РУДЭРА́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

[ад лац. rudus (ruderis) друз, буд. смецце], смеццевыя расліны, якія растуць каля будынкаў, на пустках, уздоўж шляхоў зносін і на падобных другасных (не палявых) месцах. Пераважна нітрафілы. Часта маюць прыстасаванні, якія дазваляюць ім пазбегнуць знішчэння чалавекам і жывёламі (непрыкметны выгляд, ядавітыя рэчывы, шыпы, жыгучыя валаскі і інш.). На Беларусі больш за 350 відаў з родаў аксамітнік, блёкат, вапнаўка, вярблюдка, герань, дурнап’ян, дурнічнік, крапіва і інш. Разам з сегетальнымі раслінамі складаюць групу пустазелля.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ТВІЦА (Lotus),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі 2 віды Р.: багнавая (L. uliginosus) і рагатая (L. corniculatns), нар. назвы заечая трава, рута польная, трызаўка. Трапляюцца на лугах, схілах, каля дарог, у вільготных лясах. Уведзены ў культуру.

Шматгадовыя, радзей адна- і двухгадовыя травы ці паўкусты. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі залаціста-жоўтыя, адзіночныя або ў парасонападобных суквеццях. Плод — струк. Кармавыя, лек., фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рутвіца рагатая.

т. 13, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЧМАНД (Richmond),

горад на ПдУ ЗША, адм. ц. штата Віргінія. Засн. у 1607. У 1861—65 — сталіца канфедэрацыі Паўд. штатаў. 194,2 тыс. ж., з прыгарадамі каля 1 млн. ж. (1998). Порт у нізоўях р. Джэймс, даступны для марскіх суднаў. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Важны гандл.-фін. цэнтр Поўдня ЗША. Гандлёва-размеркавальны цэнтр с.-г. раёна (тытунь і арахіс). Прам-сць: тытунёвая (адзін з гал. цэнтраў у краіне), хім., цэлюлозна-папяровая, паліграф., металаапр., радыёэлектронная. 20 ун-таў і каледжаў.

т. 13, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ДЖА-ДЫ-КАЛА́БРЫЯ (Reggio di Calabria),

горад на Пд Італіі, адм. цэнтр аднайм. правінцыі. Засн. ў 720 да н.э. З прыгарадамі каля 200 тыс. ж. (2000). Порт у Месінскім праліве; чыг. паромам звязаны з г. Месіна (в-аў Сіцылія).

Аэрапорт. Прам-сць: харч. і харчасмакавая, дрэваапр., машынабуд. (вагонабудаванне). База рыбалоўства. Ун-т. Геафіз. абсерваторыя. Нац. музей. Частыя землетрасенні; пасля разбуральнага землетрасення 1908 горад перабудаваны. Руіны стараж.-грэч. храмаў і жылых дамоў (пераважна 4 ст. да н.э.). Турызм.

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСІ́ФІ (Recife),

Пернамбуку, горад у Бразіліі, на крайнім усходзе мацерыка Паўд. Амерыка. Адм. ц. штата Пернамбуку. Засн. ў 1548 на месцы рыбацкага пасёлка. Разам з прыгарадамі каля 3 млн. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Найважн. порт краіны. Міжнар. аэрапорт. Гал. эканам. цэнтр ПнУ Бразіліі. Прам-сць: харчасмакавая (цукровая, тытунёвая, спіртагарэлачная), тэкст., маш.-буд., цэм., хім., гарбарна-абутковая. 3 ун-ты. Філалагічная акадэмія, Музей штата. Арх. помнікі калан. перыяду і класіцызму 19 ст. Цэнтр турызму.

Горад Рэсіфі. Прыморская частка.

т. 14, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАЦІ́НАЎКА,

сяло на левым беразе р. Паўд. Буг, ва Ульянаўскім р-не Кіраваградскай вобл. (Украіна), каля якога знаходзяцца рэшткі двух паселішчаў трыпольскай культуры (2-я пал. 4-га тыс. да н.э.). Даследаваліся ў 1930—40-я г. Выяўлены рэшткі наземных пабудоў і глінабітных дамоў, антрапаморфныя статуэткі, разнастайная кераміка (частка з размалёўкай), прылады з каменю, косці. рогу, медныя і касцяныя вырабы і інш. У верхнім слоі І-га паселішча знойдзены матэрыялы позняга этапу зрубнай культуры (т.зв. сабацінаўскага).

т. 14, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЙМЕНСКІ КАНА́Л,

водны шлях міжнар. значэння на тэр. Фінляндыі і Расіі, на Карэльскім перашыйку. Злучае воз. Сайма ў раёне г. Лапеэнранта з Фінскім зал. Балтыйскага м. каля г. Выбарг. Створаны ў 1856, рэканструяваны ў 1967—69. Даўж. 43 км, на тэр. Расіі — 29 км. Глыб. на фарватары 4,2 м, 8 шлюзаў. Сістэмай водных шляхоў і каналаў злучаны з г. Хельсінкі і партамі Батнічнага зал. (Поры, Раўма). Паводле дагавора 1962 рас. ч. канала перададзена ў арэнду Фінляндыі на 50 гадоў.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКРЫ́СТЫЯ (ад лац. sacrum святыня),

бакавое памяшканне ў касцёле ці кляштары, прызначанае для захавання культавага начыння, адзення свяшчэннаслужыцеляў і інш.; часам тут захоўвалася і кляштарная казна. У раннехрысц. храмах функцыі С. выконвала пастафорыя, у правасл. — рызніца. Размешчана С. звычайна ва ўсх. ч. касцёла, непасрэдна каля месца правядзення службы. Зрэдку знаходзіцца паміж касцёлам і кляштарам. С. бываюць 1-павярховыя, перакрытыя скляпеннямі, радзей 2-павярховыя.

Сакрыстыя царквы Санта-Марыя прэса Сан-Сатыра ў Мілане. Арх. Д.​Брамантэ. 1479—83.

т. 14, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАЛІ́ЙСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

паверхневае цячэнне ў паўн.-зах. ч. Індыйскага ак., каля ўсх. берагоў п-ва Самалі (Афрыка). Выклікана мусоннымі вятрамі і мае сезонную змену напрамку. Зімой рухаецца на Пд—ПдЗ, на Пд ад экватара пераходзіць у Міжпасатнае (экватарыяльнае) супрацьцячэнне; т-ра вады 25—26 °C, скорасць 0,9—1,8 км/гадз. Летам накіравана на Пн—ПнУ, з’яўляецца зах. працягам Паўд. пасатнага цячэння; т-ра вады зніжаецца да 21—25 °C, скорасць 1,8—2,7 км/гадз і болей.

т. 14, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНДА́ЛАЎ (Леанід Міхайлавіч) (10.4.1900, г. Вічуга Іванаўскай вобл., Расія — 23.10.1987),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-палкоўнік (1944). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1934), Генштаба (1937). У Чырв. Арміі з 1919. З вер. 1937 у БВА, нач. штаба, камандуючы арміяй, нач. штаба Цэнтр. фронту. У пач. Вял. Айч. вайны ўдзельнік абарончых баёў каля Брэста, Баранавічаў, Прапойска (цяпер Слаўгарад). У 1941—45 нач. штаба розных франтоў. Да 1953 на камандных пасадах у Сав. Арміі. Аўтар шэрагу мемуараў.

т. 14, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)