑н. Пад белай страхою стаіўся пасёлак, Прымоўклі навокал лясы.Колас.Шчарбацюк .. пачаў хвалявацца, — пад скурай напружана захадзілі жаўлакі.Мележ.// Ніжэй паверхні чаго‑н. Кветкі пад снегам. □ Толя падсек, і на канцы лескі, пад вадой, пачулася даўно чаканае далікатнае супраціўленне.Брыль.// Пры абазначэнні прадмета, які выступае ў якасці покрыва іншага прадмета. Карціна пад шклом. Лямпа пад абажурам.
6.зТ. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, унізе каля якога (побач з ніжняй часткай якога) адбываецца дзеянне або знаходзіцца хто‑, што‑н. Пад гарой зялёны гай. Галлё валялася пад нагамі. □ Калі над радзімай пажары шугалі І неба гуло ад грымот, — Пад шумнымі соснамі мы прысягалі Табе, беларускі народ!Броўка.Я яшчэ не забыў, як кляліся вы з ёй вечарамі. Цалаваліся цэлую ноч у мяне пад акном.Куляшоў.
7.зТ. Ужываецца пры ўказанні на месца, у непасрэднай блізкасці ад якога адбываецца дзеянне або размяшчаецца, знаходзіцца хто‑, што‑н. Нехта стаяў пад дзвярамі. □ Пад Барысавам палонным, За Бярозаю-ракой, Войска арміі Чырвонай Сабірала сілы ў бой.А. Александровіч.У красавіку, калі ў лагер прыгналі чалавек з трыццаць англійскіх маракоў, узятых пад Парвікам, палякі сустрэлі іх вельмі радасна.Брыль.Села пад пушчаю Восень, Вочы ўтаропіўшы ўдаль; Жаль ёй павяўшых дакосін, Спетых дажынак ёй жаль.Купала.
8.зТ. Ужываецца пры абазначэнні пэўнай з’явы або аб’екта дзеяння, у зоне пашырэння якіх адбываецца што‑н. або знаходзіцца хто‑, што‑н. Быльнёг шумеў пад ветрам. Іржышча блішчыць пад расою. Стаяць пад дажджом. □ Павек не забудзецца тая навала, Як, дымам ахутаны чорным, Стаяў ты, мой горад, пад вогненным шквалам І ворагу быў непакорным.Хведаровіч.Пад варожымі кулямі клаліся крыжам, А ніхто не хацеў і не мог адступіць.Глебка.Пад гэтым простым і шчырым «чаму», якое было не толькі ў словах, але і ў вачах інваліда, студэнт разгубіўся...Брыль.// Пры ўказанні на стан, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца. Займацца пад кантролем. Трымаць пад пільнай аховай. Жыць пад страхам. □ Пад націскам тройчы ўзбольшаных сіл, На бераг шырокай ракі Апошнімі, мужна, між свежых магіл, З баямі адходзяць палкі.Глебка.//Разм. У значэнні «ва ўладзе каго‑, чаго‑н.» Жыў пад Польшчай. □ Гора нам, бедным, гора, загнаным, Мучаць нас чорныя долі, Стогнем пад царам, стогнем пад панам, Стогнем мы дома і ў полі.Купала.
Часавыя адносіны
9.зВ. Ужываецца пры абазначэнні моманту, адрэзку часу, напярэдадні якога ажыццяўляецца дзеянне. Скідалі стог пад вечар. Бярэцца пад дзень. □ Пад раніцу Наташа засынала, але спала нядоўга.Шамякін.Пад поўдзень рота заняла боем рад траншэй на ўскраі лесу.Мележ.Пад шэрую восень, пад верасень месяц, Задумаў жаніцца Мядзведзь ў цёмным лесе.Танк.
Аб’ектныя адносіны
10.зВ. Ужываецца пры абазначэнні працэсу, стану, гукавога фону, у суправаджэнні якіх адбываецца дзеянне. Адзінай кагортай, ячэйкай адзінай, Пад крок пяцігодак, пад грукат гадзін Уздымем краіну, уславім краіну, Край родны ў творчай красе адрадзім!Куляшоў.Кладзецца жыта спелае пад песню На сто крывых адвостраных сярпоў...Панчанка.І на світанні свежых раніц, пад звонкі посвіст салаўя, выходзіць з лесу партызаніць уся Вілейшчына мая.Машара.
11.зВ. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, за які бяруцца, захопліваючы яго знізу. Кацярына Рыгораўна ўзяла Надзю пад руку, і яны пайшлі, нібыта даўнія сяброўкі.Грахоўскі.
12.зВ. Ужываецца пры ўказанні на прыладу, інструмент і пад., уздзеянню якіх што‑н. падвяргаецца ці з дапамогаю якіх што‑н. ажыццяўляецца. Пусціць пад нож. □ — Там, — казаў ён, — даволі Дабра я замкнуў пад замок: І цыбулі, І солі... — І хлеба? — спытаў Васілёк.Куляшоў.
13.зВ. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які служыць гарантыяй, забеспячэннем чаго‑н., узамен якога што‑н. даюць або атрымліваюць. Аддаць пад залог. □ У той дзень стары Скуратовіч сам хадзіў у лес бачыцца з сынам і раіцца, што рабіць: зранку прыехаў чалавек з воласці і пад распіску даў паперку, дзе былі выпісаны тэрміны здачы жыта.Чорны.
14.зТ. Ужываецца пры абазначэнні ўмоў, абставін, гукавога фону, якімі суправаджаецца дзеянне. Спакойна і мірна Суровай хадой Пад ленінскім сцягам Праходзяць калоны.Глебка.Ля хат пад свістам непагоды Цішэе сад і дрэва жоўкне, — Для нас з табой вясна заўсёды, Бо на душы вясна не змоўкне.Хадыка.Забыўся, здаецца, Андрэй на ўсё, стоячы пад паважным, раўнамерным шумам сосен.Пестрак.
15.зТ. Ужываецца пры назве прадмета, інструмента, прылады, уздзеянню якіх хто‑, што‑н. падвяргаецца ці з дапамогаю якіх што‑н. ажыццяўляецца. Пад сярпом маім крывым Жыта хутка гнецца, Сноп за снопам у радкі Покладам кладзецца.Гартны.Пыліць пад армейскімі ботамі шлях, Медалі звіняць на грудзях.Зарыцкі.
Азначальныя адносіны
16.зТ. Ужываецца пры ўказанні на адметную ўласцівасць, прымету прадмета. Часопіс пад назваю «Маладосць». Пісаць пад псеўданімам. □ І выраб мой дасужае мінуты, Рагаты сук пад надпісам «Чымган», Прыродаю так вычварна загнуты, Гадае там пра родны Казахстан.Колас.// Пры назве прыправы да страў. Салат пад маянэзам. Рыба пад соусам.
Параўнальныя адносіны
17.зВ. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, падобна да якога што‑н. робіцца, з якім што‑н. параўноўваецца. З коміна, дзе ўткнута шэрая пад колер сталі гліняная труба, .. плыве-бяжыць сіняваты дымок.Колас.Гуральскія хаты. Вуглы — «замок» — памаляваныя пад шахматную дошку, нібы палоскі на таксі.Брыль.// Пры абазначэнні таго, што з’яўляецца ўзорам, прыкладам для пераймання. Стрыгчы пад бокс.
18.зВ. У адпаведнасці з чым‑н. або раўназначна чаму‑н. Значэнне слова «рух» падыходзіць пад паняцце «дзеянне». □ Коля любіў пахваліцца, калі гэта было пад настрой.Грамовіч.Джамбулу я песню сягоння пяю, Пад сэрца і думу настроіў сваю.Купала.Сэрца просіць шляхоў, Што цяжкім маім ботам пад сілу; Наглытацца хачу туманоў, Твайго ветру і пылу.Куляшоў.
19.зТ. Ужываецца пры абазначэнні паняцця, сэнс якога трэба раскрыць (пры словах «разумець», «хавацца», «падразумяваць» і пад.). Пад нашатырным спіртам разумеюць водны раствор аміяку. □ Ну, а калі дзед падгуляе, Тады ён йзноў адменнасць мае, Тады ён нават і бушуе І трохі сына памуштруе; Але пад гэтым бушаваннем Хавае гумар з насміханнем: Больш жарты строіць, чым ваюе.Колас.
Адносіны спосабу дзеяння
20.зВ. Ужываецца пры ўказанні на спосаб якога‑н. дзеяння. Пісаць пад капірку. Стрыгчы пад машынку.
Прычынны я адносіны
21.зТ. Ужываецца пры абазначэнні дзеяння ці ўмоў, у выніку якіх ажыццяўляецца іншае дзеянне. Снег пад уздзеяннем ветру ўшчыльніўся. □ Пад камсамольскай гулкай хваляй ці ж устаіць варожы свет?!Колас.Плечы не гнуцца яшчэ пад гадамі.Танк.
Мэтавыя адносіны
22.зВ. Ужываецца пры ўказанні на мэту выкарыстання або прызначэння чаго‑н. Палетак пад жыта. □ Як прыйшло жніва, не бялелася ўвечары сукеначка між дрэў у садзе, затое .. стаяла ля сіняга плоту карэта пад доктара.Гарэцкі.
23.зТ. Ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, якімі што‑н. занята, якімі што‑н. выкарыстоўваецца. Поле пад аўсом. Гарачыя коні былі пад казакамі.
Адносіны прыблізнасці
24.зВ. Разм. Ужываецца пры недакладным, прыблізным абазначэнні колькасці, памеру, узросту. У памяшканні сядзела чалавек пад сорак. □ Пра маё пакаленне Пісалі мала — У майго пакалення Камсамольскі ўзрост — Хоць маё пакаленне Імя мае, Хоць майму пакаленню Пад дваццаць ёсць.Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Пабыць яшчэ нейкі час дзе‑н.; не пакінуць якога‑н. месца. [Доктар:] — У першыя дні вайны пайшла.. [Надзя] з таварышкай да яе бацькоў перачакаць ліхалецце, ды так і асталася тут.Васілевіч.Мяне мінаюць журавы з апошнім развітальным крыкам. Іх пераймі і запытай, Няхай дадуць астацца згоду.Астрэйка.Калі .. [Хурс] набіраў сабе людзей, астацца на заводзе ўдалося і Валодзю Кастрыцкаму.Чорны.//зінф. Затрымацца з якой‑н. мэтай. Алена асталася дажынаць гоні жыта.Чарнышэвіч.Галілей астаўся чакаць старшыню.Зарэцкі.Пасля налёту не прыйшоў катэр, і.. [Таня] вымушана была астацца начаваць.Шамякін.// Пабыць з кім‑н., у каго‑н. Астацца з дзецьмі.// Не перайсці (у наступны клас). Астацца на другі год.
2.(1і2ас.неўжыв.). Захавацца, уцалець, не знікнуць. [Мужчына:] — Вінтоўкі то можа і знайшліся б, каб добра пашукаць. Можа ў каго ад нямецкага фронту асталіся.Чорны.[Ларыса:] — Павер мне, што ў мяне нічога не асталося ад тых ранейшых пачуццяў.Лобан.Яго [Богута] няма, а ў мірнай хатцы Астаўся чад яго пагроз.Колас.// Аказацца ў наяўнасці (пасля выкарыстання, выдаткавання і пад.). Адно толькі будзённае зрэб’е асталося ў .. [маці]: нават і пасажная ўся адзежына, што ад бацькі прынесла, пайшла ў ход.Чорны.// Аказацца нявыкарыстаным або непераадоленым кім‑н. (пра адлегласць і час). Да горада асталося кіламетраў шэсць. □ Дзесяць дзён асталося да канца гаспадарчага квартала.Чорны.У пачатку восені паехала Аленка ў Загор’е. Апошні год астаўся ёй павучыцца.Колас.//каму,накаго. Дастацца каму‑н., прыйсціся на долю каго‑н. Уся спадчына асталася сыну.
3. Не перастаць быць якім‑н., кім‑н., знаходзіцца ў якім‑н. стане. [Зося:] — А ты [Міхал] такі самы і астаўся, як і змалку быў.Чорны.//зінф. Не змяніць свайго становішча, стану. [Гаруе] паклаў.. [лісты] на стол перад сабою, падпёрся локцямі і гэтак астаўся сядзець над імі.Чорны.Сажалка так і асталася нявыкапанай.Колас.
4. Аказацца, апынуцца ў якой‑н. ролі, стане, становішчы і пад. Астацца ўдавой. □ [Міхал:] — Пустым той кут не астанецца. Не будзе нас — другі там сядзе.Колас.Пасля сходу [Пніцкі] астаўся адзін.Чорны.Сасноўскі, як вынікала са слоў Дзімінай, астаўся не зусім задаволены самой намесніцай.Карпаў.//безчаго. Аказацца без чаго‑н. Астацца без дроў. Астацца без абеду. □ Завойкала Хадося. Што рабіць? Як гэта без агароду астацца?Гроднеў.На бога спадзяешся — без кашулі астанешся.Прыказка.Пераступілі фашысты наш парог ды асталіся хто без рук, а хто без ног.Прыказка.
5. Аказацца ззаду, адстаць. [Зося] злезла з воза і пайшла, разглядаючы ўсё, як бы навіну якую; асталася і ішла адна.Чорны.«Я даганяў каня, але астаўся», значыць, адстаў, не збегся.Лужанін.[Алена:] — Па-твойму, мне адпачываць не трэба.. Каменная я. Цэлы дзень, сагнуўшыся, адна, каб ад людзей не астацца... Ледзь ніву кончыла.Чарнышэвіч.
6.безас.каму і зінф. Трэба толькі, неабходна толькі. Ён ужо зрабіў усё, толькі грошы асталося атрымаць.
•••
Астацца без рук — моцна стаміцца, знемагчыся ад работы рукамі.
Астацца з носам — пацярпець няўдачу.
Астацца ў дурнях — а) прайграць у картачнай гульні «ў дурня»; б) перан. быць падманутым, ашуканым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
не́сці1, нясу, нясеш, нясе; нясём, несяце; пр. нёс, несла і нясла, несла і нясло; заг. нясі; незак.
1.каго-што. Узяўшы ў рукі, нагрузіўшы на сябе, перамяшчаць, дастаўляць куды‑н. [Людзі] неслі на насілках хворага.Якімовіч.Стары нёс за плячыма маленькі куфэрак.Чорны.// Дастаўляць, адносіць куды‑н. І нясуць, і нясуць транспарцёры На-гара, на-гара сільвініт.Хведаровіч.І нясуць у прасторы раскутыя міжпланетныя караблі Нашы вымпелы пяцікутныя.Бураўкін.//перан. Перадаваць каму‑н.; распаўсюджваць. Несці культуру ў масы. Несці веды народу.
2.каго-што і без дап. Перамяшчаць сілай свайго руху (пра вецер, плынь вады і пад.). Вецер нясе па небе хмары. □ Спакойна і павольна, як у зачарованым сне, утуліўшыся ў балоты, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну.Колас./убезас.ужыв.З усяго поля дзень і ноч дзерла снег і пясок і несла ў вёску.Пташнікаў.// Імкліва рухацца, імчаць; везці. Лодка ўвечар нас чакала, Несла нас ракою плыннай.Зарыцкі.Коні шпарка неслі па наезджанай саннай дарозе.Быкаў.
3.каго-што(толькіў3ас., пераважнаўпытальныхіклічныхсказах). Разм. Прымушаць каго‑н. ісці куды‑н.; цягнуць. [Сымон:] — Куды гэта вас бог нясе?Лынькоў.Ажно млосна Саўку стала, Аж яго затрэсла: — А што цябе ў карак гнала? Куды цябе несла?Гілевіч.
4. Дзьмуць, павяваць, месці (пра халоднае паветра, завіруху і пад.). Мяккі снег лятае пухам, І канца яму няма, І нясе сярдзітым духам, Дзікім сіверам зіма.Колас./убезас.ужыв.Ад акна несла холадам, тут хадзіў вецер, — нехта забыўся зачыніць фортку.Адамчык.//пераважнабезас. Перадавацца па паветры, быць адчувальным (пра пах, цяпло і пад.). Пажарышча далёка відаць — на многа вёрст. Нясе гарам.Бядуля.
5.перан.; што. Выконваць якія‑н. даручэнні, абавязкі па службе і пад. Несці вахту. Несці ахову. Несці адказнасць. □ Сваю абходчыцкую службу Птах шануе і нясе спраўна, але не дае маху і на старане.Навуменка.
6.перан.; што. Пакутаваць ад чаго‑н.; мець страты. Несці кару. □ На стыку трох рэспублік Насыпаны курган. Тут біліся без страху І рускі, і латыш. Мы неслі разам страты, Салдаты і браты.Панчанка.
7.што. Прыносіць з сабою як вынік; выклікаць што‑н. Восень нясла смугу і доўгія ночы.Чорны.Хачу, каб славілі мы ўсе Паход, што людзям мір нясе.Куляшоў.Вайна заўсёды боль нясе.Броўка.
9.перан.; што. Мець, змяшчаць у сабе. Кожны сённяшні дзень нясе ў сабе крупінку дня ўчарашняга.«Маладосць».// Быць носьбітам чаго‑н. (якіх-н пачуццяў і пад.). Будзе ў сэрцы з веку ў век Несці творчай працы радасць Непакорны чалавек.Глебка.
10.што. Спец. Быць аснашчаным чым‑н. Карабель нясе шэсць гармат.
•••
Несці ахінею — гаварыць, пісаць і г. д. глупства.
Несці крыж — цярпліва пераносіць пакуты, выпрабаванні.
Несці сябе (высока) — трымаць сябе ганарліва. Які ён гога! які дока! Як ён сябе нясе высока!Колас.
Ногі не нясуцьгл. нага.
не́сці2, нясе; пр. несла і нясла; незак., што.
Класці яйцы (пра птушак). — [Куры-афрыканкі] нясуць малюсенькія і вельмі ж моцныя яйкі.Баранавых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́мяць1, ‑і, ж.
1. Здольнасць запамінаць, захоўваць і аднаўляць у свядомасці ранейшыя ўражанні. Зрокавая памяць. □ — Памяць [Валя] мела такую, што мы толькі дзіву даваліся: усё.. раскажа, дзе і што бачыла.Якімовіч.Стары сядзеў моўчкі, злаваў на сваю слабую памяць, якая ўсё блытае.Самуйлёнак.
2. Запас уражанняў, мінулы вопыт, якія захоўваюцца ў свядомасці і могуць быць адноўлены. Яркімі ўспышкамі паўстаюць у маёй памяці абразкі самага ранняга дзяцінства.Бядуля.Святлана перабірала ў памяці ўсе вясковыя работы, якія яна ведала.Шахавец.
3. Успамін пра каго‑, што‑н. На трэці дзень пляменнік паехаў дахаты, пакінуўшы ў нас добрую памяць аб сваім наведванні.Пальчэўскі.// Пра тое, што напамінае аб кім‑, чым‑н. [Рынальда:] — Бачыце гэты рубец?.. Гэта памяць ад фашыстаў.Краўчанка.// Успамін аб памёршым. Жывымі справамі Паэта памяць З любоўю ўшаноўвае народ.Аўрамчык.
4. Здольнасць мысліць, разважаць, усведамляць свае ўчынкі, пачуцці; прытомнасць. Бацька не то спаў, не то быў без памяці, але ляжаў неспакойна.Чарнышэвіч.Да памяці Максімка вярнуўся толькі на другі дзень, на руках у заплаканай маці.Сіняўскі.
•••
Маторная памяць — від памяці, які праяўляецца ў здольнасці выпрацоўваць сувязі паміж раздражненнем і рухам.
Без памяці — а) забываючы аб усім, да страты прытомнасці; вельмі моцна. Сёмка Бугай паціху папоўз мяжою, выбраўся за гумнішчы і пабег без памяці, часта азіраючыся назад, на вёску.Лынькоў.Напіліся ксяндзы і заснулі без памяці.Якімовіч; б) узнач.вык. У захапленні ад каго‑, чаго‑н.
Варушыць памяцьгл. варушыць.
Вечная памяцькаму — пажаданне, каб заўсёды помнілі нябожчыка.
Выкінуць з памяцігл. выкінуць.
Выкрасліць з памяцігл. выкрасліць.
Вылецець (выскачыць) з памяцігл. вылецець.
Дайсці да памяцігл. дайсці.
Дацца ў памяцьгл. дацца.
Кароткая (курыная, дзіравая) памяць — дрэнная, слабая памяць.
Мець у памяцігл. мець.
Набегчы на памяцьгл. набегчы.
На памяцічыёй; пры памяцічыёй; зачыюпамяць — у перыяд жыцця каго‑н., калі ён сам быў сведкам чаго‑н. На памяці многіх жыхароў Бунтароўкі ў гэта чортава акно правалілася не адна жывёліна.Дуброўскі.[Дзед:] — За маю памяць мядзведзя тут бачылі гадоў мо’ з дваццаць таму назад.Якімовіч.
На памяць — для таго, каб помніць, не забываць каго‑, што‑н. (дарыць, даваць і пад.).
На памяць (па памяці) — не гледзячы ў тэкст (гаварыць, чытаць і пад.).
Не ў памяць — пра тое, што не помніцца. Зіма такая мне не ў памяць.Астрэйка.
Па старой памяці — пад уплывам даўніх звычак, успамінаў аб мінулым. Праўду кажучы, гэта і не лес быў, а проста так зваўся па старой памяці.Колас.
Прыйсці на памяцьгл. прыйсці.
Сысці з памяцігл. сысці.
па́мяць2, ‑і, ж.
Здольнасць электроннай машыны захоўваць і выдаваць запісаную інфармацыю, а таксама ўстройства электроннай машыны для запісу, захоўвання і выдачы інфармацыі. Машынная памяць.
1. Адпусціць, вызваліўшы ад заняткаў, абавязкаў (усіх, многіх). Корзун распусціў дзяцей на тыдзень, пакуль кончыцца разводдзе.С. Александровіч.// Дазволіць, даць магчымасць разысціся, разбегчыся. Праз хвіліну Генрых Візэнер распусціў строй і з трыма салдатамі накіраваўся ў хату.Шамякін.// Расфарміраваць, ліквідаваць (установу, прадпрыемства, арганізацыю і пад.). Калі пачалі галасаваць прапанову Алеся: хто за тое, каб культурна-асветніцкі гурток распусціць і ўсю працу весці ў ячэйцы, — у класе ўзняўся зноў дружны гоман.Галавач.— Таварыш камандзір, Іван Іванавіч распусціў сваю брыгаду.Шчарбатаў.
2. Развязаць, паслабіць (што‑н. завязанае, сцягнутае). Павел з выглядам пераможцы паставіў на траву паўнюсенькі рэчавы мяшок і паволі распусціў зашмаргу.С. Александровіч.У адказ .. [Алесь] распусціў гальштук і пацягнуў з мускулістай і стройнай шыі ланцужок.Караткевіч.// Развязаць, зняўшы завязку. — Ідзі, Люба, у пуню, прынясі пару кулёў, распусці на падлозе людзям спаць.Чорны.// Расплесці (касу). — Як распусціць [пані], бывала, чорныя косы, дык ледзь не да долу звісалі...Колас.// Раскідаць што‑н. вязанае, спусціўшы з петляў. Тады Аграфена Карабанава распусціла па нітцы свой світар.Лупсякоў.// Зрабіць шырэйшым. — Вось тут трэба крышку падрэзаць, а ўнізе распусціць, — казала Ганна Лявонаўна, паказваючы на паясніцу.Корбан.
3. Разгарнуць што‑н. згорнутае, складзенае. Іра адразу ж дастала парасон і распусціла яго, як грыб, над галавой.Сабаленка.// Расправіць, раскласці ў якой‑н. прасторы, на якім‑н. месцы. [Сувязная] была апранута па-сялянску, вялікую цёплую хустку павязала на патыліцы, а махры распусціла на плячах і на грудзях.Новікаў.Дуб галлё распусціў каранасты над ім [курганам], Сухазелле ў грудзі ўпілося.Купала.// Выставіць наверх, выпусціць (кіпцюры). [Кот] грозна натапырыў рэдкія вусы, замурлыкаў і распусціў свае вострыя кіпці...Бядуля.// Раскрыць, разгарнуць (пра пупышкі, лісце і пад.). [Яблыня] распусціла маленькія лісточкі.М. Ткачоў.
4.Разм. Дапусціць да свавольства, зрабіць недысцыплінаваным, знізіўшы патрабавальнасць, аслабіўшы нагляд. Распусціць дзяцей. Распусціць работнікаў. □ — Вы, дзядзька Ліпскі, трымаеце сваю дачку ў добрай строгасці. — А як жа, распусці іх, — прагаварыў Ліпскі.Лупсякоў.— Разгільдзяй той распусціў роту! — Гэта быў намёк на ранейшага камандзіра роты.Быкаў.
5. Зрабіць вадкім або напаўвадкім, растапіць. Распусціць масла.//безас. Размачыць, зрабіць гразкім. Была незвычайная бездараж. Дарогі ўсе распусціла.Мележ.Але стэп распусціла, верхні, чарназёмны пласт увесь час сплываў у нізіну, і цяжка было паверыць, каб слупы ўтрымалі напор ветру.Лупсякоў.
6.Разм. Прымусіць разысціся ў якой‑н. вадкасці. Распусціць фарбу ў вадзе.// Распаўсюдзіць вакол сябе. Кнігі сапраўды распусцілі па хаце нейкі свой пах, як і ўсякая рэч, якую даўно не чапалі.Ермаловіч.
7. Расказаць многім (чуткі, плёткі). Гардыенка распусціў чуткі, што Тарас Ігнатавіч сам не ведае матэматыкі.Чарнышэвіч.
8. Распілаваць удоўж. Мусіць, не ўтрымаўся які грамычакін — цішком зрэзаў адно-другое дрэва, а пасля распусціў на шалёўку.Даніленка.
•••
Распусціць вушы — тое, што і развесіць вушы (гл. развесіць).
Распусціць нервы — даць волю пачуццям, настрою. «Старэеш, Андрэй Бабейка, — папракнуў ён сябе, адвязваючы стаенніка і ўсаджваючыся ў брычку. — Старэеш, і нервы распусціў, і язык».Хадкевіч.
Распусціць нюні — расплакацца, разжаліцца. — А гэта чаго сырасць разводзіць? — Віцька кіўнуў галавой на дзяўчыну. — Майстар пасватаўся, вось і распусціла нюні.Асіпенка.— Ты не калека. Толькі абмяк, нюні распусціў.Машара.
Распусціць язык — нагаварыць многа лішняга.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. Пакінуўшы якое‑н. месца, перайсці на іншае; адысці ўбок. У той меры, у якой Мішурын зрабіў свой першы рух, каб ісці, і чалавек хістануўся за ім, але з месца не саступіў.Чорны.Нечаканы сігнал машыны перапыніў іх гаворку. [Леў Раманавіч і Вера] саступілі на абочыну.Асіпенка.[Трацюк] таропка аглянуўся назад, быццам чакаючы, што яго нехта дагоніць на вузкай сцяжынцы і прымусіць саступіць у жыта.Кавалёў.// Сысці з чаго‑н., спусціцца. Дзед санліва, з асцярогаю саступіў з ганка.Мележ.[Немец] вяла саступіў з прыступак і сеў.Быкаў.
2.што і чаго. Разм. Добраахвотна адмовіцца ад каго‑, чаго‑н., аддаўшы, перадаўшы што‑н. каму‑н. іншаму. [Сцяпан:] — Вася, будзь чалавекам, саступі мне сваю змену.Пянкрат.[Віктар:] — Я вам саступлю права мыць сёння посуд.Савіцкі.// Вызваліць сваё месца (на якім можна сядзець, ляжаць) для каго‑н. іншага. [Дзяўчынка:] Табе, Мікола, праз хвілінку, Напэўна, месца давядзецца саступіць: Глядзі, бабулька да аўтобуса бяжыць.Корбан.[Бабуля:] — Малады чалавек, саступі месца старому.Якімовіч.// Пакінуць, здаць ворагу якое‑н. месца, пазіцыю. Мы сціснулі зубы да болю І клятву Радзіме далі, Што ворагу-хціўцу ніколі Сваёй не саступім зямлі.Астрэйка.І голас краіны рабочай дамчыцца з бяскрайняе далі: — Чужое зямлі мы не хочам — сваёй не саступім ні цалі.Дудар.
3.Разм. Паддацца сіле, націску; перастаць супраціўляцца. Стогнучы ад болю,.. [Сцяпан і Васіль] цягалі адзін аднаго за валасы, і ніхто не хацеў саступіць другому.Каліна.Сядзеў [Янкель], пакуль не давялося саступіць сіле.Карпюк.// Пайсці на ўступкі адпаведна патрабаванням, пажаданням іншых. Валодзя — хлопец спакойны, малому саступіць.Брыль.Потым ужо [Хадоська] падумала, што Хоня дарэмна не саступіў: толькі раззлаваў бацьку.Мележ.Я натурай — памяркоўны. У спрэчкі ўступаць не люблю.. Па-мойму, такому, у каго язык лёгка падвешаны ў роце, лепей саступі.Грамовіч.
4.(звычайназадмоўем). Не вытрымаць параўнання з кім‑, чым‑н., аказацца горшым у якіх‑н. адносінах. Дачка — лётчыца, другая, праўда, яшчэ пешкі пад стол ходзіць, не саступіць старэйшай.Гурскі.
5.што. Прадаючы, згадзіцца аддаць танней вызначанай цаны. [Цётка да Ганны:] — Колькі ты аддала за шлюбную сукенку? Калі крыху саступіш, я магу ўзяць у залік твайго доўгу.Дубоўка.[Анісім Панок:] — Яно-то канешне, можна б і саступіць трохі, каб гэта які другі конь. А за гэтага дык не хачу, як той казаў, і граха на душу браць, і так аддаю табе за паўцаны.Сабаленка.
•••
Саступіць дарогу (з дарогі) — а) адысці ўбок, даўшы месца для праходу, праезду. Дзверы расчыніліся, жанчына саступіла з дарогі і ўпусціла Славу.Хомчанка; б) пайсці на ўступкі каму‑н. [Грыгор’еў:] — Найшла ў вас каса на камень, і адно аднаму дарогу саступіць не хочаце.Кірэйчык; в) даць магчымасць дзейнічаць, вылучыцца ў якой‑н. галіне. Адна з іх [актрыс] ужо саступіла дарогу маладым.«Работніца і сялянка».
Саступіць з (свайго) шляху — адмовіцца ад вызначанай мэты, задач і пад., здрадзіць ранейшым матам. [Кубяк:] — Мы добра ведаем, што і вам і нам даў Кастрычнік, і мы не саступім, таварышы, са шляху нашай з вамі рабочай, пралетарскай дружбы.Брыль.
Саступіць месцачаму — замяніцца чым‑н. Хаты старога мястэчка саступілі месца дамам і дамкам новага мястэчка.Чорны.Бескарыслівасць [Гарасіма] пад старасць саступіла месца сквапнасці.Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
све́тлы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ярка свеціць. І бачыў месяц светлы Цяжкі Лявонаў крок.Панчанка.З тых дзён, як воляй ленінскіх дэкрэтаў Дзяржавай стала наша Беларусь, Знайшоў народ шляхі да яснай мэты, Убачыў шчасця светлую зару.Звонак.
2. Добра асветлены, напоўнены святлом. Дзень выдаўся сонечны, светлы, з невялікім марозам.Шамякін.У светлай зале За чырвоны стол Сям’ёй адзінай Селі з намі поруч Сяляне з польскіх і румынскіх сёл.Аўрамчык.// Які прапускае шмат сонечнага святла, які накіраваны да сонца (пра вокны, шкло і пад.). У нашым клубе вялікія светлыя вокны.Брыль.[Якуб] адсоўваецца далей у кут і дае Саньку месца побач, ля светлых шыбінак.Якімовіч.
3. Не цёмнага колеру. Светлы касцюм. Светлыя косы. Светлыя вочы. □ Светлыя хмаркі — дзеткі прастору — Ціха па небе плывуць.Колас.// Які адбівае бляск, бліскучы. Зіхацяць азёры светлым глянцам.Звонак.
4. Чысты, празрысты (пра вадкасць). Вада ў затоцы светлая і чыстая.Ігнаценка.[Дзед і Сашка] падышлі да дрэва і нахіліліся да падсечкі на ствале. З прыладжанай лучынкі сцякалі светлыя кроплі.Даніленка.І бярозы пянёк Паміж дрэў высокіх У зацішку ў прыпёк Плакаў светлым сокам.Бялевіч.// Чысты, ясны, не затуманены (пра вочы, погляд). У чырвонай касынцы, з пытаннем сваім, Як юнацтва, стаяла яна [Марына] перад ім, З тым жа позіркам светлым трывожных вачэй, З тым жа сэрцам, — як помнік ягоных [Цімоха] надзей.Куляшоў.// Высокі, чыстага, металічнага тэмбру (пра голас, гук).
5.перан. Нічым не азмрочаны; шчаслівы. Светлая будучыня. Светлыя ўспаміны. Светлы дзень. □ Цяпер паставіў ты [Мазыр] у свой герб сталёвы молат, востры серп. Стварыўшы шчасце, пройдзеш з ім да светлай мэты — у камунізм.Дубоўка.Песню вецер нясе — То дзяўчаты пяюць грамадою Пра каліну, што ў лузе цвіце, Ды пра светлую долю.Гілевіч.// Азораны ўнутраным святлом, пачуццём радасці. Салавей спяваў нам аж да лета, Як па нотах выцінаў, Захапляўся нашай дружбай светлай І вяселле прадракаў.Астрэйка.На вуліцы сабралася многа людзей, і твары ва ўсіх былі светлыя, узрадаваныя.Бяганская.// Прасякнуты аптымізмам, узнёслы. Са сцэны гучаць прапікпёныя сімфоніі Чайкоўскага, лірычна ўзнёслая, светлая музыка Пракоф’ева, творы Шастаковіча.«Маладосць».
6.перан. Урачысты, радасны (пра чалавека). І юбіляр — такі светлы, які не бываў даўно, З усмешкай горда і важна Адказаў па гучныя словы.Кірэенка.
7. Якому ўласцівы высокія маральныя якасці; высакародны. Не будзе мне ні праўды, ні натхнення, Пакуль я не прайду па месцах тых, Дзе жыў, тварыў, гарэў наш светлы Ленін, Каб разагнаць стагоддзяў змрок густы.Панчанка.
8.перан. Лагічны, ясны (пра розум, думкі). Надзя добра ведае, што і вёсцы патрэбны светлы розум і залатыя рукі.«Полымя».Але хоць не магу дыхаць на поўныя грудзі ад страху, думкі мае светлыя і вострыя як ніколі.Карпюк.
9. Які мае адносіны да свята вялікадня ў хрысціян. А сёння светлая субота. Гуляе месяц, як алень.Дукса.
10.Уст. і нар.-паэт. Ужываецца як пастаянны эпітэт цара, князя, баярына і пад. Верны паслугач таго магната Вынюхаў, Расказваў: — Светлы пан, Навярнуў карчоў дзівак багата.Бялевіч.
•••
Светлы шрыфтгл. шрыфт.
Светлая галавагл. галава.
Светлая памяць — ужываецца як выказванне пашаны да памёршага.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сляпы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які не бачыць, пазбаўлены зроку. Бацька стары, з чорна-сівою барадою і на адно вока сляпы.Чорны.Быў.. [Арцём] спачатку павадыром у сляпога жабрака.Бядуля./узнач.наз.сляпы́, ‑ога, м.; сляпа́я, ‑ой, ж.З вакзала, па дарозе ў горад, Лабановіч зайшоў да былога сябра Балоціча, з якім ён дружыў у семінарыі і які быў цяпер настаўнікам у школе сляпых.Колас.//Разм. З слабым зрокам; блізарукі. //перан. Які не заўважае, не разумее таго, што адбываецца навокал. [Іван Пракопавіч:] — Але ж і сляпыя мы былі, гэта таксама праўда.. Знайшліся Адамчукі, Касарэвічы, плюнулі ў твар, здрадзілі. А мы ж іх сваімі лічылі. Ды яшчэ самымі перадавымі.Навуменка.«Ну і Свідраль! Аказаўся кар’ерыстам. Сляпы я, сляпы. Не разгледзеў. Малавата ў мяне партыйнага чуцця, відаць...», — абвінавачваў .. [Пазняк] сам сябе.Дуброўскі.Закаханыя людзі бываюць крыху сляпыя.Скрыган.//перан. Цёмны, неадукаваны. [Ян Нітка:] — Гэта ж сорам вялікі перад сабою быць такім сляпым, цёмным, быць рабом, маліцца каменю, якога прыгналі сюды леднікі недзе аж з фінскіх гор тысячы і тысячы гадоў таму назад.Пестрак.Нам дыхаць на роднай зямлі было нечым, А дзеці сляпымі раслі без навукі...Васілёк.
2.перан. Які дзейнічае, не ўсведамляючы сваіх учынкаў, не раздумваючы. Сляпы ад злосці ехаў Глушак мястэчкам.Мележ.// Які не мае разумных падстаў; безразважны. Сляпое перайманне моды. Сляпая любоў. □ У тую хвіліну мне не хацелася верыць, што ў малога магла быць такая сляпая злосць да ні ў чым не вінаватай птушкі.Паслядовіч.Колькі вёсен жыццёвых яшчэ Мы сустрэнем, — ну хто яго знае? Неўпрыкметку каханне ўцячэ. І пакіне нас рэўнасць сляпая.Хведаровіч.Адразу даверыцца.. [камандзір], вядома, не мог: вопыт падказваў, што сляпое давер’е часам вельмі дорага каштавала партызанам.Кулакоўскі.// Які дзейнічае стыхійна; выпадковы. Сляпыя сілы прыроды. □ І хоць сляпая, дзікая была [куля], Усё-такі ляцела і знайшла.Чэрня.
3. Невыразны, неразборлівы (пра тэкст, шрыфт і пад.). Сляпы шрыфт. □ У кутку абразы цудатворцаў, Даўна ад дыму сляпых.Танк.// Ледзь бачны, непрыкметны (пра сцежку і пад.). Міхал і Клін ужо мінае. Направа сцежачка сляпая Вядзе балотцам.Колас.// Вельмі слабы (пра святло). Пры.. сляпым святле [газоўкі] бацька чытаў уголас.Вітка.
4. Праз які дрэнна відаць або нічога не відаць. Сляпыя шыбы ў вокнах. □ На плітах каменных парос зялёны мох, Бярозы, хвойкі плакалі над імі, А пасярод капліца.., як астрог, Па свет глядзела вокнамі сляпымі.Купала.// З маленькімі вокнамі. Сляпыя, Нізенькія хаты Травой і мохам параслі.Глебка.// Які не мае акон. Так разглядаючы, непрыкметна зайшоў аж да кутка сляпой сцяны. Там, як звычайна, стаяў ложак.Пестрак.
5. Непраглядны, беспрасветны. Белыя маланкі то азаралі дачны лясны пасёлак, то зноў кідалі яго ў сляпую цемру.Лось.Навакол стаяла шэрая, сляпая цішыня.Лынькоў.
6. Які адбываецца без удзелу зроку. Сляпы метад друкавання.// Які праходзіць, адбываецца ў цемры, тумане і пад. пры дапамозе прылад (пра рух і пад.).
7. Які не мае выхаду, праходу. Сляпая вулачка. Сляпая шахта.
•••
Сляпая кішкагл. кішка.
Сляпая плямагл. пляма.
Сляпы дожджгл. дождж.
Сляпы палётгл. палёт.
Сляпая курыцагл. курыца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Цягнучы, зняць каго‑, што‑н. адкуль‑н. Сцягнуць абрус са стала. Сцягнуць параход з мелі. □ Сцягнуўшы з пярыны прасціну, дзяўчынка выбегла на ганак, каб вытрасці яе.Гарбук.Будзік, аказаўшыся тут, як кот, падскочыў ззаду, схапіў конніка за бокі і сцягнуў яго з сядла.Колас.//Разм. З цяжкасцю або павольна зняць з сябе або з каго‑н. (звычайна пра адзенне або абутак). Хацяноўскі сеў на беразе і сцягнуў з ног гумавыя боты.Чарнышэвіч.Ніна адабрала ў Алеся шапку, сцягнула паліто.Шыцік.Іван Іванавіч зашыў рану, сцягнуў з твару марлевую павязку, выцер ёю спацелы твар.Арабей.
2. Цягнучы, перамясціць адкуль‑н. Аднаму сцягнуць з берага набраклую пласкадонку не лёгка нават у ціхую пагоду.Кірэенка.Карней Пятровіч .. успамінае, як той жа яго Пятро аднойчы прыйшоў да бацькі і прапанаваў сцягнуць гэты камень з узгорка.Даніленка.
3. Цягнучы, звалачы ў адно месца ўсё, многае. Сцягнуць галлё ў кучы.
4. Сабраць, сканцэнтраваць у адным месцы (вялікую колькасць чаго‑н.). Сцягнуць войскі. □ [Анішчук] раней жыў у Ганчароўцы, а калі сцягнулі хутары, апынуўся тут...Гурскі.
5.Разм. Украсці. Паспрабаваць сцягнуць у дзетдомаўцаў канькі ў адзіночку .. [Гвідон] баяўся. Таму падабраў сабе хаўруснікаў.Нядзведскі.Пакуль балбатлівыя сарокі без толку крычалі на ўвесь лес пра гэта, кавалачак сала сцягнула Жучка.«Полымя».// Выкрасці, зарэзаць (пра драпежнікаў). Барбоска і Трэзор на пару штодзённа сцераглі авечую атару. А гэта не якаясьці гульня — На ноч загнаць авечак у кашару, А днём глядзець, каб воўк паджары Не мог сцягнуць ніводнага ягня.Корбан.
6. Знесці што‑н. далёка. Дзеці сцягнулі кудысьці граблі. □ Тапачак паблізу не было.. — Зноў сцягнуў [сабака]! — узлавалася бабуля і пагразіла.Шыловіч.
7. Зрабіць больш вузкім, цесным, шчыльным (тое, што завязваюць, зацягваюць); зацягнуць. Сцягнуць шнуроўку. Сцягнуць пятлю.
8.чым. Туга перавязаць, звязаць што‑н., сціскаючы. Мама паківала галавою, але падвязала хусткаю каўнер паліто, апранула зверху на ўсё целагрэйку і сцягнула мяне татавым рэменем.Мыслівец.Бацька раптам абхапіў скураной папругай яго заламаныя назад рукі. Сцягнуў іх так, што ў Кандрата пачалі крывёй налівацца кісці.Караткевіч.
9. Злучыць канцы, краі чаго‑н.; ссунуць. Сцягнуць шчыльна фіранкі. □ Прывітаўшыся, перайшоў [Максім] на другі бок каня, каб сцягнуць хамут.Шамякін.Ты знаеш, што такое дождж. Ды праліўны, на сутак пяць, Калі ў руках ржавее нож, Калі ні сесці і ні ўстаць, Калі, як змеі, раўчукі Сцякаюць па спіне к зямлі, Калі не сцягнеш аплікі У набрынялым шынялі.Астрэйка.// Сабраць у складкі, зморшчыць. Твар Міхася сцягнула ўрачыстая і нейкая злосная ўсмешка.Савіцкі.
11.часцейбезас. Пачаць зацвердзяваць пад уздзеяннем холаду. І гразь сцягнулі нарэшце першыя прымаразкі.Брыль.Хоць дажджы і крыху сцягнула гразь, усё ж трэба глядзець пад ногі, выбіраць сушэйшае месца.Прокша.
12.безас. Зменшыцца, спасці (пра ваду). Ужо з тыдзень стаялі сіверныя, з сонцам дні, ваду сцягнула, і зямля пачала прасыхаць і была мяккаватая і як быццам цёплая.Кудравец.
13.Спец. Злучыць, змацаваць пры дапамозе чаго‑н. Сцягнуць ферму балтамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)